З аптымізмам і новымі ідэямі

- 11:24В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Як зацікавіць маладога спецыяліста, каб ён не сышоў са школы і застаўся працаваць у ёй, як настроіць калектыў на поспех у новым навучальным годзе — наша гутарка з дырэктарам установы Святланай ЛАМАКА. 

Пяршайскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Валожынскага раёна — унікальная ўстанова адукацыі. Больш за палову педагогаў школы і ўся адміністрацыя — яе выпускнікі, якія працягваюць лепшыя традыцыі сваіх настаўнікаў.

— Рада таму, што ў нас склаўся творчы калектыў з вялікім патэнцыялам. Кожны педагог — прафесіянал сваёй справы. 82% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. З 22 настаўнікаў 12 — выпускнікі нашай школы. Мы — каманда аднадумцаў, на якіх я як кіраўнік магу абаперціся. Першыя мае памочнікі — намеснікі Яўгенія Іваноўская і Галіна Арцішэўская. Дарэчы, два гады назад мы адсвяткавалі 150-годдзе нашай школы. Адносіны ў калектыве мы будуем на прынцыпах узаемаразумення і павагі. Аб’ядноўвае нас любоў да дзяцей і зараджанасць на поспех. Наш калектыў працуе пад дэвізам “На работу — з радасцю, з работы — з гордасцю”. Правільнае спалучэнне матэрыяльнай і нематэрыяльнай матывацыі (задавальненне ад зробленага, пахвала, здаровае саперніцтва) настройвае калектыў на поспех. 

— Да вас практычна штогод прыходзяць маладыя спецыя­лісты. Якіх педагогаў вы чакаеце? Што робіце для таго, каб яны заставаліся працаваць у школе?

— Калі бачу, што пэўнага спецыяліста не хапае, бяру ініцыятыву ў свае рукі. Адпраўляем запыт ва ўпраўленне па адукацыі. Некалькі гадоў запар ездзіла ў БДПУ імя Максіма Танка і  ўдзельнічала ў размеркаванні. 

Нам шчасціць з маладымі педагогамі, якія да нас прыхо­дзяць. Яны адказныя, творчыя. Летась да нас прыйшла настаўніца англійскай мовы Аліна Кузняцова, а сёлета ў наш калектыў улілася настаўніца пачатковых класаў Яна Дубіна. 

Быць дырэктарам — складаная і адказная работа. У ёй мяне прываблівае тое, што тут адкрываецца шмат магчымасцей для самаразвіцця. У пэўнай ступені я станаўлюся ўніверсальным спецыялістам, які разбіраецца і ў тонкасцях рамонтных работ, і ў збалансаваным, бяспечным харчаванні для навучэнцаў, які шукае новыя магчымасці для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі. А не падабаецца тое, што не хапае часу на жывую работу з дзецьмі. Гэта сапраўды аддушына. Калі прыходзіш на ўрок, бачыш вочы дзяцей, іх імкненне да ведаў, узнімаецца настрой, праблемы адыходзяць на другі план, разумееш, дзеля чаго працуеш.

Мы заўсёды рады пры­няць у сваю школьную сям’ю маладых педагогаў — з новымі ідэямі, крэатыўных, адказных і творчых. З першых дзён дапамагаем ім адаптавацца ў калектыве і аказваем метадычную падтрымку. Бо, як адзначыў у адной са сваіх кніг вядомы педагог-псіхолаг
М. Ру­бінштэйн, “педагог у вузкім сэнсе слова нараджаецца не ў навучальнай установе, а ў практычным жыцці”. Як яму спадабаецца ў школе, як ён зможа рэаліза­ваць сябе, так і складзецца яго прафесійны лёс. Таму мы замацоў­ваем за маладым спецыялістам вопытнага педагога-настаўніка, які заўсёды падкажа, як правільна спланаваць этапы ўрока, якія формы і метады работы падаб­раць, а таксама як наладзіць дысцыпліну ў класе. Такая падтрымка проста неабходна пачынаючаму настаўніку. Сама імкнуся ўзае­мадзейнічаць з маладымі педагогамі штодзённа, даведваюся, ці няма ў іх прафесійных ці жыццё­вых праблем, адношуся да іх, як да сваіх дзяцей. 

У нашым раёне калектыўным дагаворам для маладых спе­цыя­лістаў прадугледжана даплата 50% ад акладу. Калі маладыя настаўнікі здымаюць жыллё, то ім часткова кампенсуюцца гэтыя выдаткі. Для аплаты праезду раз у квартал выдзяляюцца грашовыя сродкі ў памеры базавай велічыні. 

Для маладых спецыялістаў Валожынскі райвыканкам арганізуе многа сумесных мерапрыемс­тваў (велапрабегі, спартакіяды, сустрэчы з кіраўніцтвам), дзе яны могуць азнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі раёна і правесці час з маладымі спецыялістамі іншых арганізацый. Мэтанакіраваная работа праводзіцца таксама ў межах раённай школы маладога педагога.

— Як установа падрыхтавалася да новага навучальнага года? 

— Штогод мы прыкладаем усе намаганні, каб нашы дзеці знаходзіліся ў камфортных і бяспечных умовах, развіваліся і былі паспяховымі. Падчас падрыхтоўкі за пазабюджэтныя сродкі ў нас выкананы рамонты ва ўсіх вучэбных кабінетах, спартыўнай зале, на харчаблоку, у групах дзіцячага сада. Безумоўна, удзялілі ўвагу і добраўпарадкаванню тэрыторыі, афарбоўцы агароджы, фундамента. Сёлета мы набылі спартыўны інвентар, мэблю ў вучэбныя кабінеты, ноўтбук і прынтар для работы. 

У новым навучальным го­дзе за парты селі 82 навучэнцы і 20 выхаванцаў дашкольных груп. Гэта на ўзроўні мінулага года. У найбліжэйшы час сур’ёзных змяненняў у колькасным скла­дзе навучэнцаў не прадбачыцца. У асноўным гэта дзеці з нашага аграгарадка. На падвозе ў нас 16 школьнікаў і 4 дашкольнікі.

Прафесійны шлях Святланы Ламака пачынаўся ў роднай школе, куды яе размеркавалі пасля заканчэння Нясвіжскага педагагічнага каледжа на пасаду выхавальніка групы прадоўжанага дня. Потым да 2012 года яна працавала настаўніцай пачатковых класаў.

Сёлета парог школы пераступілі 6 першакласнікаў. Звычайна праблем з іх адаптацыяй да школы не ўзнікае. 1—2-я класы ў нас вучацца на базе будынка дзіцячага сада. Літаральна праз калідор дзеці пераходзяць у 1 клас і могуць сустрэцца як з выхавальнікамі, да якіх яны прывыклі, так і са сваімі сябрамі.

У 1 клас яны прыходзяць з чаканнем новых, цікавых падзей. Каб падтрымаць у дзіцяці інтарэс да вучобы, трэба даць яму зразумець, што яно паспяховае, уся­ліць веру ва ўласныя магчымасці. Бо кожнае дзіця — гэта свет, які мы павінны адкрыць і разві­ваць. Упэўнена, што малады спецыяліст Яна Дубіна справіцца з гэтай задачай.

— Святлана Леанідаўна, ці ўплывае знаходжанне ВПК у сельскай мясцовасці на я­касць адукацыі?

— Лічу, што мы нічым не ўступаем сёння школам, якія знаходзяцца ў гарадской мясцовасці. Наша матэрыяльна-тэхнічная база садзейнічае якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу: кабінет інфарматыкі, абсталяваны інтэрактыўнай дошкай, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, гісторыка-краязнаўчы музей імя В.Дуніна-Марцінкевіча, спартыўныя пляцоўкі і інш. Педагогі і навучэнцы маюць магчымасць карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі. Для правядзення рухавых перапынкаў, інфармацыйных гадзін, прадметных дэкад і іншых мерапрыемстваў выкарыстоўваецца тэлевізар, які размешчаны ў фае ўстановы. На занятках і пазакласных мерапрыемствах актыўна прымяняюцца 7 камп’ютараў, 7 ноўтбукаў, 2 мультымедыйныя праектары, інтэрактыўная панэль. Актыўна выкарыстоўва­юць інфармацыйныя тэхналогіі настаўніца хіміі і біялогіі Алена Загорская, настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Віктар Харук, настаўнікі пачатковых класаў Марына Акула, Таццяна Сымановіч.

Сёлета дапрофільная пад­рыхтоўка арганізуецца ў 8 класе, дзе на павышаным узроўні вучні вывучаюць беларускую мову і літаратуру. На старшай ступені дзейнічае 11 клас аграрнай накіраванасці. Часцей за ўсё выпускнікі ўстановы выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці — для працягу навучання паступаюць у Валожынскі сельскагаспадарчы ліцэй, каледжы Мінска. Прычым маладыя лю­дзі вяртаюцца на сваю малую ра­дзіму і дасягаюць поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

Галоўнае адрозненне ад гарадской школы — невялікая колькасць дзяцей у класах, што, наадварот, дапамагае ім лепш засвоіць матэрыял, бо педагог можа ўдзяліць больш увагі кожнаму навучэнцу. Калі ў гарадской школе дзіця можа адсядзецца, то ў сельскай мы яго заўважым хутчэй і зможам развіваць яго здольнас­ці. З іншага боку, на жаль, у нас не так шмат адораных дзяцей для падрыхтоўкі іх да алімпіяд, НПК.

Школа з’яўляецца цэнтрам соцыуму. Пасля заняткаў у спартыўную залу вучні прыходзяць штодзень. З 18 да 20 гадзін іх чакае настаўнік. А ў пятніцу прыхо­дзяць і выпускнікі школы: гуля­юць у футбол, валейбол, баскетбол.

Жыццёвы дэвіз С.Л.Ламака — “Каб дасягнуць мэты, трэба перш за ўсё да яе ісці”. Дырэктар пераканана, што калі імкнуцца да лепшага, яно абавязкова настане.

Ва ўстанове дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Эрудыт”, якім кіруе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яўгенія Іваноўская. Таварыства аб’ядноўвае таленавітых і дапытлівых навучэнцаў 5—11 класаў. Са сваімі работамі вучні паспяхова выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. Так, у мінулым навучальным годзе на раённым конкурсе даследчых работ “Я — даследчык” дыпломамі былі адзначаны работа дзесяцікласніцы Кацярыны Скурундзь, прысвечаная генацыду (кіраўнік — настаўніца гісторыі Алена Шапавал), і работа пяцікласніка Данііла Кушаля па беларускай літаратуры (настаўніца — Ядвіга Калясінская). 

— З якім настроем педагогі пачынаюць новы навучальны год? Чаго вы ад яго ча­каеце? 

— Нашы настаўнікі ўступаюць у новы навучальны год з аптымізмам, з новымі ідэямі і планамі, з надзеямі на поспехі вучняў. Усе настроены на сур’ёзны, дзелавы рытм вучэбных дзён. 

Ад новага навучальнага года чакаю найперш рэалізацыі магчымасцей і навучэнцаў, і педагогаў. Каб мы разам, адной сям’ёй (педагогі, навучэнцы, бацькі) ішлі да дасягнення мэт і задач установы адукацыі. Сярод іх — грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне, далучэнне дзяцей да вывучэння гісторыі сваёй малой радзімы. Яны чырвонай ніткай праходзяць праз увесь адукацыйны і выхаваўчы працэс. Асноўны акцэнт у выхаваўчай рабоце мы робім на грамадзянска-патрыятычным выхаванні, уцягваючы ў мерапрыемствы нашых дашкольнікаў. Мэтанакіраваную работу па выхаванні сапраўднага грама­дзяніна і патрыёта сваёй краіны ажыццяўляем праз некалькі напрамкаў: гістарычна-краязнаўчы (вывучэнне гісторыі сваёй школы на матэрыялах створанага “Летапісу”, правядзенне экскурсій па родным краі; цэнтр патрыятычнага выхавання — гісторыка-края­знаўчы музей імя В.Дуніна-Марцінкевіча), экалагічны (паходы выхаднога дня, акцыі), працоўны (добраўпарадкаванне тэрыторыі, пасадка алей, яблыневага саду, узаемадзеянне з сям’ёй). 

У мінулым годзе ў межах рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” былі распрацаваны экскурсійныя маршруты “Дунінскімі сцежкамі”, “Спаленыя вёскі Пяршайшчыны”. А ў гэтым навучальным годзе ў межах шостага школьнага дня плануем рэалізацыю праекта “Сцяжынкамі мінулага пракладваем дарогу ў будучыню”, вынікам якога стане стужка часу Пяршайшчыны на гістарычнай стужцы і распрацаваныя новыя экскурсійныя маршруты па мясцовасці. Таксама плануецца стварэнне ваенна-патрыятычнага клуба “Юнармеец”. 

Будзем працягваць працаваць з адоранымі вучнямі, рыхтаваць іх да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Наша на­дзея — васьмікласнік Ілья Котаў, які прадэманстраваў добры вынік на раённай алімпіядзе сярод навучэнцаў 5—7 класаў па матэматыцы (настаўнік Віктар Харук).

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий