Быць на перадавой педагагічнай практыкі для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Жлобіна Наталіі Смарцэлавай — норма жыцця. Інакш і працаваць нецікава, і развівацца няма куды, што ў педагогіцы абсалютна непрымальна.
За 25 гадоў працы гэта стала аксіёмай для маёй гераіні.
Каб атрымліваць асалоду ад работы, Наталія Дзмітрыеўна ўвесь час рухаецца наперад. У мінулым навучальным годзе яна стала настаўнікам-метадыстам, а ў пазамінулым — фіналісткай рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020”. Насамрэч, дзве гэтыя падзеі звязаны, бо атрымаць катэгорыю “настаўнік-метадыст” было вырашана якраз пасля конкурсу. Мне ж здаецца, што гэта быў лагічны працяг метадычнага ўдасканалення настаўніцы.
За час падрыхтоўкі да здачы кваліфікацыйнага экзамену Наталія Дзмітрыеўна сістэматызавала свае напрацоўкі, ды так плённа, што да друку былі падрыхтаваны дзве вучэбныя кнігі па тэматычным кантролі. Абагульнены вопыт прысвечаны фарміраванню камунікатыўных якасцей навучэнцаў праз вывучэнне марфалогіі ў 6 і 7 класах (на ўроках беларускай мовы).
“Чаму марфалогія? Пры падрыхтоўцы вучняў да ЦТ я зразумела, што часціны мовы патрабуюць асаблівай увагі. І найперш у 6—7 класах, бо гэты ўзроставы перыяд школьнікаў характарызуецца невысокай матывацыяй да навучання. У 8 класе ўжо становіцца зразумела, што мы не можам рухацца далей, бо западаюць веды, якія павінны быць засвоены менавіта ў гэты час. Плённая падрыхтоўка да здачы тэсціравання (ды і ўвогуле добрая падрыхтоўка па прадмеце) грунтуецца на глыбокіх ведах. А каб вучням было цікава вывучаць такую няпростую марфалогію, я вырашыла напоўніць сваю работу з імі арыгінальнымі формамі і тэхналогіямі навучання.
Акрамя таго, у абавязковы спіс для выканання дабавіла работу па фарміраванні камунікатыўных уменняў (адна з важных задач, якая абазначана ў вучэбнай праграме па беларускай мове). Багаты лексічны запас патрэбен абсалютна кожнаму вучню”, — адзначыла Наталія Дзмітрыеўна.
У выніку метадычная скарбонка педагога папоўнілася аўтарскімі знаходкамі, якімі настаўніца ахвотна дзеліцца са сваімі калегамі падчас шматлікіх майстар-класаў. Як прызналася мая суразмоўніца, яна фанатка чытання. Для яе дзень не дзень, калі не прачытана старонка-другая. Чытацкі запал стаў крыніцай натхнення для падрыхтоўкі дапаможнікаў, прысвечаных тэматычнаму кантролю. Яны пабудаваны на ўрыўках з кніг беларускіх аўтараў, якія рэкамендаваны вучням 6 і 7 класаў для дадатковага чытання.
“Гэта тыя творы, якія і па лексіцы, і па праблематыцы падыходзяць для гэтага ўзросту: першае каханне, узаемаадносіны паміж падлеткамі, фантастычныя, дэтэктыўныя гісторыі (напрыклад, аповесць “Шчарбаты талер” А.Федарэнкі). Такім чынам, абапіраючыся на літаратуру, склала ўсе заданні для тэматычнага кантролю. Працаваць было вельмі цікава”, — заўважыла настаўніца.
Трэба адзначыць, што і лета для Наталіі Дзмітрыеўны праходзіць прадукцыйна. Яна прыняла ўдзел у Гомельскім абласным фестывалі “Педагагічныя надзеі — 2022”, які праходзіў на базе ГАІРА, працуе над тэматычным кантролем для 8 класа. У новым навучальным годзе яна якраз будзе вучыць васьмікласнікаў.
У кожнага прыёму свая мэта
Па меркаванні педагога, выбар вучэбнага прыёму напрамую залежыць ад вучэбнай мэты, якую ставіць перад сабой настаўнік. Разам з тым Наталія Дзмітрыеўна заўсёды імкнецца падбіраць такія заданні, якія былі б пад сілу кожнаму вучню. Завоблачных заданняў ніколі не дае, але сочыць, каб яны адпавядалі пастаўленым мэтам, у прыватнасці выконвалі камунікатыўную задачу.
“Для прыкладу раскажу пра з’яўленне аднаго прыёму, які натхніў на стварэнне цікавага задання. Звярнула ўвагу, што калі сіноптыкі аб’яўляюць надвор’е, то гавораць пра ўзроўні небяспекі: жоўты, чырвоны, зялёны, аранжавы. Вырашыла дакладна разабрацца, што стаіць за кожным з гэтых узроўняў. Пагугліла і знайшла каляровую і зразумелую інфаграфіку. Яна мне настолькі спадабалася, што я задумалася над яе выкарыстаннем у сваёй рабоце. Праз некаторы час зразумела, што ідэю гэтай інфаграфікі можна выкарыстоўваць падчас перакладу тэкстаў. Дзеці падчас перакладу дапускаюць розныя памылкі: лексічныя, граматычныя, пунктуацыйныя. Усе магчымыя памылкі я класіфікавала па “ўзроўнях небяспекі”. У адпаведнасці з гэтымі ўзроўнямі словы пазначаюцца рознакаляровымі алоўкамі.
Напрыклад, у рускамоўным тэксце сустракаем слова “платье”. Вучні шукаюць яго ў перакладным слоўніку. Знаходзяць пераклад — сукенка. Але ж у прапанаваным тэксце яно згадваецца як элемент мужчынскага адзення, з чаго вынікае, што перакладаць “платье” як “сукенка” нельга. Значыць, гэтае важнае слова пазначаецца чырвоным колерам, бо патрабуе асаблівай увагі. Яшчэ прыклад: выраз “пойти в лес за грибами” перакладаецца як “пайсці ў лес па грыбы” і мае ўжо аранжавы ўзровень небяспекі. Беларускамоўны назоўнік “адзенне” і яго рускі адпаведнік “одежда” рознага роду, таму мы іх адносім да жоўтага ўзроўню небяспекі. Атрымліваецца каляровы тэкст, які фарміруе пільнасць. Цяперашнія дзеці — візуалы, таму колеры спрыяюць запамінанню. Да таго ж пераклад — не самы любімы від вучэбнай дзейнасці ў школьнікаў, а з дапамогай гульні з колерамі яны куды лепш успрымаюць такую дзейнасць і адзнакі атрымліваюць высокія”, — падзялілася настаўніца.
Дарэчы, каляровую ідэю ўзроўняў небяспекі можна прымяняць і на ўроках матэматыкі, пазначаючы такім чынам задачы. Гэта на адным з майстар-класаў Наталіі Дзмітрыеўны прапанавалі яе калегі.
Сёння тэма візуалізацыі ў вучэбным працэсе вельмі актуальная, таму папулярнасць яе ў педагагічных колах увесь час пашыраецца. Гэта бачна і па афармленні прадметных модуляў на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе. Наталія Смарцэлава таксама прымала ўдзел у напаўненні гэтага рэсурсу — стварала модулі па беларускай літаратуры для 8 класа. У выкананні настаўніцы ўсе яны былі з адпаведным візуальным радам: педагог падбірала мастацкія карціны для твораў, ілюстравала вершаваныя строфы, стварала заданні, дзе трэба суаднесці прадмет з літаратурным героем.
Але ж самы любімы від дзейнасці Наталіі Дзмітрыеўны — работа з інтэлект-картамі на ўроках літаратуры. Яе вучні яшчэ ў 5 класе купляюць альбомы для малявання, дзе ствараюць свае інтэлект-карты. У кабінеце ёсць вялікая скрыня з каляровымі алоўкамі, таму ўсе малююць з вялікім задавальненнем. Вучні растуць, і разам з імі расце ўзровень інтэлект-карт. На ўроках мовы пры ўвядзенні новага вучэбнага матэрыялу, праверцы яго разумення педагог таксама арганізуе работу па трансфармацыі тэксту правіла ў табліцу, схему (кластар), стварае пашпарт моўнай з’явы ці інтэлект-карту.
Уменне ствараць інтэлект-карты ператвараецца ў такія жыццёва неабходныя навыкі, як, напрыклад, накрыць святочны стол, сабраць чамадан, арганізаваць свята. Выпускнікі штогод дзякуюць настаўніцы за такое ўменне і доўга памятаюць яе цікавыя і неардынарныя ўрокі. А паспяховы ўрок, па меркаванні Наталіі Дзмітрыеўны, той, які пакідае вучняў з пытаннямі, якія матывуюць да далейшага руху наперад. Такія ж пытанні ўвесь час узнікаюць і ў паспяховага настаўніка. Яны яго таксама матывуюць на далейшае развіццё. Вось такая педагагічная і метадычная дынаміка.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА