Псіхалагічны трэнінг для падлеткаў “Камплімент”    

- 13:49Психологическая помощь

Псіхалагічны трэнінг “Камплімент” накіраваны на выхаванне ў падлеткаў культуры паводзін, навыкаў пазітыўнага ўзаемадзеяння, прафілактыку агрэсіі. Быў праведзены ў лагеры “Дружба” сярэдняй школы № 5 Смаргоні.

 

Вольга ТУРУТА,
педагог-псіхолаг
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

 

Задачы:

– вучыць падлеткаў быць уважлівымі адно да аднаго, заўважаць у сяброў станоўчыя якасці характару;
– замацоўваць уменне гаварыць кампліменты;
– паказаць вялікую ролю кампліментаў у матывацыі падлеткаў.

Час правядзення: 20–30 хвілін.

Матэрыял: ватман, лісты паперы, алоўкі альбо фламастары, клубок нітак.

Форма правядзення: групавая.

 

Ход трэнінгу

Псіхолаг: Добры дзень. Давайце прывітаем адно аднаго так, як вам хацелася б, каб віталі вас (усмешкай, добразычлівым поглядам і г.п.). Адкажыце, калі ласка, на наступныя пытанні:

1) Як вы думаеце, ці прыемна чалавеку, калі пры сустрэчы да яго звярнуліся па імені і зрабілі яму камплімент? (Прыемна).

2) Як вы лічыце, ці важна пры сустрэчы ўсміхацца адно аднаму? (Важна). Давайце не будзем скупіцца на ўсмешку.

3) Як вы вітаецеся, калі бачыце адно аднаго здалёк? (Жэстам і ўсмешкай можна прывітаць здалёк).

Ну а зараз пагуляем у гульні.

Гульня “Чароўны стул”

У мяне ёсць “чароўны” стул. Кожны, хто сядае на гэты стул, губляе ўсе свае дрэнныя якасці. Сёння на стул сядуць па чарзе хлопчык і дзяўчынка. Усе астатнія дзеці зробяць кампліменты спачатку аднаму ўдзельніку, а затым другому.

Ватман (альбо дошку) дзелім папалам. Злева пішам слова “хлопчык”, а справа – “дзяўчынка”. Усе добрыя словы, якія характарызуюць і хлопчыка, і дзяўчынку, запісваем на ватмане. Пераможа той, хто апошнім скажа добрае слова, якое характарызуе дзяцей, якія сядзяць на стуле.

Затым дзеці па чарзе садзяцца на стул, а іншыя расказваюць пра іх толькі добрае і пазітыўнае.

Гульня-практыкаванне “Партрэт майго лепшага сябра ў праменях сонца”

Кожнаму ўдзельніку раздаецца ліст паперы. У цэнтры круга падлетак піша імя сябра. Затым малюе прамені сонца і ў іх запісвае добрыя словы-звароты да свайго сябра. Пасля запісы зачытваюцца.

Дынамічная паўза. Гучыць музыка (напрыклад, песня “Добрае слова” А.Пальчэўскага). У гэты час дзецям прапануецца заплюшчыць вочы, прыслухацца да свайго цела і пачуццяў, а таксама задумацца над тым, што яны адчуваюць, калі ім гавораць кампліменты.

Псіхолаг: на жаль, грубыя, крыўдныя словы прыходзіцца чуць сярод размовы падлеткаў. Такія адносіны паміж імі добрымі не назавеш. Трэба памятаць, што добразычлівасць вашых слоў, ваша ўсмешка захоўвае ваша здароўе і здароўе тых, хто побач з вамі. Спачатку падумайце, а затым скажыце.

У мяне ў руках клубок нітак. Зараз кожны возьмецца за нітачку, і, раскручваючы клубок, скажа свайму суседу справа і злева прыемныя словы – кампліменты.

Рэфлексія

Пытанні ўдзельнікам:

1) Як вы лічыце, якія кампліменты найбольш дзейсныя для чалавека? (Перш за ўсё, кампліменты, якія адносяцца да асобы, рысы характару, навыкаў і здольнасцей).

2) Падумайце і паразважайце над выразам: “Камплімент шчыры, а ліслівасць крывадушная. Першае зыходзіць ад сэрца, другое – толькі з вуснаў”.

3) Што вы адчуваеце на гэты момант?

Рытуал развітання

Псіхолаг: Давайце з вамі дамовімся, што заўсёды ўсім, хто знаходзіцца побач з намі, будзем дарыць толькі добрыя словы і ўсмешку. Тады ў кожнага будзе толькі добры настрой.

А зараз давайце станем у круг і папляскаем у далоні ў знак дружбы, узаемадапамогі і падтрымкі адно аднаго.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий