Як атрымаць 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні? Сваімі ўражаннямі і планамі на будучыню дзеліцца лепяльчанка Валерыя Кеданк. У выпускніцы сярэдняй школы № 3 райцэнтра — найвышэйшы вынік па беларускай мове.
—Па праўдзе кажучы, кожны дзень займацца нават не варта, дастаткова двух-трох разоў на тыдзень, — расказвае дзяўчына. — Плюс на ўроках не ленавацца, уважліва слухаць настаўнікаў, старанна выконваць дамашнія заданні, рыхтавацца да факультатыву — напэўна, яно і хопіць. Пры такіх настаўніках, як у нашай школе, рэпетытары без патрэбы. Беларускую мову і літаратуру нам з 5 класа выкладала Аксана Уладзіміраўна Дзямко. Ведаеце, як бывае, калі між людзьмі іскрынка прабягае: разумееш, што чалавек табе цікавы, хочацца бліжэй пазнаёміцца, часцей сустракацца, гутарыць. Шчасце, калі давер і паразуменне з кожным годам мацнеюць, вы адчуваеце амаль роднасную сувязь. Калі гаворка пра такога настаўніка, немагчыма не зацікавіцца і яго прадметам. Гэта якраз пра нашу з Аксанай Уладзіміраўнай гісторыю — маю асабістую, маіх аднакласнікаў і не толькі. Мой старэйшы брат Аляксандр таксама здаваў тэсціраванне па беларускай мове, набраў звыш 80 балаў і паступіў на факультэт фізічнай культуры і спорту ў ВДУ імя П.М.Машэрава, ён будучы настаўнік. А я нацэлілася ў БДУ. Верагодна, стану інжынерам-праграмістам або займуся навукова-вытворчай дзейнасцю — прывабліваюць дакладныя навукі. І беларускую мову люблю. У прыватнасці, чытаць на ёй падабаецца больш, чым на рускай. Па кароткім змесце літаратуру са школьнай праграмы праглядаць і ў галаву не прыходзіла — толькі ў арыгінале! Любімыя пісьменнікі — Ядвігін Ш., Якуб Колас, Янка Купала. Увогуле, падабаецца, калі штосьці атрымліваецца, у тым ліку ў вучобе. Сярэдні бал атэстата ў мяне 9,6. Акрамя беларускай мовы, здавала цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы і фізіцы. У прынцыпе, было не складана. За апошнія дні перад іспытамі паўтарала тэорыю — як бачыце, дапамагло. Аднак сказаць, нібыта ноч напралёт вучыла, — не, паўнавартасна адпачыць таксама важна. Дарэчы, у падрыхтоўцы значна дапамог папярэдні ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове. І, хоць такая ўзаемасувязь некаму можа здацца дзіўнай, сяброўства са спортам. Я перамагала на раённых і нядрэнна ўдзельнічала ў абласных спаборніцтвах. Асабліва блізкая мне лёгкая атлетыка, бег. Прычым хутчэй на доўгія дыстанцыі — там трэба пралічваць этапы, размяркоўваць сілы — цікава і захапляльна. Сам алгарытм падрыхтоўкі ўніверсальны, ён і ў спорце, і ў вучобе працуе. Вольнага часу, шчыра прызнацца, сёлета было небагата. Хацела навучыцца іграць на гітары, аднак пакуль усё неяк не складваецца — відаць, недастаткова моцнае жаданне. Мая вялікая мэта зараз — спраўдзіць спадзяванні бацькоў, настаўнікаў і, безумоўна, свае мары аб будучыні. Калі па-за вучобай ва ўніверсітэце, то яны пра хуткасць, вецер насустрач і матацыкл. Пасля паступлення пачну вучыць правілы дарожнага руху, каб здаць іспыты і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.
У Лепельскім раёне эфектыўна наладжана прафарыентацыйная дзейнасць, ажыццяўляецца сістэмная работа з матываванымі і адоранымі навучэнцамі. Гэта штогод яскрава пацвярджаецца ў ходзе ўступных кампаній. Дынаміка відавочная. У 2019 годзе па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Лепельскі раён заняў 3-е месца сярод раёнаў (гарадоў) Віцебшчыны. Чацвёра лепяльчан атрымалі тады па 100 балаў: трое з сярэдняй школы № 1 Лепеля — Ян Крывец па хіміі, Валянціна Грынкевіч і Карым Гайсёнак па біялогіі, Юлія Крыцкая са Стайскай сярэдняй школы — па беларускай мове. Праз год яшчэ адна выпускніца гэтай школы Дана Шыць (настаўнік Алена Маціеўская) парадавала найвышэйшым балам і зноў — па беларускай мове. Між тым раён у названым рэйтынгу ўзняўся на 2-е месца. А летась Іван Юшкевіч з сярэдняй школы № 3 (настаўнік Людміла Крывец) парадаваў 100 баламі па хіміі, Сяргей Лапёнак з гімназіі імя І.М.Ерашова (настаўнік Кацярына Шарко) быў адзначаны дыпломам І ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі: таксама 100 балаў па прадмеце пры паступленні, без здачы ўступнага выпрабавання. Традыцыйна юнакі і дзяўчаты, якія прадэманстравалі найвышэйшыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, заахвочваюцца прэміяй райвыканкама ў памеры трох базавых велічынь. Сёлета па беларускай мове ў Лепелі трое 100-бальнікаў.
Таццяна БОНДАРАВА,
Фота аўтара