Шляхамі Шагала, Рэпіна, Малевіча сёння ўпэўнена ідуць маладыя творцы. Гэтым летам на іх маршруце трапілася мастацкая змена “Каникулы 3D: Действуй! Дружи! Достигай!” у аздараўленчым лагеры “АРТ-тэрыторыя” з дзённым знаходжаннем.
У філіяле Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Сузор’е” сёлета рэалізоўваўся праект па развіцці мастацкай адоранасці, і яго працягам стаў гэты лагер. У ім адпачывалі 36 навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчага кірунку, якія вынікова скончылі навучальны год, папоўніўшы скарбонку цэнтра і сваю ўласную перамогамі на мастацкіх конкурсах, фестывалях.
Усе мерапрыемствы змены так ці інакш закраналі выяўленчае мастацтва, а ўлічваючы, што ранішнія флэш-мобы, рухавыя гульні, спартыўныя эстафеты і іншыя актыўнасці праводзіліся пад адкрытым небам (“Сузор’е” мае шыкоўную зялёную тэрыторыю), гэта было яшчэ і карысна для здароўя.
Майстар-класы, творчыя майстэрні, пленэры на прыродзе, гульні і віктарыны — дзеці мелі магчымасць напоўніцу рэалізаваць свае творчыя задаткі і таленты і знайсці такіх жа апантаных мастацтвам сяброў. Памерацца творчымі ведамі ім дапамаглі інтэлектуальныя гульні і віктарыны на мастацкую тэматыку, шмат новага пра знакамітых мастакоў дзеці даведаліся з паказу фільмаў і прэзентацый пра іх, а прасачыць практычнае ўвасабленне самых смелых творчых задум дапамаглі экскурсіі ў Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.
Дзеці, распакоўваючы тубусы са створанымі ў лагеры работамі, перабіраюць у памяці самыя яркія падзеі змены. Яны змаглі не толькі ствараць у тых жанрах і тэхніках, якія асвойвалі на працягу года, але і паспрабаваць сябе ў абсалютна новых.
Ідэяй лагера стала аб’яднанне дзяцей, іх дружба і, магчыма, будучыя творчыя праекты. Таму тут не было месца саперніцтву — да мэты дзеці ішлі ўсе разам, адной вялікай камандай.
Так, у рамках “Дзён дызайнера” прайшла адна з самых яркіх падзей лагера — “Арт-калабарацыі”. Натхняючыся ідэямі лепшых кампаній у сферы арт-калабарацый, юныя мастакі-мадэльеры на працягу некалькіх дзён стваралі ўнікальныя дызайнерскія рэчы, прадметы гардэроба і ўпрыгажэнні інтэр’еру. На імправізаваным паказе юныя мадэльеры прадэманстравалі галаўныя ўборы, аксесуары, скульптуры дробных форм, арт-аб’екты і экапраекты ўласнага дызайну. Цікава прайшлі і “Дзень архітэктара” (магчымасць пафантазіраваць і стварыць нетрывіяльныя аб’екты), “Дзень дызайнера мэблі” (дзеці праектавалі і стваралі з падручных матэрыялаў мэблю), “Дзень мадэльера” (дзеці дэманстравалі моду будучага з інертнага матэрыялу) і інш. Па словах педагога-
арганізатара Алены Алегаўны Бліновай, гэта добрая магчымасць ужо сёння азнаёміць дзяцей з тымі прафесіямі, якія яны змогуць некалі выбраць.
Такую ж магчымасць прадаставіў і “Дзень мультыплікатара”. Хлопчыкі і дзяўчынкі выбіралі мульцікі, малявалі іх персанажаў і стваралі для іх рэквізіт, агучвалі, інсцэніравалі. Гэтыя ж героі былі галоўнымі ў іх тэатры ценяў.
Арыгінальным быў і конкурс “Жывыя карціны”. Юныя мастакі выбіралі вядомы твор вядомага аўтара, і з дапамогай касцюмаў і сваёй акцёрскай ігры стараліся яго перадаць.
“Па-новаму мы ўспрынялі “Сланечнікі” Ван Гога, — гаворыць А.А.Блінова. — Мы нават на закрыцці змены да іх вярнуліся, папярэдне ўскладніўшы. Гэтая карціна ў нас збіралася і разбіралася, была яе інсцэніроўка. Турбулентнасць мазка ў Ван Гога прадугледжвае рух чалавека, які глядзіць на арыгінал. Ажывілі мы і твор Эдгара Дэга “Блакітныя танцоўшчыцы”. Дзяўчаткі, блакітныя спаднічкі, пластыка, рукі — і карціна ажывае”.
Захапляючай была і квест-гульня “Стварэнне вобраза дрэва ў прасторы летняга пейзажа”. Падчас пленэра дзеці малявалі дрэвы, якія ёсць на тэрыторыі ўстановы (графіка, жывапіс і інш). Пасля ім паказвалі па чарзе гэтыя выявы, і ім трэба было знайсці прататып дрэва на тэрыторыі і дабегчы да яго. Колькі чалавек пазнала дрэва і дабегла, столькі балаў атрымлівае мастак, які гэтае дрэва намаляваў.
У лагеры працавалі і трэнд-зоны. Гэта творчыя майстэрні, дзе праходзілі майстар-класы па папулярных відах творчасці. Напрыклад, па маляванні 3D-ручкай. Такія ручкі ў многіх ёсць, але часта ляжаць на паліцы. Цяпер усе ведаюць, якія шэдэўры можна імі ствараць, і смела практыкуюцца.
Важным складнікам змены было прывучаць дзяцей ствараць для іншых. Хіба можа мастацтва быць без гэтага? Так, у майстэрні “Падарунак сябру” дзеці стваралі адно для аднаго сувеніры на памяць. А на працягу ўсёй змены ў лагеры працавала пошта. Дзеці пісалі лісты адно аднаму і апускалі ў скрыню, што вісела ў фае. Напрыканцы змены паштальёны адкрывалі гэтую скрыню і разносілі лісты адрасатам.
“Мы ў сваіх лістах запісвалі, каб не забыцца, самыя цікавыя і смешныя моманты пра наш лагер і жадалі адрасатам добрага лета, яркіх уражанняў і інш. Пісалі мы і выхавальнікам, і начальніку лагера, і сябрам, і нават напісалі пісьмо для ўсіх”, — гаворыць 10-гадовая Вераніка Обадава.
На дружбу, аб’яднанне, а не на саперніцтва, былі накіраваны нават спартыўныя конкурсы. Так, у “Рознакаляровай эстафеце” дзеці не дзяліліся на каманды, а, наадварот, аб’ядноўваліся і ўсе разам, рухаючыся па станцыях, выконвалі вясёлыя рухавыя заданні.
Мастацтва і краявіды — паняцці неад’емныя. Таму “Арт-тэрыторыя” — гэта пленэры на прыродзе, кветкавы водар і шум свежай лістоты. Толькі так вольна дыхаецца і ствараецца.
“Такі лагер — лагічнае завяршэнне работы аб’яднанняў па інтарэсах. Гэта не заняткі, а больш гульнявыя формы работы, каб дзеці маглі разняволіцца, адпачыць, — гаворыць Таццяна Ігараўна Вараб’ёва, намеснік начальніка лагера, метадыст аддзела выяўленчага мастацтва. — Плюс, ідзе прафарыентацыя — дзеці знаёмяцца з прафесіямі дызайнера, мастака-мадэльера, мастака-афарміцеля. Так дзеці пашыраюць кола сваіх ведаў і ўменняў”.
Святлана НІКІФАРАВА