Вітаміны для лялькі Машы. Канспект занятку для выхаванцаў малодшага дашкольнага ўзросту

- 17:43Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Марыя СТОМА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслi-сад № 152 г. Гомеля”

 

 

 

Адукацыйная галіна: “Выяўленчае мастацтва. Маляванне”.

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні пра прасцейшыя правілы здароўезберагальных паводзін;
– фарміраваць уменні выконваць правілы бесканфліктных паводзін;
– фарміраваць уяўленні пра спосабы малявання прадметаў (садавіна);
– фарміраваць уменні выбіраць па сваім жаданні матэрыялы, тэхнікі малявання (маляванне пячаткамі садавіны);
– фарміраваць уменні адрозніваць і аналізаваць спосабы малявання прадметаў, спосабы перадачы колеру;
– развіваць эмацыянальна пазітыўнае стаўленне да працэсу і выніку малявання;
– выхоўваць устойлівую цікавасць да малявання, жаданне адлюстроўваць уяўленні пра навакольны свет і стаўленне да яго даступнымі выразнымі сродкамі.

Матэрыялы і абсталяванне: лялька Маша; бляшанка вітамінаў; два абручы; малюнкі з выявай саду і агарода; карцінкі садавіны і гародніны; фанцікі ад цукерак; выявы карысных і шкодных прадуктаў; выява вясёлага і сумнага зубоў; “цудоўны мяшочак”, у якім знаходзяцца муляжы садавіны: лімона, апельсіна, яблыка, банана, грушы і інш.; паднос; папера з намаляванай фруктоўніцай на кожнага дзіцяці; кавалачкі садавіны (лімон, апельсін, яблык, груша); сподачкі з гуашшу жоўтага, зялёнага, аранжавага колераў; сурвэткі.

Метады і прыёмы:

– аглядныя – паказ спосабу дзеяння;
– слоўныя – гутарка, пытанні, чытанне вершаў;
– практычныя – праблемныя і гульнявыя сітуацыі, аналіз вынікаў дзейнасці.

Спосабы арганізацыі: франтальны, індывідуальны.

Папярэдняя работа: завучванне вершаў пра вітаміны, дыдактычныя гульні “Шкодныя і карысныя прадукты”, “Цудоўны мяшочак”, “Раскладзі па абручах”, гутаркі па тэмах “Садавіна і гародніна”, “Выхаванне культурна-гігіенічных навыкаў”, “Часткі цела”, “Шкодныя і карысныя прадукты”, пальчыкавая гімнастыка “Мы дзялілі апельсін”, карагодная гульня “Грушка”.

 

Ход занятку

І этап – уводны (арганізацыйны)

 

Прывітанне (франтальная форма работы)

Мэта: стварэнне добразычлівай атмасферы, арганізацыя дзяцей, матывацыя на будучую дзейнасць.

Выхавальнiк: Добрай раніцы, хлопчыкі і дзяўчынкі! Да нас сёння прыйшлі госці. Што мы павінны з вамі сказаць? (Адказы дзяцей: Прывітанне!)

– Давайце з вамі станем у кола і павітаемся: “Прывітанне, носік!”, “Прывітанне вочкі!”, “Прывітанне, вушкі”, “Прывітанне, ножкі”, “Прывітанне, дзеткі!” (Дзеці выконваюць усе дзеянні разам са мной, паўтараючы словы.)

 

ІІ этап – асноўны

 

Сюрпрызны момант “З’яўленне лялькі Машы з бляшаначкай вітамінаў” (франтальная форма работы)

Мэта: прыцягнуць увагу; выклікаць пазнаваўчую цікавасць да маючай адбыцца дзейнасці.

Стук у дзверы. З’яўляецца лялька з бляшаначкай вітамінаў у руках у дрэнным настроі.

Выхавальнiк: Дзеці, давайце павітаемся з лялькай Машай. (Адказы дзяцей: Прывітанне!)

Лялька Маша: Прывітанне, дзеці, сёння я прыйшла да вас не проста ў госці, у мяне баліць жывот. Вось я і прынесла з сабой вітамінкі. Давайце разам будзем іх есці, каб не хварэць.

Выхавальнiк: Дзеці, а хіба можна браць без дарослых вітаміны і лекі? (Адказы дзяцей: Нельга! Прымаць таблеткі можна толькі па прызначэнні ўрача, калі іх даюць бацькі, таму што можна атруціцца і трапіць у бальніцу.)

– Безумоўна, нельга. Малайцы! Давайце мы раскажам нашай ляльцы, якія Вітаміны можна есці!

Чытанне вершаў пра вітаміны (індывідуальная форма работы)

Мэта: актывізацыя моўнай дзейнасцi дзяцей.

1-е дзіця:   

Ужываю не з таблетак
Вітаміны кожны дзень –
Гародніну і садавіну
Есці смачна і не лень!

2-е дзіця:    

Кажа мама мне заўсёды:
Яны хаваюцца ўсюды.
Гародніна і садавіна –
Вось дзе ёсць усе вітаміны.

3-е дзіця:    

З’ясі яблык і слівы,
Лімон, апельсіны –
У садавіне і ягадах
Ёсць вітаміны.

4-е дзіця:    

Ведаюць дарослыя і дзеці:
Шмат садавіны ёсць на свеце!
Яблыкі і апельсіны,
Слівы і мандарыны,
І бананы, і гранаты
Вітамінамі багатыя!

5-е дзіця:    

Ад прастуды і ангіны
Дапамагаюць апельсіны,
Ну а лепш есці лімон,
Хоць і вельмі кіслы ён.

6-е дзіця:   

Каб быць моцным і спрытным,
Здаровым, вясёлым,
Не варта есці чыпсы
І піць Кока-Колу.

7-е дзіця:    

Каб расці і развівацца,
Трэба правільна харчавацца.
Усухамятку не цягаць,
Вітаміны спажываць!

 

Гульнявое практыкаванне “Раскладзі па абручах” (франтальная форма работы)

Мэта: актывізацыя мыслення дзяцей.

Выхавальнiк: Дзеці, а вы ведаеце, чым адрозніваецца садавіна і гародніна? (Адказы дзяцей: Так. Садавіна расце ў садзе, а гародніна расце ў агародзе.)

– Правільна, малайцы. Паглядзіце, якія карцінкі з выявай гародніны і садавіны ў мяне ёсць. Але пакуль я іх несла ў дзіцячы садок, яны пераблыталіся. Дапаможаце мне іх правільна раскласці? (Адказы дзяцей: Так. Дапаможам.)

– Зараз я вам прапаноўваю раскласці карцінкі з выявай гародніны і садавіны па абручах. Паглядзіце, у адзін абруч вы будзеце складаць карцінкі “Што расце ў садзе?”, у другі – “Што расце ў агародзе?”.

 

Гутарка “Шкодныя і карысныя прадукты”. (франтальная форма работы)

Мэта: замацаванне ўяўленняў дзяцей пра шкодную і карысную ежу.

Выхавальнiк: Маша, а чаму ў цябе баліць жывот?

Лялька МашаЯ не ведаю.

Выхавальнiк: Дзеці, а я, мусіць, ведаю, чаму… Паглядзіце, што гэта ў лялькі ў кішэні? (Адказы дзяцей: Фанцікі ад цукерак.)

Выхавальнiк: Маша, а ты акрамя цукерак што-небудзь любіш?

Лялька Маша: Не. Кашу мама заўсёды дае гарачую, малако не смачнае, суп не хочу, а салаты не люблю. Вось цукеркі – іншая справа! Заўсёды смачна, да і ў кішэні заўсёды змяшчаюцца.

Выхавальнiк: Дзеці, а ці можна есці толькі цукеркі? (Адказы дзяцей: Нельга.)

– Што адбудзецца, калі мы будзем есці толькі цукеркі? (Адказы дзяцей: У нас забаляць зубы, жывот, захварэем, трэба будзе ісці да доктара.)

– Што трэба есці, каб нам не захварэць? (Адказы дзяцей: Садавіну, гародніну, мяса, малако, яйкі. У гэтых прадуктах шмат вітамінаў.)

– А цукеркі можна есці? (Можна. Толькі трошкі.)

 

Дыдактычная гульня “Шкодныя і карысныя прадукты” (франтальная форма работы)

Мэта: фарміраванне ўяўленняў дзяцей пра прасцейшыя правілы здароўезберагальных паводзін, развіццё пазнавальнай і эмацыянальнай сферы.

Выхавальнiк: Давайце ляльцы Машы пакажам, якія прадукты шкодныя, а якія карысныя. Вось тут знаходзяцца карцінкі з выявай шкоднай і карыснай ежы, а таксама два зубікі – сумны і ўсмешлівы. Карысныя прадукты мы будзем складаць да ўсмешлівага зуба, таму што ў гэтай ежы ёсць вітаміны, а шкодныя – да сумнага, таму што ад шкоднай ежы зубы баляць.

Праблемная сітуацыя “У лялькі няма карыснай ежы” (франтальная форма работы)

Мэта: актывізацыя моўнай дзейнасці і мыслення дзяцей.

Лялька Маша: Дзеці, а што гэта мне рабіць? Жывот у мяне баліць, вітамінкі ў бляшанцы без догляду дарослых есці нельга, а карыснай ежы ў мяне няма з сабой. (Адказы дзяцей: Мы можам пачаставаць ляльку, намаляваць ёй вітаміны.)

Выхавальнiк: Так, малайцы! Але, каб даведацца, якія вітаміны мы будзем маляваць, нам спатрэбіцца наш “Цудоўны мяшочак”.

 

Дыдактычная гульня “Цудоўны мяшочак” (франтальная форма работы)

Мэта: удасканальванне тактыльных адчуванняў дзяцей, замацаванне ўмення пазнаваць навобмацак муляжы садавіны, называць іх.

Ход гульні: У мяшочку знаходзяцца муляжы садавіны, напрыклад, лімона, апельсіна, яблыка, банана, грушы і іншых.

Выхавальнiк прапаноўвае дзецям даведацца, што знаходзіцца ў “цудоўным мяшочку”. Дзеці павінны дастаць нейкую садавіну і апісаць яе па схеме. Я даю ўзор апісання садавіны:

– У мяне апельсін, ён круглы, шурпаты, аранжавы.

Калі дзеці не могуць адказаць, ім задаюцца навадныя пытанні: якой формы? Якога колеру? Якая навобмацак?

Дзеці складаюць усю садавіну на паднос.

 

Пальчыкавая гімнастыка “Апельсін” (франтальная форма работы)

Мэта: развіццё дробнай маторыкі, каардынацыі рухаў пальцаў рук.

Выхавальнiк: Давайце сядзем за сталы і пагуляем з нашымі пальчыкамі. Сціснем кулачок і ўявім сабе, што гэта апельсін які, мы падзелім на ўсіх.

Мы дзялілі апельсін,
Шмат нас, а ён адзін.                 (Круцім кулачок.)
Гэтая дзелька для качанят,
Гэтая дзелька для кацянят,
Гэтая дзелька для Чыжа,
Гэтая дзелька для Стрыжа,
Гэтая дзелька для кабана,        (Пры называнні птушак і                                                                   жывёл разгінаем пальчыкі.)
А для ваўка засталася лупіна      (Трасём кісцямі.)
Воўк злуецца, разбягайся хто куды!   (Дзеці злучаюць кісці рук у                                                     выглядзе пашчы ваўка і рыкаюць).

 

Маляванне (індывідуальная форма работы.)

Мэта: фарміраванне ўмення выкарыстоўваць тэхніку малявання адбіткам садавіны.

Выхавальнiк: Дзеці, я зноў недзе згубіла нашы пэндзлікі. Сёння мы з вамі намалюем садавіну… Садавінай! Паглядзіце, на сталах у вас ляжаць на сподачках кавалачкі садавіны. Паглядзіце, як мы будзем маляваць. Спачатку мы возьмем кавалачак садавiны, у каго які ляжыць на сподачку. Потым мы яго акунаем у сподачак з фарбай. Пасля гэтага прыціскаем некалькі разоў сваю садавіну да ліста з намаляванай талеркай. І ў нас атрымаецца шмат садавіны…

Выхавальнiк: Пакуль высыхае наша садавіна, давайце крышачку з вамі пагуляем.

 

Карагодная гульня “Грушка” (франтальная форма работы)

Мэта: развіццё каардынацыi, арыентацыi ў прасторы, развіццё ўмення супастаўляць словы з рухамі.

Дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога становіцца дзіця – гэта будзе грушка. Усе ходзяць вакол грушкі па крузе:

Мы пасадзім грушку – усе, усе!
Няхай наша грушка расце, расце!
Вырастай ты, грушка, вось такой вышыні;
Вырастай ты, грушка, вось такой шырыні;
Вырастай ты, грушка, вырастай у добры час!
Патанчы, Марыйка (або іншае імя дзіцяці), пакруціся ты для нас!
А мы гэту грушку ўсе шчыпаць будзем.
Ад нашай Марыйкі ўцякаць будзем!

 

ІІІ этап – заключны

 

Рэфлексія

Мэта: аналіз вынікаў дзейнасці, развіццё маўлення і мыслення выхаванцаў.

Выхавальнiк: Дзеці, паглядзіце, які цудоўны пачастунак у нас атрымаўся, як шмат садавіны, у якой ёсць вітаміны, мы намалявалі для нашай Машы. Давайце нагадаем Машы, што трэба рабіць, каб не захварэць, каб не балеў наш жывоцік і нашы зубкі. (Адказы дзяцей.)

– Вам спадабалася сёння маляваць? Чым мы малявалі пачастункі? Як гэта ўсё называецца адным словам? (Адказы дзяцей.)

Лялька Маша: Дзеці, дзякуй вам за такі цудоўны карысны пачастунак! Мне вельмі падабаецца! Я таксама хочу вас пачаставаць, толькі цукеркамі! Вы ўсе сёння былі малайцы! Да пабачэння! (Адказы дзяцей: Да пабачэння!)

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий