Учора пачаўся прыём дакументаў у навучальныя ўстановы, дзе можна атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю. Каледжы і ліцэі гатовы адкрыць юнакам і дзяўчатам цэлы свет прафесій. Прафесійная адукацыя быццам дарога, якая вядзе ад прыпынку “Школа” да прыпынку “Дарослае жыццё”. А прафесійна-тэхнічная адукацыя — дарога самая хуткасная: па некаторых кваліфікацыях прафесію можна атрымаць менш чым за год. А яшчэ ў сучасных умовах гэтая дарога вельмі камфортная і добраўпарадкаваная: установы прафесійнай адукацыі прапануюць цудоўныя ўмовы не толькі для прафесійнага станаўлення, але і для асобаснага развіцця. Давайце даведаемся, што чакае абітурыентаў 2022 года ў розных установах адукацыі!
Творчасць, накіраваная ў будучыню
Гомельскі дзяржаўны прафесійнатэхнічны каледж бытавога абслугоўвання рыхтуе стваральнікаў прыгажосці: цырульнікаў, швачак, майстроў па манікюры.
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу традыцыйным для ўстановы стаў практыкаарыентаваны падыход. Вучацца будучыя майстры не толькі на вучэбных і практычных занятках.
Гурткі прафесійнай накіраванасці, майстар-класы, праектная дзейнасць, вучэбныя семінары-практыкумы і трэнінгавыя заняткі па прафесійным майстэрстве, мерапрыемствы ў рамках супрацоўніцтва з базавымі прадпрыемствамі і іншымі ўстановамі адукацыі, конкурсная дзейнасць на абласным, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях — усё гэта стала неад’емнай часткай прафесійнай падрыхтоўкі. Дзякуючы такой разнастайнасці форм работы, навучэнцы атрымліваюць максімальны спектр уменняў і навыкаў.
Майстар-класы, трэнінгі і семінары-практыкумы па асваенні найноўшых тэхналогій праводзяць педагогі каледжа, работнікі базавых прадпрыемстваў, прадстаўнікі вядучых кампаній па вытворчасці касметычнай прадукцыі, эксперты міжнароднага класа, выпускнікі і навучэнцы каледжа — прызёры міжнародных чэмпіянатаў.
Эфектыўнай формай работы і важнай часткай навучання сталі традыцыйныя творчыя прэзентацыі праектаў навучэнцаў. Яны адбываюцца на вялікай сцэне ў форме тэатралізаванага шоу-дэфіле. Навучэнцы рыхтуюць да паказу цэльныя вобразы. Адзенне, прычоска, макіяж, аксесуары — усё ствараюць самі, дэманструючы, чаму яны навучыліся. Будучыя спецыялісты выступаюць у ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, акцёраў, мастацкіх кіраўнікоў, максімальна праяўляючы такім чынам сваю творчасць і крэатыўнасць.
Тэматыку вобразаў дыктуе фантазія навучэнцаў: у творчым праекце “Сонца Элады” знайшлі адлюстраванне вобразы старажытнагрэчаскай міфалогіі, у праекце “Спадчына, альбо Беларусь старажытная” — матывы старажытнаславянскай культуры і міфалогіі, праект “Вялікае сэрца малой радзімы” ўвасобіў гісторыю Гомеля ў вобразах гарадскіх жыхароў.
Конкурсы прафесійнага майстэрства — яшчэ адзін важны напрамак навучання: каля 20 гадоў педагогі і навучэнцы бяруць удзел і з’яўляюцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў па прафесійным майстэрстве, такіх як WorlldSkils Belarus, “Неўскія берагі”, “Ружа вятроў”, “Мінскі вернісаж”, “Залатая пралеска”. Усяго заваявана больш за 200 узнагарод у розных намінацыях.
Перамогі і дасягненні, а таксама запатрабаванасць падрыхтаваных спецыялістаў пацвярджаюць эфектыўнасць работы каледжа.
У Гомельскай вобласці ў гэтым годзе на ўзроўні ПТА плануецца набраць 4112 навучэнцаў. 27 устаноў адукацыі прапануюць мноства актуальных і перспектыўных прафесій.
Будуюць уласны шлях
Цесная сувязь з заказчыкамі кадраў — залог паспяховай работы ўстановы прафесійнай адукацыі.
Калі ўзаемадзеянне наладжана, то навучэнцы атрымліваюць запатрабаваныя спецыяльнасці і потым без праблем уладкоўваюцца на работу, а падчас навучання атрымліваюць актуальныя навыкі непасрэдна на вытворчых пляцоўках.
Дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава ўжо 80 гадоў рыхтуе кваліфікаваных рабочых будаўнічых спецыяльнасцей. У прафесійным ліцэі выбудавана аптымальная сістэма работы з прадпрыемствамі па ўдасканаленні падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых. Выпускнікі запатрабаваны не толькі на прадпрыемствах Магілёва, але і раёна, вобласці. На працягу многіх гадоў базавымі прадпрыемствамі ліцэя з’яўляюцца Магілёўскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічыя трэсты № 12 і № 17, ААТ “Прамжылбуд” і “Магілёўдрэў”.
Сёння ў ліцэі № 9 выпускаюць тынкоўшчыкаў, маляроў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, муляраў, электрагазазваршчыкаў, дарожных рабочых, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, цесляроў, машыністаў крана аўтамабільнага, вадзіцеляў, стропальшчыкаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, машыністаў экскаватара, слесараў па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў. А ў новым навучальным годзе пачынаецца падрыхтоўка па новай кваліфікацыі “сталяр”. Такія спецыялісты зараз патрабуюцца на будоўлях вобласці.
У ліцэі працуе рэсурсны цэнтр па кваліфікацыі “абліцоўшчык-плітачнік”. Стварэнне рэсурснага цэнтра дало магчымасць ажыццяўляць выкананне праграм вытворчага навучання як для навучэнцаў ліцэя, так і для навучэнцаў іншых навучальных устаноў будаўнічага профілю.
Задача ўстановы прафесійнай адукацыі — не толькі навучанне прафесіі, але і паспяховая сацыялізацыя выпускнікоў. І з гэтай задачай у ліцэі таксама паспяхова спраўляюцца. З 2020 года тут рэалізуюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі метадам праектаў” і эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі фарміравання ў навучэнскай моладзі працоўнай культуры”.
Установа адукацыі з’яўляецца прызёрам шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, у прыватнасці, узнагароджана дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама ў спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў 2021 годзе сярод устаноў ПТА.
— Няспынны пошук — вось дэвіз нашага ліцэя, — расказвае яго дырэктар Вольга Яўгенаўна Правашынская. — Калектыў перакананы: няма нічога немагчымага, галоўнае — па-сапраўднаму любіць сваю справу.
Усяго ў Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе плануецца прыняць на навучанне 2807 навучэнцаў: у 15 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе весціся падрыхтоўка па 69 кваліфікацыях.
Не выканаўцы, а майстры
Навучэнцы Пінскага ДПТК машынабудавання атрымліваюць трывалую прафесійную падрыхтоўку, а таксама надпрафесійныя кампетэнцыі — крэатыўнасць, інавацыйнае мысленне, уменне прэзентаваць сябе і камунікаваць з іншымі.
Такі падыход дазваляе выпускаць не проста выканаўцаў пэўнага набору аперацый, а перспектыўных майстроў.
У Брэсцкай вобласці сёлета 26 устаноў будуць ажыццяўляць падрыхтоўку навучэнцаў па праграмах ПТА. Усяго плануецца прыняць 4035 юнакоў і дзяўчат. 240 з іх будуць праходзіць свой шлях да прафесіі ў Пінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.
У гэтым годзе каледж прапануе новыя прафесіі — станочнік шырокага профілю і слесар механазборачных работ. Для гэтага з улікам сучасных падыходаў да навучання ўжо набыта сучаснае абсталяванне, вучэбныя стэнды, мадэрнізавана вучэбна-вытворчая база. Гэтыя прафесіі папоўняць спіс прафесій, што сталі для ўстановы традыцыйнымі. Сярод іх — электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрагазазваршчык, слесар па рамонце аўтамабіляў, абіўшчык мэблі, вадзіцель, каваль ручнога кавання, электразваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, кузаўшчык, токар, фрэзероўшчык, электрамеханік па рамонце і абслугоўванні вылічальнай тэхнікі.
Сёння ў каледжы можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на кіраванне транспартным сродкам любой катэгорыі. Каледж — адзіная ўстанова ў вобласці, якая цесна супрацоўнічае з Асацыяцыяй міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў і рыхтуе вадзіцеляў-міжнароднікаў.
У каледжы добра разумеюць запыты часу і імкнуцца выхаваць кампетэнтнага прафесіянала з творчым інавацыйным мысленнем. Таму ўсяляк падтрымліваюць і развіваюць рацыяналізатарскую дзейнасць, тэхнічную творчасць. Навучэнцы пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў каледжа сваімі рукамі сабралі электрасамакат, электралангборд, а таксама сімулятар кіравання аўтамабілем. Сімулятар цалкам імітуе вадзіцельскае месца ў аўтамабілі і знайшоў прымяненне ў адукацыйным працэсе. І гэта толькі невялікая кропля ў моры вынаходстваў навучэнцаў і супрацоўнікаў каледжа.
Каб навучэнцы развіваліся ўсебакова, выкладчыкі падтрымліваюць і папулярызуюць навукова-даследчую дзейнасць. Даследчыя кампетэнцыі прадугледжваюць, што чалавек умее самастойна знаходзіць і аналізаваць інфармацыю. Такія ўменні карысныя для чалавека любой прафесіі. Свае даследаванні навучэнцы прадстаўляюць на традыцыйнай канферэнцыі ў каледжы, а таксама на міжнародных канферэнцыях.
Развіваць свой патэнцыял навучэнцы могуць і ў творчым кірунку, напрыклад, у кавальскай справе. Яны вырабляюць сапраўдныя шэдэўры з металу — мэблю, прадметы побыту, скрыні, мангалы і г.д.
Пункты росту
Менавіта імі сталі рэсурсныя цэнтры. У такіх цэнтрах сканцэнтравана сучаснае, высокатэхналагічнае абсталяванне па пэўным напрамку, якое пастаянна абнаўляецца. Сёння ў краіне больш за паўсотні рэсурсных цэнтраў.
Рэсурсны цэнтр дзейнічае і на базе Аршанскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Ён адзін з самых маладых. Гэта цэнтр па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” і “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”.
Імклівае развіццё вытворчасці і новых тэхналогій прад’яўляе высокія патрабаванні да спецыялістаў, у тым ліку і ў галіне сельскай гаспадаркі. Сёння работадаўцам патрэбны высокакваліфікаваныя рабочыя кадры. Падрыхтаваць менавіта такія кадры і дапамагае рэсурсны цэнтр. Тут паспяхова вырашаюць задачы па падрыхтоўцы рабочых, якія валодаюць сучаснымі інавацыйнымі тэхналогіямі, навыкамі работы з энерганасычанай тэхнікай. У цэнтры ёсць увесь набор стэндаў для тэхнічнага абслугоўвання трактароў МТЗ: стэнд для рэгуліроўкі і праверкі фарсунак, светлавых прыбораў, стэнд для барціроўкі колаў, праверкі рулявога кіравання і іншае абсталяванне.
Увогуле, Аршанскі аграрны каледж — гэта сучасная навучальная ўстанова па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для сельскай гаспадаркі. Выпускнікі працягваюць вучобу ў вышэйшых навучальных установах краіны. Каледж супрацоўнічае з многімі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, якія з’яўляюцца заказчыкамі маладых кадраў.
Тут звяртаюць асаблівую ўвагу на тэхнічную аснашчанасць вучэбнага асяроддзя. Машынна-трактарны парк установы цалкам укамплектаваны. Толькі трактароў 20 адзінак, у тым ліку найноўшыя высокапрадукцыйныя трактары “Беларус”. Ёсць таксама 3 зернеўборачныя камбайны і 5 аўтамабіляў. Рэсурсны цэнтр стаў лагічным працягам работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
На ўзроўні ПТА ў каледжы рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў, слесараў па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў, слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, аператараў птушкафабрык і механізаваных ферм, вадзіцеляў аўтамабіля, машыністаў экскаватара, вадзіцеляў пагрузчыка, кухараў. Каледж чакае новых навучэнцаў.
Дарэчы, чакаюць абітурыентаў і іншыя ўстановы прафадукацыі Віцебскай вобласці і запрашаюць у тым ліку звярнуць увагу на новыя кваліфікацыі. Па ўзроўні ПТА ўпершыню ў вобласці адкрываецца падрыхтоўка па кваліфікацыі “агент па абслугоўванні аўтамабільных перавозак” спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць” у Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы, а таксама па кваліфікацыі “фармоўшчык вырабаў і канструкцый” спецыяльнасці “Вытворчасць вырабаў і канструкцый” у Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.
Новыя магчымасці
Штогод пералік спецыяльнасцей і кваліфікацый у сістэме ПТА абнаўляецца з улікам патрэб у рабочых кадрах арганізацый і прадпрыемстваў рэгіёна. Не выключэнне і гэты год.
У гродзенскім рэгіёне падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў ажыццяўляюць 19 устаноў, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтым годзе яны гатовы прыняць 2609 чалавек.
У Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы камунальнай гаспадаркі сёлета ўпершыню будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка навучэнцаў па кваліфікацыі “слесар па зборцы металаканструкцый”, у Лідскім дзяржаўным прафесійным політэхнічным ліцэі — па кваліфікацыях “аператар станкоў з праграмным кіраваннем”, “станочнік шырокага профілю”. У Гродзенскім электратэхнічным каледжы імя І.Счаснага адкрываецца набор на новую спецыяльнасць “Сацыяльная работа” з прысваеннем рабочай кваліфікацыі “сацыяльны работнік”. Навагрудскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй пачынае падрыхтоўку па прафесіі машыніст крана аўтамабільнага ў інтэграцыі са спецыяльнасцю “Электрагазазваршчык”.
Увогуле, сёння каледжы і ліцэі прапануюць шырокі пералік спецыяльнасцей. Так, напрыклад, Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці на ўзроўні ПТА вядзе навучанне па спецыяльнасцях “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Гандлёвая справа”, “Грамадскае харчаванне”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”. З выключна аграрнай установы каледж вырас у шматпрофільную. Якая б спецыяльнасць ні была выбрана, у каледжы створаны ўсе ўмовы для паспяховага навучання па ёй.
Каледж дае моцную практычныю падрыхтоўку. Для гэтага ў яго ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічнай база, якая пастаянна абнаўляецца. Так, навучэнцы, якія выбралі сельскагаспадарчы ці тэхнічны напрамак, могуць адпрацоўваць свае навыкі ў машынна-трактарным парку, які, дарэчы, нядаўна папоўніўся новенькім МТЗ-923.5. Каледж валодае ўласнай вучэбнай гаспадаркай плошчай 331,8 га. Гэта значыць, што навучэнцы могуць выконваць увесь цыкл сельскагаспадарчых і рамонтна-наладачных работ у рэальных працоўных умовах. 90% майстроў вытворчага навучання ўстановы — у мінулым работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, а значыць, спазналі сваю справу на практыцы і могуць падзяліцца з навучэнцамі тонкасцямі прафесіі.
Каб выпускнікі былі запатрабаваны на рынку працы, для навучання прапануецца некалькі кваліфікацый у адной вучэбнай групе.
— Мэта нашага каледжа — якасная падрыхтоўка запатрабаваных на рынку працы, канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія свабодна валодаюць сваёй спецыяльнасцю і кваліфікацыяй, — расказвае дырэктар Леакадзія Браніславаўна Юрэвіч. — Запрашаем юнакоў і дзяўчат з велізарным жаданнем стаць сапраўднымі прафесіяналамі. Мы ў гэтым дапаможам.
Установа з характарам
У кожнай установы прафесійнай адукацыі свой характар. У Капыльскага дзяржаўнага каледжа характар дакладна крэатыўны і інавацыйны.
У каледж на ўзроўні ПТА набіраюць будучых электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, вадзіцеляў аўтамабіляў, электразваршчыкаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, швачак, цырульнікаў, прадаўцоў, кухараў.
Навучэнцам даюць трывалыя веды і ўменні. А яшчэ — унікальныя магчымасці для самаразвіцця, а дакладней, для развіцця сваіх прадпрымальніцкіх здольнасцей.
У каледжы дзейнічае цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, дзе падчас разнастайных мерапрыемстваў можна атрымаць тэарэтычныя веды, а таксама бізнес-кампанія, у якой свае прадпрымальніцкія веды можна падмацаваць практыкай.
Бізнес-кампанія “Эргана” дзейнічае ўжо 9 гадоў і ўключае аж 9 напрамкаў бізнесу: вытворчасць і рамонт швейных вырабаў, выраб малых архітэктурных металаканструкцый, вытворчасць пешаходнай і абліцовачнай плітка і бардзюраў, вырошчванне расады агародніны і кветак, распрацоўка і стварэнне запатэнтаваных інавацыйных вырабаў, такіх як напятачнік на абцас, плашч-трансформер і куртка-барсетка.
Самы новы напрамак — сельскі турызм. У каледжы створана сядзіба “Мядовая заімка”. Гэта гасцінны комплекс на беразе возера з экасцежкай, лазняй, міні-заапаркам, хаткай для апітэрапіі “Лячэбны сон на вуллях”.
Навучэнская бізнес-кампанія арганізоўвае сваю работу гэтак жа, як і любая іншая, аднак усе працэсы ў ёй ажыццяўляюць навучэнцы. Ад планавання работы да рэалізацыі тавараў і паслуг — усё яны выконваюць самастойна, дарослыя толькі курыруюць і дапамагаюць.
Канечне, задачу выхаваць бізнесменаў тут не ставяць — рыхтуюць па іншых прафесіях. Аднак даюць моладзі веды і ўпэўненасць у сабе, каб рэалізоўваць свае цікавыя ідэі і ініцыятывы, не баяцца браць справу ў свае рукі і рухацца наперад.
У Мінскай вобласці ў 2022 годзе плануецца прыняць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі 3054 навучэнцы.
Кадры высокай пробы
МДПТК мантажных і пад’ёмнатранспартных работ — установа ўнікальная. Каледж адзіны ў нашай краіне рыхтуе машыністаў крана па кіраванні маставымі, вежавымі, казловымі і аўтамабільнымі кранамі.
А такія спецыялісты шмат дзе патрэбны. Маставыя краны, напрыклад, выкарыстоўваюцца ў цэхах практычна ўсіх заводаў. Рабочыя кадры па кіраванні маставымі кранамі запатрабаваны на такіх найбуйнейшых прадпрыемствах, як МАЗ, МТЗ, “Мінскжалезабетон”, МАПІД.
“Мінскметрабуду” патрабуюцца спецыялісты па кіраванні казловымі кранамі. А аўтамабільныя і вежавыя краны ў першую чаргу неабходны для будаўнічай галіны. Сучасныя будоўлі прадугледжваюць узвядзенне шматпавярховых будынкаў, таму вежавыя краны і, вядома ж, спецыялісты, якія могуць імі кіраваць, патрэбны заўсёды.
Не менш запатрабаванымі стануць і выпускнікі, якія атрымаюць новыя кваліфікацыі. У гэтым годзе каледж набірае маладых людзей для навучання па кваліфікацыях “слесар па абслугоўванні цеплавых сетак”, “слесар па рамонце абсталявання кацельняў і пылападрыхтоўчых цэхаў”. Перш за ўсё ў такіх работніках адчувае патрэбу прадпрыемства “Мінсккамунцепласетка”, якое з’яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
Таксама ў каледжы рыхтуюць вадзіцеляў аўтамабіля (міжнародныя перавозкі), слесараў па рамонце аўтамабіляў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрамантажнікаў па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, мантажнікаў знешніх трубаправодаў, слесараў па зборцы металаканструкцый, мантажнікаў тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый, электрагазазваршчыкаў.
У каледжы функцыянуе рэсурсны цэнтр па кірунку “Энергетыка”, ёсць уласны аўтадром, добра аснашчаныя майстэрні — словам, усё неабходнае для падрыхтоўкі кадраў высокай пробы.
І яшчэ адзін сталічны каледж прапануе новыя кваліфікацыі. Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачне рыхтаваць кавалёў ручнога кавання і кавалёў-штампоўшчыкаў.
Усяго ў сталіцы ў 20 установах ажыццяўляецца падрыхтоўка на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтым годзе яны папоўняцца 4182 навучэнцамі.
Дар’я РЭВА