Цікавы, насычаны і яркі адпачынак для кожнага — так імкнуцца арганізоўваць летнюю аздараўленчую кампанію ў Клімавіцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Аздараўленне дзяцей — у ліку прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай установы. У арганізацыі летняга адпачынку навучэнцаў задзейнічаны ўвесь педагагічны калектыў. Разам мы імкнёмся прадумаць яго так, каб усе маглі знайсці сабе занятак па душы. План работы распрацоўваем з улікам непасрэдна інтарэсаў вучняў і іх бацькоў, — паведаміла дырэктар цэнтра Алена Андрушкова.
Па яе словах, гэта прыносіць чаканыя вынікі. Клімавіцкая дзятва актыўна наведвае гульнявыя пляцоўкі пры ўстанове, майстар-класы, шматлікія аб’яднанні па інтарэсах, якія ўлетку працягваюць працаваць. З энтузіязмам школьнікі прыходзяць і на патрыятычныя, забаўляльныя, музычныя, спартыўныя, інтэлектуальныя інтэрактывы, якія педагогі цэнтра два разы на тыдзень праводзяць у гарадскім парку. Тэматыка гэтых пляцовак самая разнастайная: дзеці знаёмяцца з народнымі гульнямі і танцамі, спяваюць у караоке беларускія песні, развучваюць флэш-мобы, гутараць аб важнасці захавання гістарычнай памяці, вывучаюць адметнасці сваёй малой радзімы, вялікія імёны роднага краю, набываюць экалагічныя навыкі.
Асаблівым попытам сярод навучэнцаў карыстаецца таксама аздараўленчы летнік з кругласутачным знаходжаннем “Арляня”. І гэта нядзіўна, бо агульнымі намаганнямі педагогаў цэнтра ў ім створаны спрыяльныя ўмовы не толькі для якаснага адпачынку, але і для ўсебаковага развіцця.
— Работа летніка ладзіцца па метадзе праектнай дзейнасці. Як паказала практыка, такая методыка стварае найлепшыя ўмовы для сумеснай творчасці дзяцей і педагогаў. У кожнай аздараўленчай змене рэалізуецца свой праект. Жыццё дзяцей у лагеры напоўнена мерапрыемствамі і праходзіць у форме гульні, поўнай неверагодных прыгод, — расказала Алена Васільеўна.
Улетку ў цэнтры няма адбою і ад дзяцей, якія жадаюць прайсці аздараўленне ў палатачным лагеры “Рамантык”. Іх імкненне трапіць у гэты летнік зразумелае. Ён традыцыйна размяшчаецца ў лясной зоне, непасрэдна на прыродзе. Адарванасць ад прывычнага сацыяльнага асяроддзя спрыяе развіццю дзіцячай самастойнасці, дазваляе школьнікам у поўнай меры раскрыць свае таленты і здольнасці.
Дарэчы, сёлета змены ў “Рамантыку” насілі назву “Родныя вытокі”. Праграма лагера была вельмі насычанай, але ўпор педагогі рабілі на патрыятычнае выхаванне дзяцей, іх далучэнне да культуры і гісторыі роднай краіны. Хлопцы і дзяўчаты хадзілі ў паходы па месцах баявой славы, наведвалі і добраўпарадкоўвалі помнікі воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ладзілі сумесныя гутаркі ля вогнішча з прадстаўнікамі дзяржаўных структур.
— Штогод мы стараемся ахапіць аздараўленнем і карыснай занятасцю як мага большую колькасць дзяцей. Лагер “Арляня” працуе ўсё лета. За чатыры змены ў ім адпачнуць 260 навучэнцаў. У летніку “Рамантык” ужо аздаравіліся 75 выхаванцаў. Шмат дзяцей прыходзяць на нашы пляцоўкі і заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Магчымасць ярка правесці вольны ад вучобы час нашы педагогі прадастаўляюць і тым вучням, якія па шэрагу прычын не могуць трапіць у цэнтр. Для іх арганізуюцца майстар-класы і мерапрыемствы ў фармаце анлайн. Такі падыход дазваляе зрабіць лета цікавым для кожнага дзіцяці, — падкрэсліла Алена Андрушкова.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена Клімавіцкім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі