Алена ТУМАР,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Верхменская сярэдняя школа імя В.А.Тумара”
Смалявіцкага раёна,
Мінская вобласць
alena_tumar@mail.ru
Тэма: Замацаванне па тэме “Часы дзеяслова”. (Слайд 1)
Мэта: паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў пра змяненне дзеяслова па часах; нагадаць пра значымасць гістарычнай спадчыны.
Задачы:
– удасканальваць уменне распазнаваць дзеясловы ў сказе і тэксце, выяўляць па пытаннях, ужываць іх у вуснай і пісьмовай мовах;
– ствараць умовы для самастойнага творчага пошуку;
– развіваць лагічнае мысленне, граматычны лад маўлення вучняў, выхоўваць беражлівыя адносіны да народнай памяці, пачуццё падзякі героям Вялікай Айчыннай вайны за мірнае неба над галавой.
Абсталяванне: “Беларуская мова” частка 2: вучэбны дапаможнік для 3-га класа ўстаноў сярэдняй агульнай адукацыі з беларускай мовай навучання В.І.Свірыдзенка; сшытак, ручка, просты аловак; мультыборд, прэзентацыя; карткі для індывідуальнай работы; чэк-лісты па колькасці вучняў.
Прэзентацыя: Замацаванне па тэме “Часы дзеяслова”. Канспект урока па беларускай мове ў 3-м класе
Ход урока
І Арганізацыйна-матывацыйны этап
Добры дзень! Наш урок мы адкрыем незвычайным ключом, які адчыняе ўсе дзверы. Як вы лічыце, што гэта за ключ? (Выказванні вучняў). (Слайд 2)
Я прачытаю вам верш, а вы паспрабуйце здагадацца.
Сябры, усмешкай вас вітаю,
Усміхніцеся ж і вы ў адказ.
Добрага настрою вам жадаю,
На ўроку паказаць вышэйшы клас.
Будзем дружна працаваць,
Будзем веды мы абагульняць.
А гасцям хвілін прыемных
Разам з намі адчуваць. (Усмешка). (Слайд 2)
Давайце ўсміхнёмся адно аднаму і пажадаем добрага дня.
Займіце, калі ласка, свае месцы – спачатку дзяўчынкі, затым хлопчыкі.
ІІ Этап падрыхтоўкі вучняў да вучэбнай дзейнасці
Запішыце дату. (Слайд 3)
Ра слі аму дзі клы ма
(Слайд 4). Выпішыце тыя спалучэнні літар, у якіх сустракаецца сярэдняе злучэнне.
Самыя ўважлівыя павінны былі здагадацца, якія словы мы будзем запісваць.
Давайце праверым вашу здагадку. Я буду задаваць пытанні. Ваша задача: праслухаўшы пытанні, акуратна, выконваючы нормы каліграфічнага пісьма, запісаць адказы ў сшытак. (Слайд 4)
– У алфавіце гэта літара стаіць перад літарай С. (Р).
– У слове Беларусь гэтая галосная стаіць у другім складзе. (А).
– Гук, парны па мяккасці гуку [д]. (Дз).
– Другая літара ў слове “гісторыя”. (І).
– Літара, што абазначае зычны гук, два разы сустракаецца ў слове “мама”. (М).
– У беларускай мове о, э пішацца пад націскам, а замест іх яна пішацца не пад націскам. (А).
Праверце, ці такое слова ў вас атрымалася? (Слайд 5)
Выканайце вусна гука-літарны аналіз атрыманага слова.
Як завецца край, дзе вы нарадзіліся? (Радзіма).
Падбярыце сінонім да слова “Радзіма”. (Айчына, Бацькаўшчына, Беларусь). (Слайд 6)
Размяркуйце словы-сінонімы ў алфавітным парадку. Запішыце.
Самаправерка. (Слайд 7) Пакажыце “лайк” тыя, у каго запісана так, “дызлайк” тыя, хто памыліўся.
Чаму мы нашу краіну называем Радзімай? (Таму, што мы тут нарадзіліся).
Чаму свой край называем Айчынай? (Таму, што ён дастаўся нам ад нашых продкаў).
Як па-іншаму можна назваць Беларусь? (Сінявокая краіна, зямля пад белымі крыламі, край азёр і рэк, белая – таму, што гэтыя землі ў далёкім мінулым не змаглі захапіць ворагі. На Беларусі шмат буслоў – таму і называюць Беларусь зямлёю пад белымі крыламі).
Падумайце, чаму прысвечаны 2022 год? (2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці). (Слайд 8)
Але ёсць і горкая памяць у нашай Айчыны. Амаль кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння я прапаную вам выканаць заданні і аднавіць у памяці некаторыя падзеі таго часу. (Слайд 9)
ІІІ Этап пастаноўкі тэмы і задач урока
Паглядзіце ўважліва на наступны слайд. (Слайд 10) Што вы там бачыце?
Як вы думаеце, што абазначаюць гэтыя вузельчыкі?
Давайце я вам спачатку раскажу адну гісторыю, а пасля вы паспрабуеце спрагназаваць задачы ўрока. (Слайд 11)
Даўным-даўно, калі людзі яшчэ не ўмелі чытаць і пісаць, яны выкарыстоўвалі вяроўку з завязанымі на ёй вузельчыкамі. Вузельчыкі былі рознымі па памерах і кожны меў сваё прызначэнне. З іх дапамогай старажытныя народы маглі перадаваць паведамленне, запамінаць нешта важнае. Часта вузельчыкі нагадвалі пра тое, якія чалавек мае запасы і чым ён валодае.
Выраз “вузельчыкі на памяць” выкарыстоўваецца, калі людзі хочуць сказаць: “Запомні! Гэта важна!”. [5, с. 4]
Як вы лічыце, што нам неабходна запомніць? Над якой тэмай будзем працаваць? Якія задачы мы будзем вырашаць на ўроку?
IV Этап абагульнення і сістэматызацыі ведаў і спосабаў дзейнасці вучняў. “Кросэнс”. (Слайд 12)
Каб вызначыць тэму сённяшняга ўрока, я вам прапаную рашыць галаваломку – кросэнс. Для яе рашэння неабходна здагадацца, чым аб’яднаны малюнкі ў квадратах. Ісці патрэбна паслядоўна ад першага да восьмага квадрата. Дзявяты квадрат – гэта і ёсць тэма нашага ўрока. Якой жа тэмай аб’яднаны ўсе малюнкі?
Якія словы зашыфраваны на малюнках? (Танцаваць, бегчы, ляцець, есці, чытаць, спаць, спяваць, ехаць – дзеяслоў). (Слайд 13)
Пра што пойдзе гаворка на ўроку? (Пра дзеяслоў).
Якую тэму вывучалі на мінулым уроку? (Часы дзеяслова).
Правільна. Сёння мы абагульнім веды па тэме “Часы дзеяслова”.
Сёння на ўроку: паўтарыць (што такое дзеяслоў, часы дзеяслова), папрактыкавацца (у знаходжанні дзеясловаў, вызначэнні яго часоў), праверыць (свае веды па тэме), даведацца… (Слайд 14)
Настаўнік карэкціруе і агучвае задачы ўрока.
Для дасягнення мэты мы саставім чэк-ліст (Слайд 15) прымет дзеяслова, дзе і будзем “завязваць” вузельчыкі на памяць. Ён будзе служыць для нас памяткай.
Завяжыце вузельчык. Чэк-ліст: з якой часцінай мовы будзем працаваць? (Дзеяслоў).
V Этап праверкі выканання дамашняга задання. [2, с. 108] (Слайд 16)
Арфаграфічная размінка
Устаўце прапушчаныя літары. Абгрунтуйце свой адказ.
Ко_ікі, звіня_ь, с_лі, гр_юць, в_рбовы, жо_тыя, бр_вы, спалі _ каморках.
Ці знаёмы вам гэтыя словы? Дзе вы іх сустракалі?
Якія дзеясловы знайшлі? (Спалі, звіняць, селі, грэюць).
Якія веды вам спатрэбіліся, каб знайсці іх у тэксце? (Умець ставіць пытанні, ведаць, што яны абазначаюць дзеянне прадмета).
Якія пытанні паставілі да гэтых дзеясловаў? (Што рабілі? Што робяць? Што зрабілі?).
Самаправерка правільнасці выканання дамашняга задання. Ацэньванне “лайк-дызлайк”.
Завяжыце вузельчык. Чэк-ліст: што абазначае дзеяслоў? На якія пытанні адказвае? (Слайд 17)
Праз прымаўкі і прыказкі людзі перадаюць свой вопыт. З дапамогай падказкі часу адгадай галаваломку і прачытай. (Слайд 18) Помні, што арыентавацца неабходна па гадзіннікавай стрэлцы.
Кожная сасна свайму бору пяе. [6, с.142] (Слайд 19)
Паясніце, як вы разумееце прыказку?
Узаемаправерка. Ацаніце работу суседа па парце “лайк-дызлайк”.
Падкрэсліце галоўныя члены сказа?
Якой часцінай мовы выражаны выказнік? (Дзеясловам). Вызначыце лік дзеяслова. (Адзіночны лік).
Завяжыце вузельчык. Чэк-ліст: як змяняецца дзеяслоў? (Слайд 20)
Як вы лічыце, чаму пачатку прыказкі адпавядае час 4 гадзіны?
Менавіта 22 чэрвеня 1941 года ў 4 гадзіны раніцы фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны вераломна ўварвалася на тэрыторыю СССР. У немцаў быў план Барбароса, па якім яны павінны былі за некалькі месяцаў захапіць СССР.
Слоўнікавая работа [3, с.9]. Сакрэтныя вежы (Слайд 21)
У сакрэтных вежах зашыфравана слова. Запішыце словы ў сшытак, устаўляючы прапушчаныя літары.
Узаемаправерка. (Слайд 22)
З выдзеленых літар складзіце слова. (Крэпасць).
Да якіх часцін мовы адносяцца гэтыя словы? Дакажыце.
На якія пытанні адказваюць дзеясловы?
Па якіх групах можна размеркаваць іх?
Які вывад можна зрабіць? (Дзеясловы змяняюцца па часах).
Дапішыце дзеясловы, якіх не хапае.
Індывідуальная работа
Складзіце сказ. Вызначыце час дзеясловаў.
Завяжыце вузельчык. Чэк-ліст: часы дзеясловаў? (Слайд 23)
На самай мяжы нашай Радзімы знаходзіцца старажытны горад Брэст. Першы агонь абрушыўся на Брэсцкую крэпасць. Нямецка-фашысцкія захопнікі разлічвалі адразу захапіць і горад, і крэпасць. Але цытадэль засталася непакорнай. (Слайд 24)
Зараз Брэсцкая крэпасць – гістарычны помнік. Вечны агонь, помнік “Смага”, мемарыяльная плошча гарадоў-герояў, штык – усё гэта сімвалы мужнасці і стойкасці нашых воінаў. (Слайд 25)
Фізхвілінка для вачэй. Заданне на ўвагу (Слайд 26)
Работа па вучэбным дапаможніку Практ. 191 (Слайд 27)
Самаправерка. Плясніце ў далоні тыя вучні, у каго няма памылак. Падніміце руку ўгору тыя, у каго больш дзвюх памылак.
Па якой прымеце падабраны дзеясловы? (Па часах).
Калі адбываецца дзеянне: сёння, учора, у прошлым часе, будзе адбывацца?
У якіх часах ужыты дзеясловы?
Колькі ўсяго часоў у дзеяслова?
Змяніце дадзеныя дзеясловы так, каб яны стаялі ў часе, якога не хапае ў заданні. (Будучы час: выбежыць, памахае, запросіць).
Пісьмо ў канверце (Слайд 28)
Нават у гады ліхалецця салдаты падтрымлівалі сувязь са сваімі роднымі. Як? Правільна, з дапамогай пісем. Вось адно з іх. Толькі не зусім захавалася. Давайце паспрабуем аднавіць.
Давайце адкрыем пісьмо. Прачытайце заданне. Калі ўсё зразумела – выконваем.
Індывідуальная работа (2 чалавекі) (Дадатак 1)
Самаацэнка работы. Калі выканалі без памылак і выпраўленняў – пастаўце 3 зоркі на палях. 1–2 памылкі – 2 зоркі. Больш трох памылак і выпраўленняў або цяжка было справіцца з заданнем – 1 зорка.
Ці знаёмы вам гэты помнік? (Слайд 22, Хатынь). Што вы пра яго ведаеце? Якія дзеясловы вы можаце падабраць, каб выказаць свае адносіны да трагедыі?
Пісьмо пад дыктоўку
Час ідзе. Але ў памяці людзей не згасае боль вайны.
Запішыце сказ пад дыктоўку.
Подзвіг народа назаўсёды застанецца ў памяці людзей.
Падкрэсліце граматычную аснову. Якім членам сказа з’яўляецца дзеяслоў?
Узаемаправерка. (Слайд 30)
Завяжыце вузельчык. Чэк-ліст: якім членам сказа выражаецца дзеяслоў? (Слайд 31)
У гады вайны шмат населеных пунктаў былі спалены разам з іх жыхарамі. Частку з іх аднавілі, некаторыя так і засталіся пахаванымі ў зямлі назаўсёды.
Непадалёку ад нас некалі была вёска Роткаўшчына. На жаль, яна стала на шляху ворага, таму была спалена. Зараз на тым месцы знаходзіцца памятны знак, устаноўлены вяскоўцамі разам з ветэранамі 873-га палка, каб пакланіцца подзвігу байцоў і афіцэраў воінскага падраздзялення. [7]. (Слайд 32)
Фізхвілінка (Слайд 33)
Доўгія 1418 дзён скончыліся Перамогай над нямецкімі акупантамі.
Хто прынёс Перамогу? Як іх называюць? (Героі).
Хто такія героі? Каго можна лічыць героем?
Чыё імя носіць наша школа?
Ці можна яго назваць героем?
(Слайд 34) В.А.Тумар – наш зямляк (нарадзіўся ў вёсцы Пеліка), былы выпускнік Верхменскай школы. 30 мая 1944 года савецкія войскі вялі цяжкія баі ў раёне румынскага горада Ясы. Рота аўтаматчыкаў, у якой быў В.А.Тумар, уступіла ў няроўны бой з непрыяцелем. Тумар з гранатамі кінуўся пад танк праціўніка і коштам свайго жыцця падарваў яго. Пасмертна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Захаваны ў г. Ясы (Румынія). Зараз у нашай школе працуе музей Баявой славы, а школа носіць імя В.А.Тумара.
А ці ведаеце вы, што гарады таксама могуць быць героямі? Якія гарады-героі вам вядомы?
Ганаровага звання “горад-герой” у СССР былі ўдастоены 13 гарадоў, якія праславіліся сваёй гераічнай абаронай у гады Вялікай Айчыннай вайны. У Беларусі 2 гарады-героі: Мінск і Брэст. Праўда, калі гаварыць дакладней, то Мінск – горад-герой, а Брэст – крэпасць герой [4].
VI Этап кантролю і самакантролю. (Слайд 35)
Наш чэк-ліст запоўнены. Значыць, пра дзеяслоў мы ўсё паўтарылі.
А зараз давайце, карыстаючыся памяткай, праверым свае веды на практыцы.
На карце паказана месца знаходжання гарадоў-герояў. Побач указаны заданні і іх узровень цяжкасці па нарастанні. Выберыце сабе заданне і выканайце яго. (Слайд 36)
Самаацэнка работы. Калі выканалі без памылак і выпраўленняў – пастаўце 3 зоркі на палях. 1–2 памылкі – 2 зоркі. Больш трох памылак і выпраўленняў або цяжка было справіцца з заданнем – 1 зорка.
VII Этап падвядзенне вынікаў урока (Слайд 37)
Якой тэме быў прысвечаны ўрок?
Якія задачы ставілі перад сабою?
Ці справіліся з пастаўленымі задачамі?
Што запомнілі пра дзеяслоў?
Якія заданні былі найбольш цікавымі?
Пры выкананні якіх заданняў узніклі цяжкасці?
Якія пытанні трэба паўтарыць дома?
VIII Этап ацэньванне работы вучняў з выстаўленнем балаў і абгрунтавання свайго выбару
Наш урок падыходзіць да заканчэння. Помніце! Людзі кажуць: “Добра пра вайну разважаць, ды не добра ў вайне ўдзельнічаць”.
Толькі той народ, які ведае і помніць гісторыю, герояў, можа быць свабодным і незалежным. Мы ўнукі герояў вайны, тых, хто падарыў нам мірнае неба над галавой, помнім пра дарагіх нам людзей. (Слайд 39)
А закончыць урок мне хацелася б словамі С.Грахоўскага:
“Жыві, шукай, усё рабі як след,
Каб на Радзіме твой свяціўся след” [8].
IX Этап інфармавання аб дамашнім заданні Практ. 194
X Этап рэфлексіі. Прыём “Раз, два, тры” (Слайд 40)
Пералічыце тры моманты, якія вас здзівілі і вам захацелася даведацца яшчэ больш.
Назавіце два моманты, якія больш за ўсё ўдаліся на ўроку.
Прапануйце адно дзеянне, якое палепшыць работу на наступным уроку.
Дадатак 1
Пісьмо ў канверце (картка)
Заданне. Устаў прапушчаныя словы. Вызначы час і лік дзеясловаў.
Мой дзядуля часта мне ________________________ пра вайну, пра гарады-героі. Ён ________________ сваімі ўспамінамі аб ваенным дзяцінстве. Дзядуля ________________, што такое артылерыя, хто такія партызаны. З яго расказаў я _______________ пра страшнае слова “блакада”. Але людзі ______________ ў перамогу, ______________ адзін аб адным.
Словы для даведкі: расказваць, дзяліцца, тлумачыць, даведацца, верыць, клапаціцца.
Пісьмо ў канверце (картка)
Заданне. Устаў прапушчаныя словы. Вызначы час і лік дзеясловаў.
Спачатку вельмі цяжка _____________________ ў баявой сітуацыі і ____________________ боем. Хацелася самому __________________ і _______________ наперад. _______________ асабісты прыклад добра, але задача камандзіра – ________________ задачу.
Словы для даведкі: арыентавацца, кіраваць, ускочыць, пабегчы, паказаць, выканаць.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Акалович, Н.М. Они защищали Минск./ Н.М.Акалович. – Мн. : Народная асвета, 1987. – 123 с.
- Беларуская мова: вучэб. дапаможнік для 3-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. У 2 ч. Ч. 2 / В.І.Свірыдзенка. – Нацыянальны інстытут адукацыі. 2017. – 148 с.
- Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” для ІІ класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання [Электронны рэсурс] : зацв. Пастанаўленнем Мін. ад. Рэсп. Беларусь, 27 ліпеня 2017 г. № 90 // adu.by. Нацыянальны адукацыйны партал Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Рэжым доступу: https://www.adu.by/ru/300-obrazovatel-nyj-protsess-2020-2021-uchebnyj-god.html?type=rss&start=24. – Дата доступу: 22.05.2022.
- Інтэрнэт-рэсурс: http://vmeste-front.ru/podvig._brestskaya_krepost.
- Лисовская Е.А. Узелочки на память / Е. А. Лисовская. – Минск, Белорусская ассоциация “Конкурс”. – 2012. – 32 с.
- Марачкіна, І.С. Дапаможнік для педагагічных дашкольных устаноў / І.С.Марачкіна. – Выдавецтва Бацькаўшчына, 1997. – 200 с.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смалявіцкага р-на і г. Жодзіна. – Мн., 2000. –720 с.
- https://pandia.ru/text/80/074/15253-6.php