Рыгор Барадулін. “Уцякала зіма ад вясны”. Урок беларускай літаратуры ў 6-м класе

- 14:44Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Алена ЛОСЬ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “ВПК Вішнеўскі яслі-сад – сярэдняя школа” Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Тэма: Рыгор Барадулін. “Уцякала зіма ад вясны”.

Мэта: плануецца, што ў канцы ўрока вучні спасцігнуць вобразы і карціны прыроды, створаныя паэтам, будуць знаходзіць у тэксце і разумець ролю мастацкіх сродкаў (эпітэт, параўнанне, метафара, увасабленне) для стварэння паэтычнага твора, “сакрэты” паэтычнага слова; змогуць стварыць яркі, эмацыянальны тэкст-сінквейн, які перадасць уражанне ад верша.

Садзейнічаць матэрыялам урока развіццю рэпрадуктыўнага і творчага ўяўлення навучэнцаў, эмацыянальнай рэакцыі ад сустрэчы з высокамастацкім творам, развіццю літаратурна-творчых здольнасцей, выхаванню назіральнасці, праз аналіз твора паўплываць на фарміраванне ўнутранага свету вучняў.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Абсталяванне: камп’ютар, праектар з мультымедыйнай устаноўкай, друкаваныя заданні, малюнак – ілюстрацыя да верша, міні-тлумачальныя слоўнікі.

 

Але вочы сляпыя, шукаць трэба сэрцам…
Антуан дэ Сент-Экзюперы

 

Ход урока

І Арганізацыйны этап

Уступнае слова настаўніка (Стварэнне сітуацыі для паспяховай працы на ўроку)

Шчыра вітаю вас, дарагія сябры. Хачу пажадаць, каб падарожжа па цудоўнай Краіне Літаратуры было цікавым, змястоўным і карысным. Поспехаў вам, атрымайце на гэтым уроку адказы на ўсе пытанні, якія будуць узнікаць у вас падчас нашай працы.

Дзеці, вы любіце чытаць казкі?

На пачатку ўрока я запрашаю вас у мудрую казку французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”.

   – На тваёй планеце, – сказаў Маленькі прынц, – людзі вырошчваюць у адным садзе пяць тысяч руж і не знаходзяць таго, што шукаюць…
   – Не знаходзяць, – пагадзіўся лётчык.
   – Але ж тое, што яны шукаюць, можна знайсці ў адной ружы, у глытку вады…
   – Так, – пагадзіўся лётчык.
   І Маленькі прынц сказаў:
   – Але вочы сляпыя, шукаць трэба сэрцам!

Што шукаюць і не заўсёды знаходзяць людзі? (Адказы вучняў).

Сярод вашых адказаў прагучала слова прыгажосць. Так, яна штодзень побач з намі. Але ці заўсёды мы яе здольны бачыць? Сёння на ўроку я прапаную вам стаць “маленькімі прынцамі” і адчуць сэрцам тое, што нябачна зроку.

 

II Аб’яўленне тэмы і мэты ўрока

Давайце зараз успомнім, які раздзел падручніка мы вывучаем?

Тэма нашага ўрока: Рыгор Барадулін “Уцякала зіма ад вясны”(запіс у сшыткі).

1) Вучням дэманструюцца дзве выявы вясны: адна – фотаздымак, другая – казачны малюнак. Паглядзіце на гэтыя дзве выявы і скажыце, што ў іх агульнага? А ў чым розніца? Якой паўстае вясна на другім малюнку? (Казачнай, такой, якой мы яе не ўбачым вачамі, а можам толькі сабе ўявіць).
2) Як вы думаеце, які малюнак мог бы стаць ілюстрацыяй да верша Рыгора Барадуліна, якім уявіў сабе аўтар надыход вясны? Нашай працай мы паспрабуем знайсці ісціну.
3) На дошцы змешчаны словы: эпітэт, параўнанне, метафара, увасабленне.

Вашы меркаванні наконт змешчаных тут слоў і чаму адно з іх выдзелена чырвоным колерам? (Дзеці прыходзяць да высновы, што яны ўжо ведаюць, што такое эпітэт, параўнанне, метафара і што ім патрэбна будзе пазнаёміцца з такім паэтычным тропам, як увасабленне).

 

III Работа па тэме ўрока

На дошцы змешчаны закрыты малюнак-ілюстрацыя да верша ў выглядзе пазла, які будзе паступова адкрывацца.

А зараз адпраўляемся ў казку, якую стварыў у сваім творы Рыгор Барадулін.

1 Знаёмства з паэтам Р. Барадуліным.

– Ці вядомы вам паэт Рыгор Барадулін?

Дэманструецца партрэт Р.Барадуліна і некалькі слоў пра аўтара.

Нарадзіўся ў 1935 годзе на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, памер у 2014 годзе. Вядомы таксама як Дзядзька Рыгор, беларускі паэт і перакладчык, народны паэт Беларусі. На вайне страціў бацьку. Таму галоўную ролю ў станаўленні як літаратара са слоў паэта адыграла маці, Акуліна Андрэеўна Барадуліна. Асабліва ярка квяцісты стыль паэта выяўляецца ў пейзажнай лірыцы, у вершах, прысвечаных прыродзе, у чым мы зараз і пераканаемся.

Наш аналіз верша пройдзе ў чатыры этапы. Добра выкананая работа на кожным этапе дасць нам права адкрыць частачку пазла, які у сваю чаргу адлюструе адказ на пытанне, якой жа паўстаюць зіма і вясна ў вершы Барадуліна з дапамогай фарбаў.

 

2 Першы этап. Знаёмства з творам.

Выразнае чытанне верша настаўнікам.

Перад чытаннем верша настаўнік ставіць дзецям пытанне:

– Якія карціны прыроды ўявіліся вам, калі вы слухалі верш “Уцякала зіма ад вясны”.(Канец зімы, з-пад снегу віднеецца зямля, з’яўляюцца пралескі, трэскаецца лёд на рацэ).

– Ці згодны вы з тым, што верш нагадвае казачную гісторыю? (Твор сапраўды нагадвае казачную гісторыю. У вершы вясна і зіма становяцца адушаўлёнымі асобамі, яны набываюць прыметы чалавечага характару, таксама і лёд, бярозы-бяглянкі, і заяц. Аўтар быццам бы расказвае казку пра тое, яе зіма не жадала пакідаць свае ўладанні, а вясна здолела яе прагнаць. Невялікі верш малюе цікавую гісторыю, якой можна прыдумаць працяг).

Паўторнае чытанне верша вучнем і зварот увагі на тое, які ж шлях зрабіла зіма, уцякаючы ад вясны.

– Перадайце сваімі словамі, які ж шлях зрабіла зіма, уцякаючы ад вясны.

– Хто ў гэтым змаганні дзвюх пор года аказаўся мацнейшым?

– Як у народзе называецца свята, калі сустракаюцца дзве пары года? (Стрэчанне або Грамніцы, адзначаецца 15 лютага).

– Якая тэма гэтага верша? (Надыход вясны).

Адкрываем 1 пазл.

 

3 Другі этап. Лінгвісты.

– На другім этапе мы паспрабуем уявіць сябе ў ролі лінгвістаў. Прачытайце яшчэ раз верш пра сябе і скажыце, якія словы, магчыма, вам не зразумелы. (Знаёмства з незразумелымі словамі праз чытанне іх лексічнага значэнняў у міні-слоўніках (дадатак 1)).

Адкрываем 2 пазл.

 

Фізхвілінка

Давайце адпачнем. Адкіньцеся на спінку стула, рукі пакладзіце на калені, заплюшчыце вочы і ўявіце сабе, што вы трапілі ў вясновы лес. Вы крочыце нетаропкім крокам. Дзесьці зусім блізка журчыць ручай. Раптам вашым вачам адкрываецца дзівоснаяе воблака з фіялетава-сініх пралесак. На фоне лесу, які яшчэ не зусім прачнуўся ад зімовага сну, яны выглядаюць сапраўдным цудам, гледзячы на якое вам хочацца ўсміхацца, радавацца… Вяртаемся назад, у наш утульны клас. Спадабалася падарожжа?

 

4 Трэці этап. Тэарэтыкі

1) А зараз ўвага на кластар (змяшчае такія паняцці, як эпітэт, параўнанне, метафара і іх тлумачэнні ў пераблытаным выглядзе). Наша з вамі задача – правільна расставіць азначэнні паняццяў. Давайце ўспомнім, што такое эпітэт, параўнанне, метафара і памяняем месцамі таблічкі.

– Якімі эпітэтамі вы бы назвалі вясну ў вершы Рыгора Барадуліна. Запішыце ў сшытак. Крыху пазней мы да іх яшчэ вернемся. (Добрая, вясёлая, ранняя, доўгачаканая, казачная)

– Якую таблічку мы не выкарысталі?(Увасабленне).

 

2) Што абазначае гэты мастацкі прыем? Увага на дошку.

Сонца спала
Мароз малюе
Бяжыць вада
Дзяўчынка спала
Мастак малюе
Бяжыць чалавек

– Паглядзіце ўважліва на дадзеныя спалучэнні слоў і скажыце, у якіх выпадках размова ідзе пра людзей, а ў якіх – пра нежывыя прадметы ці з’явы. (Вучні прыходзяць да высновы, што ў адной частцы табліцы змешчаны прыклады, у якіх дзеянні выконваюць жывыя, адушаўлёныя прадметы, а ў другой не, робяць выснову пра ўвасабленне).

– Для чаго яго выкарыстоўваюць аўтары твораў? (Каб паказаць звычайныя з’явы незвычайнымі, таямнічымі, казачнымі, каб абудзіць нашу фантазію).

 

3) Прачытайце яшчэ раз на с. 112 тэкст, выдзелены блакітным колерам.

 

4) Спрабуем разам вызначыць увасабленні (дадатак 2):

Паслухайце, вясна ідзе… (Максім Танк)

Вольная вясна радасна… усміхалася людзям (Алена Васілевіч)

Астатнія знайдзіце,  папрацаваўшы ў пары.

Яны даўно збіраліся сустрэцца –
Апошні снег і першы дождж вясны (Максім Танк).

Выйшла з халоднай пасцелі зямля,
Нібы пасля цяжкай хваробы (Якуб Колас).

А зараз праверце сябе.

Яны даўно збіраліся сустрэцца –
Апошні снег і першы дождж вясны (Максім Танк)

Выйшла з халоднай пасцелі зямля,
Нібы пасля цяжкай хваробы (Якуб Колас).

 

– А цяпер давайце вызначым, які мастацкі прыём выкарыстаў паэт пры абмалёўцы зімы і вясны? Дайце яму азначэнне.

– У доказ гэтага адзначце сярод прапанаваных прыкладаў тыя, дзе ёсць увасабленні (Уцякала зіма ад вясны; вербалозаў рагатых; брод шукаюць бярозы-бяглянкі; як дзяцей палахлівых, буслянкі; і пралескі распырскаў, раскідаў).

– Якія яшчэ ўвасабленні вы прымянілі б у дачыненні да вобраза вясны ў вершы Рыгора Барадуліна (Прыходзіць, радуе, ажывае, усміхаецца).

– У вершы яшчэ ёсць яркія вобразы, якія дапамагаюць нам уявіць казачны сюжэт твора. Давайце іх назавём.

– Ці ўявілі б мы без гэтых вобразаў вось тую карціну, якую згадалі раней: прывабную, дзівосную?

Адкрываем 3 пазл.

 

5 Чацвёрты этап. Мастакі.

1 Калі б вы былі мастакамі, што б вы намалявалі ў якасці ілюстрацыі да гэтага верша? Вусна намалюйце карціны прыроды з казачным сюжэтам, які нам апісаў Р.Барадулін.

2 Разгледзьце рэпрадукцыю карціны Віктара Каралёва “Вясна”. Параўнайцеўспрыманне прыроды паэтам і мастаком.

3 Якой паказана вясна на мастацкім палатне?

4 Што агульнага ва ўспрыманні вясны паэтам і мастаком?

Адкрываем 4 пазл.

 

IV Падагульненне

– Які вобраз вясны паўстаў перад намі? Якая выява ў нас атрымалася? (Перад намі паўстаў казачны, цудоўны, рамантычны вобраз надыходу вясны).

– З дапамогай якіх мастацкіх тропаў паэт здолеў паказаць у звычайным незвычайнае? Як вучыць нас верш бачыць навакольны свет: вачамі ці сэрцам?

– Давайце складзем сінквейн да слова вясна.

– Вясна

– Далей два прыметнікі (вазьміце з тых эпітэтаў, што пісалі раней, або прыдумайце новыя).

– Дзеясловы – гэта нашыя ўвасабленні ў дачыненні да гэтага вобраза, можна прыдумаць свае.

– Сказ (можна з верша)

– Сінонім (Прыгажуня, дзяўчына, казачніца).

Вучні складаюць сінквейны (дадатак 3) і выбарачна іх зачытваюць.

 

V Рэфлексія (у форме прытчы)

Вязуць тры чалавекі цяжкае каменне.

– Што вы робіце? – пытаюцца ў іх.

– Валаку гэтыя праклятыя камяні, – злосна выказаўся першы.

– На хлеб сабе зарабляю, – стомлена адказаў другі.

– А я хачу пабудаваць храм, – так сказаў трэці, і твар яго асвятліўся ўсмешкай.

Зараз я прапаную вам падняцца і стаць у адным з вуглоў нашага пакоя, зрабіўшы свой выбар. Калі для вас сённяшні ўрок быў цяжкай працай, якая толькі змарыла вас, то станьце ля груды камянёў. Калі вы працавалі толькі дзеля адзнакі, то выберыце грошы. А калі вы будавалі храм пад назваю Чулае сэрца, выберыце храм. Я таксама раблю свой выбар.

Шчыра рада вашаму выбару. Як цікава жыць і ўмець бачыць у звычайных з’явах штосьці незвычайнае.

 

VI Дамашняе заданне

Інструктаж.

1. Прачытаць артыкул “Пра ўвасабленне” с. 111–113.
2. Падрыхтаваць выразнае чытанне верша Рыгора Барадуліна “Уцякала зіма ад вясны” (с. 110) і знайсці ў тэксце ўвасабленні, растлумачыць іх мастацкую ролю.
3. Падрыхтаваць вусную казку на адну з прапанаваных тэм (п. 6 с. 111) або прыдумаць свой працяг да казачнай гісторыі Рыгора Барадуліна (па жаданні).

 

VII Выстаўленне і каменціраванне адзнак

 

Дадатак 1

Тлумачальны слоўнік да верша Рыгора Барадуліна “Уцякала зіма ад вясны”

Ачах – стаў меншым, слабейшым.
Блакіт – 1 Светла-сіні колер. 2 Чыстае яснае неба.
Брод –  1 Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі, возера, па якім можна перайсці, пераехаць. 2 След, пракладзены на сенажаці, на полі, каб размежаваць участкі.
Буслянка – размоўнае слова,буслава гняздо.
Затлела – 1 Гніючы, разбурацца; трухлець, парахнець. 2 Гарэць без полымя, слаба гарэць. 
Здрадзіў – парушыў вернасць каму-, чаму-н.
Каптан –  даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі.
Ламачча – 1 Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. 2 Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы.
Ніцы – які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты)

 

Дадатак 2

1. Заданне на вызначэнне ўвасабленняў

1) Паслухайце, вясна ідзе… (Максім Танк).
2) Вольная вясна радасна… усміхалася людзям. (Алена Васілевіч).
3) Яны даўно збіраліся сустрэцца –
    Апошні снег і першы дождж вясны (Максім Танк).
4) Выйшла з халоднай пасцелі зямля,
    Нібы пасля цяжкай хваробы.(Якуб Колас).

 

2. Падкрэсліце сярод прапанаваных прыкладаў увасабленні:

– уцякала зіма ад вясны;
– вербалозаў рагатых;
– брод шукаюць бярозы-бяглянкі;
– як дзяцей палахлівых, буслянкі;
– і пралескі распырскаў, раскідаў.

 

Дадатак 3

Месца для ілюстрацыі “Вясна”
Назоўнік    ВЯСНА

Прыметнік. Прыметнік ___________________________________________________________
Дзеяслоў. Дзеяслоў. Дзеяслоў____________________________________________________
Сказ _______________________________________________________________________________
Сінонім да назоўніка______________________________________________________________

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий