Профільная змена

- 13:17В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Летні адпачынак школьнікаў Гомельшчыны насычаны і рознабаковы. У рэгіёне дзейнічаюць лагеры для адораных і таленавітых дзяцей, працы і адпачынку, ваенна­патрыятычныя, палатачныя. Статыстыка сведчыць: папулярнасць такога адпачынку ў вобласці ўзрасла. Функцыянальнасць і шматпрофільнасць лагераў апраўдалі сябе.

Абноўленыя статыстычныя даныя пацвердзіліся падчас наведвання абласнога аздараўленчага лагера “Летняя акадэмія” для высокаматываваных, інтэлектуальна адораных навучэнцаў, які ўжо не першы год арганізуецца на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Як адзначыў рэктар інстытута Віктар Акуленка, у лагер дзеці прыязджаюць з задавальненнем. І гэта не зважаючы на тое, што тут, акрамя адпачынку, прадугледжана даволі насычаная ін­тэлектуальная праграма. “Да нас прыязджа­юць дзеці, якія абсалютна дакладна ведаюць, чаго хочуць. А хочуць яны ні многа ні мала — стаць пераможцамі рэс­публіканскай алімпіяды. Акрамя таго, яны разумеюць, што шлях да перамогі не мае перапынкаў, таму працу­юць з поўнай сама­аддачай.

Мы ў сваю чаргу імкнёмся ствараць для іх максімальна камфортныя ўмовы. На працягу змены з дзецьмі працуюць абласныя трэнеры (10 чалавек) і лепшыя настаўнікі вобласці (33 чалавекі). Дзякуючы цеснаму супрацоўніц­тву з выкладчы­камі Гомельскага дзяржаўна­га ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, удзельнікі змены не толькі атрымліваюць паглыбленыя тэарэтычныя веды, але і маюць магчымасць адпрацаваць практычныя навыкі правядзення хімічнага эксперымента на кафедры хіміі біялагічнага факультэта з кандыдатамі хімічных навук дацэнтамі Святланай Панцялеевай і Аленай Вараб’ёвай”, — адзначыў Віктар Леа­нідавіч.

Змена ў лагеры “Летняя акадэмія” доўжыцца 9 дзён. У канцы чэрвеня да алімпіяды тут рыхтаваліся 110 чалавек, з якіх 31 з Гомеля, 79 — прадстаўнікі рэгіёнаў вобласці (з іх 37 — навучэнцы ­гімназій, 63 — устаноў адукацыі гарадской мясцовасці, 9 — сельскай мясцовасці і 1 прадстаўнік ліцэя МНС). Школьнікі займаліся па 11 вучэбных прадметах. Самай вялікай была група па хіміі (16 чалавек).

Пры гэтым дзеці былі не толькі на вучэбных занятках. Для іх была пад­рыхтавана насычаная культурная і спартыўна-забаўляльная праграма: наведванне музеяў, спектакляў, прагляд мультфільмаў і многае іншае. 

Матэматыка для працаздольных  

На занятках па матэматыцы прысутнічалі ў тым ліку і сямікласнікі з самых розных рэгіёнаў Гомельшчыны (зразумела, здольныя да матэматыкі), бо, як вядома, у Рэспублі­канскай алімпіядзе па матэматыцы можна ўдзельнічаць ужо з 8 класа. Хлопцы крыху гудзелі, перагаворваліся, але гэта не замінала ім рашаць задачы. А калі атрымліваўся правільны вынік, то радасці яны не стрымлівалі. 

“Паколькі гэтыя дзеці — алімпіяднікі з вялікім патэнцыялам, то мы разам з другім выкладчыкам, які працуе ў гэтым лагеры, Дзмітрыем Сіманенкам, імкнёмся даваць ім заданні апераджальнага характару, зразумела, алімпіядныя. Гэтыя заданні ахопліваюць некалькі тэм, каб дзеці бачылі ­перспектыву свайго развіцця. Такое навучанне — на выраст. Рашаем разам з вучнямі заданні Маскоўскай матэматычнай алімпіяды для 7—9 класаў і нашай рэспубліканскай (трэцяга і чацвёртага этапаў).

У працэсе работы тлумачым пэўныя тэарэтычныя пытанні, напрыклад, гаворым пра формы скарочанага множання. У школе на базавым узроўні разглядаюцца 3 формы, у нашым жа арсенале іх 9—10”, — расказаў абласны трэнер настаўнік матэматыкі гімназіі № 51 Гомеля Аляксандр Струк.  

Разам з тым, па меркаванні Аляксандра Мікалаевіча, асновай пры падрыхтоўцы да алімпіяды з’яўляецца школьны ўрок. Вывучанае на ўроку паглыбляецца і ўскладняецца, дапаўняецца ў тым ліку і на школьных перапынках. Падрыхтоўка да алімпіяды патрабуе сістэмнага падыходу. Гэта абавязковая ўмова поспеху. Зразумела, сістэма выбудоўваецца на ўроках. Акрамя таго, пад увагу бяруцца асобасныя якасці навучэнца. У прыватнасці, Аляксандр Мікалаевіч заўсёды прыглядаецца да працаздольных і ўсед­лівых школьнікаў. Такія дзеці з цягам часу раскрываюцца. 

“У пацвярджэнне сваіх слоў хачу прывесці прыклад майго цяперашняга вучня дзевяцікласніка Паўла Цітова, які адабраўся на Міжнародную алімпіяду па матэматыцы. А пачынаў ён, дарэчы, з заняткаў у гэтым ла­геры”, — заўважыў педагог.  

Сам Аляксандр Струк рыхтуе вучняў да алімпіяды з 2003 года з перапынкамі, а з 2010-га — пастаянна. За гэты час падрыхтаваў 34 пераможцы чацвёртага этапу рэс­публіканскай алімпіяды, і больш за 100 яго вучняў сталі лепшымі на абласным этапе. Ёсць у Аляксандра Мікалаевіча вучань, які стаў 7-м на міжнароднай алімпіядзе, дзе ­ўдзельнічалі 630 чалавек. Такі бліскучы вынік прадэманстраваў Ягор Дубовік у 2017 годзе. 

З элементам чараўніцтва

Алімпіядны ўзровень працоўнага навучання патрабуе ад дзяўчат творчасці і дак­ладнасці, таму ў кабінеце-майстэрні яны засяроджана сядзелі за швейнымі машынкамі. Навучэнкі паспелі пашыць сабе панамкі, якія вылучаліся не толькі фасонам, але і роўнымі швамі, дакладнасцю ліній. “Падчас такой дзейнасці школьніцы адпрацоў­ваюць усе швы, радкі, тэрміналогію (“абшыць”, “прытачыць”, “абкідаць”, “застрачыць”, “настра­чыць”). Некаторыя ўзяліся шыць арганайзеры, выраб якіх таксама дапамагае ўдасканаліць патрэбныя навыкі. З дзяўчатамі працуе настаўніца абслуговай працы з сярэдняй школы № 11 Рэчыцы Ніна Уладзіміраўна Марозава”, — расказала метадыст ГАІРА Наталля Самойленка. Узровень майстэрства дзяўчат-алімпіядніц уражвае. Прынамсі ўзоры ручной вышыўкі нагад­ваюць машынную — так усё дакладна і роўненька!

Дзявочая кампанія сабралася і ў кабінеце, дзе была арганізавана падрыхтоўка да алімпіяды па грамадазнаўстве. Як адзначыў абласны трэнер настаўнік грамадазнаўства гімназіі № 51 Гомеля і Ірынінскай гімназіі Яўген Яўгенавіч Касцюшка, летняя праграма падрыхтоўкі больш свабодная, але ўсё роўна мае сваю структуру, узгадняюцца змест і формы работы. У сваёй трэнерскай дзейнасці Яўген Яўгенавіч рэалізуе праблемна-дыялагічны падыход. І пакуль мы з ім гутарылі, дзяўчаты для дыскусіі ўспаміналі крытэрыі цывілізацыі. Прычым называць іх трэба было ў пэўнай лагічнай паслядоўнасці.

На профільнай змене сабралася розна­ўзроўневая і рознаўзроставая група, таму заданні для іх таксама падбіраліся розныя. ­Грамадазнаўства — прадмет сінтэзны, таму пры падрыхтоўцы абавязкова разглядаюцца пытанні эканомікі, сацыялогіі, элементы паліталогіі, культуралогіі, філасофіі, асновы права.   

Па меркаванні Яўгена Яўгенавіча, існу­юць тры крытэрыі паспяховага алімпіядніка: патэнцыял, сістэмная грунтоўная падрыхтоўка і здольнасць да самаарганізацыі. Педагог трэніруе абласную каманду з 2006 года. Зразумела, за гэты час ён падрыхтаваў шмат пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. А колькасць пераможцаў абласной алімпіяды перавышае 100.

На кафедры хіміі біялагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны ў лабараторыі панавала атмасфера чараўніцтва. Тут юныя хімікі з энтузіязмам пералівалі вадкасці, назіраючы за працэсамі пераўтварэння. Як адзначыла дацэнт кафедры хіміі кандыдат хімічных навук Алена Вараб’ёва, дзеці сабраліся рознаўзроставыя, але профільна-арыентаваныя. 

“Зараз мы працуем з пераможцамі раённай алімпіяды. Тут ёсць як сямікласнікі, так і вучні старшых класаў. Хімія — навука эксперыментальная, таму, канечне, без работы з рэактывамі і прэпаратамі падрыхтоўка да алімпіяды будзе непаўнавартаснай. Але цяпер лета, таму не хочацца перагружаць дзяцей тэорыяй — на першае месца выходзіць хімічны эксперымент. Элемент чараўніцтва абавязковы, бо менавіта ён дае патрэбную матывацыю рухацца далей”, — заўважыла Алена Валер’еўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий