Лепшыя навучэнцы Гродзеншчыны паглыбляюць веды ў аздараўленчым лагеры “Навука”

- 15:51Клуб юного журналиста, Проба пера

Штогод летні абласны аздараўленчы лагер “Навука” ў аграгарадку Парэчча збірае лепшых навучэнцаў Гродзенскай вобласці: пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па розных вучэбных прадметах.

У аздараўленчым лагеры “Навука” адораныя дзеці не толькі аздараўляюцца, але і з карысцю праводзяць свае летнія канікулы, бо абавязковай часткай распарадку дня лагера з’яўляюцца вучэбныя заняткі, на якіх дзеці паглыбляюць свае веды і паляпшаюць навыкі ў пэўнай галіне навукі. А вучэбныя заняткі праводзяць майстры сваёй справы – высокакваліфікаваныя, кампетэнтныя і творчыя выкладчыкі з лепшых гродзенскіх устаноў вышэйшай адукацыі, якія маюць шматгадовы вопыт падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд. Таму і атрыманыя веды і ўменні становяцца больш каштоўнымі.

Я ўжо другі год запар прыязджаю ў лагер “Навука”, каб адправіцца ў цікавую і пазнавальную “навуковую экспедыцыю”. Захапляючыся беларускай мовай і літаратурай, я выбіраю атрад “Падарожнікі – знаўцы беларускай мовы”, каб удасканаліць свае тэарэтычныя і практычныя ўменні па мове, атрымаць карысныя і слушныя парады і рэкамендацыі па напісанні водгуку на мастацкі твор і, канечне, знайсці аднадумцаў і сяброў.

Вынікам мэтанакіраванай, скрупулёзнай і штодзённай работы па паглыбленым вывучэнні роднай мовы і літаратуры на працягу года сталі для мяне, васьмікласніцы, перамогі ў сёлетняй алімпіядзе для вучняў 9-х класаў: дыплом I ступені ў трэцім этапе і дыплом II ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла і вучоба ў лагеры “Навука”.

 

Кожны падлетак, які апынуўся тут, становіцца больш смелым у дэманстрацыі сваіх здольнасцей і эрудыцыі, у праяўленні сваіх талентаў. І гэта невыпадкова, бо некаторыя законы лагера да гэтага заклікаюць: “Ні хвіліны без справы. Кожную справу выконваць творча”, “Кожную справу – з карысцю! Інакш навошта?” Таму вольны час для падрастаючых “навукоўцаў” насычаны. На працягу другой паловы дня праходзяць квест-гульні, разнастайныя іспыты, віктарыны, конкурсы, спаборніцтвы. На заключным вячэрнім мерапрыемстве ўсе атрады-“вандроўнікі” прэзентуюць сваю дзейнасць у форме творчых нумароў, відэафільмаў, дзеляцца сваімі напрацоўкамі і дасягненнямі, аб’ядноўваюцца для ўсеагульнага выканання шматгадовага гімна лагера – песні “Простыя словы”. А традыцыйным завяршэннем насычанага дня з’яўляецца час рэлаксацыі, эмацыйнай разгрузкі, творчых зносін аднадумцаў – рэфлексія па крузе “Свечка”.

Шчыра прызнаюся: прыехаўшы ў лагер “Навука” першы раз, я цэлы год успамінала гэта дзіўнае месца і жадала сюды вярнуцца, каб яшчэ раз сустрэцца з педагогамі і выхавальнікамі, пабачыць ужо набытых сяброў, пазнаёміцца з новымі і зноў акунуцца ў атмасферу ўтульнасці, радасці і добрага настрою. І мая мара спраўдзілася!

 

Елізавета ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
вучаніца сярэдняй школы № 3 Ашмян

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий