Ад батлейкі – да паланэза. Урок па прадмеце “Чалавек і свет”. 4-ы клас  

- 11:29Методичка, Начальная школа. Сценарии

Вольга CВЯРТОКА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 26 імя А.М.Сівачова г.Гродна”

 

 

Мэта: даць уяўленне пра развіццё ў Беларусі тэатральнага мастацтва; пазнаёміць вучняў з дзеячамі XVII–XX стагоддзяў, якія пакінулі найбольш значны след у гісторыі культуры нашай краіны.

Задачы:

– паказаць, як узнік і развіваўся народны лялечны тэатр – батлейка; як тэатральнае мастацтва стала прафесійным; якую ролю ў яго станаўленні і развіцці адыгралі Сімяон Полацкі, Міхаіл Казімір Агінскі;
– паказаць уклад у развіццё музычнага мастацтва Міхаіла Клеафаса Агінскага як аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай”;
– азнаёміць вучняў з фактам уключэння беларускіх зямель у склад Расіі;
– ствараць умовы для развіцця ў вучняў цікавасці да культурнай спадчыны, якую пакінулі нам таленавітыя продкі;
– на прыкладах жыцця і дзейнасці гістарычных асоб выхоўваць у дзяцей высокія маральныя якасці, пачуццё асабістага грамадзянскага абавязку перад сваёй Радзімай і яе народам.

Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, тэатр “Батлейка”, лялькі.

Матэрыялы да ўрока: https://disk.yandex.by/d/evBj7wxOq6mG1Q

 Ход урока

І Арганізацыйны этап

Весела звініць званок.
Пачынаем наш урок.
Добры дзень. Сядайце.
Дзверы ў веды адчыняйце.

Сённяшні ўрок я бы хацела пачаць наступнымі словамі:

Народ мой вечны, як зямля,
Я – зерне ў глыбіні народа.

Як вы разумееце гэтыя словы?

Рака пачынаецца з ручаін. Дрэва мае карані. Чалавечая годнасць і вартасць нараджаюцца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з пашаны да яе спадчыны, з ведання сваёй гісторыі, з любові да матчынай мовы. Гэта самыя неабходныя ўмовы, каб людзьмі між людзей звацца.

 

ІІ Этап актуалізацыі ведаў 

Я прапаную вам успомніць славутыя імёны культурных дзеячаў нашай беларускай зямлі і наведаць “Гістарычную галерэю. Асветнікі зямлі беларускай”. Назваць імёны, якімі мы ганарымся, якія ведае ўвесь свет, нам дапаможа храналёт (папяровы самалёт з падказкамі). Вучань, які зловіць храналёт, называе імя дзеяча і расказвае пра яго.

1. Выдатны беларускі першадрукар і асветнік. (Францыск Скарына.)
2. Прадаўжальнік справы Скарыны. Друкар і вучоны. Заснавальнік друкарні ў Нясвіжы. (Сымон Будны.)
3. За красамоўства гэтую асобу сучаснікі называлі Златавустам. (Кірыла Тураўскі.)
4. Князёўна-манашка, па волі якой пабудавана царква, што сёння называецца Спаса-Ефрасіннеўскай. (Ефрасіння Полацкая.)

Звесткі пра асветнікаў.

1. Францыск Скарына – беларускі першадрукар і асветнік. Нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Вільні і Кракаве, закончыў універсітэт у італьянскім горадзе Пáдуі, атрымаў вучоную ступень доктара медыцыны. У 1517 годзе ў Чэхіі ў горадзе Прага Скарына надрукаваў першую кнігу – “Біблію”. Потым у Вільні ён заснаваў першую друкарню. Ён выдаваў свае кнігі для небагатых людзей.
У Італіі ў зале “Сарака” сярод знакамістасцей усяго свету змешчаны партрэт нашага земляка.

2. Сымон Будны – прадаўжальнік справы Скарыны, друкар і вучоны. Ён вучыўся ў Кракаве. Сымон Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы. У 1562 годзе выйшла яго кніга “Катэхізіс”. Сёння ў Нясвіжы побач з былой друкарняй стаіць помнік Сымону Буднаму.

3. Кірыла Тураўскі нарадзіўся ў Тураве. Каб замаліць людскія грахі, Кірыла Тураўскі стаў пустэльнікам. Ён добраахвотна зачыніўся ў высокай драўлянай вежы на беразе Прыпяці. Доўгія месяцы туды яму насілі толькі ваду і хлеб. У гэты час Кірыла Тураўскі напісаў малітвы, якія вядомы і цяпер.
За красамоўства сучаснікі называлі яго Златавустам.

4. Ефрасіння Полацкая заснавала жаночы і мужчынскі манастыры. Яна збірала вакол сябе таленавітых людзей. Па яе заказу полацкі дойлід Іаан пабудаваў Спаса-Ефрасінеўскую царкву, а ювелір Лазар Богша стварыў крыж – бясцэнную святыню беларусаў. У канцы свайго жыцця Ефрасіння Полацкая здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім. Там яна і памерла. Яе пахавалі ў Пячэрскай Лаўры, у Кіеве. Дзень памяці Ефрасінні Полацкай штогод адзначаецца на Беларусі 5 чэрвеня.

 

А зараз адгадайце, аб чым пойдзе гаворка на нашым уроку. Хто ведае, падымае руку. Слова маім памочнікам.

1) Іх шмат у вялікіх гарадах.
2) Яны бываюць малыя і вялікія.
3) Для таго, каб туды трапіць, трэба купіць білет.
4) Пасля наведвання застаецца вельмі шмат добрых уражанняў.
5) У кожным з іх ёсць гардэроб, буфет, сцэна.
6) Яны бываюць музычныя, драматычныя, оперныя і лялечныя.

 

Правільна, сёння гаворка пойдзе пра тэатр. Хто з вас ужо быў у тэатры? Што вам там спадабалася? А што ж такое тэатр?

Сёння на ўроку мы пагутарым пра вялікае і прыгожае ў жыцці людзей – тэатр і музыку. “Ад батлейкі – да паланэза” – так гучыць тэма ўрока.

Давайце вызначым задачы сённяшняга ўрока.

Мы даведаемся, як узнік і развіваўся народны лялечны тэатр – батлейка, высветлім, якія гістарычныя дзеячы Беларусі ўнеслі значны ўклад у развіццё тэатральнага і музычнага мастацтва.

На працягу ўрока запоўнім інтэлект-карту.

Такі выгляд будзе мець інтэлект-карта ў канцы ўрока

І я прапаную правесці міні-конкурс на самае цікавае пытанне па тэме ўрока. Толькі сваё пытанне вы агучыце ў канцы ўрока. Вас чакае прыемны сюрпрыз.

 

ІІІ Інфармацыйна-пошукавы этап

Але, каб наша падарожжа ў гісторыю было больш цікавым, мы наведаем незвычайны музей. Нам не трэба нікуды ехаць, ён знаходзіцца ў нашым класе, у нас нават ёсць свае экскурсаводы, якія нам раскажуць шмат цікавага і пазнавальнага. Скажыце, а вы ведаеце, як трэба сябе паводзіць у музеі?

У касе нам далі ўваходныя білеты. Прачытайце назву музея. Музей “Гісторыі тэатра”. На білеце супрацоўнікі музея змясцілі слоўнік. Звернемся да яго.

Слоўнік

Батле́йка – народны лялечны тэатр.
Батлеечнік – артыст, які ўдзельнічаў у батлеечных спектаклях.
Аўчы́на – вырабленая авечая скура.
Паланэ́з – 1) урачысты бальны танец, які вядзе пачатак ад польскага народнага танца; 2) музыка гэтага танца.

Зараз мы знаходзімся ў першай зале нашага музея “З чаго ўсё пачыналася?”.

 

Відэа № 1

Экскурсавод 1. Беларускі народны тэатр батлейка з’яўляецца адным са старажытных відаў беларускага мастацтва. Батлейка ўзнікла ў XVI стагоддзі. Назва батлейкі паходзіць ад горада Віфлеем, дзе, згодна біблейскай легендзе, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Як жа выглядала батлейка?
На тэрыторыі Беларусі самай распаўсюджанай была двух’ярусная батлейка з простымі дэкарацыямі. Сустракаліся батлейкі, якія нагадвалі царкву. Але часцей батлейкі былі падобныя на шафу з дзвярыма ў выглядзе хаткі ці царквы з дахам, на якім быў купал з крыжам. Батлейка мела гарызантальныя ярус-сцэны, кожная з якой мела прастору для ваджэння лялек.

Відэа № 2

Падрабязней, як выглядала батлейка, нам раскажа другі экскурсавод у наступнай зале.

Экскурсавод 2. Афармленню батлейкі надавалася вялікае значэнне. Батлейка ўпрыгожвалася каляровай паперай, геаметрычнымі фігурамі з саломы, паперы, разьбой і вышыўкай. Сама батлеечная скрыня выраблялася з фанеры. Перакладзіна ўстаўлялася ў адпаведныя адтуліны бакавых рам. Яна служыла для ўмацавання шырмы з матэрыялу. Затым устаўляліся полачкі, якія служылі верхнім і ніжнім ярусамі.
Батлеечнік знаходзіўся за скрынкай, вадзіў лялькі, гаварыў тэкст, падбіраючы голас персанажа. Батлеечнік звычайна быў таленавітым артыстам–самародкам. Іншы раз яму дапамагалі музыканты. Яны ігралі на дудках, цымбалах, скрыпках, бубнах, гармоніках.

Экскурсавод 3. Лялькі вырабляліся з дрэва, у асноўным з ліпы і вярбы, тканіны, каляровай паперы. Валасы, бровы і вусы рабілі з лёну і аўчыны. Вопратку для лялек шылі з тканіны. Пры вырабе лялек неабходна было вытрымліваць пэўныя памеры, прымаючы да ўвагі памеры скрыні. Таму лялька павінна была быць не больш за 28 сантыметраў, а ў сярэднім была 23 сантыметраў. Але існавалі і вялікія памеры лялек–да 35 сантыметраў. Гэта звычайна рабілася тады, калі батлеечнік хацеў падкрэсліць адмоўныя рысы персанажа. Такога памеру была, напрыклад, лялька Сатана.

Экскурсавод 4. У ролі галоўных герояў выступалі Цар Ірад (сімвал злосці), Чорт, Анёл, Баба, Мужык, Каза, Мядзведзь. Заўсёды з сімпатыяй успрымаўся гледачамі вобраз працавітага селяніна. А вось тых, каго ніколі не шанавалі ў народзе, – гультая, злодзея, хітрага гандляра – заўсёды высмейвалі. Перад выступленнем батлеечнік адчыняў дзверцы чароўнай скрынкі – хаткі, і праз шчыліны, зробленыя ў яе падлозе на кожным паверсе, вадзіў на кіёчках лялек. Ён жа гаварыў за герояў рознымі галасамі, спяваў батлеечныя песні. А іншы раз яму дапамагалі музыканты. Часта батлеечнік быў бачны з-за батлейкі, але гледачоў гэта не засмучала.
Жылі гэтыя спектаклі доўга, іграліся па некалькі разоў. Захаваліся іх назвы: “Мацей і доктар”, “Антон з казой і Антоніха”, “Вольскі – купец польскі”.
Батлеечнікі вандравалі па ўсёй краіне. Іх сустракалі як самых дарагіх гасцей. Асабліва радаваліся дзеці. Бо ў лялечным тэатры было шмат таямнічага і непаўторнага.

 

Дзеці, а жадаеце ўбачыць батлейку зараз? Для вас – сюрпрыз. Адкажыце, калі ласка, ці можна нам самім стварыць лялечны тэатр – батлейку? А што для гэтага патрэбна? А як сябе трэба паводзіць у час прагляду спектакля?

 

Явление волхвов

1 Волхв:     
Мы звездочеты, мы провидцы,
Мы в тайны все посвящены.
Идем Младенцу поклониться
Мы каждый из своей страны.

2 Волхв:     
По гласу Божьего веленья
Ведет нас яркая Звезда
Через пустыни и селенья,
Через леса и города.

3 Волхв:      
Прозреньем движимы во всем,       
Дары Младенцу мы несем.

1 Волхв:     
Он – Царь Царей и, значит, надо
Нести Ему в подарок злато.
И вот оно горит, как жар,
Богомладенцу первый дар!

2 Волхв:           
А я несу совсем иное –
Благоухающий сосуд. 
Тут смирна. Смирну и алоэ
При погребенье возлиют.
Увы! Я знаю наперед –
Спаситель за людей умрет.
Но посрамятся ложь и злоба,
И Он воскреснет ото гроба.

3 Волхв:
Он – Божество, и оттого

Несу я ладан для Него.
Ведь ладан жгут во славу Бога,
Он – ароматная смола…

1 Волхв
Мы идем к Тебе с волненьем,
С радостью на сердце:
Поспешим же поклониться
Дивному Младенцу!

Які тып лялек выкарыстоўвалі дзеці у час спектакля? (шпянёвы тып лялек)

 

Праца ў парах

Праверым, якімі ўважлівымі вы былі. Можна падглядваць у інтэлект-карту на дошцы.

Злучыце стрэлкамі словы з левага слупка са словамі з правага слупка.

батлеечнікі               Анёл, Баба, Мужык
лялькі                        рухалі лялькі, вымаўлялі словы
станоўчыя героі      вырабляліся з дрэва, тканіны, каляровай паперы
адмоўныя героі       гралі на музычных інструментах
музы́кі                        Гультай, Злодзей

Праверка.

Адпраўляемся ў залу “Музычныя інструменты”.

 

Праца ў групах

А вось на якіх музычных інструментах ігралі старадаўнія музыкі? Перад вамі картка. Паспрабуйце па знешнім абліччы і са свайго вопыту здагадацца, якія музычныя інструменты з’яўляюцца звычайнымі народнымі на Беларусі. Няправільныя варыянты закрэсліце. Каму цяжка – звярніцеся да падказкі.

Праверка.

 

 “Так ці не?” (на лістах самаацэнкі вучні пазначаюць + або –; адзін вучань працуе каля дошкі).

– Народны лялечны тэатр, або батлейка, з’явіўся ў 16 ст. (Так)
– Выступленне батлеечнікаў заўсёды суправаджалася музыкай. (Не)
– Батлеечнікі паказвалі сцэны з народнага жыцця. (Так)
– Лялькі для батлейкі вырабляліся толькі з тканіны. (Не)
– Батлеечнікі вандравалі па ўсёй краіне. (Так)
– Самы распаўсюджаны тып лялек у батлейцы – шпянёвы. (Так)
– Батлеечнікі праслаўлялі ў сваіх сцэнках хітрых, фанабэрыстых людзей. (Не)

– Каго высмейвалі батлеечнікі ў сцэнках?
– Хто ім супрацьпастаўляўся?

Самаправерка: вучні падлічваюць колькасць правільных адказаў і пазначаюць колькасць балаў на лістах самаацэнкі.

 

Фізкультхвілінка.

 Адпраўляемся далей.

Старажытны беларускі горад Полацк даў свету яшчэ аднаго славутага чалавека. Праслаўлены ў вяках палачанін, асоба натхняючая і загадкавая, паэт, асветнік, педагог, прапаведнік – Сімяон Полацкі.

Дзеці, а чаму пра Сімяона Полацкага кажуць “праслаўлены ў вяках палачанін”. Спадзяюся, вы зможаце адказаць на гэтае пытанне, прачытаўшы інфармацыю ў падручніку на старонцы 92–93.

 

Дадатковыя звесткі пра Сімяона Полацкага. Нарадзіўся славуты палачанін у 1629 годзе. 5 ліпеня 1656 г. у Полацк прыязджае рускі цар Аляксей Міхайлавіч. Перад царом выступаюць дзеці школьнага тэатра пад кіраўніцтвам Сімяона. Цар заўважае маладога таленавітага настаўніка і запрашае яго ў Маскву. У 1664 г. С.Полацкі пераязджае ў Маскву. Ён афіцыйна прызначаецца выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей: царэвічаў Аляксея, Сімяона, Фёдара, царэўны Соф’і.
За ўсімі будзённымі клопатамі Сімяон не забывае свайго вышэйшага прызначэння – пісаць вершы.
Сімяона Полацкага па праву можна назваць і заснавальнікам тэатра. Па просьбе царыцы Наталлі Кірылаўны ён напісаў некалькі п’ес на біблейскія сюжэты. Для свайго тэатра Сімяон выбіраў акцёраў сам. Спачатку ў тэатры было 26 акцёраў. Амаль усе яны былі беларусы па паходжанні і жылі ў Маскве. Але вельмі хутка трупа прыдворнага “Крамлёўскага” тэатра павялічылася да 60 чалавек. З “Крамлёўскага” і пачаўся рускі прафесійны тэатр.
Сімяон Полацкі стварыў праект першай вышэйшай навучальнай установы ў Маскве – Акадэміі. Паводле гэтага праекта царэўна Соф’я пазней адкрые Славяна-грэка-лацінскую акадэмію.
Сімяон Полацкі ў 1679 г адкрывае асабістую друкарню ў Маскве. Першай кнігай, выдадзенай у гэтай друкарні, быў “Буквар”.
Як асоба духоўная Сімяон Полацкі займаўся стварэннем пропаведзяў. Усе яны аб’яднаны ў зборнікі “Абед душэўны” і “Вячэра душэўная”.
Летам 1680 г. Сімяон вельмі сур’ёзна захварэў. Ён нават не прысутнічаў на вянчанні цара Фёдара з Агаф’яй Грушэцкай. Хаця ўсе ўжо прывыклі, што на ўрачыстасцях, прысвечаных самым значным падзеям у жыцці царскай сям’і, першым каля цара садзіўся не вяльможны баярын, а сціплы палачанін у манаскім адзенні.
25 жніўня 1680 г. Сімяон Полацкі памёр. За сваё жыццё ён сабраў вялікую па тых часах бібліятэку. Паводле завяшчэння асветніка яго бібліятэка павінна была быць падзелена паміж трыма манастырамі: Маскоўскім, Кіеўскімі і Полацкім. Гэта была апошняя даніна Радзіме. Сімяон хацеў, каб у Полацку пры брацкай школе Богаяўленскага манастыра была навуковая бібліятэка.
У 1980 годзе імя Сімяона Полацкага па рашэнні ЮНЕСКА было ўнесена ў каляндар міжнародных дат славутых дзеячаў славянскай культуры.
25 сакавіка 1994 г. у Полацку адкрыўся музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.

 

Сімяон Полацкі. Хто ён?

На дошцы:

П, э, т, а.                                   паэт
П, г, г, о,е, д, а.                         педагог
А, в, е, с, к, т, і, к.                     асветнік
П, п, в, д, н, к, і, р, а, а, д.        прапаведнік

       

З цягам часу на тэрыторыі Беларусі з’явіўся сапраўдны тэатр. Адным з самых прыгожых і велічных тэатраў быў тэатр у горадзе Слоніме, які арганізаваў і пабудаваў буйны палітычны дзеяч, шчодры мецэнат, пісьменнік, жывапісец, кампазітар і музыкант Міхал Казімір Агінскі. Акрамя таго, Агінскі адкрыў школу “Дэпартамент балетных дзяцей”, дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных.

Экскурсавод знаёміць з дадатковай інфармацыяй:

У 1780 г. быў узведзены тэатр “Новы дом оперы”. Тэатр пабудавалі з цэглы. Гэта быў масіўны прамавугольны будынак з вялікай глыбокай сцэнай. Тэатр меў вялікія двухстворкавыя дзверы, праз якія глядач трапляў у партэр, а ў залы ў абодва бакі ішлі драўляныя сходы да лож. Найбольш прывабнай была цэнтральная ложа, упрыгожаная арнаментальным бардзюрам. Кожная ложа мела паркетную падлогу і невялікі камін. Вялікую цікавасць выклікала сцэна, якая дзялілася ўпоперак: пярэдняя прызначалася для артыстаў, а задняя на выпадак неабходнасці паказу караблёў. Па сапраўднай вадзе лодкі выплывалі на сцэну. Вада падступала па трубах, пракладзеных да самай сцэны. Калі неабходны быў паказ якой-небудзь бойкі, гэта частка сцэны закрывалася дошкамі. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказваць гледачам і два фантаны, якія пачыналі біць на сцэне і асвятляцца бенгальскімі агнямі. Акрамя таго, часта мяняліся дэкарацыі.
У тэатры працаваў выдатны аркестр. У нотнай кладоўцы захоўваліся ўсе выдатныя творы опернага мастацтва 18 ст. Колькасць іх уражвае: 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і звыш 460 іншых музычных твораў.

На дошцы:

Міхаіл Казімір Агінскі

палітычны дзеяч
мецэнат
пісьменнік
жывапісец
кампазітар
музыкант

 

Пляменнік Міхала Казіміра Агінскага – Міхал Клеафас Агінскі – аўтар знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”. У 1802 годзе М.К.Агінскі жыў у мястэчку Залессе, што каля Смаргоні. Пасля падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1822 годзе Агінскі вырашыў пакінуць свой дом і свой край. У гэты час і нарадзіўся сусветна вядомы твор.

Гучыць паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Каму прысвячае твор аўтар? (Радзіме)
Паланез напоўнены смуткам і трывогай. Чаму? (Аўтар развітваецца з Радзімай)
Што адчуваў аўтар, складаючы музыку?
Якія вобразы ўяўляліся вам?

У сядзібе зараз арганізаваны музей роду Агінскіх, дзе адбываецца каля 100 экскурсій у год. Наведвальнікі могуць бачыць вокны і сцены будынка, дзе жылі Агінскія, пабыць у капліцы, пабудаванай дзядзькам Агінскага, прайсці берагам рэчкі і сцяжынкамі парка, дзе крочыў знакаміты чалавек. І млын, і подпіс на камні, прысвечаны настаўніку Жану Ралею, і камень жаданняў нас на хвіліны перанясуць у прошлы век.
Аб чым сведчыць наступны факт? Доўгі час у Слоніме паланэз выконваў ролю гімна. Кожны дзень у 6 гадзін раніцы гарадскі музыка падымаўся на пажарную вежу, адчыняў усе вокны, браў у рукі трубу – і па ваколіцах горада лілася чаруючая музыка, спачатку на ўсход, затым на поўдзень, поўнач і ўсход, затым на поўдзень, поўнач і захад… Пад яе задушэўныя гукі пачынаўся ў людзей новы працоўны дзень. (Сведчыць аб вялікай папулярнасці гэтай музыкі.)
Музыка Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцці, так і пасля смерці кампазітара. Яго паланэзы распачыналі тагачасныя баляванні, вялікімі тыражамі выдаваліся ў Вене, Мілане, Празе, Берліне, Пецярбургу. А для нас яго творы робяцца сімвалам той далёкай і незабыўнай эпохі.

 

Дайце характарыстыку Міхаілу Клеафасу Агінскаму, як гістарычнай асобе.

На дошцы:

Міхал Клеафас Агінскі
літаратар
гісторык
фінансіст
дыпламат
палітык
кампазітар

 

IV Кантрольна-рэфлексійны этап

Тэставыя пытанні і заданні

1. Суаднясі словы з левага і правага слупкоў.

батлейка                                 музычны твор
паланэз                                   народны лялечны тэатр

2. Суаднясі імёны з характарыстыкамі асоб.

Сімяон Полацкі                      стваральнік тэатра ў Слоніме.
Міхаіл Казімір Агінскі          манах-настаўнік.
Міхаіл Клеафас Агінскі         аўтар паланэза “Развітанне з Радзімай”.

3. Запоўні крыжаванку.

1. Памяшканне, у якім выступаюць музыканты, спевакі, танцоры.
2. Вандроўны лялечны тэатр.
3. Выканаўцы роляў у батлейцы.

4. Адзнач знакам “+” праўдзівыя выказванні.

  Батлейка – гэта народны лялечны тэатр.

Ο  Для паказаў батлейкі будавалі вялікую сцэну.
Ο  Галоўныя героі батлейкі – лялькі.
Ο  Галоўнымі героямі батлейкі былі толькі розныя звяры.
Ο  Батлеечнікі вандравалі па ўсёй краіне.
Ο  У спектаклях батлейкі бралі ўдзел музыканты.
Ο  Людзям не падабалася батлейка, таму артыстаў часта не пускалі ў гарады.

5. Адзнач знакам “+” справы, якімі праславіўся Сімяон Полацкі.

Ο  Стварыў у Полацку школьны тэатр.
Ο  Быў настаўнікам царскіх дзяцей.
Ο  Надрукаваў першую беларускую кнігу – “Біблію”.
Ο  Склаў “Буквар” для навучання дзяцей.
Ο  Стварыў пры двары рускага цара тэатр.

 

V Выстаўленне і каменціраванне адзнак

Вось і скончылася наша падарожжа ў музей. Давайце звернемся да задач, якія мы ставілі ў пачатку ўрока.

Традыцыі батлеечнага тэатра выкарыстоўваюцца і сёння ў прафесійным сцэнічным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, у пастаноўках лялечных тэатраў. Ды і само батлеечныя мастацтва набывае новае жыццё ва ўсё большай колькасці новых батлеечныя тэатраў.

У Мінску каля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ёсць скульптура Леаніда Зільбера “Батлейка”.

 

VI Дапоўніце сказы

Я адчуў…
Я захацеў…
Я даведаўся…
Я навучыўся…
Я здзівіўся…
Я задумаўся…

 

VII Дамашняе заданне

“Рэжысёры” – прачытаць тэкст падручніка і скласці крыжаванку.
“Акцёры” – прачытаць тэкст падручніка і падрыхтаваць пераказ.
“Суфлёры” – прачытаць тэкст падручніка, адказаць на пытанні.

 

Прыйшоў час агучыць сваё самае цікавае пытанне. Пераможца атрымлівае сертыфікат, які дазваляе ўладальніку на наступным уроку павысіць сваю адзнаку на 1 бал.

Дзякуй за працу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий