Ты едзеш на гусенічным экскаватары па ўзгорках, пільна сочыш за выбоінамі на дарозе і адчуваеш кожную калдобіну, старанна капаеш яму, паспяхова заканчваеш сваё заданне, выходзіш з кабіны… і, быццам прачнуўшыся, успамінаеш, што ты не на дарозе і не ў полі, а ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Эфект пагружэння ў іншую рэальнасць даюць сімулятары, якія размешчаны ў рэсурсным цэнтры ўстановы. Такія тэхналогіі тут дапамагаюць рыхтаваць рабочыя кадры.
Калі ранішняя маршрутка, што едзе з Мінска ў Смілавічы, спыняецца на канцавым пункце, практычна ўся моладзь, пакінуўшы транспартны сродак, дружна ідзе ў адным кірунку. Гаманлівыя групы юнакоў і дзяўчат спяшаюцца ў ліцэй. Здавалася б, навошта сталічным дзецям ехаць вучыцца ў іншы населены пункт?
— Усё проста. Дыплом нашага ліцэя — гэта знак якасці, — з гордасцю расказвае дырэктар установы адукацыі Юрый Васільевіч Корсік. — Мы многа працуем, каб гэта было менавіта так. Прапануем запатрабаваныя прафесіі і вядзём падрыхтоўку на высокім узроўні. Нашы выпускнікі прыводзяць у ліцэй вучыцца сваіх дзяцей і ўнукаў, а гэта пра многае гаворыць.
Сёння ў ліцэі вучацца больш за 400 юнакоў і дзяўчат. Установа набірае навучэнцаў пасля 9 класа і вядзе падрыхтоўку на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтым годзе ліцэй папоўніцца 144 навучэнцамі.
У ліцэі рыхтуюць па наступных спецыяльнасцях: “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Грамадскае харчаванне”, “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства”,
“Гандлёвая справа”.
Усе спецыяльнасці інтэграваныя, што дазваляе навучэнцам атрымліваць ад 2 да 4 кваліфікацый. Гэта значна пашырае іх прафесійныя перспектывы. Напрыклад, падрыхтоўка па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” вядзецца ў інтэграцыі са спецыяльнасцямі “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. А значыць, у выпускніка будуць такія кваліфікацыі, як “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “машыніст экскаватара”, “вадзіцель пагрузчыка”, “вадзіцель аўтамабіля”.
Першапраходцы
Ліцэй з’яўляецца першапраходцам у стварэнні рэсурсных цэнтраў у сістэме прафесійнай адукацыі ў нашай краіне. Рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” пачаў працаваць тут у 2004 годзе: былі закуплены актуальныя на той момант сельскагаспадарчыя машыны, новая тэхніка, вучыцца на якой прыязджалі з устаноў прафадукацыі з усёй Мінскай вобласці. Дзейнасць цэнтра была паспяховай і эфектыўнай, так што падобныя структуры сталі актыўна развівацца і ў іншых установах. Развіваўся і сам рэсурсны цэнтр, яго функцыянал прырос, і тут сталі працаваць яшчэ па адной спецыяльнасці — “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”.
Калі паўстала пытанне мадэрнізацыі і далейшага развіцця рэсурснага цэнтра, то ліцэй выбраў новы шлях — было вырашана сканцэнтраваць увагу на віртуальных сімулятарах.
— Якую б сучасную сельгастэхніку мы ні набылі, мы заўсёды сутыкаемся з адной праблемай — сціснутыя агратэхнічныя тэрміны на выкананне пэўных аперацый. Нельга цэлы год араць — зімой надвор’е не дазволіць апусціць плуг у зямлю. Нельга круглы год жаць збожжавыя. Зерне не будзе чакаць, пакуль навучэнцы патрэніруюцца працаваць на камбайне, — яно асыплецца. У аграрыя звычайна ўсяго некалькі тыдняў на тое, каб засеяць або ўбраць поле. І для яго кожная хвіліна важная. Таму выдзеліць час, каб навучэнцы адточвалі свае навыкі на яго палях, аграрый не можа. І такія абмежаванні моцна звязваюць нам рукі ў навучанні. Рашэнне мы знайшлі ў сімулятарах і трэнажорах. Цяпер навучэнцы могуць круглы год араць, убіраць ураджай, агрэгатавацца, прасаваць сена, звозіць салому і выконваць яшчэ мноства аперацый, — расказвае дырэктар ліцэя.
Сёння ў рэсурсным цэнтры ёсць, напрыклад, трэнажоры двух камбайнаў — “Акрас” і “Вектар”. Кожны ўяўляе сабой кабіну, якая паўтарае сапраўдную кабіну камбайна вытворчасці кампаніі “Ростсельмаш”. Толькі вокны заменены 4К-экранамі, якія і ствараюць новую рэальнасць.
Сімулятар дазваляе адпрацаваць усе магчымыя аперацыі — агрэгатаванне, навешванне жняяркі, кіраванне камбайнам на дарозе і непасрэдна ўборка ўраджаю. Віртуальна папрацаваць можна з рознымі культурамі і на розных палях, напрыклад, паспрабаваць апрацаваць невялікае дробнаконтурнае поле, што знаходзіцца ў лесапаласе. Дождж і град, зіма і лета, дзень і ноч — задаць на сімулятары можна любы сезон і метэаралагічныя ўмовы.
Навучэнцы трэніруюцца самастойна наладжваць камбайн — выбіраць вышыню зрэзу культур, рэгуляваць вынас матавіла, частату кручэння малацільна-сепарыруючай прылады. А машына паказвае, наколькі якасна выконваецца работа, ці дазволіў выбраны рэжым дасягнуць мінімальных страт.
На трэнажоры сельскагаспадарчага трактара, які таксама ёсць у рэсурсным цэнтры, можна адпрацаваць каля 50 сельскагаспадарчых аперацый — ад руху па трактарадроме да апрацоўкі глебы. У рэсурсным цэнтры таксама працуюць дынамічны трэнажор бульдозера, франтальнага пагрузчыка і экскаватара KOMATSU, экскаватара-пагрузчыка на базе трактара МТЗ.
Эфектыўнасць даказана
Трэнажоры даюць магчымасць не толькі працаваць з тэхнікай круглы год, але і эканоміць на паліве і рамонце тэхнікі. А самае галоўнае — дазваляюць навучэнцам не баяцца памыліцца, а значыць, эфектыўна вучыцца. Дарэчы, эфектыўнасць навучання з дапамогай трэнажораў у ліцэі даказалі ў рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта.
— Чаму лётчыка можна вучыць на трэнажорах, а трактарыста — не? У рамках эксперыментальнай работы мы даказалі, што такія трэнажоры мэтазгодна выкарыстоўваць у навучанні. Зараз працуем над метадычнымі распрацоўкамі, каб прымяняць такое абсталяванне максімальна эфектыўна, — працягвае расказваць Юрый Васільевіч.
Штогод каля 500 навучэнцаў профільных навучальных устаноў з усёй Мінскай вобласці прыязджаюць сюды, каб атрымаць навыкі работы з самай сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай. На працягу аднаго-двух тыдняў яны працуюць у рэсурсным цэнтры. Канечне, навучэнцам Смілавіцкага ліцэя шанцуе больш — яны доступ да абсталявання рэсурснага цэнтра маюць на працягу трох гадоў навучання, трапляюць сюды ўжо на 1 курсе.
Рэсурсны цэнтр — гэта не толькі трэнажоры, а яшчэ і цэлы парк разнастайнай тэхнікі: трактары катэгорыі А і Б, машынна-трактарныя агрэгаты для апрацоўкі глебы, сяўбы, нарыхтоўкі кармоў, унясення ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін, самаходныя машыны сельгаспрызначэння, дарожнабудаўнічыя машыны, спецыялізаваныя пагрузчыкі, грузавы аўтатранспарт і інш.
І, канечне, навучэнцы вучацца і ў рэальных працоўных умовах — на палях базавых гаспадарак “Запольскае” і “Валевачы”.
Навучанне справай
У падрыхтоўцы кухараў, прадаўцоў, касіраў, агароднікаў акцэнт робіцца ў першую чаргу на практычную падрыхтоўку. Напрыклад, першыя навыкі будучыя работнікі сферы гандлю атрымліваюць у ліцэйскай майстэрні — спецыялізаваныя кабінеты ператвораны ў магазін. Ён забяспечаны вагавымяральным абсталяваннем, касава-падсумоўваючымі апаратамі, спецыяльнымі камп’ютарнымі сістэмамі “Склад” і “Продаж”. Вельмі хутка, ужо на 1 курсе, навучэнцы адпраўляюцца ў сапраўдныя магазіны. Ліцэй заключыў дагаворы з буйнымі гандлёвымі сеткамі “Еўрагандаль” і “Постгандаль” і вытворчае навучанне адбываецца на іх гандлёвых кропках.
Такі ж падыход і ў падрыхтоўцы агароднікаў. Дарэчы, сёння гэта вельмі недаацэненая прафесія. За апошні час буйныя цяплічныя камбінаты мадэрнізаваны і па-новаму аснашчаны. Такім прадпрыемствам патрэбны дасведчаныя кадры, і заработную плату яны прапануюць высокую.
Будучыя агароднікі, якіх рыхтуюць у ліцэі, вытворчае навучанне праходзяць у парнікова-цяплічнай гаспадарцы кампаніі “ДорОрс”. Гэта сучасныя інтэнсіўныя цяпліцы, дзе выкарыстоўваюцца такія сучасныя тэхналогіі, як гідрапоніка, прымяняюцца новыя сістэмы біялагічнай аховы раслін.
У ліцэі рыхтуюць па наступных спецыяльнасцях:
✓ “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”;✓ “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”;
✓ “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”;
✓ “Грамадскае харчаванне”;
✓ “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства”;
✓ “Гандлёвая справа”.
Прафесіяналы патрэбны ўсім
На выпускнікоў ліцэя ў работадаўцаў высокі попыт — пры размеркаванні колькасць заявак заўсёды перавышае колькасць выпускнікоў. А ўсё таму, што за гады супрацоўніцтва з ліцэем заказчыкі кадраў пераканаліся, што атрымаюць добрых работнікаў.
— Мы працуем на якасць. Сёння, каб падрыхтаваць паспяховага прафесіянала, патрэбны пэўныя ўмовы. Па-першае, прафесіі трэба вучыць на сучасным абсталяванні. Таму наш ліцэй пастаянна прырастае новай тэхнікай. Таксама супрацоўнічаем з перадавымі прадпрыемствамі розных напрамкаў, дзе ёсць інавацыйнае абсталяванне, і такім чынам забяспечваем нашым навучэнцам доступ да новых тэхналогій. Па-другое, імкнёмся працаваць на апярэджанне. Так, сёння намеціўся трэнд на аўтаматызацыю, трактары “разумнеюць”, і, па сутнасці, трактарыст ператвараецца ў аператара. У нашым аўтапарку сёння ўжо ёсць трактар з сістэмай аўтаматычнага пілатавання. Задача трактарыста паставіць яго на поле ў пачатковы пункт, а трактар будзе рухацца сам са здзіўляючай дакладнасцю, — расказвае Юрый Васільевіч.
І ўсё ж, як адзначае кіраўнік ліцэя, трэба ўлічваць, што нават пры самым перадавым аснашчэнні немагчыма навучыць усяму і назаўсёды. Відаў тэхнікі безліч, і яна пастаянна мяняецца.
— Сёння толькі ў паўночна-заходнім рэгіёне нашай краіны працуюць больш за 2,5 тысячы сельгасмашын розных відаў ад розных вытворцаў. Вывучыць кожную дасканала немагчыма. Таму яшчэ адна важная ўмова паспяховай падрыхтоўкі кадраў — моцнае, трывалае засваенне навучэнцамі тэхналогіі розных працэсаў. Трактарыст, напрыклад, павінен разумець, чаму, павярнуўшы гэтую шрубу, ён атрымлівае такі вынік, а адкруціўшы гэтую гайку, атрымлівае такую рэакцыю машыны. Дасканала ведаючы тэхналогію, чалавек хутка адаптуецца да работы на любой тэхніцы. Каб забяспечыць такія веды і ўменні ў навучэнцаў, патрэбны вопытныя, дасведчаныя, умелыя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. І менавіта такія людзі працуюць у нашым калектыве, — рэзюмуе дырэктар ліцэя.
Усім патрэбны сапраўдныя прафесіяналы. Менавіта такіх рыхтуе Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.
Дар’я РЭВА,
Фота аўтара