“Беларускія песняры”. Сцэнарый музычна-літаратурнага мерапрыемства, прымеркаванага да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа  

- 16:11Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 14 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: пазнаёміць дзяцей з творчасцю і жыццём беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, з пакладзенымі на іх вершы беларускімі народнымі песнямі, выхоўваць любоў да роднай мовы.

Абсталяванне: мальберт, партрэты Я.Купалы, Я.Коласа, ілюстрацыі з мясцінамі Вязынкі, Акінчыц, малюнкі дзяцей па творах Купалы і Коласа, выстава іх кніг, вяночкі для выканання карагода, печ, калыска, сялянскі посуд: збанкі, драўляныя лыжкі, міскі, фанаграма песні “Мой родны кут” у выкананні ансамбля “Песняры”.

 

Ход мерапрыемства

Вядучы. Паглядзіце на партрэты – вы пазналі, хто гэта? Так, гэта Янка Купала і Якуб Колас. Якая ў іх добрая ўсмешка, ласкавы погляд! Адразу бачна, што яны былі добрымі людзьмі і вельмі любілі дзяцей.

Вы любіце слухаць цікавыя гісторыі? (Адказы дзяцей). Адну з іх я вам раскажу.

Было гэта вельмі даўно, калі не было яшчэ на свеце ні вас, ні вашых бацькоў. Ні нават бабуль і дзядуль. Нарадзіліся ў той час два хлопчыкі. Адзін хлопчык Ясь – у вёсцы Вязынка, недалёка ад Мінска (паказвае ілюстрацыі з мясцінамі Вязынкі), а другі хлопчык Кастусь – так звалі ў дзяцінстве Якуба Коласа – у вёсцы Акінчыцы. (Паказвае ілюстрацыі з мясцінамі Акінчыцы). Бацькі радаваліся: “Добра, што сын! Вось вырасце – будзе нам памочнікам!” маці люляла сына Янку і ціхенька напявала яму калыханку (выхавальнік калыша люльку і напявае).

Вядучы. Мы таксама ведаем калыханку, давайце дапаможам матулі і разам заспяваем.

 

Выконваюць калыханку “Спі сыночак міленькі”

 

Вядучы. Пра сваіх бацькоў і родны кут хлопчык Кастусь потым напіша:

Мой родны кут,
Як ты мне мілы…
Забыць цябе
Не маю сілы!

Вядучы. Пазней на гэты верш была пакладзена музыка, і зараз паслухайце песню ў выкананні ансамбля “Песняры”.

 

Гучыць у запісу песня “Мой родны кут” у выкананні ансамбля “Песняры”

 

Вядучы. Хлопчыкі Ясь і Кастусь, як і вы, любілі слухаць песні, вершы, казкі, розныя дзіўныя гісторыі. А як навучыліся чытаць, то ад кніжкі было не адарваць. Чыталі ўсё, што траплялася пад руку. Дзеці, хочаце паслухаць казку, якую любіў слухаць Ясік? (Выхавальнік бярэ кнігу, чытае дзецям казку “Бегаў Бай па сцяне”).

Вядучы. А яшчэ хлопчыкі, апрача кніжак, вельмі любілі музыку, любілі слухаць, як гучыць скрыпка, цымбалы, жалейка. Кастусь любіў слухаць беларускія народныя песні, вы яе так сама ведаеце, давайце заспяваем песню “Перапёлачка”.

 

Выконваюць народную песню “Перапёлачка”

 

Вядучы. Ну, хіба ж гэта не цуд? Але ў школе яны вучыліся мала, таму што трэба было дапамагаць бацькам у сялянскай працы. Пазней Янка Купала напіша:

Мне мудрасці кніжнай
Не даў бог пазнаці,
Мой бацька не мог даць
Раскошаў такіх.
Навучыўся я слоў беларускіх ад маці
І дум беларускіх без школы і кніг.

Бацька Якуба Коласа быў лесніком. Вось што напісаў пісьменнік, калі вырас:

Каля пасады лесніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, дубамі,
А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь.

Захапленне кнігамі перайшло ў хлопчыкаў у жаданне самім пісаць вершы, апавяданні. Ясь напісаў свой першы верш пра сястру, потым пра суседзяў. Паэт Янка Купала вельмі любіў сваю Беларусь і свой народ. Паслухайце, які верш пра беларусаў ён напісаў. (Выхавальнік чытае верш “А хто там ідзе?”).

Вядучы. Калі ў пісьменніка Якуба Коласа запыталіся, якая ўзнагарода была для яго самай значнай, ён адказаў: “Срэбны рубель, што даў мне бацька за першы верш”

 

Выхавальнік чытае верш “На рэчцы зімою”

 

Вядучы. Янка Купала – гэта літаратурнае імя хлопчыка Яся, бо ён нарадзіўся падчас Купальскага свята. Ён вельмі хацеў, каб кожны беларус, увесь наш народ былі шчаслівымі.

На Купалле на святое
Рві, матуля, зелле тое,
Што ў нас папараць завецца!
І шчаслівым быць здаецца!

 

Дзеці выконваюць карагод пад песню “Купалінка”

 

Вядучы. Якуб Колас і Янка Купала вельмі любілі дзяцей. Напісалі для іх шмат вершаў. А вы ведаеце вершы Якуба Коласа ці Янкі Купалы?

Дзеці. “Хлопчык і лётчык”!

 

Дзеці чытаюць верш “Хлопчык і лётчык”

 

Вядучы. (звяртаецца да хлопчыка) Кім ты хочаш стаць?

Хлопчык. Лётчыкам.

Вядучы. Давайце мы з вамі пагуляем у гульню “Самалёты”

 

Гульня “Самалёты”

(дзеці пад музыку бегаюць лёгкім бегам (рукі ў бакі, быццам “самалёты”), і, як толькі выхавальнік гаворыць “На пасадку”, усе павінны прызямліцца; хто апошні прылятае, выбывае з гульні; гульня праводзіцца тры разы; самым лоўкім дзецям будуць даны загадзя зробленыя смайлікі).

 

Вядучы. Вось такую гульню Янка Купала ўбачыў аднойчы ў вёсцы на вуліцы і напісаў пра гэта верш. Мы з вамі пазнаёміліся толькі з часткай гэтага верша. І калі ён вас зацікавіў, папрасіце дарослых, каб прачыталі ўвесь. А таксама вершы пра дзяўчынку Алесю, якая марыла лятаць у небе птушкай, і пра сыноў, што “адказ трымалі перад бацькам родным”, расказалі, кім яны хочуць быць, калі вырастуць. А калі вы пойдзеце ў школу, самі навучыцеся чытаць. Будзеце знаёміцца з цікавымі кнігамі. Вось з такімі.

 

Дзеці падыходзяць і знаёмяцца з ілюстраванымі кнігамі
Якуба коласа і Янкі Купалы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий