З Блізкага Усходу — з родным акцэнтам

- 13:12В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Унікальны міжнародны літаратурна-­патрыятычны інтэрнэт-­праект рэалізуюць беларускі з Іарданіі. Адна з іх — з дынастыі педагогаў: маці траіх дзяцей Надзея Аль­-Алімат, выпускніца 67­-й мінскай школы.

Школьна-сямейная патрыятычная загартоўка

“Ничто на земле не проходит бесследно…” І ў лёсе мінчанкі Надзеі, да замужжа Світанько, быў моцны, скажам так, патрыя­тычна-педагагічны пасыл. Таму Надзея нават удалечыні ад Баць­каўшчыны застаецца вернай традыцыям пакалення пераможцаў.

Ведае з дзяцінства, што дзяды яе — украінец Іван Світанько ды беларус Мікалай Крук — былі на фронце. Ваявалі па-геройску і вярнуліся дадому з баявымі ўзна­гародамі. Мікалай Макаравіч (1912), ураджэнец вёскі Грабёнка Чэрвеньскага раёна, стаў кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі, меў шматлікія медалі. “Ён зімой 1942-га ў баях пад Ленінградам быў цяжка паранены, а як падлячыўся, вярнуўся ў строй, вайну закончыў у Аўстрыі, прайшоў баявы шлях ад радавога да старшага лейтэнанта, палітрука, камісара, — напісала мне Надзея Аль-Алімат. — Пасля вайны дзед выхоўваў дзетак-сірот, выкладаў матэматыку, з 1964 па 1973 год быў дырэктарам мінскай спецыяльнай школы-інтэрната № 9 з асаблівым рэжымам для дзяцей, хворых на скаліёз. Працаваў сумленна, стаў выдатнікам народнай асветы БССР. Яго жонка Ніна Патапаўна Бычкоўская, мая бабуля, выкладала матэматыку, была дырэктарам школы-інтэрната № 8. Іх дачку, маю маму, многія ў Мінску ведаюць як педагога: Святлана Мікалаеўна Крук — гісторык, з 1988-га 15 гадоў была дырэктарам 67-й школы, якую скончыла і я ў 1998-м і таксама стала гісторыкам па адукацыі”.

Адметнасць згаданай школы — гэта Народны музей Баталь­ёна беларускіх арлянят. Летась адзначалі яго 50-годдзе. Надзея прайшла там “пажыццёвы курс патрыятызму”. Займалася пошукавай работай, падпіскай для дзіцячых дамоў на газету “Зорька”: яе рэдакцыя шмат працавала з “арлянятамі” (назва замацавалася за ўдзельнікамі вайны на тэрыторыі Беларусі, якім у ваенную пару не было 18 гадоў), з атрадамі юнармейцаў. А ў старшых класах Надзея і экскурсіі праводзіла ў музеі. Успамінае яна трагічную старонку жыцця дзеда-­беларуса. Першую яго жонку з дачкой фашысты адправілі ў канц­лагер. Жонка загінула, дачка выжыла, пасля вайны бацька здолеў яе адшукаць. Надзея прызнаецца: “Я заўсёды думала, што гэта родная сястра маёй мамы. І толькі пасля смерці яе мама адкрыла мне праўду”.

Усё гэта — важная перадгісторыя, каб стала зразумела: чаго раптам беларускі з Іарданіі распачалі яшчэ ў 2020-м — ­да 75-годдзя Перамогі — літаратурны анлайн-праект “I сцерці памяць час ніколі не павінен! Чытаем па-беларуску”. Як бачым, зусім не выпадкова! Да праекта сёлета далучыліся супляменнікі і сябры нашай краіны з Эстоніі, Сірыі, Лівана, Расіі, Латвіі, Турцыі… Ды, вядома ж, і з самой Беларусі.

Хіджаб? Інтэрнэт!

Воляй лёсу (каханне, сям’я, дзеці…) На­дзея Світанько трапіла ў Іарданію (а будучы муж вучыўся на медыка ў Мінску), пачала жыць у Амане — сталіцы Іарданскага Хашыміцкага каралеўства. Але засталася беларускай, патрыёткай, бо выхоўвалася ў сілавым полі Вялікай Перамогі. На грунце нашай гістарычнай памяці. Для Надзеі і яе сябровак патрыятызм — не гучнае слова, а “глыток свежай вады ў пустыні” ды сродак выжывання. Аксана Чамеза, адна з энергічных кіраўніц анлайн-праекта, 5 ліпеня была запрошана да ўдзе­лу ў відэаканферэнцыі, якую праводзіла рабочая група (ёй кіруе Валянціна Ражанец) Нацыянальнага сходу Беларусі па справах беларусаў замежжа з членамі Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС. Паўдзельнічалі ў размове амаль 50 кіраўнікоў і прадстаўнікоў беларускіх супольнасцей з 17 краін. “Мяне запрасіла да ўдзелу спадарыня Ражанец, я расказвала пра наш новы дзіцячы праект, — падзялілася навіной Аксана. — Адзначалі як станоўчы і наш анлайн-праект “I сцерці памяць час ніколі не павінен! Чытаем па-­беларуску”. Супляменніцы з Арменіі ды Італіі гаварылі пра тое, што з нашым Культурна-­асветніцкім аб’яднаннем беларусаў у Іарданіі (КААБІ) яны рады супрацоўні­чаць”. 

Шляхам Памяці

Каму праект цікавы, загляніце на згаданую пляцоўку. Відэасюжэтаў там дзясяткі, праглядаць іх цікава. Сёлета размясцілі такі сюжэт: верш Пятра Глебкі “Свята Перамогі” чытае Аляксей Зубко, першы сакратар Пасольства Беларусі ў Эстоніі. “Сустракаем дыпламата, які стаяў ля вытокаў нашага літпраекта! Мы вельмі ўдзячны!” — напісалі каментарый арганізатары.

Кожны жадаючы можа паспрабаваць сябе як выканаўца, відэа­рэжысёр ці аператар. Патрабуецца сюжэт: прачытанне, інсцэніраванне твора беларускага пісьменніка пра Вялікую Айчынную вайну. Дасылайце відэаролік на адрас belarusian.community@gmail.com — і яго размесцяць на інтэрнэт-пляцоўцы https://www.facebook.com/litproekt/. Сёлета старонка папаўнялася амаль штодзень: з 9 мая да 22 чэрвеня. Такім шляхам Памяці — ад святочнага Дня Перамогі да жалобнага Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — дарослыя і дзеці праходзяць штогод. “Запрашаем жадаючых З УСІХ КУТКОЎ СВЕТУ прыняць удзел у конкурсе!” — пісалі ў гэтым сезоне арганізатары конкурсу, які праводзіцца пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Сірыйскай Арабскай Рэспуб­ліцы (Ліване і Іарданіі — па сумяшчаль-ніцтве).

Цімур Аль-Алімат і яго каманда

Крутой фішкай адкрыцця сезона-2022 стаў відэаролік пра тое, як дзеці беларусак з Іарданіі каля танка чытаюць па радку з верша “Жыві, Перамога!”. Па-беларуску! Сюжэт размясцілі 9 мая. У фінале відэа з брані танка дзеці віншу­юць усіх са святам: Дзіяна і Сафія Слэібі, Іван Кафтаян, Карым і Дані Абу Гвеля, Мурад і Цімур Аль-Алімат. Цімур летась гасцяваў у мінскай радні, прыходзіў з мамай Надзеяй у рэдакцыю газеты “Голас Радзімы”. У адным з каментарыяў яго назвалі самым актыўным актывістам КААБІ. Зняты быў сюжэт 7 мая ў Амане, у Каралеўскім музеі танкаў (Royal Tank Museum).

Сябры з Клічава

Сёлета, як і ў мінулыя гады, да конкурсу падключыліся юныя чытальнікі і супрацоўніцы дзіцячай бібліятэкі з Клічава. Летась актывісткі КААБІ гасцявалі з сем’ямі ў Беларусі, ездзілі ў Клічаў з дзецьмі (арандавалі аўтобус), каб уру­чыць дыпломы, арабскія пачастункі ўдзель­нікам конкурсу, бліжэй з імі пазнаёміцца. “Беларускі з Іарданіі — малайцы: гэта жывы прыклад многім з нас, як быць патрыётамі Ра­дзімы, дзе б вы ні жылі, — адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола­дзі Клічаўскага райвыканкама Ула­дзімір Ваакс. — Летась мы сустракалі іх як родных людзей. Паказалі мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Усакіна”, падрыхтавалі культурную праграму. Выступаў наш узорны фальклорны гурт “Купалачка” (ім кіруе Наталля Коктыш) з дзіцячай школы мастацтваў. І наша сяброўства прадаўжаецца, развіваецца, умацоўваецца”.

Я нарадзiлася ў Мiнску i амаль кожны год з нецярпеннем чакаю сустрэчы з маёй Радзiмай — Беларусcю. У нашай сям’i размаўляюць на рускай, англiйскай, арабскай мовах, але мала практыкі на беларускай. А яна такая меладычная, утульная! Напрыклад, мне вельмі падабаецца, як выразна па-беларуску гучыць пажаданне “Смачна есцi!”. Маё знаёмства з беларускай мовай пачалося з казак i вершаў. А летась я прачытала аповесць Уладзіміра Караткевiча “Дзiкае паляванне караля Стаха” i з захапленнем праслухала оперу па яе матывах: летам мы трапілі на прэм’еру ў Вялікі тэатр Беларусі.

Наша сям’я мае шмат сяброў у Беларусi. Летась мы падарожнiчалi з iмi па краiне: з поўначы на поўдзень. Яркая, прыгожая наша Радзiма, сiняя i зялёная, і такая непадобная на Iарданiю!

Да нашага прыезду дзядуля заўсёды гатуе боршч, а бабуля — дранiкi. А яшчэ мы з братамі ласуемся смачнымі сыр­камi, ёгуртамi, марожаным. Я з задавальненнем удзель­нiчаю ва ўсiх мерапрыемствах, што арганiзуе наша аб’яднанне ­КААБІ: мне гэта блiзка, я быццам вяртаюся да сваiх радавых каранёў.

Аміра АЛЬ-АЛІМАТ, 
15 гадоў, Іарданія.

Памяць пра вайну не мае меж, як і любоў да Айчыны. З такіх моцных пачуццяў нарадзіўся, увайшоў у жыццё Надзеі Аль-Алімат, Аксаны Чамеза, іншых іх сябровак з Іарданіі літаратурна-патрыятычны інтэрнэт-праект. І цяпер яны разам стаяць на Варце Памяці, збіраючы галасы аднадумцаў па ўсім свеце, каб дзеці і ўнукі нашы не згубіліся для Беларусі — дзе б ні жылі.

 

Іван ЖДАНОВІЧ
Фотаздымкі з архіва Аксаны Чамеза

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий