У кожнай сям’і захоўваюцца фотаальбомы. На чорнабелых, пажаўцелых ад часу здымках — партрэты нашых продкаў, імгненні жыцця мінулых пакаленняў.
Дзякуючы смартфонам, мы ў любы час можам хуценька пагартаць галерэю фотаздымкаў. А калісьці прагляд фатаграфій, іх абмеркаванне былі сапраўдным рытуалам, неад’емнай часткай сямейных сустрэч. Хаця чаму калісьці? І сёння, хоць ужо і не так часта, мы дастаём сямейныя альбомы. Са старых фотакартак на нас глядзяць дзяды і прадзеды, бабулі і прабабулі — тыя, пра каго ў нашых сэрцах захоўваюцца самыя цёплыя ўспаміны.
З асаблівым пачуццём бяром фотаздымкі ваеннага часу, каб чарговы раз уважліва разглядзець кожную дэталь салдацкай формы дзядулі, кожную рысу твару яшчэ маладой бабулі. Мы глядзім на знаёмыя твары — і ў думках узнікаюць вобразы мінулага, узгадваем аповеды старэйшых родзічаў пра вайну… Іх словы потым пераказваем сваім дзецям, тым самым захоўваем гістарычную памяць.
Вялікая Айчынная вайна стала трагедыяй для ўсяго беларускага народа, у тым ліку для сям’і Сцефаніды Іванаўны Макарэвіч, бабулі настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Навагрудка Надзеі Вайцехаўны Аўсянай. Сцефаніда Іванаўна пражывала ў вёсцы Моладава Карэліцкага раёна. У 1942 годзе немцы ўварваліся ў вёску і дзяўчыну, якой толькі споўнілася 18 гадоў, разам з малодшай сястрой Вольгай гвалтоўна накіравалі ў Наваельню. Там быў зборны пункт, з якога вяскоўцаў адпраўлялі ў Аўстрыю на прымусовыя работы.
Сцефаніда Іванаўна знаходзілася ў канцлагеры, дзе людзей марылі голадам. У выпадку парушэння дысцыпліны або спробе ўцёкаў, адразу ж расстрэльвалі. Палонныя чырвонаармейцы хадзілі толькі ў салдацкай форме. На верхнім адзенні абавязкова быў адметны знак SU. Сцефаніда Іванаўна не любіла расказваць пра вайну. Калі ўнукі прасілі ўзгадаць што-небудзь цікавае, яна адказвала: “На вайне нічога цікавага не было. Вайна — самае страшнае, што толькі можа быць”. Як здараліся жыццёвыя цяжкасці, заўсёды гаварыла: “Галоўнае — няма вайны, а ўсё астатняе — дробязі”.
У 1945 годзе савецкія войскі вызвалілі канцлагер, і яго былыя вязні вярнуліся на Радзіму. Ужо ў мірны час Сцефаніда Іванаўна была ўзнагароджана нагрудным знакам “Вязень нацызму”, медалём “Ветэран працы”, а ў 1956 годзе нават была запрошана на ВДНГ у Маскву. Усе гэтыя ўзнагароды сёння беражліва захоўваюцца ў сям’і Надзеі Вайцехаўны.
— Хоць бабуля асабліва і не любіла гаварыць пра вайну, але пра тыя часы мімаходзь узгадвала ў штодзённых справах. Напрыклад, калі нешта мы рабілі не так, яна гаварыла: “А вось на вайне…” У школьныя гады я заўсёды праводзіла летнія канікулы ў бабулі. Для мяне яна была прыкладам працавітасці, жыццёвага аптымізму. Калі памёр дзядуля, яна сама і траву касіла, і дровы калола, і трымала вялікую гаспадарку: конь, карова, свінні, куры. Мы, канечне, дапамагалі, але яна старалася ўсё рабіць сама.
А яшчэ бабуля была вельмі клапатлівая. Калі ў дом прыходзілі мае сябры, то абавязкова напячэ гару бліноў, насмажыць цэлую патэльню сала з яйкамі і пакуль усіх не накорміць, то на двор не адпусціць. Гэта яна, дарэчы, навучыла мяне пячы бліны, а яшчэ сярпом жаць, правільна трымаць касу і сякеру. Яна нам, унукам, многае дазваляла.
Напрыклад, мы захацелі выкапаць на дварэ басейн. Дзед адразу супраць, а яна дазволіла. У яе было цяжкае дзяцінства, таму яна старалася, каб ва ўнукаў яно было шчаслівым. Мы заўсёды цанілі гэты клопат. Таму, калі ўжо ў старасці бабуля нас не пазнавала, магла нават выгнаць з дому, думаючы, што мы чужыя людзі, на яе не крыўдавалі, ведаючы, што ёй давялося перажыць у маладыя гады, — паведаміла Надзея Вайцехаўна.
У сям’і настаўніцы англійскай мовы Святланы Фёдараўны Саракапыт захоўваецца шмат ваенных фотаздымкаў свёкра Івана Васільевіча Саракапыта. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі ён быў сувязным партызанскага атрада, а пасля вызвалення роднай Навагрудчыны ваяваў артылерыстам, удзельнічаў у аперацыі “Баграціён”, з баямі прайшоў Польшчу, браў Берлін.
Фотаздымкі Івана Васільевіча, яго баявыя і працоўныя ўзнагароды — сапраўдныя сямейныя рэліквіі. І хоць Івана Васільевіча ўжо 12 гадоў няма побач, пра свайго дзядулю (так ласкава называюць яго і дзеці, і ўнукі, і праўнукі) часта ўзгадваюць у сям’і. А на 9 мая і 3 ліпеня, калі сям’я збіраецца разам за святочным сталом, абавязкова дастаюць старыя фотаздымкі. І пачынаюцца ўспаміны… Праўда, тычацца яны больш мірнага жыцця, паколькі Іван Васільевіч практычна ніколі не гаварыў пра вайну. Па словах Святланы Фёдараўны, як толькі ён спрабаваў нешта ўзгадаць з франтавога жыцця, на вачах адразу ж з’яўляліся слёзы. Таму пра асобныя выпадкі расказвала яго жонка.
Ёсць людзі, якія могуць расказваць пра вайну доўга і прыгожа. Іван Васільевіч быў чалавекам іншага характару. Калі нават глядзеў ваенны фільм або слухаў песню і хацеў нешта сказаць, хутка спыняўся. Часцей за ўсё ўзгадваў даваеннае жыццё, як атрымаў прафесію краўца, як пасля вайны, калі служыў год у Берліне, шыў салдацкія шынялі. Адзінае, што запомнілася Святлане Фёдараўне з яго ваенных аповедаў, гэта такія словы: “Нават на вайне трэба заўсёды мець галаву. Загад камандзіра — гэта, канечне, загад, і яго трэба выканаць. Але нават выконваючы загад, трэба думаць, як застацца ўжывых”.
9 мая ў сям’і Івана Васільевіча было асаблівым днём. Як узгадвае Святлана Фёдараўна, іх дзядуля раніцай заўсёды ўключаў радыё, слухаў ваенныя песні. Пры гэтым віталі родныя яго заўсёды букетам цюльпанаў, які ўжо з раніцы стаяў на стале. А потым ветэран абавязкова ішоў на парад. Часта браў і сваю ўнучку, дачку Святланы Фёдараўны. Пасля абеду ў дом прыходзілі брат, сястра, дзеці, унукі. Вось тады і даставалі сямейны фотаальбом…
Сцефаніда Іванаўна не любіла расказваць пра вайну, гаварыла, гэта — самае страшнае, што толькі можа быць. Для мяне бабуля была прыкладам працавітасці, жыццёвага аптымізму. Калі памёр дзядуля, яна сама і траву касіла, і дровы калола, трымала вялікую гаспадарку. Мы, канечне, дапамагалі, але яна старалася ўсё рабіць сама.
— Памятаю, як аднойчы пасля парада дачка дапамагала дзядулю дайсці дадому. Здароўе пагоршылася, ды і франтавая кантузія сказалася. Памёр Іван Васільевіч у 2010 годзе, а ў 2011-м на 9 мая мы з Насцяй нарвалі цюльпанаў і адвезлі на яго магілу. Тады зразумелі, што 9 мая ўжо больш ніколі не будзе такім радасным для нашай сям’і, як раней. Цяпер для нас гэта хутчэй памятная дата, добрая нагода ўзгадаць пра дзядулю, яшчэ раз паглядзець яго фотаздымкі, — падзялілася Святлана Фёдараўна. — Для Івана Васільевіча, як і для многіх прадстаўнікоў ваеннага пакалення, жыць — значыць працаваць, быць у пастаянным руху. У яго нават за горадам былі дадатковыя “соткі”, на якіх вырошчваў бульбу. Сядаў на веласіпед — і наперад. Яму трэба было ўсюды паспець. Ён жа ў нас быў ударнікам сацыялістычнай працы. Шмат працаваў і на пенсіі, шыў касцюмы. Асабліва добра ў яго атрымліваліся штаны — не адрозніш ад фабрычных. Ён вельмі любіў сваю трафейную машынку “Зінгер”, якая і цяпер стаіць у нашым старым доме. Пасля вайны, праўда, купіў больш сучасную “Чайку”, але ўсё роўна лічыў, што лепшы шоў, чым старэнькая “Зінгер”, ніякая іншая машынка не зробіць.
Для Івана Васільевіча, як і для многіх прадстаўнікоў ваеннага пакалення, жыць — значыць працаваць, быць у пастаянным руху.
Настаўніца не толькі захоўвае памяць пра свайго свёкра — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, але і вучыць памятаць пра подзвігі продкаў школьнікаў. Разам са сваім класам кожны год ладзіць экскурсіі па месцах баявой славы, праводзіць урокі “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі краіны”, “Нам гэты мір завешчана берагчы”.
— Сённяшнім вучням складана ўявіць усе цяжкасці, якія выпалі на долю ваеннага пакалення. Як гэта, жыць у зямлянках, акопах, ісці ў штыкавую атаку, весці вулічныя баі? Маё пакаленне гэта больш разумее. Я родам з Бялыніцкага раёна, і школа, у якой вучылася, знаходзіцца недалёка ад месца гібелі Героя Савецкага Саюза Барыса Хігрына. Помню, з якім узрушэннем мы ішлі на 40-годдзе Перамогі садзіць бярозавую алею, як прыязджалі да нас родныя героя. Адыходзяць пакаленні ветэранаў, у сучасных дзяцей ужо няма такой магчымасці, якая была ў нас, гутарыць з непасрэднымі ўдзельнікамі баёў. У захаванні памяці вялікая роля належыць настаўнікам, таму, наколькі паспяхова мы будзем праводзіць выхаваўчую работу, ці зможам запаліць у сэрцах дзяцей цікавасць да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Патрыятычнае выхаванне — гэта інвестыцыя ў будучыню. Наколькі паспяхова мы працуем цяпер, стане вядома праз некалькі гадоў, калі сённяшнія школьнікі падрастуць, стануць дарослымі, — падзялілася настаўніца.
Кожная беларуская сям’я беражліва захоўвае старыя альбомы. На пажаўцелых ад часу фотаздымках — партрэты былых партызан, франтавікоў, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу. Сямейныя сустрэчы — выдатная нагода ўзгадаць пра гэтых людзей, пагартаць фотаальбомы, падзякаваць нашым продкам за магчымасць жыць на цудоўнай, мірнай зямлі.
Ігар ГРЭЧКА,
Фота аўтара