У Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава ствараюць адукацыйны вэб-праект “PROмузыку”.
А курыруе яго намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла намеснік кіраўніка абласнога інавацыйнага рэсурснага цэнтра Наталля Дзмітрыеўна Алісеева.
— Гэта інавацыйны прадукт, над якім працуюць нашы выхаванцы. Ён уяўляе сабой серыю відэаролікаў, прысвечаных розным музычным інструментам і юным талентам, якія на іх іграюць, — адзначае кіраўнік.
У рамках рэсурснага цэнтра гімназіі-каледжа мастацтваў падчас рэалізацыі апошняга праекта “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці ва ўстановах адукацыі” навучэнцы сумесна з педагогамі паспяхова арганізоўвалі і праводзілі мерапрыемствы. Калі праект завяршыўся, выкладчыкі з вучнямі вырашылі канвертаваць назапашаны вопыт і паспрабаваць трансліраваць яго на больш шырокую аўдыторыю. Так і ўзнікла ідэя стварэння інтэрнэт-прадукту “PROмузыку”.
— У роліках дзеці расказваюць пра музыку, музычныя інструменты, свае заняткі, дасягненні і планы на будучыню. У нас склалася асноўная каманда праекта: Паліна Сініца, Ксенія Жураўлёва, Дар’я Лінок і Валерыя Скачкова. Навучэнцы самі пісалі сцэнарый, бралі інтэрв’ю ва ўдзельнікаў перадачы, рэдагавалі, здымалі і манціравалі. Першы выпуск “Фартэпіяна” быў прымеркаваны да Міжнароднага дня піяніста і выйшаў 8 лістапада 2020 года. Ролік меў вялікі рэзананс у педагогаў і вучняў, яго з задавальненнем паглядзелі бацькі выхаванцаў і калегі-музыканты з іншых навучальных устаноў. Удзел у здымках стаў ганаровым, бо запрашаліся самыя таленавітыя вучні,
якія дасягнулі пэўных поспехаў на музычнай ніве, — расказвае Наталля Дзмітрыеўна.
У 2021 годзе навучэнцы, якія працавалі над праектам, скончылі гімназію-каледж, і на змену ім прыйшлі першакурснікі, якія ўзяліся за працяг праграмы.
Вучні гімназіі-каледжа мастацтваў не толькі здымаюць ролікі, але і актыўна дзеляцца сваім вопытам па іх стварэнні. Летась на адкрытым абласным пасяджэнні школы event-менеджменту для педагогаў-арганізатараў устаноў адукацыі Магілёўскай вобласці Паліна Сініца расказала аб сваёй рабоце рэжысёра і мантажора, запланаваных здымках, цікавых пастановачных знаходках і адказала на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства.
— У новую каманду ўваходзяць Ларыса Філіпчанка, Марыя Болсун, Лізавета Туз, Уладзіслаў Вавілаў і нязменная вядучая Валерыя Скачкова. Яны па-свойму паглядзелі на праект, унеслі цікавыя ідэі, але асноўная канцэпцыя праграмы засталася ранейшай. За час работы над праектам выйшла шэсць выпускаў: “Фартэпіяна”, “Скрыпка”, “Габой”, “Гітара”, “Акардэон”, “Цымбалы”. Усе яны размешчаны на YouTube-канале гімназіі-каледжа. Дарэчы, на падыходзе сёмы выпуск “Кларнет”, — дзеліцца навіной педагог.
У студзені гэтага года ролікамі “PROмузыку” зацікавілася абласное тэлебачанне. І каманда вучняў, якая працуе над ім, паўдзельнічала ў праграме “Нетыпавы праект: не толькі музыка”. Дзеці расказалі пра здымачную каманду, свае ролі ў стварэнні вэб-прадукту і пра галоўную справу ў іх жыцці — музыку.
— У нас вучацца творчыя дзеці, якія шмат ведаюць і ўмеюць у галіне музычнага мастацтва, а ў сферы інфармацыйных тэхналогій даўно абышлі настаўнікаў. Мая задача толькі накіроўваць і падказваць. Я ўпэўнена ў іх музычных густах, і мне самой заўсёды цікава бачыць канчатковы вынік. Падабаецца іх смеласць і творчая свабода. Яны самі прапануюць ідэі будучых праграм, знаходзяцца ў пошуку нестандартных пастановачных рашэнняў. Так, у выпуску пра скрыпку задзейнічалі цікавае асвятленне, а расказваючы пра цымбалы, уключылі выступленне балерыны. Працуючы над праектам, дзеці даведаюцца шмат новага і вучацца ўзаемадзейнічаць у камандзе. Яны вельмі патрабавальныя да сябе і да канчатковага творчага прадукту, таму часам работа працягваецца значна даўжэй, чым планавалася, але вынік таго варты, — расказвае Наталля Дзмітрыеўна.
Галасы каманды
Вучаніцы расказалі, як ідзе працэс падрыхтоўкі выпуску “PROмузыку”.
— Гэты праект створаны для розных узростаў, бо тэма нашай работы — музыка, якая з’яўляецца адзінай мовай для ўсіх людзей. Асноўная ідэя — аповед аб шматграннасці музыкі праз лёгкі фармат. У наш час найбольш даступнай і простай лічыцца інфармацыя, перададзеная праз відэа і фота, таму інтэрнэт-пляцоўка вельмі прыдатнае месца. У працэсе работы над ролікамі мы робім вялікую колькасць дубляў, каб выбраць найлепшы варыянт, таму што музыка патрабуе дакладнасці і акуратнасці. А яшчэ цікавы момант — інтэрв’ю, бо гэта жывыя зносіны, сапраўдныя эмоцыі і думкі, — тлумачыць другакурсніца навучэнка па спецыяльнасці “Інструменты народнага аркестра” (баян) Ларыса Філіпчанка.
Дзяўчына выбрала для сябе ролю сцэнарыста і цалкам задаволена гэтым.
— Працуючы над сцэнарыем, мы паглыбляемся ў асобны свет кожнага інструмента. Не менш займальнай з’яўляецца і сама здымка. Для нас кожны выпуск — гэта нешта новае і пакуль не да канца акрэсленае. Напрыклад, мы даведаліся, што ад становішча пятлічкі (верх або ніз), мяняецца ўспрыманне гуку. Яшчэ святло дапамагае прыглушаць магчымыя дэфекты самога інструмента. А тонкасці ў рабоце з маленькімі акцёрамі складаюць велізарную цікавасць для сумеснай дзейнасці. Дарэчы, размеркаванне абавязкаў — самая простая частка для ўдзельнікаў каманды. У нас кожны займаецца тым, што яму бліжэй. У планах ёсць і новыя ідэі, але пакуль няма магчымасцей іх увасобіць. Напрыклад, у адным з выпускаў мы спрабавалі новы фармат — бліцапытанне прахожых на вуліцы. Гэта быў цікавы вопыт, але ідэя не займела працягу, таму што патрабуе большага тэхнічнага забеспячэння, — дзеліцца вучаніца.
— Сёння інтэрнэт з’яўляецца вядучай платформай для творчасці. У вэб-прасторы ёсць шанс, што нашу працу заўважаць і, магчыма, нават ацэняць. Але мы працуем не для высокай ацэнкі, а для зацікаўленых людзей. Думка аб тым, што для кагосьці гэта будзе карысна, прымушае нас удасканальвацца, — расказвае Ларыса.
Спецыяльна распаўсюджваць відэаролікі “PROмузыку” вучні не хочуць, бо лічаць, што для многіх гэтая тэма не актуальная.
— Ідэя вэб-праекта — у музычнай адукацыі і развіцці самых розных людзей. Такі фармат відэаролікаў цікавы пэўнай публіцы, ён утрымлівае ў сабе важную інфармацыю аб інструменце: гістарычныя факты, інтэрв’ю з музыкантамі і жывое выкананне твораў. Усё пачынаецца з выбару інструмента, затым мы пішам сцэнарый, пасля абмяркоўваем яго з кіраўніком, і калі першы крок ухваляецца, пачынаецца падрыхтоўка да здымкі, выбар лакацый, падбор музыкі, падрыхтоўка абсталявання. Складаней за ўсё знаходзіць лакацыі, таму што выбранае месца часта не глядзіцца ў кадры. Наша задача — расказаць гледачам не толькі аб інструментах, але і аб творчых калектывах, аркестрах, ансамблях. А інтэрнэт — неад’емная частка жыцця практычна кожнага чалавека. Таму менавіта там лягчэй за ўсё пра гэта расказваць. Апошні ролік, над якім мы працавалі, заняў шмат часу і сіл. Для яго мы выбралі духавы інструмент з багатай гісторыяй — кларнет. У працэсе мантажу заўважылі, што здымка была некарэктнай, таму прыйшлося пераздымаць палову матэрыялу. Вельмі доўга выбіралі лакацыю і настройвалі гук пад інструмент. Таксама рэдагавалі тэкст некалькі разоў, часам прама падчас відэаздымкі. У будучыні хочацца вывесці наша дзецішча на больш высокі ўзровень. А пакуль працуем над якасцю відэаролікаў. Першыя гледачы і верныя фанаты ўжо ёсць. Гэта нашы родныя. Яны праглядаюць выпускі, часам нават падкідваюць свежыя ідэі, — гаворыць другакурсніца навучэнка па спецыяльнасці “Аркестравыя струнна-смычковыя інструменты” (скрыпка) Марыя Болсун.
Настасся ЧАРКАНАВА