Псіхалагічная гульня-трэнінг “Бязлюдны востраў”

- 17:15Психологическая помощь

Вольга ТУРУТА,
педагог-псіхолаг
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г.Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: фарміраванне ў дзяцей нацэленасці на агульны вынік у сумеснай працы.

Задачы: 

фарміраванне даверных узаемаадносін у калектыве;
развіццё навыкаў групавога ўзаемадзеяння;
усведамленне кожным удзельнікам сваёй ролі, функцыі ў групе.

Матэрыял: лісты паперы фармату А4, выразаныя з каляровай паперы прамавугольнікі, алоўкі (фарбы), ватман.

Час: 30–40 хвілін.

Узрост: 9–12 год.

Колькасць удзельнікаў: 3–12.

Форма правядзення: групавая.

 

Ход занятку

Псіхолаг: Добры дзень. Зараз мы як заўсёды будзем вітаць адно аднаго ўсмешкай (па крузе запускаецца імпульс у выглядзе добрай усмешкі).

Давайце ўявім, што мы трапілі на бязлюдны востраў. Каб хутчэй вярнуцца дадому, нам патрэбна выканаць некалькі заданняў.

 

Дзеці сядаюць у круг і знаёмяцца з правіламі гульні.

1. Час на падрыхтоўку задання неабмежаваны, дазваляецца ў гэты перыяд размаўляць.
2. Выконваць заданні пачынаем пасля таго, як уся група скажа: “Мы падрыхтаваны!”
3. Калі хтосьці з удзельнікаў не можа выканаць заданне альбо не хоча, група яму дапамагае.

 

Заданне 1

Псіхолаг: На востраве нас ніхто не бачыць і не чуе. Давайце разам будзем падаваць сігналы, каб нас заўважылі. Усе ўдзельнікі адказваюць на мае гукі дружным рэхам.

Напрыклад, на пляск у далоні псіхолага дзеці павінны адказаць таксама дружным пляскам (стук па стале; прытопванне адной нагой, дзвюма; пляск у далоні над галавой і г.д.).

 

Заданне 2

На падлогу псіхолаг раскладае лісты паперы. Дзеці становяцца ў пары. Кожная пара павінна стаць на ліст разам так, каб кожнаму хапіла месца.

 

Заданне 3

Псіхолаг: Давайце ўявім, што на востраве ў нас ёсць магчымасць пабудаваць хату. Якая яна? Для гэтага кожны ўдзельнік падыдзе да стала і намалюе на ватмане лінію альбо элемент хаты і яе наваколле. Тое, што намалявалі, сціраць нельга, можна толькі дамалёўваць. Кожны мае права маляваць тое, што лічыць патрэбным.

Пасля ўдзельнікі разглядаюць малюнак і адказваюць на пытанні: “Ці ўсім падабаецца хатка? Ці ўтульная яна для кожнага з вас?”

 

Заданне 4

Псіхолаг раздае каляровыя карткі, у якіх на адваротным баку прапануе адлюстраваць мімічны эталон кожнага ўдзельніка на бязлюдным востраве (радасці, суму, гневу, здзіўлення, страху). Пасля задання псіхолаг падлічвае ва ўдзельнікаў, які эталон сустракаецца часцей.

 

Заданне 5

Псіхолаг прапануе ўсім скласці агульны верш пра востраў. Калі прачыталі верш, падарожжа завяршаецца.

 

Рэфлексія

Які настрой у вас зараз?
Якую выснову вы можаце зрабіць пасля занятку?
Якое заданне было выконваць лёгка, а якое цяжка?

 

Рытуал развітання

Дзеці становяцца ў круг, паціскаюць адно аднаму рукі і дзякуюць за ўдзел у сумеснай працы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий