Урок беларускай літаратуры па тэме “Максім Багдановіч. Слова пра паэта. Нацыянальныя і агульначалавечыя матывы паэзіі” для вучняў 9-га класа падрыхтаваны з нагоды дня нараджэння паэта (9 снежня).
Аксана ПАЛЯШЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Мэта:
чакаецца, што напрыканцы ўрока вучні будуць ведаць:
– асноўныя факты з жыцця і творчасці Максіма Багдановіча;
– жанравыя асаблівасці, спецыфіку кампазіцыі, ідэйны змест лірычных твораў М.Багдановіча;
– гісторыю напісання лірычных твораў;
будуць умець:
– адбіраць і сістэматызаваць матэрыял з розных крыніц для характарыстыкі жыцця і творчасці Максіма Багдановіча;
– характарызаваць духоўны свет лірычнага героя;
– вызначаць нацыянальныя і агульначалавечыя матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча;
– вызначаць спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі ў лірычных творах.
Задачы асобаснага развіцця:
– адукацыйная: стварыць умовы для разумення вучнямі ідэйнага зместу лірычных твораў Максіма Багдановіча;
– развіццёвая: спрыяць развіццю лагічнага мыслення, развіццю ўменняў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі; выразнага чытання вершаў М.Багдановіча; садзейнічаць фарміраванню навыкаў крытычнага мыслення, развіццю творчага мыслення; развіццю ўменняў выказваць і абгрунтоўваць сваё меркаванне, рабіць высновы; удасканальваць камунікатыўныя ўменні, неабходныя для работы ў пары, у групе;
– выхаваўчая: спрыяць выхаванню павагі да свайго народа і роднай мовы.
Тып: урок вывучэння новага матэрыялу.
Узаемасувязь з ведамі, атрыманымі раней: урок – першы з двух урокаў, прысвечаных творчасці Максіма Багдановіча. Вучні знаёміліся ўжо з выбранымі творамі паэта ў 5-м, 6-м, 7-м, і 8-м класах.
Наштобузу (на што буду звяртаць увагу):
1 Асноўныя факты біяграфіі Максіма Багдановіча.
2 Разнастайнасць творчага дыяпазону паэта.
3 Адметнасці лірыкі Максіма Багдановіча.
Ключавое пытанне: Чаму Максіма Багдановіча называюць “паэтам чыстае красы”?
Метады і прыёмы: даследчы метад, метад творчага чытання, эўрыстычная гутарка, праца ў групах, праца ў парах; элементы тэхналогіі актыўнай ацэнкі.
Абсталяванне: падручнік, камп’ютар, выхад у інтэрнэт, сцікеры, фламастары.
Ход урока
I Арыенціровачна-матывацыйны этап
Задача: псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да ўрока, настроіць на супрацоўніцтва, зацікавіць тэмай урока.
Зварот да эпіграфа:
Вечна светлы i вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
У.Караткевіч. “Багдановічу”
II Этап актуалізацыі ведаў
Задача настаўніка: актуалізаваць апорныя веды і ўменні, сфарміраваць пазнавальныя матывы.
1) Уступнае слова настаўніка.
Кветкамі зямлі хочацца назваць многія вершы беларускіх паэтаў. Кветкі суправаджаюць нас усё жыццё: сустракаюць пры нараджэнні, цешаць у святы, суцяшаюць у старасці. Яны патрэбны нам заўсёды, таму што без хараства чалавек не можа жыць. Кветкамі зямлі па праву можна назваць i вершы песняра народнай долі, палымянага грамадзяніна i патрыёта сінявокай Беларусі Максіма Багдановіча. У гэтым годзе 9 снежня споўніўся б 131 год з дня нараджэння вялікага паэта. На сённяшнім уроку мы прынясём сваё незвычайнае вязьмо таленавітаму паэту – букет ведаў па яго біяграфіі i творчай спадчыне; пазнаёмімся з некаторымі новымі аспектамі творчасці Багдановіча. Каб наш букет стаў вялікім i рознакаляровым, калі ласка, прыбаўляйце да яго свае краскі-адказы.
2) Франтальнае апытванне.
Пытанні для абмеркавання:
– З якой кветкай асацыіруецца ў вас творчасць Максіма Багдановіча? Чаму? (Васілёк. Менавіта гэта кветка прыгадвалася ў вершы М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, з якім вучні знаёміліся ў 8-м класе: “…І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзора, цвяток радзімы васілька”). Сімвалам нашага ўрока будзе кветка васілёк.
– З якімі вершамі вы яшчэ знаёміліся ў папярэдніх класах?
– Як вы лічыце, чаму Багдановіча называюць “паэтам чыстае красы”?
Сёння мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.
III Этап мэтавызначэння
Задача настаўніка: стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць і яе вынікі, стымуляваць на авалодання прыёмамі навучання і самаадукацыі.
Звярніце ўвагу на дадатак. Запоўніце табліцу “Мае чаканні”. У канцы ўрока мы звернемся да гэтай табліцы і праверым, ці спраўдзіліся вашы чаканні, ці засвоілі вы тэму. Азнаямленне з крытэрыямі На Што Бузу.
Мае чаканні
Я буду ведаць | |
Я буду ўмець | |
Я змагу прымяніць | |
Я змагу выканаць | |
Я атрымаю |
IV Этап праверкі дамашняга задання
Задача: праверыць падрыхтаванасць вучняў да ўрока.
1) Праверка індывідуальнага задання. Вучань дэманструе відэакліп, створаны самастойна з урыўкаў песень на словы Максіма Багдановіча (“Па-над белым пухам вішняў”, “Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”, “Вераніка”).
2) Праверка індывідуальнага задання. Вучань дэманструе прэзентацыю ў фармаце Pecha Kucha на тэму “20 цікавых фактаў пра Максіма Багдановіча”, карыстаючыся матэрыяламі сайта http://www.nastaunik.info/node/15290. (Фармат Pecha Kucha: 20 слайдаў па 20 секунд кожны. Задача: за кароткі прамежак часу данесці інфармацыю сцісла, даступна і цікава).
V Этап тлумачэння новага матэрыялу
Задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў.
Вучні атрымліваюць заданні:
1) Заданне ў парах.
1-я пара: на імправізаванай геаграфічнай карце Беларусі неабходна пазначыць месцы і гады вучобы Максіма Багдановіча, карыстаючыся інфармацыяй на сайце https://be.wikipedia.org/ (Мінск, Вільня, Яраслаўль, Ніжні Ноўгарад, Ялта, Ракуцёўшчына, Гродна).
2-я пара: карыстаючыся матэрыялам падручніка на с. 146–150, суаднесці ілюстрацыі з фактамі жыцця і творчасці паэта.
(Ілюстрацыі: вянок – такую назву меў першы і адзіны зборнік паэта; Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь – непадалёк ад яго ўзвышаецца велічны помнік паэту; фартэпіяна – маці Максіма Багдановіча іграла на фартэпіяна; ніва – у газеце “Наша ніва” надрукавалі першае апавяданне М.Багдановіча “Наша ніва”; партрэт Максіма Горкага – бацька Максіма Багдановіча ажаніўся з роднай сястрой жонкі Максіма Горкага; выява старажытнагрэчаскай багіні Феміды – Максім Багдановіч закончыў Яраслаўскі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй).
2) Індывідуальныя заданні.
а) Праца з вершамі М.Багдановіча. Запоўніць табліцу з радкоў вершаў грамадзянскай лірыкі М.Багдановіча.
Табліца можа быць запоўнена так:
Пытанні | Адказы |
“Нашто на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі мы ўсе разам ляцім да зор?” | “Досыць ужо, раты, чужынцам мы служылі”. |
“Куды ж ісці і што рабіць?” | “Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай”. “Я верую: бясплодна не засне, а ўперад рынецца, маўляў, крыніца”. |
“Брацця! Ці зможам грамадскае гора?” | “Беларусь! Твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня!” |
“Што зрабіў ты з дзён маладых?” | “Будзь жа век маладым!” |
“Што чуюць яны там, што бачаць, чаму ўсё дрыжаць і дрыжаць?” | “Бо я адну з табою долю маю – зіяць ледзь бачна ў сіняй вышыні”. |
б) Скласці стужку часу жыцця паэта, сцісла адлюстраваўшы на ёй асноўныя факты з жыцця Максіма Багдановіча па датах.
3) Зараней падрыхтаваныя вучні расказваюць (па чарзе) асноўныя звесткі пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, якія суправаджае прэзентацыя (Дадатак).
Астатнія вучні ў класе дзеляцца на дзве групы.
1-я група: запоўніць табліцу з белымі плямамі.
Дата | Падзея | Месца |
1892 | ||
Нарадзіўся Максім Багдановіч | ||
1902 г. | ||
Быў апублікаваны яго першы твор – апавяданне “Музыка” | ||
Заканчэнне ніжагародскай гімназіі | ||
Яраслаўль | ||
1911 г. | ||
Памёр паэт |
2-я група: скласці і запісаць пытанні да сваіх аднакласнікаў па інфармацыі, якую яны пачуюць.
VI Этап выпрацоўкі практычных навыкаў
Задача: стварыць умовы для засваення вучнямі ведаў у форме дзейнасці, развіцця спосабаў мыслядзейнасці.
1) Праверка індывідуальных заданняў, заданняў у парах
2) Франтальнае апытванне па запаўненні табліцы з плямамі
3) Знаёмства са зборнікам “Вянок”
Раздзелы зборніка | Тэмы | Вершы |
“У зачараваным царстве” | Міфалогія, прыгажосць прыроды | “Вадзянік”, “Змяіны цар” |
“Згукі Бацькаўшчыны” | Фальклор | “Уся ў слязах дзяўчына”, “Не кувай ты, шэрая зязюля” |
“Старая Беларусь” | Любоў да Радзімы | “Слуцкія ткачыхі”, “Летапісец” |
“Места” | Любоў да Мінска | “Завіруха”, “У Вільні” |
“Думы” | Філасофская лірыка | “Сяргею Палуяну”, “Маладыя гады”, “Жывеш не вечна, чалавек” |
“Вольныя думы” | Хараство жыцця | “Шмат у нашым жыцці ёсць дарог” |
“Старая спадчына” | Розныя формы вешаў | “Санет” (“Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”), трыялет (“Калісь глядзеў на сонца я…”) |
“Мадонны” | Каханне да жанчыны, любоў да маці | “Вераніка”, “У вёсцы” |
У ходзе апавядання настаўнік зачытвае радкі самых вядомых вершаў (“Плакала лета, зямлю пакідаючы…”, “Маладыя гады”, “Жывеш не вечна, чалавек”, “Песняру”).
4) Выразнае чытанне верша “Санет”. Першасны аналіз верша.
– У чым выяўляецца нацыянальнае і агульначалавечае ў вершы “Санет” М.Багдановіча?
– Як раскрываецца ў вершы “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…” тэма Радзімы?
Паспрабуйце раскрыць сімвалічны сэнс санета.
VII Этап падвядзення вынікаў
Задача: садзейнічаць фарміраванню адэкватнай самаацэнкі вучняў.
Зварот да ключавога пытання: Чаму Максіма Багдановіча называюць “паэтам чыстае красы”? Выказванні вучняў.
VIII Этап рэфлексіі
Зварот да табліцы “Мае чаканні”.
IX Этап інфармацыі пра дамашняе заданне
Задача: забяспечыць разуменне вучнямі мэт, зместу выканання дамашняга задання.
Выразна прачытаць вершы “Маладыя гады”, “Плакала лета, вясну пакідаючы”. “Жывеш не вечна, чалавек” “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”. Зрабіць аналіз верша (на выбар).
X Заключнае слова настаўніка
Максіма Багдановіча часта называюць зоркай беларускай паэзіі. Яго параўноўваюць з метэарытам, які, згараючы, асвятляе ўсё вакол сябе. Паэзія вялікага песняра сагравае і сёння наша жыццё, трывожнае і неспакойнае. Максім Багдановіч – недасягальная велічыня на небасхіле беларускай паэзіі, тонкі лірык, майстра мастацкага слова. Паэт, чый трагічны лёс абарваўся ў 26 год, а творчасць прамільгнула яркай зоркай на ўсходзе нацыянальнага адраджэння. “Бо як ёсць у народа такія, не загіне давеку народ”, – У.Караткевіч.