Любоў БАЛУЕВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Магілёва”
Абсталяванне:
— ілюстрацыя да п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”;
— рубель;
— дзве карткі з напісанымі на іх вялікімі літарамі: КНУАПГАРЛУАК;
— торбачка;
— акрайчык хлеба, кавалак сала, апалонік;
— чорная скрыня, гонг, секундамер;
— тры сігнальныя званочкі (адзін – вядучаму, два – для гульцоў).
Літаратурны брэйн-рынг праводзіцца з вучнямі старшых класаў.
У гульні прымаюць удзел дзве каманды па шэсць чалавек. Вядучы прадстаўляе членаў каманды, якія займаюць свае месцы за рознымі сталамі. Пажадана, каб кожны меў паперу і ручку. Адказваць першай мае права тая каманда, якая хутчэй званочкам падасць сігнал. За кожны правільны адказ налічваецца адзін бал. На абдумванне адказаў даецца адна хвіліна.
Бліц-пытанне – гэта тры пытанні, кожнае з якіх абмяркоўваецца 20 секундаў (адзін бал за кожны правільны адказ або адзін бал за тры правільныя адказы).
У выпадку няправільнага адказу першай каманды другая каманда (калі яшчэ не прайшла хвіліна) мае права даць свой адказ.
Пытанні
1. У якім творы героі вельмі часта ўжываюць такія словы: “тудэма- сюдэма” і “вось-цо-да”? Хто яго аўтар? (“ Паўлінка”. Янка Купала.)
2. Паслухайце ўрывак з песні (гучыць запіс песні ў выкананні Мулявіна). Назавіце назву песні, аўтара слоў, імя і прозвішча спевака. (“Спадчына”, Янка Купала, Уладзімір Мулявін.)
3. Бліц. Дапоўніце цытаты класікаў:
Не шукай ты шчасця, долі
На чужым шырокім… ( полі );
Лепш быць няшчасным, але відушчым,
Чымся шчаслівым ды… ( сляпым );
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю…… ( сілы!)
4. Прыгадайце прозвішча маладога паэта-народавольца і яго верш, што далі псеўданім Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу (Пётр Якубовіч “ Колас”.)
5. Картка з літарамі. Знайдзіце спосаб прачытаць два зашыфраваныя словы – псеўданім паэта і назву яго твора. (Купала. “Курган”.)
(Заўвага: псеўданім чытаецца з першай літары праз адну, злева направа, назва адпаведна – справа налева.)
6. Назавіце раздзел паэмы і яе аўтара, дзе галоўны герой варыць клёцкі на бярозавым соку. (“Дзядзька-кухар”. Я.Колас.)
7. Чорная скрыня. У ёй знаходзіцца пяць рэчаў (прадметаў): акрайчык хлеба, торбачка, кавалак сала, рубель, апалонік.
— Герой з апавядання Якуба Коласа доўга рыхтаваўся да ўцёкаў з братавай хаты, таму збіраў прыпасы і хаваў іх у самы глухі куток пад ложкам. Тое, што ўзяў з сабою хлопчык-сірата ў дарогу, ляжыць у чорнай скрыні. (Акрайчык хлеба.)
— Гераіня вядомай п’есы Я.Купалы рыхтуецца пайсці ў свет, таму і шые сваім дзецям гэтыя прадметы. Які прадмет знаходзіцца ў скрыні? (Торбачка.)
— Героі адной з паэм Я.Коласа былі родныя браты і вельмі сябравалі, заўсёды дзяліліся апошнім, тым, што ляжыць у чорнай скрыні. Што ж гэта? (Кавалак сала.)
8. Які час Я.Купала лічыў часам “другога свайго нараджэння”? (15 ( 28) мая 1905 года, калі з’явіўся ўдруку яго першы верш – “Мужык”.)
9. Бліц. Назавіце сапраўдныя імёны і прозвішчы:
— Янкі Купалы (Іван Дамінікавіч Луцэвіч);
— Якуба Коласа (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч);
10. Назавіце першую выканаўцу ролі Паўлінкі ў аднайменным спектаклі народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. (Паўліна Мядзёлка.)
11. Ілюстрацыя. Паглядзіце ўважліва на ілюстрацыю да п’есы Я.Купалы. Назавіце імёны галоўных герояў твора. (Паўлінка, Якім.)
12. Бліц. Янка Купала і Якуб Колас у жывапісе:
— Як называецца карціна Зянона Паўлоскага, напісаная мастаком у 1945 годзе. (“Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы”.)
— Хто аўтар помніка, які пастаўлены Янку Купалу ў гарадскім скверы ў Мінску. (Азгур.)
— Аўтар карціны “Партрэт Якуба Коласа” (У.Стальмашонак.)
13. Якому тэатру ў Беларусі прысвоена імя Янкі Купалы? (Першаму беларускаму драматычнаму тэатру ў Мінску.)
14. Які тэатр носіць імя Якуба Коласа? (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.)
15. У зборніку “Казкі жыцця” Якуба Коласа ёсць казка “Ноч, калі папараць цвіце”. Каму прысвечаны гэты твор? (Янку Купалу.)
16.Каму належаць гэтыя словы? (Бандароўне.)
Дужы ты сваім багаццем,
А я сілы большай,
За мной праўда і народ мой,
За табой жа – грошы.
17. Назавіце месца і час, адлюстраваныя на карціне, калі сустрэліся паэты ўпершыню. (На хутары Смольня ў 1912 годзе.)
18. Запішыце наступныя назоўнікі:
1. Аксюмаран. 2. Інверсія. 3. Чытальнік. 4. Цырымонія.
Знайдзіце спосаб прачытаць з іх назву малой радзімы Якуба Коласа. ( Ак-ін- чы- цы – Акінчыцы.)
19. Бліц. Назавіце аўтараў і творы, героямі якіх з’яўляюцца:
— Міхалка (Я. Колас. “ Дзеравеншчына”);
— Лявон Зяблік ( Я. Купала “ Раскіданае гняздо”);
— Базыль ( Я. Колас “ У старых дубах”)
20. Чорная скрыня. Першы свой верш “Вясна” Я.Колас прачытаў бацьку. Якую ўзнагароду атрымаў будучы паэт? Гэта быў яго першы ганарар. Падобны да яго і знаходзіцца ў чорнай скрыні. (Рубель.)
21. Вызначце жанр твора Якуба Коласа “Конь і сабака”. ( Байка.)
22. Бліц. Адгадайце беларускія загадкі.
— Сівы бык у акенца шмыг. (Світанак, раніца.)
— Хоць і красен, ды не дзеўка, хоць з хвастом, ды не мыш. (Бурак.)
— Які звер пакідае птушыныя сляды? (Выдра.)
23. Вызначце жанр твора Я.Купалы “Пчолы і трутні”. (Байка.)
24. Чорная скрыня. Паслухайце ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”:
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І …….. то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
У скрыні знаходзіцца тое, чым налівалі цеста. (Апалонік.)
Брэйн-рынг заканчваецца.
Падводзяцца вынікі. Пераможцы ўзнагароджваюцца.