Бацька-выхавальнік у вялікай прыёмнай сям’і, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, навучэнцы якога штогод перамагаюць на рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах — прыклад Аляксандра Вавінскага стаў жыццёвым арыенцірам для некалькіх пакаленняў юных пастаўчан.
Гэтае лета ў Аляксандра Леанідавіча юбілейнае: тры дзесяцігоддзі назад ён зрабіў першыя крокі ў прафесіі пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава). А сяброўства са спортам у яго з дзяцінства. Зрэшты, гэта і прывяло выпускніка знакамітай, першай у Беларусі эксперыментальнай школы-інтэрната, што потым стала Віцебскім дзяржаўным вучылішчам алімпійскага рэзерву, да паступлення на профільны факультэт. За плячыма засталіся гады трэніровак, вучоба пад кіраўніцтвам выдатных выкладчыкаў, перамогі і ўдзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах — юнака найбольш прываблівалі лёгкая атлетыка і мнагаборства. Знаёмства з будучай жонкай таксама адбылося ў гады студэнцтва: яна вучылася ў тым жа інстытуце на настаўніцу пачатковых класаў.
— Маладымі спецыялістамі мы адправіліся ў Оршу, на маю малую радзіму, — расказвае Аляксандр. — Праз 5 гадоў пераехалі ў Паставы, адкуль родам Вольга, уладкаваліся ў школу-інтэрнат. Для жонкі гэта добра знаёмая ўстанова, бо там усё жыццё выкладаў чарчэнне і працоўнае навучанне яе бацька Яўген Мінавіч. Сам я тады сумяшчаў работу, быў метадыстам у аддзеле па адукацыі, але заўсёды мяне моцна прыцягвалі менавіта школа, дзеці. Нашы вучні і выхаванцы былі для нас не чужымі. Напэўна, таму мы праз некалькі гадоў сталі прыёмнымі бацькамі, потым на некаторы час — бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.
Разам Вольга і Аляксандр падарылі бацькоўскія любоў, клопат і ласку, перадалі жыццёвы вопыт і станоўчы ўзор сямейных адносін 17 хлопчыкам і дзяўчынкам, з якіх 9 — выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу. Сярод добрых традыцый Вавінскіх варта вылучыць развіццё дзіцячых здольнасцей і талентаў. Хтосьці любіць спяваць або маляваць, кагосьці прывабліваюць танцы ці турызм — і кожны ведае, што дарослыя яго абавязкова падтрымаюць, дапамогуць.
Яшчэ адна традыцыя, перададзеная дзецям, — здаровы лад жыцця, шчырае захапленне спортам. Дарэчы, родныя сыны гэтай сямейнай пары выбралі прафесію па прыкладзе бацькі: абодва — выпускнікі ВДУ, педагогі, трэнеры. Старэйшы, Павел, з’яўляецца намеснікам дырэктара Пастаўскага фізкультурна-аздараўленчага клуба; малодшы, Пётр, працуе па спецыяльнасці ў Віцебску. У дачкі Варвары выбар прафесійнай будучыні яшчэ наперадзе, аднак спартыўную эстафету дзяўчынка працягвае годна і ўжо вярталася з абласных спаборніцтваў у статусе пераможцы ці прызёра. У ліку яе прыярытэтаў — танцы, спартыўнае арыентаванне. Радуюць поспехамі і прыёмныя дзеці. Нават калі прывесці ў прыклад толькі самую юную змену, яна ўражвае.
— Наш Жэня летась скончыў 11 класаў, потым набыў прафесію ў каледжы і працуе. Ён уладальнік дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры і здароўі, рэспубліканскага этапу летняга і зімовага мнагаборства “Абаронца Айчыны” і “Здароўе”, — у голасе суразмоўцы адчуваюцца любоў і гордасць. — Падрастаюць 16-гадовая Саша і 12-гадовая Іра. Дзяўчаты ўжо на карандашы ў трэнераў, і невыпадкова: патэнцыял ёсць, што пацвярджаюць вынікі. Так, Саша ў сёлетнім фінале рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. У сакавіку яна заваявала дыплом І ступені на заключным этапе зімовага мнагаборства “Здароўе”, а ў маі дабавіла да яго дыплом ІІІ ступені ў фінале летняга. На рахунку Іры, якая таксама ў складзе каманды прадстаўляла вобласць на двух апошніх названых спаборніцтвах, — дыпломы ІІІ і ІІ ступеняў адпаведна. Рыхтуемся да наступнай алімпіяды, нацэлены на перамогу.
“Моцны прафесіянал, надзейны і адказны чалавек з вялікім сэрцам, добры прыклад для калег і моладзі”, — так коратка і ёміста ахарактарызавала педагога дырэктар школы.
На старт нядаўняга маштабнага “Славянскага забегу” на “Славянскім базары ў Віцебску” Вавінскія выйшлі разам: маці з бацькам, Варвара, Аляксандра і Ірына. Да іх з задавальненнем далучыліся Пётр і Яўген. Успаміны пра спартыўнае свята засталіся цудоўныя! Аляксандр Леанідавіч упэўнены: набыты ў школьны час вопыт перамог і каманднага ўзаемадзеяння, рэальны прыклад дасягнення мэты праз сістэмную, мэтанакіраваную працу ў дарослым жыцці спатрэбяцца кожнаму, прычым не толькі ў спорце, але і ва ўсіх сферах дзейнасці. Між тым у нашага героя наперадзе — 1 верасня, урокі ў сярэдняй школе № 3 райцэнтра, дзе ён настаўнічае з кастрычніка 2019 года, і, зразумела, новыя ідэі і планы, што абавязкова будуць рэалізаваны.
Як адзначыла кіраўнік установы адукацыі Вераніка Казлоўская, дзеці любяць урокі Аляксандра Вавінскага. Гэта невыпадкова, бо яны бездакорна выбудаваны з пункту погляду методыкі, адрозніваюцца паслядоўнасцю, варыятыўнасцю, на іх дэталёва прадумваюцца мэта і задачы, змест і структура, сродкі і метады работы. На яго занятках выразна прасочваецца сувязь з ведамі, якія навучэнцы атрымалі раней, а па сваёй структуры яны ўяўляюць сабой арыгінальную аўтарскую камбінацыю класічных і новых форм, тэхналогій і прыёмаў навучання. Разнастайныя, карысныя і цікавыя віды практыкаванняў настаўнік падбірае ў адпаведнасці з узростам, групай здароўя і фізічнай падрыхтоўкай навучэнцаў. Асаблівую ўвагу вучняў ён звяртае на страхоўку і самастрахоўку, фарміраванне ўмення працаваць самастойна.
Аляксандр Леанідавіч актыўна ўзаемадзейнічае з бацькамі школьнікаў, ён традыцыйна прызначаецца кіраўніком раённай каманды на спартыўных мерапрыемствах рознага ўзроўню.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара