Несцерка з сябрамі ў гасцях у дзяцей. Фізкультурны вольны час з дзецьмі старшай групы (5–6 гадоў)

- 12:22Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Людміла БУЛАШ,
кіраўнік фізічнага выхавання,
ДУА “Яслі-сад № 14 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Праграмныя задачы:

– спрыяць адаптацыі функцыянальных сістэм арганізма да рознага характару і аб’ёму фізічных нагрузак;
– удасканальваць навыкі хадзьбы па кругу, бегу з ухіленнем;
– развіваць рухальную памяць, увагу, спрыт, уменне хутка арыентавацца ў наваколлі;
– далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры праз беларускую мову, народныя гульні, песні;
– выхоўваць станоўчыя ўзаемаадносіны ў часе сумеснай рухавай дзейнасці.

 Абсталяванне: лапці (на 2–3 пары менш, чым дзяцей), шапачка ката, дрэвы, дзве гімнастычныя палкі, невялікія цацкі па колькасці дзяцей, аўдыязапіс галасоў птушак.

 Героі: Несцерка, Міхасік, Кот Баюн (дарослыя), конікі – дзеці.

 

Ход гульні

Дзеці заходзяць у спартыўную залу. Гучыць беларуская народная песня “Несцерка (Музыка У.Сарокина, словы У.Мазга). У гэты момант уваходзіць Несцерка.

Несцерка: Добры дзень, шаноўныя сябры! Я – Несцерка! Я са сваімі сябрамі хаджу па вёсках і гарадах, заходжу ў школы і дзіцячыя садкі ў госці да дзяцей. Вось сёння я і мае сябры завіталі да вас. Не дзівіцеся, што я адзін, хутка мае сябры будуць тут. Мы даведаліся, што ў вашым садку жывуць вельмі дружныя дзеці, якія ведаюць шмат гульняў і любяць у іх гуляць, а таксама ўмеюць адгадваць загадкі і прыгожа танцаваць.

Паглядзіце, якая ў мяне цудоўная торбачка. У ёй вельмі шмат цікавых гульняў і загадак. Слухайце маю першую загадку:

Хто зялёнымі вачамі
Грозна бліскае начамі?
Мае пухленькія лапкі
А на лапках кіпці-драпкі,
Спінку гнутка выгінае,
Страх на мышак наганяе. (Кот)
                               
І.І.Калачова

Дзеці адгадваюць загадку і ў той момант у спартыўную залу заходзіць Кот Баюн.

Кот Баюн: Хто мяне зваў? (Адказ дзяцей). Мяне завуць Кот Баюн. Я ўмею не толькі казкі бавіць, але ведаю шмат танцаў і гульняў. Я вельмі рады, што вы мяне пазвалі. А вы танцаваць умееце? Тады запрашаю вас да мяне ў карагод.

(Карагод «Кот Мурлыка»).

Вось які мурлыка
Два вусы вялікіх.
Кіпцік, як іголка,
Хвосцік, як мяцёлка
Цэлы дзень гуляе –
Шпулькі ён ганяе.
(Рухі па тэксце. Паўтараецца 1–2 разы).

 

Кот Баюн: А цяпер я вас запрашаю пагуляць са мной.

Праводзіцца беларуская народная гульня “Шэры кот”. Пагуляўшы 1 раз, можна прапанаваць ролю ката каму-небудзь з дзяцей.

Кот Баюн: Малайцы, дзеткі! Добра гулялі, каты мышэй спрытна лавілі. Мне вельмі прыемна было з вамі сустрэцца, але пара ісці да другіх дзетак.

Гучыць беларуская народная мелодыя “Бульба”. У залу заходзіць хлопчык Міхасік.

Міхасік: Добры дзень, сябры! Мяне завуць Міхасік. Я пачуў, як у вас тут весела і вырашыў да вас завітаць. Чым вы займаецеся?

Дзеці: Мы гуляем у розныя цікавыя гульні.

Міхасік: Тады запрашаю вас пагуляць у гульню, якая называецца таксама як і я – “Міхасік”.

Гульня праводзіцца, пакуль не застанецца адзін або два ўдзельнікі.

Міхасік: Мне так спадабалася з вамі гуляць! Вы такія спрытныя! Я абавязкова яшчэ прыйду да вас з новымі гульнямі. А зараз мне пара завітаць яшчэ ў адзін садок, там мяне таксама чакаюць дзеці. Да пабачэння!

Несцерка. У маёй чароўнай торбачцы засталася яшчэ адна загадка. Слухайце:

Хаця я не машына,
Ды пракачу цябе,
Як сядзеш на мяне. (Конь)

Дзеці адгадваюць загадку. Раптам у залу забягаюць два “конікі” – пераапранутыя дзеці.

Конікі: А мы вас запрашаем пагуляць у беларускую народную гульню “Ляп, ляп, уцякай”.

Пасля гульні дзеці-конікі выходзяць з залы.

Несцерка: Паглядзіце дзеці, у маёй торбачцы ёсць некалькі цацак. Я іх прынёс, каб пагуляць з вамі ў вельмі цікавую гульню. Пакуль вы гулялі з маімі сябрамі, я шмат цацак схаваў у зале. Вам патрэбна іх усе знайсці.

Праводзіцца беларуская народная гульня “Прэла – гарэла”.

Несцерка: У маёй чароўнай торбачцы засталося яшчэ нешта вельмі цікавае. Паслухайце. (Раздаюцца галасы птушак)

Несцерка: Давайце сходзім у лес і паслухаем песні птушак (некалькі хвілін дзеці слухаюць галасы птушак.) У якую пару года можна пачуць галасы птушак? А якіх птушак вы ведаеце? (Адказы дзяцей)

Несцерка: Нешта вы засумавалі. Давайце, каб у лесе было весялей, пагуляем у гульню “Адгадай, чый галасок”.

Несцерка: Мне і маім сябрам вельмі спадабалася ў вас быць, гуляць з вамі. Вы добрыя сябры. Мы да вас абавязкова яшчэ прыйдзем. Да пабачэння, дзеці!

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий