У магістратуры хімічнага факультэта БДУ адбыўся набор на новую спецыяльнасць “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”.
Адкрыццё праграмы абумоўлена запатрабаванасцю спецыялістаў для работы на атамнай электрастанцыі і ў профільных арганізацыях.
— Рашэнне аб падрыхтоўцы па гэтай спецыяльнасці з прафілізацыяй “радыяцыйная абарона і культура ядзернай бяспекі” было прынята па выніках аналізу праграм у галіне ядзернай адукацыі, якія дзейнічаюць у краіне, і, безумоўна, з улікам падыходаў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), — патлумачыла намеснік дэкана па навуковай рабоце хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Аляксандраўна Савіцкая. — Вызначаныя падыходы да навучання прадугледжваюць, што ў краіне, дзе працуюць атамныя электрастанцыі, абавязкова павінны быць спецыялісты ў галіне культуры ядзернай бяспекі. Акрамя гэтага, прымаючы рашэнне аб адкрыцці новага кірунку, мы ўлічвалі запыты і прапановы арганізацый — заказчыкаў кадраў”.
Магістарская спецыяльнасць “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”, што адкрылася ў БДУ, першая ў краіне. Раней падрыхтоўку такіх кадраў у рамках павышэння кваліфікацыі ажыццяўляў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава.
Імі ў асноўным з’яўляюцца БелАЭС, Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, Навуковы інстытут Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства энергетыкі, а таксама прадпрыемствы, што складаюць інфраструктуру атамнай энергетыкі.
“Таксама ў краіне развіта ядзерная медыцына. Таму, думаю, праблем з размеркаваннем нашых спецыялістаў не будзе”, — канстатавала Таццяна Савіцкая.
Асаблівасцю праграмы навучання спецыялістаў па новым кірунку з’яўляецца сеткавая форма яе рэалізацыі за кошт узаемадзеяння ўніверсітэтаў-партнёраў. Для БДУ такімі з’яўляюцца Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Пры адкрыцці новай спецыяльнасці ў БДУ ўлічвалі неабходнасць міжуніверсітэцкіх камунікацый і тое, што паміж УВА краіны павінна развівацца навукова-даследчае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Неабходнасць узаемадзеяння ўстаноў вышэйшай адукацыі, дарэчы, прапісана ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі.
“Навучанне па спецыяльнасці “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” доўжыцца 1 год 8 месяцаў і будзе модульным, — расказала Таццяна Савіцкая. — За кожны модуль адказвае асобны ўніверсітэт. Гэта значыць, што для навучання па той ці іншай тэме магістранты будуць ездзіць ва УВА, што з’яўляюцца нашымі партнёрамі. Там яны пройдуць практыку і выканаюць лабараторныя работы. Такі падыход дазволіць задзейнічаць матэрыяльна-тэхнічную базу ўсіх універсітэтаў, што, безумоўна, у падрыхтоўцы спецыялістаў з’яўляецца перавагай. Акрамя гэтага, асвойваць праграму нам будзе дапамагаць Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Таксама абяцаў аказаць падтрымку Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”.
Першымі навучэнцамі новай спецыяльнасці сталі 7 магістрантаў.
“У красавіку 2024 года яны абароняць магістарскую дысертацыю, — паведаміла намеснік дэкана па навуковай рабоце хімічнага факультэта БДУ. — Дарэчы, рыхтаваць сваю работу яны змогуць у любым з універсітэтаў-партнёраў”.
У наступным годзе падаць дакументы для навучання па спецыяльнасці “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” змогуць усе жадаючыя. Для выпускнікоў профільных спецыяльнасцей прадугледжаны адзін экзамен — “Фізіка-хімічныя асновы экалогіі”. Спецыялісты гуманітарных напрамкаў, акрамя асноўнага выпрабавання, будуць здаваць дадатковы іспыт.
Наталля САХНО