Тэкст. Прыметы тэксту: тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць (віды і сродкі сувязі). Урок беларускай мовы ў 5-м класе

- 10:13II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Гэты ўрок беларускай мовы ў 5-м класе цікавы тым, што яго тэма разглядаецца ў сувязі са святкаваннем Дня маці 

Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназіі № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэты:  

– паглыбіць паняцце пра тэкст як цэласнае выказванне, у якім сказы аб’яднаны тэмай, сэнсам і граматычна;
– пазнаёміць з прыметамі тэксту, са спосабамі і сродкамі сувязі сказаў.
– выпрацоўваць уменне вызначаць прыметы тэксту, віды і сродкі сувязі сказаў, тэму і асноўную думку; аб’ядноўваць сказы ў тэкст;
– развіваць маўленчыя ўменні вучняў; выхоўваць любоў і павагу да матулі.

Тып урока: засваенне новага матэрыялу.

Абсталяванне: карткі з заданнямі.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Добры дзень, паважаныя вучні. Я рада бачыць вас і хачу пажадаць, каб сённяшні ўрок узбагаціў вас ведамі, каб вы атрымалі асалоду ад працы.

Давайце запішам дату ў сшыткі. Сёння 14 кастрычніка.

 

2 Этап падрыхтоўкі навучэнцаў да актыўнага засваення тэмы

Пачаць урок мне хочацца з верша вядомага беларускага паэта Міколы Хведаровіча.

Свеціць як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля!-
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.

— Як вы лічыце, чаму гэтыя радкі распачалі наш сённяшні ўрок? Адказ знойдзеце, калі са слоў, запісаных на дошцы, пабудуеце сказы.

– I варыянт: Маці, 14, Дзень, кастрычніка, адзначаецца.
– II варыянт: Хрысціянскае, свята, 14, Пакровы, кастрычніка, адзначаецца, вялікае.

Лексічная тэма нашага ўрока – Дзень Маці. Няма больш дарагіх, родных і светлых слоў, чым “маці”, “мама”, “матуля”, “матулечка”! Яна для кожнага з нас самы добры, самы лепшы, самы ласкавы і самы дарагі чалавек на свеце. Слова “мама” гучыць мілагучна на ўсіх мовах свету незалежна ад таго, у якім узросце яго вымаўляюць. У ім – сэнс жыцця, яго аснова і падмурак.

Лексічная хвілінка. Запішыце асацыятыўны рад да слова “маці”. (Пяшчота, дабрыня, ласка, спакой, чуласць, спагада, цяпло…)

З запісаных сказаў вы даведаліся, што 14 кастрычніка ў Беларусі святкуюць Дзень Маці. У Сірыі добрыя словы матулям гавораць 21 сакавіка. На Кубе свята Маці адбываецца ў маі. З якім хрысціянскім святам цесна звязаны гэты дзень?

У святочны дзень прынята дарыць падарункі, таму, выканаўшы наступнае заданне, вы зможаце сабраць для сваёй матулі цудоўны букет.

Гульня “Перакладчык”

Розы –.., гвоздики –.., ромашки –.., васильки –.., лилии –.., колокольчики –.., сирень –.., гладиолусы –.., ирисы –…

 

3 Паведамленне тэмы і мэтавызначэнне

Тэма ўрока: Тэкст. Прыметы тэксту: тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць (віды і сродкі сувязі)

Мэты для вучняў:

Ведаць…
Умець…

Перад вамі – карткі з табліцай. Прачытайце, пад якім нумарам тэкст? Дакажыце сваё меркаванне.

1. Калі да Пакрова снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу. Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны. Калі на Пакроў не было снегу, не будзе яшчэ два тыдні. Якія Пакровы, такая і зіма.

2. Пакровы – першы надыход маразоў, холаду, снегу, прымаразкаў. Гэта своеасаблівая мяжа паміж восенню і зімой. Да свята людзі звычайна завяршалі ўсе работы ў полі і садзе, уцяплялі жыллё і гаспадарчыя пабудовы. У гэты дзень жывёле скармлівалі пажынальны сноп. (“На Пакровы дай сена карове”)

— Па якіх прыметах вы вызначылі, якія з прапанаваных сказаў уяўляюць сабою тэкст?

 

4 Знаёмства з новай тэмай

Дапоўніць кластар вам дапаможа падручнік. Звернемся да с. 55–56. (адзін моцны вучань запаўняе на дошцы, карыстаючыся правіламі з падручніка, а затым разам з астатнімі вучнямі адбываецца праверка).

1. Тэма
2. Асноўная думка
3…
4…
5…
6. Назва
7. Завершанасць.

Замацаваўшы раней набытыя веды, мы пазнаёміліся з вамі з такімі прыметамі тэксту, як тэматычнае адзінства, паслядоўнасць і звязнасць. Ці лічыце вы іх неабходнымі пры вывучэнні тэмы ўрока?

 

Фізкультхвілінка

Рукі за спіну, галоўкі назад.
Вочкі няхай на столь паглядзяць.
Галоўкі апусцім – на парту глядзім.
І зноўку ўверх, і зноўку ўніз.

 

5 Этап замацавання новых ведаў

Праца з тэкстам на картках

Прачытайце тэкст, дакажыце, што ў ім можна вызначыць усе прыметы.

У Савы было Савяня. Вялікае, шэракрылае. З вялікімі вачамі і вялікім ротам.
Совы лятаюць толькі ноччу, бо яны баяцца яркага сонца. Сава вучыла свайго сына:
– Не вылятай удзень з дупла. Аслепіць цябе сонца – не знойдзеш дарогі дадому.
Савяня было непаслухмянае. Яно вылезла з гнязда, зажмурыла вочы і паляцела на луг. Там яно расплюшчыла вочы, паглядзела на сонца і аслепла. Сядзіць у траве і плача. Падыходзіць да яго Чапля.
– Ты чыë? – пытае.
– Я Савяня. Мая мама Сава. Я нічога не бачу. Адвядзіце мяне да мамы.
– Якая ж у цябе мама?
– Мая мама самая прыгожая ў свеце. У яе такія добрыя, ласкавыя, пяшчотныя вочы. Ні ў кога няма такіх вачэй, толькі ў маёй мамы.

Прааналізаваўшы тэкст, настаўнік ставіць перад вучнямі задачу: як, на вашу думку, звязаны сказы ў адзінае цэлае? Звернемся да падручніка на с. 56-57 і знойдзем адказ, папрацаваўшы самастойна з правіламі.

— Як вы разумееце значэнне паняццяў “Паралельная і паслядоўная сувязі” сказаў у тэксце? Намалюйце, калі ласка, схемы.

 

Самастойная работа

1. Праца з тэкстам. Запішыце сказы, устаўце літары. Вызначыце від сувязі сказаў у тэксце. Абгрунтуйце.

Матуля … Колькі д..брагa i пя..чотнага y(ў)кладзена у(ў) сэнс гэтага слова. Для кожнага чалавека маці – жанчына, якая падаравала жыццё.Яна ўзаўсёды хвалюе (тся,цца) за сваё дзіця, ніколі (не) разлюбіць і (не) здрадзіць.

2. Пераставіць сказы, каб атрымаўся тэкст.

Самы знакаміты кухар не можа параўнацца з імі.
А як смачна гатуюць!
У нашых матуль залатыя рукі.
Любую працу яны робяць акуратна і хутка.

3. Праверачны тэст

1) Тэкст – гэта выказванне, у якім сказы звязаны па сэнсе і граматычна, аб’яднаны тэмай і асноўнай думкай.

а) так;    б) не.

2) Ці можна з наступных сказаў скласці тэкст?

На луг апусціўся туман. Навучальны год пачынаецца з верасня. Зімовы дзень вельмі кароткі. Птушкі восенню адлятаюць у вырай.

а) так;    б) не.

3) У якім парадку трэба размясціць сказы, каб атрымаўся тэкст?

1) Насілі ў дзюбах камячкі мокрай зямлі, саломінкі і валасінкі, высцілалі пер’ем дно гняздзечка. 2) Ластаўкі гэтай вясной крыху затрымаліся ў дарозе. 3) Яны адразу ж пачалі займацца рамонтам свайго старога гнязда.

а) 2, 3, 1;    б) 1, 3, 2;    в) 1, 2, 3; г) 3, 1, 2.

4) Прыметамі тэксту з’яўляюцца…

а) тэматычнае адзінства;
б) паслядоўнасць развіцця думкі;
в) звязнасць сказаў па сэнсе і граматычна;
г) план тэксту;
д) загаловак тэксту.

5) Пры паслядоўнай сувязі думка развіваецца паслядоўна, ад аднаго сказа да другога. Сказы ў тэксце памяняць месцамі нельга.

а) так;    б) не.

6) Сувязь сказаў у тэксце, пры якой кожны наступны сказ звязаны з першым, раскрывае і дапаўняе яго, называецца тэкстам.

а) так;    б) не.

 

6 Падвядзенне вынікаў урока, зварот да мэтавызначэння

– Ці спадабаўся вам урок? Якія пачуцці выклікаў? Сёння мы гаварылі пра вялікае свята – Дзень Маці. Давайце выкажам свае пажаданні матулям. (Кожны вучань па чарзе называе па адным слове).

– Якую выснову мы зробім? (Не крыўдзіць, а любіць, шанаваць і аберагаць матуль трэба не толькі ў святочны дзень, а штодзённа).

 

7 Этап інфармацыі аб дамашнім заданні і інструктаж па яго выкананні

Дамашняе заданне: § 12. Скласці 5–7 сказаў на тэму “Мая матуля”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий