Алена СІЎЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Мэта: паглыбіць і пашырыць веды вучняў пра сінонімы, іх семантыка-стылістычныя асаблівасці і разнастайнае выкарыстанне ў маўленні, ужыванне сінонімаў як сродкаў сувязі сказаў і частак у тэксце.
Задачы:
– садзейнічаць выпрацоўцы ўмення знаходзіць сінонімы ў тэксце, фармуляваць агульнае лексічнае значэнне сінанімічнага рада, падбіраць сінонімы да прапанаванага слова;
– ужываць сінонімы ва ўласным маўленні і выкарыстоўваць іх як сродак сувязі сказаў і частак у тэксце;
– праз сістэму заданняў паўплываць на выхаванне паважлівых адносін да людзей і выклікаць пачуццё асуджэння да негатыўных людскіх учынкаў.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, вершы для задання, карткі для жэрабя, сігнальныя карткі.
Інтэрактыўная гульня “Сінанімічны паядынак”
Ход мерапрыемства
Настаўнік. Сёння мы ладзім інтэрактыўную гульню-спаборніцтва па тэме “Сінонімы”. У вас ёсць магчымасць прадэманстраваць свае веды, эрудыцыю, уменне працаваць у камандзе.
Спачатку давайце падзелімся на дзве каманды, але не па жаданні, а паводле жэрабя, ці, інакш кажучы, лёсавання. Выцягніце, калі ласка, кожны па картцы. Прапануйце прынцып, згодна з якім усе словы можна падзяліць на дзве групы. (Прынцып падзелу вучні тлумачаць наступным чынам: той, хто выцягнуў карткі з назвай прадметаў – у адной камандзе, хто выцягнуў карткі з прыметай прадмета – у другой). Дык вось, у нас дзве каманды.
Назоўнік | Прыметнік |
варта ахова канвой дазор патруль пост пікет |
добры чалавечны чулы ласкавы гуманны дабрадушны міласэрны |
За ўдзельнікамі гульні і выкананнем яе этапаў будзе сачыць наша паважанае журы, якое ацэніць, наколькі ўпэўнена вы валодаеце ведамі па тэме і ўжываеце іх на практыцы. Атрыманыя балы журы будзе фіксаваць у лісце ацэньвання.
1. Конкурс “Ветлівы” хлопчык
Ну й “ветлівы” хлопчык! |
Прыкінуўся хлопчык |
Заданні да верша:
а) Знайдзіце ў вершы сінонімы. (Пазірае, глядзіць).
б) Падбярыце і запішыце сінонімы да падкрэсленых слоў. (Кемны – разумны; пільна – уважліва; нявінны – няшчасны, бедны; злазіць – сходзіць).
в) Падбярыце сінонім да слова “ветлівы” ў вершы Ніла Гілевіча. (“Ветлівы” – нявыхаваны, нахабны).
Як вы ацэньваеце паводзіны хлопчыка? Якім ён быў?
2. Конкурс “Хто хутчэй?”
Настаўнік: Запішыце сінонімы ў парадку ўзмацнення прыметы або дзеяння. Дамінантнае слова падкрэсліце.
Другу баліць – мне нялёгка.
Маме баліць – вельмі цяжка.
Сыну баліць – невыносна.
А Радзіме баліць –
Стыне сэрца ад болю.
Н.Загорская
(Нялёгка, цяжка, невыносна, стыне сэрца).
Настаўнік. Ці аднолькавая ступень праяўлення пачуцця перадаецца паэтэсай? Чаму так выражае свае пачуцці Н.Загорская?
3. Конкурс “Будзь уважлівы!”
Настаўнік: У сказах знайдзіце сінонімы, растлумачце іх значэнні.
а) І раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпны яркі сноп святла. Асляпіў.
б) Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. І зноў адтуль, у адказ, меч святла.
в) Празрысты месяц стуль на поле празрысты, светлы стоўп спусціў.
(Сноп, меч, стоўп).
4. Конкурс “Знайдзі пару”
Настаўнік: З другога слупка падбярыце адпаведны сінонім да слоў з першага слупка.
1 | Праца | А | Дружба |
2 | Пяшчотны | Б | Упарта |
3 | Вярнуць | В | Паведаміць |
4 | Аб’явіць | Г | Аддаць |
5 | Спакой | Д | Работа |
6 | Сяброўства | Е | Доктар |
7 | Урач | Ё | Гультай |
8 | Лянівец | Ж | Загаловак |
9 | Сумна | З | Мала |
10 | Настойліва | І | Цішыня |
11 | Назва | К | Сакрэт |
12 | Нямнога | Л | Маркотна |
13 | Тайна | М | Ласкавы |
(1-Д, 2-М, 3-Г, 4-В, 5-І, 6-А, 7-Е, 8-Ё, 9-Л, 10-Б, 11-Ж, 12-З, 13-К).
5. Конкурс “Выберы і растлумач”
Настаўнік: Выберыце з прапанаваных сінонімаў тыя, якія больш падыходзіць па сэнсе, і растлумачце, чаму.
а) Родныя мясціны, (хата, харомы, дом, палац), бацькі мае – усё ўспамінаецца з замілаваннем і шчымлівым болем.
б) (Мары, летуценні) занеслі мяне далёка ад дому.
в) Нездарма спрадвеку кажуць у народзе: (сварка, дыскусія, палеміка) не да ладу, (сварка, дыскусія, палеміка) хату зводзіць.
6. Конкурс “Сагрэй словам”
Настаўнік: Зачытайце ўрывак з верша В.Віткі. Паспрабуйце замяніць падкрэсленыя словы сінонімамі ў прамым значэнні. Ці можна гэта зрабіць?
Стогнуць пілы, скрыгочуць бульдозеры –
Наламана нямала дроў.
І чарсцвее душа ад карозіі
Безадказных, бяздумных слоў.
Іх не возьмеш назад, іх не вернеш.
Камяком боль у горле засох.
І ніколі не ўзыдзе зерне,
Што ўпала ў бясплодны пясок.
Настаўнік. Знайдзіце ва ўрыўку сінонімы.
(Стогнуць – скрыгочуць, безадказных – бяздумных).
7. Конкурс “Знайдзі і дапішы”
Настаўнік: З прапанаванага сказа выпішыце сінонімы, дапоўніце сінанімічныя рады сваімі словамі.
Я часта дзівіўся, як можа мясціцца ў гэтым панурым і маўклівым чалавеку такая невычэрпная чуласць і пяшчота, што мяжуе бадай з мацярынствам.
(Пануры, маўклівы, негаварлівы, сумны…; чуласць, пяшчота, дабрыня, чалавечнасць…).
8. Конкурс “Бумеранг”
Настаўнік: Гэты конкурс складаецца з трох заданняў.
а) Вярні сінонім да слоў: свежая газета, простая задача, моцная вяроўка, свежы ручнік, салодкі яблык.
(Свежая газета – сённяшняя газета, простая задача – лёгкая задача, моцная вяроўка – трывалая вяроўка, свежы ручнік – чысты ручнік, салодкі яблык – смачны яблык).
б) Замяні ўстарэлыя словы агульнаўжывальнымі.
Хутка скончыліся зімовыя вакацыі. Зноў трэба брацца за кнігі, даставаць атрамант. Затое будзе весела, а то сядзіш адзін як перст дома.
(Вакацыі – канікулы, атрамант – чарніла, перст – палец).
в) Замяні іншамоўнае слова беларускім адпаведнікам.
Працяжнік патрэбна адрозніваць ад дэфіса.
(Дэфіс – злучок).
Арфаграфія знаёміць з правіламі напісання.
(Арфаграфія – правапіс).
Перад вачамі разгортваўся прыгожы пейзаж.
(Пейзаж – замалёўка).
9. Конкурс “Скарбонка народнай мудрасці”
Настаўнік: Да выдзеленых слоў падбярыце фразеалагізм-сінонім.
Працаваць старанна – …
(Да сёмага поту, не пакладаючы рук, закасаўшы рукавы…)
Былі аднолькавыя – …
(Абое рабое, два боты – пара, адзін у адзін…)
Дакучаць каму-небудзь – …
(Мазоліць вочы, блытацца пад нагамі…)
10. Конкурс “Хто болей”
Настаўнік: Да прапанаваных слоў падбярыце як мага больш сінонімаў.
1. Гультай, абібок…
(Лежабок, лежань, лайдак, лодар, труцень, паразіт, лянівец…)
2. Працавіты, старанны…
(Руплівы, дбалы, цягавіты, рупны, завіхасты…)
Настаўнік: Мае дарагія вучні, спадзяюся, што сённяшні сінанімічны паядынак быў для вас карысным, цікавым і займальным. Усміхніцеся вы адно аднаму, а таксама мне. Але паядынак ёсць паядынак, у ім заўсёды ёсць пераможца. Зараз журы аб’явіць вынікі нашага паядынку.
Журы падводзіць вынікі гульні, падлічвае балы, вызначае каманду-пераможцу.
Настаўнік: Кожнаму чалавеку неабходна ведаць родную мову. Мова будзе жыць да таго часу, пакуль яе вывучаюць, шануюць і цікавяцца ёю. Беражыце моўную і культурную спадчыну свайго народа, каб можна было гэты скарб перадаць нашчадкам, новым пакаленням.