З новымі спецыяльнасцямі і вучэбнымі дысцыплінамі

- 11:03В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сёлета 53,1 тысячы абітурыентаў плануюць прыняць у 49 устаноў вышэйшай адукацыі на I ступень, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 27,8 тысячы чалавек. Каля 3 тысяч атрымаюць вышэйшую адукацыю II ступені. Пра гэта расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Антонавіч Каспяровіч.

Ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сваю чаргу будуць залічаны 39,5 тысячы навучэнцаў, у прафтэхустановы — 26 тысяч. 

— Пачатку новага навучальнага года традыцыйна папярэднічае працаўладкаванне выпускнікоў, якое адбылося ў красавіку — маі, — адзначае Сяргей Антонавіч. — На ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі ў нас практычна 100-працэнтнае размеркаванне. За гэтымі лічбамі, перш за ўсё, сур’ёзны кантроль прыбыцця і працаўладкавання выпускнікоў, маніторынг працэсаў, звязаных з іх пераразмеркаваннем пры наяўнасці пэўных прычын, а таксама ацэнка адпаведнасці месца іх работы атрыманай спецыяльнасці.

На ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі ўстаноўлены кантрольныя лічбы прыёму. Падрыхтоўка будзе весціся па 387 спецыяльнасцях I ступені і 159 спецыяльнасцях II ступені вышэйшай адукацыі. На бюджэце на сёння засталіся незапоўненымі крыху больш за 480 месцаў у 14 установах вышэйшай адукацыі. З 5 па 7 жніўня плануецца дадатковы набор.

Новая мадэль цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі складаецца з двух блокаў вучэбных дысцыплін — абавязковага і варыятыўнага. У першым блоку прадстаўлены дысцыпліны, абавязковыя для вывучэння ўсімі студэнтамі: “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, “Філасофія” і “Сучасная палітэканомія”. У варыятыўнай частцы цыкла тры вучэбныя дысцыпліны, з якіх дзве выбіраюцца ўстановай вышэйшай адукацыі і адна — студэнтам.

Пашыраецца і пералік спецыяльнасцей, па якіх будзе весціся падрыхтоўка. У Мінскім гарадскім педагагічным каледжы і Ваўкавыскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляецца прыём па новай спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Педагагічнае суправаджэнне”. У Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы (філіял БНТУ) з’явіцца спецыяль­насць “Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя”, а ў Беларускім дзяржаўным каледжы прамысловых будаўнічых матэрыялаў (філіял БДТУ) — спецыяльнасць “Абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі”.

На ўзроўні прафтэхадукацыі ў 2022 годзе плануецца ад­крыць пад­рыхтоўку па 141 новай (для асобных устаноў) прафесіі. Ва ўстановах ПТА і ССА створаны 52 рэсурсныя цэнтры. На іх базе ўкараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне. У такіх цэнтрах навучэнцы і студэнты праходзяць практыку, выконваюць лабараторныя і практычныя работы; ажыццяўляецца падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў прадпрыемстваў адпаведнай галіны; вядзецца работа са школьнікамі; праходзяць пасяджэнні профільных абласных і рэспубліканскіх вучэбна-метадычных аб’яднанняў; арганізоўваюцца трэніроўкі і конкурсныя этапы WorldSkills. У 2020/2021 навучальным годзе ў рэсурсных цэнтрах прайшлі навучанне 25 940 чалавек.

Найважнейшы аспект — абнаўленне зместу адукацыі, развіццё практыкаарыентаванасці. Працягваецца работа па інтэграцыі ўстаноў адукацыі і выбудоўванні яшчэ больш цесных сувязей з заказчыкамі кадраў. Установы вышэйшай адукацыі ў 2021 годзе заключылі больш за 500 дагавораў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў рэальнага сектара эканомікі. На сёння дзейнічае больш за 2,5 тысячы дагавораў (без уліку дагавораў мэтавай падрыхтоўкі і дагавораў аб праходжанні практыкі).

У мінулым навучальным годзе ўстановамі вышэйшай адукацыі сумесна з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, РІВШ распрацаваны, узгоднены з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання і зацверджаны Міністэрствам адукацыі 229 адукацыйных стандартаў I і II ступеней вышэйшай адукацыі. Распрацавана і зацверджана 329 тыпавых вучэбных праграм, з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў узгоднена больш за 4,5 тысячы вучэбных праграм вучэбных дысцыплін.

На высокатэхналагічных прадпрыемствах краіны, у арганізацыях Парка высокіх тэхналогій, інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на працягу 2021 года створаны 76 новых філіялаў кафедраў устаноў вышэйшай адукацыі. Усяго ў арганізацыях эканомікі і сацыяльнай сферы функцыянавалі 1170 філіялаў кафедраў. У планах — стварыць філіялы ўніверсітэтаў на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі працуюць 82 сумесныя з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторыі (у 2021 годзе створана 6 лабараторый) і 33 адукацыйныя цэнтры вядучых сусветных кампаній. Студэнты медыцынскіх універсітэтаў прахо­дзяць навучанне на 140 клінічных кафедрах ва ўстановах аховы здароўя.

На сёння выдадзены 131 грыф Міністэрства адукацыі ў рамках падпраграмы “Вышэйшая адукацыя”, за кошт сродкаў рэс­публіканскага бюджэту выпушчана 47 вучэбных выданняў, а таксама 2 вучэбныя выданні ў рамках падпраграмы “Падрыхтоўка кадраў для ядзернай энергетыкі”.

Для фарміравання ў студэнтаў кампетэнцый і навыкаў, неабходных для вядзення вынаходніцкай, інавацыйнай, прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэння інавацыйнай прадукцыі і камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, у 12 установах вышэйшай адукацыі краіны рэалізуецца праект “Універсітэт 3.0” (з наступнага навучальнага года — і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце). З мэтай удасканалення інфраструктуры і інструментаў доступу да інфармацыйных рэсурсаў, прымянення ІКТ у адукацыйным і выхаваўчым працэсах, пашырэння дыстанцыйнай адукацыі, лічбавізацыі працэсаў кіравання ўніверсітэтам (бізнес-працэсаў) ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі рэалізуецца праект “Лічбавы ўніверсітэт”.

Рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых ажыццяўляецца ў АПА, РІПА, РІВШ, рэгіянальных ІРА, а таксама ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў ажыццяўляецца па 386 спецыяльнасцях. Актыўная работа праводзіцца па навучанні педагогаў стварэнню ўмоў для бяспечнага знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. З гэтай мэтай прыцягваюцца практыкі — прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, органаў унутраных спраў, аддзелаў дэпартамента аховы і г.д.

Надзея ЦЕРАХАВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий