Прафесія як лёс

- 20:08В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"
Бывае так, што не чалавек выбірае прафесію, а яна яго. Менавіта так склалася жыццё ў настаўніцы музыкі сярэдняй школы № 37 Магілёва Дар’і Малашчанка.

— У маім выпадку прафесія — гэта, напэўна, лёс. Першапачаткова ў мяне не было ніякіх імкненняў да таго, каб стаць настаўнікам. Але жыццёвыя акалічнасці складваліся так, што павольна, але дакладна вялі мяне да педагогікі, — дзеліцца Дар’я Аляксандраўна.

Паводле яе слоў, гісторыя шляху да настаўніцтва пачалася з любові да музыкі, якую з дзяцінства прывіла ёй бабуля Галіна Мікалаеўна Малашчанка.

— Бабуля больш за 40 гадоў выкладала ў Магілёўскай гімназіі-каледжы мастацтваў. Мне заўсёды падабалася бываць у яе на ўроках. Там я і далучылася да чароўнага свету музыкі. Пасля паралельна з агульнаадукацыйнай школай у мяне была музычная. А потым — адпаведны каледж. Але нават дыпламаваным спецыялістам трапіўшы па размеркаванні ў дзіцячую школу мастацтваў Мсціслаўскага раёна, думала, што мне бліжэй творчасць, чым выкладанне і работа з дзецьмі. Усё змяніла рашэнне працяг­ваць адукацыю і паступленне ў МДУ імя А.А.Куляшова, — паведамляе Дар’я Малашчанка.

Вучоба ў галоўнай кузні педагагічных кадраў рэгіёна яе адразу захапіла і прымусіла перагле­дзець прафесійную траекторыю. А першая практыка на справе пераканала: педагогіка — гэта яе стыхія.

— Мне пашанцавала з выкладчыкамі, якія змаглі дапамагчы, накіраваць мяне ў патрэбнае рэчышча. Я зразумела, што ў школе знаходжуся сапраўды на сваім месцы, — расказвае Дар’я Аляксандраўна.

Гады студэнцтва праляцелі для яе хутка. Акрамя вучобы, была і работа ў музычных школах Магілёва, бо хацелася прымя­няць атрыманую тэарэтычную базу ў рэальнай педагагічнай дзейнасці. Атрымаўшы дыплом з адзнакай, два гады назад Дар’я Малашчанка прыйшла настаўнічаць у 37-ю школу горада.

— Свой першы ўрок памятаю так, быццам гэта было ўчора, — з усмешкай гаворыць маладая настаўніца. — Вядома, хвалявалася. Цэлы клас — 30 хлопчыкаў і дзяўчынак глядзелі на мяне ў чаканні чагосьці новага, цікавага, нязведанага. Лавілі кожнае маё слова. Іх давер удалося апраўдаць. Прайсці прафесійнае станаўленне хутка і без цяжкасцей атрымалася дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва і ўсяго педагагічнага калектыву. Вельмі значна, што ў нашай установе вялікая ўвага ўдзяляецца музыцы як вучэбнаму прадмету. Для правядзення заняткаў у мяне ёсць уласны, цалкам абсталяваны кабінет з інструментам, неабходнай тэхнікай і іншымі матэрыяламі. Усё гэта садзейнічае эфектыўнаму правядзенню ўрокаў.

Дарэчы, на ўрокі да Дар’і Малашчанка дзеці ідуць з задавальненнем. А ўсё таму, што заняткі яна імкнецца праводзіць творча. На яе думку, план-канспект і старанная падрыхтоўка патрэбны, але музыка не навуковая дысцыпліна, гэты прадмет павінен акрыляць, натхняць навучэнцаў.

— Імкнуся гарманічна сумяшчаць традыцыйныя і сучасныя методыкі навучання. Даволі часта выкарыстоўваю гульнявыя тэхналогіі. Пастаянна знаходжуся ў дыялогу з навучэнцамі. Сухую падачу матэрыялу не прымаю. Разам з дзецьмі мы шукаем адказы на пастаўленыя пытанні, імправізуем. У прыярытэце для мяне — стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага вучня, умоў, пры якіх дзіця змагло б праявіць сябе. Не забываю і пра вялікі выхаваўчы патэнцыял свайго прадмета, — адзначае Дар’я Аляксандраўна.

Маладая настаўніца ўпэўнена: пры дапамозе музыкі можна сфарміраваць у вучнях духоўнасць, маральнасць, дабрыню, міласэрнасць. На ўроках яна стараецца выкарыстоўваць рэпер­туар з сэнсам. Часта выконвае музыку і песні сама.

— Маім вучням такія моманты заняткаў заўсёды асабліва падабаюцца, бо яны рэдка чуюць жывое выкананне музыкі. Мелодыі і песні заўсёды падбіраю так, каб яны вучылі дзяцей асноўнаму — быць грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны, але перш за ўсё — годным чалавекам, — падкрэслівае Дар’я Малашчанка.

Са сваімі навучэнцамі Дар’я Аляксандраўна не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Яна стварыла дзіцячы вакальны ансамбль, вядзе тэматычны факультатыў, рэгулярна працуе ў школьных аздараўленчых лагерах.

У сваім шчыльным працоўным графіку Дар’я Малашчанка не забываецца і пра самаразвіццё. Нястомна і метадычна павышае свой прафесійны ўзровень. За яе плячыма ўсяго два гады педагагічнага стажу, але — ужо другая кваліфікацыйная катэгорыя і нямала дасягненняў. Дар’я Аляксандраўна — пераможца абласнога фестывалю маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог” у сваёй намінацыі, прызёр рэгіянальнага конкурсу “Адкрыты ўрок”.

— Гэтыя поспехі для мяне каштоўныя, аднак лічу, што мае галоўныя прафесійныя перамогі яшчэ наперадзе. Ды і важней іншае. Мяне вельмі радуе, што дзеці з радасцю ідуць на мае ўрокі, а пакідаюць іх з бляскам у вачах і падзякай. Гэта вельмі натх­няе і матывуе. У далейшым планую працягваць удасканальваць сваё педагагічнае майстэрства, станавіцца лепшай для сваіх вучняў, — запэўнівае маладая настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий