Праблема аўтадэструктыўных паводзін дзяцей і падлеткаў — адна з найбольш вострых у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Сутыкнуўшыся з сітуацыяй, з якой не справіцца самастойна, дзіця пачынае наносіць шкоду самому сабе: рэжа рукі, вырывае валасы, п’е таблеткі ў вялікай колькасці.
Як дапамагчы дзецям і падлеткам, якія сутыкнуліся з псіхалагічнымі цяжкасцямі і не могуць справіцца з імі інакш, чым прымушаючы пакутаваць самога сябе? У Мінскім гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры дапамагаюць такім дзецям справіцца з бядой, каб не здарылася непапраўнае, і вучаць працаваць з дзіцячай аўтаагрэсіяй школьных псіхолагаў, сацыяльных педагогаў.
Прычыны і маркёры
“Аўтаагрэсія ў дзіцяці — гэта форма актыўнасці, накіраваная на прычыненне шкоды самому сабе, — пачынае з галоўнага дырэктар Мінскага гарадскога СПЦ Святлана Канстанцінаўна Тарговіч. — Ад аўтаагрэсіі дарослых дзіцячая адрозніваецца тым, што дзеці часам дзейнічаюць неўсвядомлена: востра рэагуючы на канфлікты ў сям’і, школе, з сябрамі, яны паводзяць сябе імпульсіўна, нават дэманстратыўна. Дзеці, схільныя да суіцыдальных паводзін і аўтаагрэсіі, прычыняюць сабе фізічную шкоду, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Прычым дзіця не ўсведамляе, што гэта можа прывесці да лятальнага канца”.
Сярод іншых прычын спецыяліст называе псіхалагічныя праблемы ў дзіцяці, высокія патрабаванні з боку бацькоў і педагогаў да паспяховых і дысцыплінаваных дзяцей, што прыводзіць да таго, што неўмацаваная дзіцячая псіхіка не вытрымлівае ціску. На мой погляд, бацькі — першыя людзі, якія павінны звяртаць увагу на любыя змяненні ў жыцці дзіцяці. Маркёрамі недабрабыту могуць стаць змяненні ў паводзінах (дзіця стала агрэсіўным ці, наадварот, апатычным), зніжэнне паспяховасці ў школе, кардынальныя змяненні іміджу (новая прычоска, адзенне і г.д.), заканчэнне дзіцем раней адкладзеных спраў. Па статыстыцы Мінскага гарадскога СПЦ, больш да дэструктыўных паводзін схільны дзяўчынкі-падлеткі 14—16 гадоў з-за іх эмацыянальнасці, няўстойлівасці настрою. Сваю ролю тут адыгрывае пубертатны перыяд, калі гармоны выклікаюць перабудову арганізма. Да фізіялагічных праблем часта прымешваюцца наступствы няшчаснага кахання, складанасці ў сяброўстве, з чым дзіця ўжо не можа спраўляцца самастойна і выбірае для сябе спосаб аўтаагрэсіўных паводзін.
Дзеці могуць проста драпаць сабе скуру вострым прадметам (сашчэпкай, ручкай, алоўкам). Калі бацькі заўважылі парэзы і драпіны на руках дзіцяці, то неабходна шчыра і даверліва пагаварыць з сынам ці дачкой. Магчыма, у гутарцы выявіцца, што гэта проста жарт, цікавасць, даніна модзе. Далей бацькам можна звярнуцца па дапамогу ці параду да школьнага псіхолага ці любога псіхолага — у СПЦ, дзіцячую паліклініку і нават прыйсці на кансультацыю ў дзіцячы псіханеўралагічны дыспансер. Калі ж парэзы заўважыў школьны настаўнік, то ён павінен звярнуцца да школьнага псіхолага, які ў межах сваіх кампетэнцый будзе працаваць з гэтым дзіцем і яго сям’ёй.
З кожным годам праблема падлеткавай аўтадэструкцыі не змяншаецца. Святлана Канстанцінаўна дзеліцца статыстыкай выпадкаў суіцыдальных паводзін непаўналетніх за перыяд з верасня 2021 па май 2022 года па Мінску. 75% такіх выпадкаў здзяйсняюць дзяўчынкі. Па характары пашкоджанняў у 52% выпадкаў мае месца атручэнне медыкаментознымі прэпаратамі, у 28% выпадкаў — нанясенне парэзаў.
“Мы стараемся працаваць з такімі дзецьмі і іх бацькамi, дапамагаем калегам з СПЦ і ўстаноў адукацыі, вучым іх, — працягвае дырэктар гарадскога СПЦ. — Праблему нельга замоўчваць, бацькі павінны пра яе ведаць, каб з іх дзіцем не здарылася непапраўнае. З аўтадэструктыўнымі паводзінамі важна працаваць міжведамасна, калі да псіхолагаў падключаюцца медыкі. Падлеткі, на шчасце, могуць перарастаць названыя праблемы. І каб якасна дапамагаць дзецям, неабходна працаваць не толькі з імі, але і іх сям’ёй”.
Тры гісторыі
Загадчык аддзела каардынацыі дзейнасці сацыяльна-педагагічных цэнтраў і дзейнасці ўстаноў адукацыі Мінскага гарадскога СПЦ Юрый Мікалаевіч Мар’янкоў упэўнены, што прычынай усіх выпадкаў аўтадэструктыўных паводзін падлеткаў з’яўляецца недастатковая ўвага да праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці, з боку дарослых. Спецыяліст расказвае:
“Хлопчык-падлетак А., вучань сярэдняй школы Мінска. Дзіця, выдатнае ў паводзінах і вучобе, у нейкі момант рэжа сабе запясці і перадплеччы. Усе ў шоку ад гэтай сітуцыі, у там ліку педагогі школы, дзе ён вучыцца, бо да гэтага ніякіх званочкаў, што нешта ў хлопца не так, не было — ні ад бацькоў, ні ад настаўнікаў, ні ад яго самога. Калі мы выехалі па гэтым выпадку, то, аналізуючы інфармацыю з усіх крыніц, убачылі тое, што не заўважылі ва ўстанове адукацыі. Гэты юнак некалькі месяцаў назад пачаў сустракацца з аднакласніцай і, як у народзе кажуць, “згубіў галаву”. Сапсавалася паспяховасць у школе і паводзіны, але на гэта належнай увагі не звярнулі. Каханне не было безадказным, але ў дзяўчыны былі свае асаблівасці ў паводзінах і сямейныя праблемы. Дзяўчына аказвала на хлопца такі моцны ўплыў, што юнак, не вытрымаўшы ціску на яго, парэзаў сабе рукі.
Другі выпадак. Дзяўчынка-падлетак В. вучыцца ў школе. Да гэтага дзіця памяняла некалькі ўстаноў адукацыі, прыйшла ў чарговую ў пачатку другой чвэрці. Маці дзяўчынкі расказала, што ў папярэдняй установе адукацыі ў дачкі здарыўся канфлікт з аднакласнікамі. Дзяўчынка, пахадзіўшы пару дзён у новую школу, перастае прыходзіць на ўрокі. Тлумачыць гэта тым, што часта хварэе, але пры гэтым не прадастаўляе ў школу ніводнай медыцынскай даведкі. Маці таксама тлумачыць, што дачка прапускае школу з-за частых хвароб. У перыяд чарговай “хваробы” дзіця запісвае дэманстратыўнае відэа, што збіраецца выпіць таблеткі і пайсці з жыцця. Калі дзіця дэманструе гатоўнасць да аўтаагрэсіі, то гэта паводзіны, якія разбураюць яго самога. Прыбыўшы на месца, мы высвятляем, што ў сям’і існуе зацяжны канфлікт, пра які не вядома ў школе. У канфлікт уцягнуты бабуля з дзядулем дзяўчынкі. Акрамя таго, дзяўчынка паводзіць сябе задзірліва, вульгарна апранаецца, і спакойныя аднакласнікі яе не прымаюць. Дзяўчынка прагне ўвагі і ідзе на ўсё, каб яе атрымаць.
Падобны выпадак здарыўся яшчэ ў адной установе адукацыі. Дзяўчынка-падлетак С. з мнагадзетнай сям’і не атрымлівала разумення ў сям’і. Сям’я з інтэрната нядаўна пераехала ў новую кватэру. Дзяўчынка пачала мяняцца ў паводзінах і знешнім выглядзе. На гэта звярнулі ўвагу ў школе, але нічога не зрабілі: запрасілі маму, а жанчына патлумачыла змяненні падлеткавым узростам. У школе супакоіліся. І ў адзін з момантаў дзяўчынка выпівае алкагольны напітак і ў тэлефоннай размове з татам гаворыць, што выпіла таблеткі. Чаму яна так зрабіла? Высветлілася, што ў дзіцяці свежы канфлікт з мамай з-за таго, што ў новай кватэры дзяўчынцы дастаўся адзіны з прахадных пакояў, а не ізаляванае памяшканне. Фактычна атрымалася так, што для дзяўчынкі, якая раней жыла ў інтэрнаце, са з’яўленнем новай кватэры псіхалагічна нічога не змянілася. У яе захоўвалася сітуацыя фрустрацыі. Дзіця неаднойчы гаварыла пра гэта маці, а тая з-за сваёй аўтарытарнасці адмаўляла дзіцяці ў выкананні яго жадання. У дзяўчынкі захоўвалася і назапашвалася трывога, і іншага рашэння, чым звярнуць на сябе ўвагу праз аўтаразбурэнне, дзіця не знайшло”.
На думку Юрыя Мікалаевіча, ва ўсіх трох выпадках дарослыя не ўдзялялі максімум увагі праблемам дзяцей, што прывяло да аўтадэструктыўных паводзін у непаўналетніх. І такія выпадкі маніпуляцый не скончацца, пакуль у гэтых дзяцей не зменіцца сітуацыя, пакуль бацькі і педагогі не зразумеюць, што штосьці не так.
Стаць значным дарослым
Што рабіць? Адно са спрадвечных пытанняў. І адказ на яго — працаваць, дзейнічаць. Спецыялісты Мінскага гарадскога СПЦ распрацавалі 16 картак-маркёраў суіцыдальных паводзін дзяцей. Зараз ідзе апрабацыя картак, першыя водгукі ад іх прымянення станоўчыя. Пра гэта паведамляе сацыяльны педагог установы Вікторыя Аляксандраўна Бізукойць.
Педагог-псіхолаг установы Юлія Віктараўна Вольская на пытанне, што рабіць педагогам i бацькам, каб дапамагчы дзiцяцi справiцца з псiхалагiчнымi цяжкасцямi, адказвае: “Самы напружаны дзіцячы ўзрост — 12—17 гадоў. Дзеці востра перажываюць сваркi з сябрамі, аднакласнікамі i каханымi, няўдачы ў вучэбнай дзейнасцi, а таксама складанасцi ў дзiцяча-бацькоўскiх адносiнах i развод бацькоў. Яны часам не ўмеюць праяўляць эмоцыі, i раны на целе дзіцяці — гэта крыніца перадачы болю. Вельмi важна паспрабаваць стаць значным дарослым для дзіцяці, якое дэманструе суіцыдальныя паводзіны ці аўтаагрэсію. Гэта можа быць не толькi мама ці тата, але i педагог-псiхолаг, сацыяльны педагог, класны кіраўнік, настаўнік матэматыкі, кiраўнiк спартыўнай секцыi і г.д. Вельмi важна, каб дзіця ведала, што яно любімае, яно патрэбнае, яно важнае ў гэтым свеце. Толькі сумесная работа бацькоў, педагогаў i спецыялістаў дапаможа вырашыць праблему”.
Рэкамендацыі для педагогаў у выпадку выяўлення самапашкоджанняў у падлетка:
- Выкажыце сваю зацікаўленасць асобай і лёсам падлетка, сімпатыю да яго.
- Слухайце ўважліва, бо падлетак можа пакутаваць ад адзіноты і немагчымасці выказацца.
- Задавайце пытанні прама, у шчырай і спакойнай манеры; выкарыстоўвайце тэхніку актыўнага слухання.
- Правільна фармулюйце пытанні аб сутнасці праблемнай сітуацыі і аб тым, якая дапамога неабходна.
- Дайце магчымасць падлетку выказаць свае пачуцці, звязаныя з тым, што яго непакоіць.
- Не выказвайце здзіўленне ад пачутага і не асуджайце дзіця за любыя, самыя шакіруючыя выказванні.
- Паспрабуйце высветліць прычыны і ўмовы нанясення самапашкоджанняў, але не настойвайце на іх абмеркаванні, калі для суразмоўніка гэта занадта цяжка.
- Спытайце, ці даводзілася падлетку расказваць раней каму-небудзь пра тое, што ён гаворыць зараз.
- Імкніцеся ўсяліць у падлетка надзею, якая павінна быць рэалістычнай і накіраванай на ўмацаванне яго сіл і магчымасцей.
- Прапануйце падлетку падтрымку і дапамогу, канструктыўныя спосабы вырашэння праблемы.
Наталля КАСТЭНКА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА