Інтэлектуальны капітал

- 10:32В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"
Аб рабоце з адоранымі вучнямі і тым, як рыхтуюцца да адзінага дзяржаўнага экзамену, расказаў начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама Павел Юр’евіч Трава.

— У 2022 годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучні пастаўскіх школ атрымалі 9 дыпломаў, на заключным — 2. Два алімпіяднікі ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, — адзначыў Павел Трава. — Сярод нашых пераможцаў ёсць нават уладальніца абсалютнага 1-га месца па геаграфіі — навучэнка 10 класа Пастаўскай гімназіі Лізавета Афанасьева. У чэрвені дзяўчына прымала ўдзел у VII Еўрапейскай геаграфічнай ­алімпіядзе, прайшла адбор для ўдзелу ў Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі, якая адбудзецца ў жніўні гэтага года.

— Школы Пастаўшчыны прадэманстравалі адзін з лепшых вынікаў сярод вясковых устаноў Віцебшчыны на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Павел Юр’евіч, падзяліцеся, у чым сакрэт поспеху?

— Адразу падкрэслю, алімпіяднікам можа стаць не кожны выдатнік, таму што ­ўдзел у такім руху — гэта ў некаторым ро­дзе апантанасць. Неабходны самаадда­насць і зацікаўленасць — толькі тады можна дабіцца выніку на вобласці і рэспубліцы. Ведаў, якія школьнікі атрымліваюць на ўроках і факультатывах, адназначна недастаткова. Трэба ўвесь час ­займацца дадаткова, прычым на працягу ўсяго года, а не эпізадычна. Сістэмная работа — самае галоўнае ў выхаванні інтэлектуальнай эліты. І на Віцебшчыне такая мадэль падрыхтоўкі добра адпрацавана. Мы пачынаем ахопліваць алімпіядным рухам дзяцей у пачатковай школе. Вядзём іх да сярэдняга звяна, і ў 5—8 класах вучні ўжо ўдзельнічаюць у абласных спаборніцтвах. Абавязкова праводзяцца раённыя зборы, на якіх лепшыя настаўнікі рэгіёна дзеляцца сваім вопытам. Гэта вельмі важна, калі адоранае дзіця працуе ў адной камандзе з таленавітым педагогам.

— Рызыкну выказаць здагадку, што амаль усіх настаўнікаў хвалюе наступнае пытанне: як у 2023 годзе будзе праходзіць адзіны дзяржаўны экзамен? 

— Так. Для сістэмы адукацыі гэта значнае новаўвядзенне, і да яго трэба сур’ёзна падрыхтавацца. І гаворка тут ідзе не толькі пра адукацыйны працэс. Не менш важна забяспечыць на добрым узроўні ўсе тэхнічна-арганізацыйныя моманты. Дарэчы, у Пастаўскім раёне вырашана адкрыць свой пункт тэсціравання. Хаця першапачаткова такі варыянт не быў прадугледжаны: нашым выпускнікам прапанавалі здаваць адзіны экзамен у Глыбокім. Але калі мы паглядзелі, што самая аддаленая школа знаходзіцца ад гэтага горада на адлегласці больш чым 100 кіламетраў, зразумелі: трэба шукаць іншае выйсце, бо пры такім раскладзе вучням, каб своечасова сесці за парты на іспытах, прыйдзецца вельмі рана выязджаць з дому. У выніку галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама пайшло нам насустрач і дазволіла стварыць пункт тэсціравання для выпускнікоў нашага раёна ў сярэдняй школе № 1 Паставаў. Каб арганізаваць работу больш эфектыўна, мы ўжо накіроўвалі нашых педагогаў на стажыроўку, якая прахо­дзіла ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Алімпіяднікам можа стаць не кожны выдатнік, таму што ўдзел у такім руху — гэта ў некаторым родзе апантанасць. Неабходны самаадданасць і зацікаўленасць — толькі тады можна дабіцца выніку.

Што тычыцца непасрэднай падрыхтоўкі да экзаменаў, то, безумоўна, у новым навучальным годзе будзе праводзіцца дадатковая работа з настаўнікамі, вучнямі і іх баць­камі.

— З 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дзейнічаюць у раёне, 8 размяшчаюцца ў сельскай мясцовасці. Гэта, безумоўна, накладвае свой адбітак. Якія пытанні знаходзяцца сёння ў цэнтры ўвагі?

— Для вясковых школ задача нумар адзін — прафарыентацыйная работа. Трэба зацікавіць дзяцей, каб яны заставаліся працаваць на сваёй зямлі. А для гэтага неабходна забяспечыць іх падрабязнай і нагляднай інфармацыяй, якія прафесіі яны могуць набыць, якія спецыяльнасці карыстаюцца зараз попытам. І тут вялікую ролю адыгрываюць агракласы, якія арганізаваны ў Варапаеўскай, Камайскай школах і Навасёлкаўскай школе імя А.А.Валадзько. Тут праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі гаспадарак, ладзяцца аграсуботы. Свой плён прыносіць супрацоў­ніцтва з Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Кожны год больш за 50 дзевяцікласнікаў паступа­юць у Пастаўскі дзяржаўны каледж, дзе яны ­маюць магчымасць набыць спецыяльнасць механізатара, прадаўца, слесара, кухара, сацыяльнага работніка і інш. У гэтым годзе абітурыентам прапанавалі новы кірунак — пачалі рыхта­ваць бухгалтараў. 

Асаблівасць многіх раёнаў Віцебшчыны — вялікая колькасць маленькіх населеных пунктаў, якія да таго ж знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад аднаго. ­З гэтай прычыны час ад часу ўзнікалі пытанні аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, што ў сваю чаргу прывяло да неабходнасці арганізацыі падвозу вучняў да школ, якія размешчаны ў буйных вёсках. Зараз у гэтым задзейнічаны 18 аўтобусаў — не ў кожным гарадскім аўтапарку ёсць такая колькасць адзінак тэхнікі. Умела наладзіць працэс дастаўкі навучэнцаў — гэта вялікі кавалак працы як для райвыканкама, так і для дырэктараў школ. Трэба выбудаваць лагістыку: вызначыць маршруты, месцы пасадкі, забяспечыць выкананне правіл бяспекі — дзесьці ў аўтобус са­дзяцца 1—2 вучні, дзесьці забіраюць групу дзяцей. Таксама неабходна паклапаціцца пра паліва, запчасткі, дыягностыку з рамонтам своечасова выканаць. Тым больш што некаторыя ўстановы адукацыі маюць на балансе не адзін аўтобус. Так, на абслугоўванні Камайскай сярэдняй школы знаходзяцца 4 транспартныя сродкі. Дарэчы, першы аўтобус для яе мы набылі яшчэ 12 гадоў назад. Па меры неабходнасці стараемся абнаў­ляць аўтапарк, каб школьнікі адчувалі сябе камфортна. Летась закупілі 2 аўтобусы для пастаўскай школы № 1. У хуткім часе плануем дзве машыны памяняць на новыя за кошт сродкаў абласнога бюджэту.

 

Запісала Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий