Жнівень — час актыўнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Найперш настаўнікі вывучаюць дакументацыю.
Змяненні ў праграмах
Адным з асноўных дакументаў, які рэгламентуе дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з’яўляецца вучэбны план. Менавіта ў ім вызначаны прадметы, якія павінны вывучацца ў кожным класе, колькасць гадзін на іх вывучэнне, а таксама дапушчальная нагрузка на навучэнца.
У новым навучальным годзе настаўнікі будуць працаваць са змененым тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі. З 2022/2023 навучальнага года ў 10-х і 11-х класах на паўгадзіны павялічваецца колькасць гадзін у тыдзень на вывучэнне такіх прадметаў, як “Беларуская мова” і “Руская мова”. У выніку з новага навучальнага года на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10-х і 11-х класах на базавым узроўні будзе адведзена 53 гадзіны ў год замест 35. Акрамя таго, на адну гадзіну паменшыцца колькасць гадзін у тыдзень на вывучэнне замежнай мовы ў 10-х і 11-х класах.
“Варта адзначыць, што ў сувязі з павелічэннем колькасці гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10-х і 11-х класах ніякага пашырэння тэарэтычнага матэрыялу не будзе. У настаўнікаў з’явіцца магчымасць больш увагі ўдзяліць паўтарэнню і замацаванню вывучаных правіл, удасканаленню камунікатыўных, арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў вучняў, развіццю культуры вуснай і пісьмовай мовы.
Тут жа хачу падкрэсліць, што ў вучэбныя праграмы для 10—11-х класаў па замежнай мове ў сувязі са скарачэннем колькасці гадзін таксама ўнесены змяненні і дапаўненні: скарочаны аб’ём прадукцыйнага (актыўнага) і рэцэптыўнага (пасіўнага) лексічнага мінімуму; выключаны асобныя камунікатыўныя задачы; перанесены граматычны матэрыял з раздзела “Граматычны матэрыял для прадукцыйнага засваення” ў раздзел “Граматычны матэрыял для рэцэптыўнага засваення”, — патлумачыла дырэктар НІА Валянціна Гінчук.
Яшчэ адна навіна: у сувязі з уступленнем у дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі ў вучэбныя праграмы па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве ўнесены змяненні, якія прадугледжваюць вывучэнне змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Змяненні закранаюць і вучэбную праграму па геаграфіі для 6-х, 7-х, 11-х класаў, дзе скарочана колькасць геаграфічнай наменклатуры, абавязковай для вывучэння. У вучэбную праграму па дапрызыўнай падрыхтоўцы дабаўлены нарматывы, якія павінны выконвацца навучэнцамі.
Унікальныя матэрыялы
Да пачатку навучальнага года будуць падрыхтаваны і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў крымінальнага расследавання аб генацыдзе беларускага народа, прадастаўленыя Генпракуратурай. Унікальныя матэрыялы рэкамендаваны да выкарыстання пры вывучэнні розных вучэбных прадметаў, не толькі гісторыі, але і беларускай і рускай літаратуры, мастацтва.
У 4 класе ў вучэбную праграму “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” дабавілася пытанне “Трагедыя беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны”. Вучэбныя праграмы па гісторыі Беларусі ў 9-х і 11-х класах дапоўнены пытаннямі аб захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, будзе вывучацца закон Беларусі “Аб генацыдзе беларускага народа”.
“З 1 верасня 2022/2023 навучальнага года навучэнцы 9 класа будуць вывучаць вучэбны модуль “Вялікая Айчынная вайна”, які ўключае раздзел “Другая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа” па прадмеце “Сусветная гісторыя”. У модуль таксама ўвайшоў раздзел “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў” па прадмеце “Гісторыя Беларусі”.
Падкрэслю, што вучэбныя праграмы кропкава ўдасканальваюцца з улікам заўваг і прапаноў, якія паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі ад педагогаў. Напрыклад, удакладняюцца асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці, тэматыка кантрольных работ, пераразмяркоўваюцца гадзіны на вывучэнне тэм, скарачаецца колькасць асноўных паняццяў, абавязковых для вывучэння”, — паведаміла Валянціна Васільеўна.
Нормы ацэнкі
Што тычыцца нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў у новым навучальным годзе, то тут захаваліся агульныя прынцыпы: 10-бальная сістэма і пяць узроўняў вучэбнай дзейнасці.
У 1-х і 2-х класах па ўсіх прадметах, а таксама ў 3—4-х класах па вучэбных прадметах “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”, “Працоўнае навучанне”, “Фізічная культура і здароўе”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, як і раней, будзе ажыццяўляцца на зместава-ацэначнай аснове без выкарыстання адзнакі ў балах.
З 2022/2023 навучальнага года станоўчымі будуць лічыцца адзнакі ад 3 да 10 балаў, нездавальняючымі — адзнакі 1 і 2 балы.
Па вучэбных прадметах “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” (5 клас), “Мастацтва (Айчынная і сусветная мастацкая культура)” (5—9 класы) атэстацыя ажыццяўляецца з выкарыстаннем адзнак “залічана”, “не залічана”.
З 2022/2023 навучальнага года станоўчымі будуць лічыцца адзнакі ад 3 да 10 балаў, нездавальняючымі — адзнакі 1 і 2 балы.
“Абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў адрозніваюцца ад тых, што дзейнічалі. Яны прадугледжваюць ацэнку не толькі прадметных адукацыйных вынікаў (ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці), але і метапрадметных адукацыйных вынікаў (напрыклад, уменняў крытычна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, пісьменна інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць яе, інтэграваць веды з розных прадметных галін для вырашэння практычных задач).
Атрыманне нездавальняючай адзнакі азначае, што вучань не засвоіў вучэбны матэрыял. Навучэнец, які атрымаў 1 або 2 балы па прадмеце па выніках навучальнага года, будзе атрымліваць заданне на лета. У жніўні бягучага навучальнага года па раскладзе, зацверджаным кіраўніком установы адукацыі, ён павінен будзе прайсці атэстацыю па гэтым прадмеце. У выпадку, калі не будзе атрымана станоўчая адзнака і ў жніўні, то навучэнец застанецца на паўторны год навучання”, — патлумачыла дырэктар НІА.
Наяўнасць гадавых нездавальняючых адзнак у 9-х і 11-х класах можа ўплываць на допуск да выпускных экзаменаў. Да выпускных экзаменаў у гэтых класах будуць дапускацца навучэнцы, якія маюць станоўчыя гадавыя адзнакі па ўсіх вучэбных прадметах. “Пры гэтым да выпускных экзаменаў могуць быць дапушчаны навучэнцы, якія маюць не больш як дзве нездавальняючыя адзнакі па вучэбных прадметах, па якіх не праводзяцца выпускныя экзамены. Але атэстацыю па выніках года па гэтых двух прадметах яны будуць праходзіць у жніўні. Той, хто атрымае нездавальняючую адзнаку на выпускным экзамене, зможа здаць яго паўторна ў жніўні”, — сказала Валянціна Гінчук.
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ