Вядомы і невядомы Янка Купала: гульня “Што? Дзе? Калі?”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы  

- 10:46Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Ірына ХАЗЯШАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
рускай мовы і літаратуры
ДУА “Ленінскі ВПК яслі-сад – сярэдняя школа”
Слуцкага раёна,
Мінская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта: актуалізацыя і пашырэнне ведаў вучняў пра жыццё і лёс Янкі Купалы.

Задачы: зацікавіць вучняў неардынарнай асобай паэта, яго шматграннай творчасцю; садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей вучняў, уменняў самастойнай працы з навукова-папулярнымі крыніцамі інфармацыі; фарміраванне згуртаванасці калектыву, умення выказваць і адстойваць свой пункт гледжання; спрыяць выхаванню нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў.

Абсталяванне: канверты з заданнямі, бланкі для адказаў, выстава кніг паэта, секундамер, дыпломы пераможцам, чорная скрыня, камень, фотаздымкі помнікаў Янку Купалу ў Мінску і Маскве, рэпрадукцыя карціны В.Шаранговіча “А хто там ідзе”, запісы песень “Явар і каліна”, “Спадчына”, “Малітва” ў выкананні ансамбля “Песняры”.

Удзельнікі гульні: вучні 8–11-х класаў.

 

Ход мерапрыемства

Уступная частка 

Інсцэніроўка паводле апавядання Якуба Коласа “Ноч, калі папараць цвіце”

Апавядальнік. У тую самую ноч, калі зацвітае папараць, пазбіраліся на сходку чараўнікі розных гатункаў. Яны вялі гаворку пра Юнака. Усім спадабалася тое, што Юнак даў сабе імя ночы, калі зацвітае папараць і калі фантастычныя істоты праводзяць свае сходы. I цяпер яны думалі, які падарунак зрабіць Юнаку.

Русалка. Мы навучым яго спяваць прыгожыя песні, бо песні ва ўсіх выпадках жыцця патрэбны чалавеку. Ён створыць “Адвечную песню”.

Дамавік. Я падарую яму “Жалейку” і навучу Юнака граць так, каб тутэйшыя людзі зачароўваліся ігрою і прыходзілі да свядомасці, чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце.

Вадзянік. А я дам яму гуслі. Няхай апявае былую славу свайго народа і закідае ў сэрца яго імкненне заняць пачэснае месца між славянамі.

Месячык. А я пайду з ім “Шляхам жыцця” і буду асвятляць дарогу, каб хутчэй і лягчэй яму прабіцца. Ён убачыць “Раскіданае гняздо” свае айчыны і раскажа пра яго людзям. Калі ён прыстане ў дарозе, я пакладу яго спаць на высокім кургане і навею яму чароўны “Сон на кургане”. У дарозе ён спаткаецца з мілаю “Паўлінкаю” і расказам пра яе людзей павесяліць.

Ваўкалак. Я занясу на край свету яго песні і думкі. Я дам яму словы гневу і абурэння, каб молатам білі яны па струнах сэрца таго, хто прадае сваю айчыну.

Старшыня. А я што дам яму? Я авею яго песні шумам бароў. Я дам яму гарт і цвёрдасць граба, каб да канца Юнак быў верным свайму народу. I ён пакіне вялікую “Спадчыну”.

 

Добры дзень, паважаныя ўдзельнікі гульні, журы. Вы, напэўна, ужо здагадаліся, што сёння гульня “Што? Дзе? Калі?” будзе прысвечана класіку беларускай літаратуры Янку Купалу – паэту, драматургу, які пакінуў багатую і бясцэнную спадчыну. У гэтым годзе Беларусь адзначае 140-годдзе з дня нараджэння песняра, які ў сваіх творах разважаў аб нашай Радзіме, яе мінулым, сучасным і будучыні.

Паважаныя ўдзельнікі, пазнаёмімся з правіламі гульні.

   1. Гульня праводзіцца паміж 3 камандамі. Звычайна ў камандзе гуляе 6 чалавек. Адначасова гуляюць усе каманды.

   2. Удзельнікам прапануецца 15 пытанняў. Вядучы зачытвае пытанне, пасля чаго камандам на яго абмеркаванне даецца адна хвіліна. Па заканчэнні хвіліны каманды пішуць свае варыянты адказаў на бланках і здаюць іх журы на працягу 10–15 секунд. Пасля гэтага аб’яўляецца правільны адказ.

   3. Адказы здаюцца пасля кожнага пытання. На бланку з адказам павінна быць паказана назва каманды, нумар пытання і адказ каманды.

   4. За кожны правільны адказ камандзе налічваецца адзін бал.

   5. Калі ўсе пытанні зададзены, сумуюць балы, атрыманыя камандай за гульню. Месцы размяркоўваюцца ў адпаведнасці з сумарнай колькасцю балаў.

   6. Калі пераможца не вызначаны, камандам прапануецца згуляць бліц. Прапануецца адказаць на тры пытанні на хуткасць.

Вашы адказы будзе ацэньваць кампетэнтнае журы (прадстаўленне журы).

 

Асноўная частка

Пытанне 1

Аднойчы Янка Купала ішоў па вясковай вуліцы і ўбачыў хлопчыка. Хлопец бег, размахваючы над сабой рукамі, і гудзеў, малюючы голасам гук матора самалёта. Паэт крыкнуў хлопцу: “Кім быць хочаш?” – “Лётчыкам”, – звонка адгукнуўся хлапчук і “паляцеў” далей. Так з’явіўся верш “Хлопчык і лётчык”, які ў сваю чаргу так уразіў аднаго першакласніка, што той вырашыў стаць касманаўтам. І здзейсніў сваю мару. Назавіце імя і прозвішча касманаўта.

Адказ: Юрый Гагарын.

 

Пытанне 2

Прачытайце верш “Наш Купала” Васіля Карпечанкі і дапішыце апошняе слова.

А хто там ідзе, а хто там ідзе
З усімі людзьмі ў адной грамадзе?
– Наш Купала.
А хто такі ён, а хто такі ён,
Што знае яго не адзін мільён?
– Волат слова.
А чаму ж, чаму ён вялікім стаў,
Загрымеў, як гром, зазвінеў, як сталь?
– Зваў з няволі.
А каго ж, каго ён з няволі зваў,
А каму ж, каму ён долі жадаў?
– Беларусам.
А чаго ж, чаго гэтак прагнуў ён
Усё жыццё сваё да апошніх дзён?
– Людзям ….

Адказ: шчасця.

 

Пытанне 3

У Энцыклапедычным даведніку “Янка Купала” пра гэтае месца сказана так: яны “сталі для Янкі Купалы, як Навагрудак для Адама Міцкевіча, Міхайлаўскае для Аляксандра Пушкіна, Тарханы для Міхаіла Лермантава, Ясная Паляна для Льва Талстога, невычэрпнай крыніцай натхнення, шматлікіх тэмаў і настрояў…”. Назва мясціны недасведчанаму чытачу даволі часта дае падставу меркаваць пра франтавую старонку жыццяпісу паэта, якой не было. Назавіце выраз, які сустракаецца ў літаратуры і можа прывесці да такога памылковага меркавання, ужываючы назву мясцовасці.

Адказ: Янка Купала ў Акопах.

 

Пытанне 4

У літаратурным асяроддзі існуе легенда, агульная для Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вядома, што паэты ў час сваіх сустрэч гулялі ў шахматы. Купала гуляў лепш, і таму вельмі хваляваўся, калі Коласу ўдавалася выйграць. І вось, падчас адной з партый, калі Купала відавочна прайграваў, ён пасля чарговага ўдалага ходу свайго апанента ўсклікнуў: “Ах ты, мужык!”. Колас не застаўся ў даўгу і адказаў. Што адказаў Якуб Колас?

Адказ: «А ты – шляхцюк!»

 

Пытанне 5

“У хаце”, “Праталіны”, “За кроснамі”, “Выган у поле жывёлы”, “Агляд поля”, “Радаўніца”, “Ворка”, “Беліць палатно”, “Сяўба”, “На сенажаці” – гэта раздзелы паэмы “Яна і я”, кожны з якіх уяўляе сабой абразок сялянскага жыцця-побыту. Назавіце твор другога класіка беларускай літаратуры, які таксама з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця беларускага селяніна.

Адказ: “Новая зямля”.

 

Пытанне 6

Увага! Чорная скрыня! Вядома, што ў Янкі Купалы была калекцыя, якую ён называў “маё маленькае мора”. Літаратар любіў перабіраць свае экспанаты, бо гэта супакойвала. А часам Іван Дамінікавіч рассыпаў іх перад крэслам і проста глядзеў, уяўляючы, што адпачывае на моры. З часам гэта стала модна ў мінскім асяродку інтэлігентаў. Напрыклад, дома ў Петруся Броўкі можна пабачыць такую ж калекцыю. Што ў чорнай скрыні?

Адказ: камень.

 

Музычная паўза.
Гучыць песня “Спадчына” ў выкананні ансамбля “Песняры”.

 

Пытанне 7

Прапануем вашай увазе фотаздымкі помнікаў, прысвечаных беларускаму песняру. Адзін з іх знаходзіцца ў Мінску, другі – у Маскве. На фотаздымках мы закрылі раслінны элемент, які прысутнічае ў кампазіцыі абодвух помнікаў. Назавіце гэты элемент.

Адказ: папараць-кветка, ліст папараці.

 

Пытанне 8

Янка Купала быў першым і атрымаў гэта ў 1925 годзе. Гэта давала права на пажыццёвую пенсію. Акрамя гэтага, паэт вызваляўся ад пасад, якія займаў на той момант, каб поўнасцю аддацца творчай працы. Якуб Колас быў другім, у 1926 годзе. Што атрымалі паэты?

Адказ: званне “Народны паэт”.

 

Пытанне 9

Янка Купала быў сапраўдным дэндзі. Ён насіў элегантныя класічныя касцюмы, заўсёды быў пры гальштуку. Акрамя гэтага, паэт насіў з сабой яшчэ адзін аксесуар, які, як Янка Купала лічыў, надае стылю дадатковую вытанчанасць. Назавіце гэты аксесуар?

Адказ: кій.

 

Пытанне 10

У 1939 годзе першы сакратар ЦК КП(б)Б П.Панамарэнка зрабіў паэту дарагі падарунак замежнай вытворчасці. Некалькі гадоў дагэтуль кіраўніцтва БССР ужо падаравала Янку Купалу падобны, але савецкай вытворчасці. Аднак ні першым, ні другім паэт самастойна карыстацца не мог. Што Купала атрымаў у якасці падарунка?

Адказ: аўтамабіль.

 

Пытанне 11

Гэты верш Янкі Купалы ўвайшоў не толькі ў гісторыю літаратуры, але і ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. У ваенны час ён шмат разоў перадрукоўваўся як брашура, размнажаўся як плакат. Радкамі верша радыёстанцыя “Савецкая Беларусь” пачынала і заканчвала ў ваенны час сваё вяшчанне. Назавіце верш.

Адказ: “Беларускім партызанам”.

 

Пытанне 12

Янка Купала тлумачыў задуму свайго твора наступным чынам: “Мне хацелася крыкнуць на ўвесь свет аб тым, як цяжка пакутуе народ пад прыгнётам цара і капіталістаў. Мне хацелася намаляваць вобраз народа, які ідзе з рукамі ў крывавых мазалях, з нагамі ў лапцях і нясе на плячах сваю крыўду…” Гэты твор перакладзены на 101 мову свету. Назавіце гэты верш.

Адказ: “А хто там ідзе”.

 

Гучыць песня “Явар і каліна” ў выкананні ансамбля “Песняры”.

 

Пытанне 13

Паводле матываў верша “А хто там ідзе” Васіль Шаранговіч напісаў аднаіменную карціну. Літаграфія ўяўляе сабой у пэўным сэнсе трыпціх, дзе злева выяўлены “беларусы, што на худых плячах нясуць сваю крыўду”, а справа – тыя, хто хоча “людзьмі звацца” ў вобразе касінераў. Уважліва разгледзьце карціну і адкажыце, выявы каго знаходзяцца ў цэнтры.

Адказ: Янка Купала, Францыск Скарына, Якуб Колас, Францішак Багушэвіч, Васіль Цяпінскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч і іншыя.

 

Пытанне 14

У аповесці Янкі Брыля “Сірочы хлеб” чытаем:

“Данік глядзеў на Міколу. Сябар яго ўстаў, падышоў да паліцы і зняў з яе нейкую кнігу.
– Гэта Купала, – сказаў ён. – Той самы, што і пра Машэку напісаў. Памятаеш? – падмаргнуў ён Даніку.
– ЬІгы, – таксама па-змоўніцку ўсміхнуўся Сівы, успомніўшы пра бязмен.
– І пра мяне ён напісаў, – гартаў кнігу Мікола. – Глядзі вось, верш: “Я шавец-маладзец”. І пра цябе напісаў. Пра цябе і пра маму тваю. Вось паглядзім. Ага! Ну, слухай.
Гэта была размова беднай маці-сялянкі з хлопцам сваім, які пасвіў чужыя каровы. У хлопца было тое, чаго ў Даніка ніколі не будзе – бацька і браты. Было і тое, чаго ў Даніка яшчэ няма, – служба ў чужых людзей. Было, аднак, і галоўнае, што радніла Сівага з тым пастушком, – …”

Што “радніла Сівага з тым пастушком”?

Адказ: “горкая доля”.

 

Пытанне 15

Назавіце выдавецтва, у якім быў надрукаваны першы зборнік паэта “Жалейка”. Назва выдавецтва – гэта прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню.

Адказ: “Загляне сонца і ў наша аконца”.

 

Пытанне 16

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Цётка, Янка Купала. Падумайце, па якому прынцыпу складзены пералік і назавіце другі, які растлумачыць першы.

Адказ: “Беларускі дудар”, “Дудка беларуская” (або “Смык беларускі”), “Скрыпка беларуская”, “Жалейка” (або “Гусляр”).

 

Пытанне 17

Максім Багдановіч у артыкуле “За тры гады: агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911–1913 гг.” пісаў, што “ўжо і краса прыроды і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго [Купалавых] творах”. Назавіце верш Янкі Купалы, які выдатна ілюструе гэту думку.

Адказ: верш “Явар і каліна”.

 

Пытанне 18

У 1970-я гады быў адкрыты мемарыял “Чатыром бессмяротным паэтам”. Ад эмігрантаў з розных славянскіх краін былі ўстаноўлены бюсты беларускаму паэту Янку Купалу, рускаму паэту Аляксандру Пушкіну, украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку, амерыканскаму пісьменніку Уолту Уітмену. У якой краіне знаходзіцца гэты мемарыял?

Адказ: ЗША.

 

Бліц

1. Гэтым творам пачынаецца і заканчваецца кожны тэатральны сезон у купалаўскім тэатры.

Адказ: “Паўлінка”.

2. Прадоўжыце цытату: “Гуслям, княжа, не пішуць…”

Адказ: “…законаў”.

3. Назавіце мінскую прагрэсіўную рускамоўную газету, у якой быў надрукаваны першы твор паэта на беларускай мове – верш “Мужык”.

Адказ: “Северо-Западный край”.

 

Заключная частка

Журы падводзіць вынікі.
Узнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў.

Малюся я небу, зямлi i прастору
Магутнаму Богу – уся свету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусi.

 

Так пiсаў Янка Купала яшчэ ў 1912 годзе ў вершы “Мая малiтва”, а мы i сёння паўтараем гэтыя словы нашага славутага народнага песняра.

Няхай гучыць над зямлёй малiтва Янкі Купалы за родны край, за родны народ, за родную Беларусь!

Гучыць песня “Малітва” ў выкананні ансамбля “Песняры”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий