Запрашае “Вернісаж”

- 16:09В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Новае пакаленне прадпрымальнае і мабільнае, але і сучасныя педагогі не адстаюць, аб чым сведчыць вялікая колькасць бізнес-кампаній, што паспяхова рэалізуюцца ў школах. 

Прыклад адной з іх — бізнес-кампанія “Вернісаж” сярэдняй школы № 3 Івацэвіч. Яе кіраўнік Ірына Мікалаеўна Худзінская расказвае:

— Адзінаццаць гадоў назад дырэктар навучальнай установы Алег Аляксеевіч Кузьмін прапанаваў: “А давайце паспрабуем арганізаваць сваю школьную бізнес-кампанію”. 

На той момант у раёне не было ніводнага падобнага праекта. Пачынаць было страшна, хаця на той момант І.М.Худзінская ўжо была дасведчаным прадпрымальнікам. 

— Сама я ўжо больш за 20 гадоў сумяшчаю работу ў школе і кіраўніцтва ўласным магазінам. Гэта сямейная справа, якая перайшла мне ў спадчыну ад баць­коў, калі яны вырашылі адысці ад спраў і адпа­чыць на пенсіі. Мама з татам з дзяцінства вучылі мяне, як расстаўляць тавары, працаваць за касай, весці ўлік фінансаў. Але калі надышоў час адкрываць школьную бізнес-кампанію, усё прыйшлося пачынаць з нуля. Мы з калегамі адчувалі сябе першапраходцамі. Было вырашана праца­ваць з выпускнымі класамі, арганізаваць факультатыў па фінансавай дасведчанасці і прыцягнуць у бізнес-кампанію навучэнцаў, якія хо­чуць атрымаць эканамічную спецыяль­насць: пазнаёміць іх з асновамі прадпрымальніцтва, сістэмай крэдытавання і падаткаабкладання. А заадно даць практычныя веды, каб у будучыні яны не баяліся пачынаць уласную справу, не пасавалі перад работай з дакументацыяй. Самым складаным для нас, напэўна, было ўпэўніць дзяцей у неабходнасці факультатыву, бо старшакласнікі мэтанакіравана падцягваюць прадметы, якія спатрэбяцца ім на ўступных іспытах, а на іншае ім часта банальна не хапае часу. Я стараюся растлумачыць патэнцыяльным “навабранцам”, што іх жыццё не будзе ўсыпана толькі ружамі. І хоць не ўсе яны будуць праца­ваць у гандлёвай сферы ці весці ўласны бізнес, але плаціць падаткі, выра­шаць кадравыя пытанні і знаёміцца з сістэмай крэдытавання аднойчы давядзецца ўсім, — расказвае Ірына Мікалаеўна. 

У “Вернісажы” засяродзіліся на выпуску паліграфіі — календароў, бэйджаў, закладак для кніг. Дзеці самі прадумваюць дызайн прадукцыі, падлічва­юць колькасць заказаў, рэкламуюць і рэалізу­юць гатовыя канцтавары сярод школьнікаў.

Спачатку школьная бізнес-кампанія наліч­вала ўсяго 5 чалавек, а зараз яна ператварылася ў паўнавартаснае аб’яднанне па інтарэсах з уласным стылем і прадукцыяй. Лекцыі навучэнцам часта чытаюць прадстаўнікі Беларусбанка, яны ж дапамагаюць ім ра­шаць алімпіядныя задачы.

— Штогод мы ўдзельнічаем у алімпіядах па фінансавай дасведчанасці, на якіх часта прапаноўваюцца інтрыгуючыя і мудрагеліс­тыя задачкі, — тлумачыць педагог. — Калі мы адчуваем патрэбу ў дапамозе, нярэдка звяртаемся да старых знаёмых, каб яны дапамаглі, напрыклад, правільна разлічыць працэнт стаўкі па крэдыце. Не так даўно ў школе праводзілася гульня «Суперпрафесіянал”, у якой прымалі ­ўдзел навучэнцы 8-х класаў. На працягу тыдня ім было прапанавана супрацоўнічаць з банкамі горада, Беларусбанкам, Белаграпрамбанкам і МТБанкам, каб падчас дзелавой гульні паўстаць у ролі іх супрацоўнікаў. Навучэнцы ахвотна ўбіралі ўсю інфармацыю і на гульні выглядалі, адчувалі і паводзілі сябе, як сапраўдныя аператары, менеджары, кансультанты і іншыя супрацоўнікі банка.

Усе, хто знаёмы з дзейнасцю школьных бізнес-кампаній, веда­юць: “пасады”, якія зай­маюць навучэнцы, звычайна ўнушаюць трапятанне адным сваім гучаннем. Прэзідэнт кампаніі, кіраўнік маркетынгавага аддзела, кіраўнік вытворчага аддзела, кіраўнік фінансавага аддзела, менеджар па продажах, праграміст, дызайнер — менавіта так выглядае арганізацыйная структура “Вернісажу”. Настаўнік тут выступае ў ролі кансультанта. Спачатку кансультантаў было тры, але з цягам часу Ірына Мікалаеўна стала адзіным “анёлам-­ахоўнікам” школьнай бізнес-кампаніі. 

Што да ўласна вытворчасці, то ў “Вернісажы” засяродзіліся на выпуску паліграфіі — календароў, бэйджаў, закладак для кніг. Дзеці самі прадумваюць дызайн прадукцыі, падлічва­юць колькасць заказаў, рэк­ламуюць і рэалізу­юць гатовыя канцтавары сярод школьнікаў.

— Асаблівым попытам у навучэнцаў і настаўнікаў карыстаюцца настольныя календары. Можна ска­заць, што яны з’яўляюцца візітоўкай нашай школьнай бізнес-кампаніі. Акрамя гэтага, мы робім закладкі для кніг рознай тэматыкі. Гэта могуць быць як закладкі інфармацыйнага характару (напрыклад, мы рабілі “шпаргалку” з нормамі правапісу па беларускай мове для вучняў малодшых класаў), так і спецзаказ. Калі настаўнікі рускай мовы збіраліся на семінар, яны папрасілі нас падрыхтаваць прыгожыя закладкі з партрэтамі і цытатамі вядомых пісьменнікаў — каб падарыць калегам з іншых школ. Часта мы размяшчаем на нашай прадукцыі фатаграфіі навучэнцаў: прайшло школьнае мерапрыемства, здымкаў шмат — трэба нешта пакінуць у памяці. І тут панесліся ідэі, фантазіі, дызайны, варыянты — такая прадукцыя заўсёды карыстаецца вялікім попытам і разыходзіцца як гарачыя піражкі, — дзеліцца Ірына Мікалаеўна. — А ў мінулым навучальным годзе “Вернісаж” асвоіў новы від вытворчасці — акрылавыя сувеніры. Гэта магніты на школьную тэматыку, напрыклад, з гербам ці фота школы, здымкамі навучэнцаў, лімітаваныя святочныя калекцыі да Дня Святога Валянціна ці Масленіцы.

Падчас работы ў бізнес-кампаніі навучэнцы на практыцы могуць упэўніцца ў справядлівасці выразу “Грошы павінны працаваць”. Амаль увесь прыбытак ідзе ў абарот, на закупку “сыравіны” для вытворчасці і пагашэнне абавязкаў па вэксалях перад крэдыторам (школьнай бібліятэкай). Навучэнцы павінны ўлічыць усё да драбніц — ад цэн на паперу да кошту электраэнергіі і платы за карыстанне ламінатарам. 

Аб тым, наколькі ўрокі Ірыны Мікалаеўны каштоўныя для школьнікаў, яна сціпла маўчыць. Аднак заўважае, што многія выпускнікі “Вернісажу” сталі прадпрымальнікамі і адкрылі свой бізнес.

— Некаторыя адкрылі барбер-шопы, інтэрнэт-магазіны, цырульні, з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Яны часта прыходзяць да мяне па параду, кансультуюцца, якія дакументы сабраць, які падатак заплаціць, куды звярнуцца. Вядома, мне прыемна, што мае ўрокі не прайшлі дарэмна, што дзеці навучыліся браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё. Я часта кажу: у жыцці заўсёды штосьці выйграеш, а штосьці губляеш. Ніколі не трэба азірацца назад — мінулага ўсё роўна не змяніць. Старайцеся вучыцца на памылках і ісці наперад.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва І.М.Худзінскай.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий