З гордасцю за Беларусь

- 15:27Диалоги об образовании

Пачаліся канікулы, таму настаў час падводзіць вынікі навучальнага года. Пра адметныя праекты без тэрміну даўнасці і перспектывы далейшага развіцця сістэмы адукацыі гутарым з намеснікам міністра адукацыі нашай краіны Аляксандрам КАДЛУБАЕМ. 

— Тыя праекты значныя і важныя, якія прахо­дзяць на сістэмнай аснове. Яны прыносяць большы эфект, чым мерапрыемствы з ваў-эфектамі. У Год гістарычнай памяці сістэма адукацыі працуе згодна з планам, зацверджаным урадам нашай краіны. Акрамя таго, у канцы мінулага года была прынята Праграма па патрыятычным выхаванні насельніцтва, якая будзе рэалізоўвацца да 2026 года. І тут у нас ёсць адпаведны план для рэалізацыі ў адукацыйнай галіне. Разам з тым міністэрствам рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў і праектаў, якія ўжо зарэкамендавалі сябе як паспяховыя і эфектыўныя. У першую чаргу гаворка ідзе пра інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”. Гадзіны, адведзеныя на правядзенне гэтага праекта, падмацаваны метадычна (метадычнае суправаджэнне распрацавалі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі). У гэтым навучальным годзе праект па ШАГу прахо­дзіў пад агульнай тэмай “Гордасць за Беларусь”. 

Ключавой ідэяй было расказаць навучэнцам пра найважнейшыя дасягненні нашай краіны за гады незалежнасці з выкарыстаннем вынікаў шматгадовых сацыя­лагічных даследаванняў, якія характарызуюць развіццё розных сфер грамадскага жыцця нашай краіны. Матэрыялы праекта знайшлі адлюстраванне ў вучэбных выданнях Сяргея Мусіенкі “Гордасць за Беларусь”, якія выпушчаны ў выглядзе дапаможнікаў для педагогаў і вучэбнага нагляднага дапаможніка (плакатаў). Заняткі, пабудаваныя на канкрэтных лічбах, гісторыях людзей, дасягненнях нашай краіны за апошнія дзесяцігоддзі, мелі канкрэтны эфект.

Маладым людзям патрэбна фактура, на якую можна абапірацца, таму, калі мы аперыруем канкрэтнымі фактамі, яны зусім па-іншаму пачынаюць ставіцца да здабыткаў сваёй Ра­дзімы. Не менш важным стаў удзел у праекце вышэйшых службовых асоб, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, калі яны падмацоўвалі фактуру новымі прыкладамі.

Тут жа трэба адзначыць і тэматычныя ўрокі, якія падчас навучальнага года праходзілі сістэмна і таксама былі падмацаваны метадычна. Гэта ўрокі міру, памяці, прысвечаныя сям’і, куды прыходзілі запрошаныя госці і абмяркоўвалі з дзецьмі праблемы маральнасці, гаварылі пра значэнне патрыятычных пачуццяў. І праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, і тэматычныя ўрокі ўнеслі важкую лепту ў рэалізацыю праграмы па патрыятычным выхаванні і сталі яркімі мерапрыемствамі ў Год гістарычнай памяці.

Акрамя таго, у нас ёсць шэраг праектаў, якія рэалізуюцца ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Іх даволі шмат, таму хацелася б вылучыць праект Рэс­публіканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства “Маршрутамі памяці — маршрутамі адзінства”, да якога падключыліся па ўсёй краіне. У Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі таксама рэалізуецца шмат яркіх праектаў, якія фарміруюць любоў да Радзімы праз культурныя традыцыі, беларускія промыслы, у прыватнасці праект “Нашчадкі традыцый”. Да таго ж у цэнтры распрацавалі методыку па рэалізацыі сваіх праектаў.

Праект БРСМ “Беларусь памятае” таксама стаў масавым і, нягледзячы на сваё доўгажыхарства, па-ранейшаму актуальны і запатрабаваны. Мноства іншых праектаў, у тым ліку даследчага характару, сталі актыўна развівацца на ўсіх узроўнях адукацыі. Напрыклад, у Дзяржынскім раёне рэалізавалі праект “Салдаты Перамогі”, дзе прыгадалі педагогаў і вучняў Дзяржыншчыны, якія абаранялі Радзіму падчас Другой сусветнай вайны, і нават аформілі і выдалі цэлую серыю кніг.

Асобна хочацца сказаць пра музейную педагогіку. У сістэме адукацыі працуе каля 1500 музеяў. У наступным навучальным годзе стаіць задача арганізаваць музей або музейны пакой у кожнай школе, што дазволіць пашырыць магчымасці для грамадзянскага і патрыятычнага выхавання. 

Шмат увагі ўдзялялася фарміраванню павагі да дзяржаўных сімвалаў: герба і сцяга. Пра сцяг і герб дзецям расказваюць пачынаючы з дзіцячага сада, у праграму якога закладзена тлумачэнне значэння дзяржаўнай сімволікі, гаворыцца пра значэнне колераў, арнаменту. Дзеці слухаюць і вучаць гімн нашай краіны. У канцы навучальнага года міністр адукацыі падпісаў загад, дзе сістэмна выкладзены вывучэнне і прымяненне дзяржаўнай сімволікі на мерапрыемствах на ўсіх узроўнях адукацыі. 

У лета пераходзіць практычна ўсё, што праводзілася падчас навучальнага года. У рэкамендацыях па летнім аздараўленні выкладзены ўсе падыходы. Лепшыя практыкі, такія як Школа актыўнага грамадзяніна, і тэматычныя заняткі, экскурсіі, святы, конкурсы, прымеркаваныя да дзяржаўных свят і памятных дат, павінны рэалізоўвацца і падчас летніх канікул. 

— А ці не зашмат конкурсаў у сістэме адукацыі?

— Конкурсаў у нас дастаткова, а вось конкурсаў Міністэрства адукацыі не так і многа. Насамрэч кожная школа сама вырашае, якія напрамкі ёй развіваць. Хтосьці развівае краязнаўства, хтосьці займаецца даследчай дзейнасцю, а хтосьці — актыўны на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Кожны шукае нішу, дзе можа быць лепшым. Пошук сябе ў конкурсным руху — гэта пытанне адміністрацыі, якая павінна расстаўляць прыярытэты і размяркоўваць сілы. Бо калі ­ўдзельнічаць усюды, то тады з’яўляюцца стамляльнасць, выгаранне і абыякавасць, якія ў выніку адбіваюцца на іміджы настаўніка і ўстановы.

Адрэгуляваць гэтае пытанне лякалам міністэрства не атрымаецца. У кожнай вобласці і раёне існуюць свае патрэбы і праблемы, якія можна вырашыць конкурсным шляхам. Напрыклад, матываваць педагогаў на павышэнне кваліфікацыі да ўзроўню настаўніка-метадыста. Або праблемнага падлетка прыцягнуць да спорту ці творчасці. Таму ўніфікацыяй мы нічога не вырашым. Тут жа трэба ўлічваць і сістэму рэгіянальнага кіравання адукацыяй, якая таксама расстаўляе свае акцэнты. 

Праблема кадраў — вырашальная

— Адным з новаўвядзенняў 2021/2022 навучальнага года стала з’яўленне ў агульнаадукацыйных установах кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Нароўні са станоўчымі водгукамі ўзнікалі і пытанні. Як міністэрствам ацэньваецца іх дзейнасць?

— Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні і яго дзей­насць у школе — гэта адзін з крокаў у сістэматызацыі ваенна-патрыятычнага выхавання ў навучальнай установе. Гэтыя людзі, згодна з рэкамендацыямі і службовымі інструкцыямі, якраз і займаюцца ваенна-патрыятычным выхаваннем у частцы наладжвання адносін з ваеннымі камісарыятамі, вайсковымі часцямі. Арганізуюць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, ваенна-патрыятычныя гульні. У сістэме пабудаваны ўзаемаадносіны такога спецыяліста з класным кіраўніком, дырэктарам школы. У абавязкі гэтых спецыялістаў уваходзіць не выкладанне канкрэтнай дысцыпліны, іх дзейнасць значна шырэйшая: наладжванне кантактаў і ўзаемасувязей з дзецьмі, педагогамі, баць­камі.  

Павелічэнне часу на вывучэнне рускай і беларускай моў неабходна, тым больш што ў 2023 годзе ў нас будзе праводзіцца цэнтралізаваны экзамен па гэтых прадметах.

Разам з тым вырашыць праб­лему кадраў на такую пасаду за невялікі прамежак часу складана. З боку міністэрства робяцца захады па вырашэнні ўсіх узнікаючых пытанняў. Напрыклад, мы ідзём насустрач, калі ў чалавека няма педагагічнай адукацыі, але ёсць ваенная. За навучальны год праз сістэму павышэння кваліфікацыі прайшло каля 450 чалавек. Гэта палова ад заяўленай лічбы. Зразумела, што сістэма павышэння кваліфікацыі будзе працаваць і летам. Перападрыхтоўка вядзецца па двух кірунках: нарошчванне ведаў па педагогіцы і па вайсковай частцы. Калі асновы педагагічнай адукацыі можна атрымаць на курсах павышэння кваліфікацыі ў сістэме адукацыі, то ваеннай — на адпаведных курсах у навучальных установах Міністэрства абароны. Такім чынам мы вырашаем пытанне ўкамплектавання кадрамі.

Серыя абласных семінараў па патрыятычным і ваенна-патрыятычным выхаванні паказала, што сярод кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ёсць нямала матываваных і паспяховых. Напрыклад, у сярэдняй школе № 14 Маладзечна ролю кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні выконвае кіраўнік музея. Чалавек на сваім месцы. А новая стаўка толькі дадала яму прэферэнцый. Канечне, складаней было тым навучальным установам, дзе давялося шукаць лю­дзей. Але ўсе праблемы вырашальныя. 

— Тут жа хачу задаць пытанне па ўкамплектаванні школ настаўнікамі-прадметнікамі, якіх па-ранейшаму не хапае. Якім бачыцца выйсце з сітуацыі?

— Прыярытэт у падрыхтоўцы педкадраў трэба аддаваць рэгіянальным універсітэтам. І работа па вырашэнні гэтага пытання павінна весціся сістэмна. Адным са складнікаў гэтай сістэмы з’яўляецца дзейнасць педагагічных класаў. Вы ведаеце, што каля 30 працэнтаў выпускнікоў гэтых класаў паступаюць на педспецыяльнасці. Гэта добры паказчык, але ён не вырашае ўсёй праблемы. А пачынаць трэба са школьных настаўнікаў, якія павінны не адгаворваць сваіх вучняў станавіцца педагогамі, а ўсяляк падтрымліваць такое жаданне. Прычым работа гэтая павінна весціся з першага класа. Настаўнік заўсёды павінен быць прыкладам, як бы гэта пафасна ні гучала. Статус педагога пачынаецца з самога педагога. Калі настаўнікі не ство­раць самі свой статус, то наўрад ці адным заробкам яго можна пад­няць. Статус — паняцце не адназначнае. Яно ўключае не толькі прафесіяналізм, глыбокія веды па прадмеце, але і тактоўнасць, паводзіны ў рэальным жыцці, сацыяльных сетках, уменне выглядаць па-дзелавому элегантна. Мы ўсе павінны гаварыць пра высакароднасць гэтай прафесіі, бо сілу слова і пераканання ніхто не адмяняў. Да таго ж у настаўніцкай прафесіі мноства плюсоў. Перш за ўсё гэта вялікі адпачынак і стабільны заробак. 

Пасля рэспубліканскай нарады з удзелам міністра адукацыі па педкадрах, якая прайшла вясной, сфарміраваны пратакол даручэнняў, выкананне якога дазволіць наладзіць сістэмны падыход у вырашэнні праблемы.

Больш увагі родным мовам

— Цяпер у рэгіёнах прахо­дзяць круглыя сталы, дзе абмяркоўваецца ­якасць падручнікаў і праграм. Якія змяненні чакаюць настаўнікаў у новым навучальным годзе? 

— Сапраўды, зараз у рэгіёнах праводзяцца прадметныя круглыя сталы, дзе абмяркоўваецца якасць існуючых школьных падручнікаў і вучэбных праграм. Такія круглыя сталы ўжо адбыліся ў Віцебску, Гродне і Гомелі. У прыватнасці, у Віцебску ішла гаворка пра хімію і біялогію. Гэтыя круглыя сталы аб’ядноўваюць шырокае кола спецыялістаў: аўтараў, рэцэнзентаў, педагогаў, метадыстаў. Яны агучваюць існуючыя недахопы, каб у далейшым па выніках доследных праверак можна было ўнесці неабходныя карэктывы.

Дзесьці не хапае ілюстрацый або тэматычнага слоўніка, дзесьці ёсць нараканні на складанае тлумачэнне тэрмінаў. Разам з тым многія настаўнікі адзначаюць, што тэрміналогія — аснова вывучэння прадмета. У любым выпадку такія заўвагі — шліфоўка лінейкі падручнікаў, выданне якой было завершана да пачатку 2021/2022 навучальнага года. Усе слушныя заўвагі будуць прыняты пад увагу пры перавыданні падручнікаў. А яны ў нас перавыдаюцца раз у 3—5 гадоў.

Калі гаварыць пра змяненні наступнага навучальнага года, то кардынальна нічога не мяняецца. Адзінае — час на вывучэнне рускай і беларускай моў у 10 і 11 класах павялічыцца. Павелічэнне адбудзецца за кошт змяншэння гадзін на вывучэнне замежнай мовы. З новага навучальнага года ў старшых класах на яе адведзена 2 гадзіны на тыдзень замест трох, як было раней. На павышаным узроўні будзе 4 гадзіны замест 5. Падзел на групы дазваляецца па тых жа прынцыпах, што былі раней.

У выніку з 1 верасня ў 10 і 11 класах на вывучэнне рускай і беларускай моў будзе адводзіцца па 1,5 гадзіны на тыдзень. Як бачыце, адбылося ўнутранае пераразмеркаванне гадзін. На змест праграм як па замежнай мове, так і па рускай і беларускай мовах гэта ніяк не ўплывае. Мы абмяркоўвалі такі падыход з педагогамі і дырэктарамі, і яны пагадзіліся з прапанаваным варыянтам пераразмеркавання. Каляндарна-тэматычнае планаванне дапаможа настаўнікам скарэкціраваць час на вывучэнне тых ці іншых тэм. 

Павелічэнне часу на вывучэнне рускай і беларускай моў неабходна, тым больш што ў 2023 го­дзе ў нас будзе праводзіцца цэнтралізаваны экзамен па гэтых прадметах. Рыхтавацца трэба і старшакласнікам, і педагогам, а на гэта патрэбны час.

Акрамя таго, у праграмы па гісторыі і літаратуры будзе дабаўлена тэма генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий