Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Паўлавіцкай сярэдняй школы імя Р.А.Худалеева Кіраўскага раёна Валерый Вароніч ніколі не сядзіць на месцы. Яго неверагодная энергія і актыўнасць здзіўляюць, як і захопленасць педагогікай, школай і сваёй справай у цэлым.
Акрамя стандартных урокаў, Валерый Іванавіч паспявае і факультатывы, гурткі праводзіць, і персанальнымі трэніроўкамі з дзецьмі займацца, і суправаджаць вучняў на алімпіядах, спаборніцтвах. А ў вольны ад вучобы час педагог арганізуе для навучэнцаў цікавыя спартыўныя мерапрыемствы і рэгулярна адпраўляецца з імі ў краязнаўчыя паходы. Сур’ёзны, валявы, мэтанакіраваны, але пры гэтым адкрыты і ўсмешлівы, ён даўно заваяваў статус “любімы настаўнік” у сваіх вучняў.
У дзяцінстве ў Валерыя Вароніча было шмат захапленняў. Яго цікавіла ўсё навокал. Хлапчуком паспяваў наведваць розныя гурткі і секцыі: музычныя, спартыўныя, харэаграфічныя, авіямадэльныя… Аднак, калі прыйшоў час вызначацца з прафесійным шляхам, выбраў спорт.
— Але стаць вырашыў не спартсменам, а настаўнікам. Бо падабалася далучаць да спорту іншых. А педагогіка дае магчымасць не проста займацца любімай справай, але і ўкладваць у вучняў увесь свой патэнцыял, — падзяліўся Валерый Іванавіч.
Атрымаўшы дыплом настаўніка, малады спецыяліст Вароніч па размеркаванні адправіўся ў родны Кіраўск. Аднак склалася так, што ў гарадскіх школах вакантных працоўных месцаў не аказалася. А вось у навучэнцаў з вёскі Паўлавічы якраз не было настаўніка фізкультуры.
— Калі толькі прыйшоў у Паўлавіцкую школу, думаў, што адпрацую тэрмін размеркавання і пасля знайду работу ў горадзе. Але праўду кажуць: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. У нас цудоўны калектыў і кіраўніцтва. Неяк незаўважна я прыкіпеў душой да гэтых мясцін, да сваіх вучняў, — расказаў Валерый Іванавіч.
Першае працоўнае месца ў выніку стала для Валерыя Вароніча адзіным. Да фізкультуры і спорту паўлавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак ён далучае на працягу ўжо звыш трыццаці гадоў.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 25 кастрычніка 2022 года.