Да поспеху праз трэнінгі і майстар­класы

- 12:30В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Самыя крэатыўныя педагогі час летніх канікул выкарыстоўваюць для таго, каб павучыцца майстэрству ў калег і ацаніць уласныя здольнасці. Нядаўна такая магчымасць ім была прадастаўлена на абласным фестывалі “Педагагічныя надзеі — 2022”. 

Ментары кіруюць і натхняюць

Тры дні работы з мінімальнымі перадышкамі, якія таксама былі запоўнены — зарадкай “Ранішні фрэш”, зносінамі з калегамі і ментарамі. У ролі апошніх — удзель­нікі і пераможцы папярэдніх конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Для кантактаў абсалютна адкрыта Марына Капцэвіч: біёлаг і хімік гомельскай сярэдняй школы № 8, суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2020” дае майстар-класы і інтэрв’ю:

— На фестывалі маладыя педагогі атрымалі вельмі сур’ёзную метадычную падтрымку: інтэрактыўныя лекцыі, псіхалагічныя трэнінгі, панэльныя дыскусіі і майстар-класы. Вельмі важна, што ўсе атрымалі неабходную псіхалагічную і метадычную падрыхтоўку. У выніку стварыліся дружныя каманды. 

— Самаразвіццё ніхто не адмяняў, — далучаецца да гутаркі Святлана Міцкевіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 9 Светлагорска. — Таму нават праз пяць гадоў пасля конкурсу мы працягваем актыўна вучыцца, трансліруем тое, што ўмеем, і дзелімся сваімі напрацоўкамі. Быць мабільнымі і камунікабельнымі трэба ў любым выпадку. Удзельнікам вельмі важна стаць упэўненымі ў сабе. Умець пралічыць стратэгію, быць гнуткім у любой сітуацыі, якой бы складанай яна ні была, — таксама вельмі патрэбныя навыкі. 

Дапамога калег

Алена Брэль прыехала са Жлобіна. На працягу 14 гадоў яна выкладае беларускую мову ў сярэдняй школе № 13 імя В.В.Гузава. Педагог адзначыла, што падчас правядзення майстар-класа, прысвечанага складанню кросенсаў, адчувала падтрымку калектыву:

— Страху не было. Больш перажывала за тое, што не ўсё запланаванае атрымаецца або зададуць нейкія складаныя пытанні. Але змагла супакоіцца і далей рабіла тое, што люблю. Адразу відаць, хто ў каман­дзе працуе актыўна, астатнія далучаюцца. Дырэктар нашай школы Алена Ананчыкава натхняе і заўсёды гаворыць: нічога не бойцеся. Калі ў цябе вераць, твой шлях становіцца больш простым.

— Высветлілася, што з калегамі працаваць не складана, — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Жыткавіцкай гімназіі Вольга Мазуркевіч “адстралялася” і з ходу аналізуе свой вопыт правядзення міні-ўрока. — Тут сабраліся людзі, якія хочуць падзяліцца ведамі і разумеюць, што яны павінны адно аднаму дапамагаць. У нас паразуменне, узаемапавага і ўзаемадапамога, таму лёгка. Метад кейсаў я ўвесь час выкарыстоўваю, асабліва на ўроках грамадазнаўства — там больш жыццёвых сітуацый. Але на гісторыі таксама можна — каб актывізаваць пазнавальную дзейнасць і развіваць уменні і кампетэнцыі дзяцей, якія неабходны ім у сучасным жыцці. Для мяне фестываль — гэта метадычнае развіццё. Цікава было больш даведацца пра структуру правя­дзення ўрока, майстар-класа. На будучыню — а чаму б не паспрабаваць
стац­ь настаўнікам года ці настаўнікам-метадыстам? 

Некаторыя з тых, хто бліснуў і натхніўся на фестывалі, стануць удзельнікамі конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Гульні для развіцця кампетэнцый

Гульня і праектная дзейнасць ля­жаць у аснове ўрокаў матэматыкі настаўніцы сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Людмілы Навумік. На кожных занятках яна рашае творчыя задачы. Адзін з варыянтаў прапанавала ўдзельнікам фестывалю падчас майстар-класа: кінуць спецыяльныя кубікі і па іх экспромтам “прачытаць” арыгінальную гісторыю. Пад шчырыя ўсмешкі і апладысменты калегі чытаюць тое, што атрымліваецца ў выніку:

— На фестывалі нас сустрэлі зоркі, мы ашаломлены тым, што яны ўмеюць. Мы ўсё старанна запісваем і вучымся. Не забылі нас тут і смачна пакарміць. Але пры гэтым адпачыць амаль не атрымалася. У Гомелі мы трапілі ў шыкоўны палац. Адчувалі нешта дзіўнае, сустракалі прывідаў, калі поз­на абмяркоўвалі ў інтэрнаце свае ідэі. Але ў нас ёсць некалькі жыццяў, мы выжывем, і ўсё будзе супер!

Пакуль удзельнікі пераходзяць у іншую аўдыторыю, Людміла Анатольеўна збірае выкарыстаныя дыдактычныя матэрыялы і расказвае, як праектная дзейнасць увасабляецца ў рэальных умовах звычайнай школы раённага цэнтра:

— Адзін з нядаўніх праектаў — рашэнне задач на працэнты. Дзеці прыдумвалі тэкставыя задачы, якія ў выніку атрымаліся ў форме яблыка, навагодняй ёлкі, птушкі, якая нясе ліст, валізачкі і нават хала­дзільніка. Важна прыдумаць і форму, і тэкст. Не ва ўсіх дзяцей усё адразу атрымліваецца, таму абавязкова ёсць таемныя падказкі. Вучань можа выцягнуць гэтую падказку, знайсці сваю памылку ці звярнуцца да кансультанта. Калі правяраю экзаменацыйныя работы, радуюся: апошняе практыкаванне мае дзеці рашылі васьмю спосабамі, а я — дзявятым. Кожную работу правяраеш і атрымліваеш задавальненне: які вучань малайчына! Ідзеш з экзамену акрылены, што ўсё было не дарма і ты ў гэтым жыцці як настаўнік чагосьці варты. Матэматыка — не сухая дысцыпліна. Усё залежыць ад настаўніка і ад таго, як ён выкладае свой прадмет. Я вельмі люблю і прадмет, і дзяцей. Вельмі хачу, каб дзеці палюбілі матэматыку так, як люблю яе я.

Місія класнага кіраўніка

На абласным фестывалі класныя кіраўнікі падчас інтэрактыўных лекцый “Паразуменне ўсталявана” актуалізавалі веды пра эфектыўныя методыкі канструктыўнай камунікацыі, пагаварылі пра асаблівасці пабудовы эфектыўнага выхаваўчага мерапрыемства.

Настаўніца англійскай мовы Настасся Карпянок — класны кіраўнік у 7 класе сярэдняй школы № 1 імя Аляксандра Салаўя гарадскога пасёлка Акцябрскі. На фестываль “Педагагічныя надзеі” трапіла ўпершыню.

— Мне не хапае вопыту ў рабоце з класам, — прызнаецца Настасся Аляксандраўна. — Вельмі важна развіваць патрыятызм, і я працую ў гэтым кірунку. Акцябрскі — гэта знакамітая партызанская рэспубліка Рудабелка. Мы здзяйсняем урокі-падарожжы па нашым краі. Вывучаем памятныя месцы на нашай зямлі. 

На тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля класныя кіраўнікі паўдзельнічалі ў квест-гульні “Гісторыя маёй Радзімы — мая гісторыя”. Па маршрутных лістах педагогі знаходзілі цікавыя асаблівасці палацава-паркавага ансамбля, адказвалі на пытанні віктарыны аб гісторыі краіны, яе сімволіцы, культурна-гістарычных аб’ектах Гомельшчыны. На базе дзіцячага тэхнапарка ў Гомелі ўдзельнікі абласнога фестывалю паглыбіліся ў інтэр­актыўны працэс лічбавізацыі выхаваўчай работы. 

Атмасфера творчасці надае сілы

Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Лідзія Нікіфарава адзначае, што фестываль “Педагагічныя надзеі”, які першы раз прайшоў у 2015 го­дзе, задумваўся для развіцця прафесіяналізму маладых педагогаў:

— Цяпер мяне радуе, што тут няма выпадковых людзей. Паводле праведзенага апытання, ужо ў першы дзень фестывалю мы для сябе адкрылі 48% педагогаў. Высветлілася, што настаўнікі асцерагаюцца браць удзел у конкурсах: гэта цяжка, не ўсе вераць у тое, што гэта неабходна для прафесійнага развіцця. Мы зразумелі, што атмасфера творчасці гэтай пляцоўкі вельмі патрэбна, бо гэта старт для маладых педагогаў і магчымасць развіцця для педагогаў дасведчаных. Задача любога настаўніка — сфарміраваць рознабаковую асобу вучня. Тут, на фестывалі, педагогі шукалі адказ на пытанне “Як развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў?”. Усе, хто да нас прыехаў, — патэнцыяльныя ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства. Магчыма, не адразу, а праз год ці праз пяць гадоў. Тады, калі яны самі адчуюць, што гатовы. Конкурсны рух садзейнічае прафесійнаму развіццю. Мы ўвесь час удасканальваем змест конкурсных мерапрыемстваў. Заўсёды падкрэсліваем: форма і сродкі павінны быць цікавыя дзецям. А вось напоўніць форму зместам трэба тым, што будзе школьнікаў сацыялізаваць, выхоўваць і рыхтаваць да жыцця.

Ірына АСТАШКЕВІЧ,
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий