Беларускаму педагагічнаму таварыству — 50 гадоў. Перспектыўныя кірункі развіцця грамадскага аб’яднання абмеркавалі на справаздачнавыбарным з’ездзе грамадскага аб’яднання, які прайшоў у БДПУ імя Максіма Танка.
Прывітальны адрас дэлегатам з’езда з нагоды юбілею даслала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што юбілейнае мерапрыемства мае асаблівае значэнне для ўсёй педагагічнай грамадскасці нашай краіны: “Усе гэтыя гады мы прайшлі разам. У кожным рэгіёне нашай краіны актыўна працавалі педагогі-навукоўцы, настаўнікі, якія ўзнімалі важныя праблемы развіцця сучаснай педагагічнай навукі і практыкі, распаўсюджвалі эфектыўны педагагічны вопыт, абмяркоўвалі перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі”.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што Беларускае педагагічнае таварыства заўсёды было прафесійнай пляцоўкай для абмену перадавым вопытам і спрыяла прыняццю важных рашэнняў для сістэмы адукацыі.
“Але час не стаіць на месцы, адукацыйныя патрэбы мяняюцца, таму для развіцця трэба бачыць перспектывы, распрацаваць стратэгію ўдасканалення Беларускага педагагічнага таварыства. Яно павінна стаць той арганізацыяй, якая аб’яднае педагогаў усіх узроўняў адукацыі”, — лічыць міністр.
Паводле яго слоў, у Беларусі дастаткова паспяхова дзейнічае Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі, эфектыўна працуе Рэспубліканскі савет рэктараў.
“Таму самая галоўная задача — гэта не проста абменьвацца думкамі, а выпрацоўваць рашэнні па найбольш важных, найбольш вострых, дыскусійных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі, для таго каб мы маглі прымаць сапраўды вывераныя, узважаныя рашэнні, якія будуць перспектыўнымі ў будучыні. Тады мы атрымаем не проста адукаванае пакаленне, а пакаленне, выхаванае на нашых духоўна-маральных каштоўнасцях”, — падкрэсліў Андрэй Іванавіч.
Падчас работы з’езда быў выбраны новы старшыня савета грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства” — рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук, які падчас свайго выступлення падкрэсліў неабходнасць дыверсіфікацыі форм прафесійных зносін педагогаў як фактару павышэння якасці адукацыі.
Былі ўнесены змяненні ў структуру грамадскага аб’яднання праз узбуйненне яго кампанентаў і ўсталяванне новых сувязей, разглядаліся магчымасці больш шырокага выкарыстання рэсурсаў асацыяцый, клубаў, секцый Беларускага педагагічнага таварыства, што дасць новы імпульс выхаванню і навучанню падрастаючага пакалення з дапамогай інтэграцыі намаганняў педагагічнай грамадскасці.
Было адзначана, што аптымізаваная структура грамадскага педагагічнага аб’яднання дазволіць аператыўна абмяркоўваць на экспертным узроўні надзённыя праблемы і пытанні сістэмы адукацыі, даць прафесійную ацэнку прапанаваным канцэпцыям і дзяржаўным праграмам, што паспрыяе эфектыўнай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі.
Асноўны акцэнт павінен быць зроблены на выхаваўчай рабоце на ўсіх узроўнях адукацыі.
“Бяспека нашай дзяржавы, наша незалежнасць залежаць не толькі ад таго, якія веды мы даём дзецям і якія сучасныя адукацыйныя тэхналогіі прымяняем. Мы павінны выхаваць грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, які ў любы момант стане на яе абарону. Ключавую ролю ў гэтым павінен адыграць настаўнік, выхавальнік, выкладчык, які павінен быць узорам прафесіяналізму і бездакорнай рэпутацыі”, — канстатаваў міністр адукацыі.
Ён падкрэсліў важнасць ролі настаўніка: “Сёння моладзь іншага складу, яна ў многім перайшла ў лічбавую прастору. І тут, вядома, педагог павінен знайсці падыходы да кожнага вучня ў гэтых дынамічна зменлівых умовах”. Па меркаванні міністра, бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі беларускіх педагогаў з’яўляецца неад’емнай часткай развіцця іх прафесіяналізму.
“Калі настаўнік і вучань будуць размаўляць на адной мове і разумець адно аднаго, то мы зможам не толькі трансліраваць і даносіць веды, якімі павінен валодаць наш вучань, але і выхаваем асобу, якую хочам бачыць сёння ў грамадстве і дзяржаве”, — адзначыў Андрэй Іванец.
У сваім прывітальным слове ветэраны Беларускага педагагічнага таварыства Ганна Дабрынеўская і Мікалай Запрудскі адзначылі высокі ўзровень прафесіяналізму беларускіх настаўнікаў, іх цягу да самаразвіцця і ўкаранення ў практыку сучасных методык і прыёмаў навучання і выхавання і выказалі ўпэўненасць, што патэнцыял нашых настаўнікаў дазволіць рухацца наперад і адпавядаць сучасным адукацыйным запытам.
Работа з’езда завяршылася прыняццем рэзалюцыі (з яе зместам можна пазнаёміцца на сайце “Настаўніцкай газеты”), урачыстай цырымоніяй узнагароджання з нагоды юбілею і святочным канцэртам.
За апошнія пяць гадоў Беларускім педагагічным таварыствам былі арганізаваны і праведзены больш за сто пяцьдзясят мерапрыемстваў, якія былі накіраваны на рэалізацыю статутных задач, садзейнічалі павышэнню аўтарытэту грамадскага аб’яднання сярод педагагічнай грамадскасці.
Рэспубліканскае педагагічнае таварыства было створана ў 1972 годзе. У пачатку 90-х гадоў стала самастойным грамадскім аб’яднаннем педагогаў краіны.
Новы этап дзейнасці Беларускага педагагічнага таварыства пачаўся з 2012 года, калі яго з’ездам былі прыняты змяненні і дапаўненні ў статут аб’яднання, якія вызначылі адпаведныя часу кірункі яго дзейнасці.
Сярод тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага педагагічнага таварыства і ўзначальваў яго ў розныя гады, — Сцяпан Умрэйка, член-карэспандэнт Акадэміі педагагічных навук СССР; Міхаіл Лазарук, акадэмік Акадэміі педагагічных навук СССР, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; Леанід Ціханаў, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (у 1992 годзе ўзначаліў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (у цяперашні час — БДПУ), прапрацаваўшы на пасадзе рэктара да 2003 года). Іх справу годна працягвала Галіна Нікалаенка, кандыдат філалагічных навук, доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Вольга ДУБОЎСКАЯ