У райцэнтры Бешанковічы Віцебскай вобласці будынак школы рамантуюць цалкам на спонсарскія сродкі яе выпускніка Аляксандра Яўневіча.
Настаўніца пачатковых класаў Ларыса Галыня (на здымку) прадставіць калектыў сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза М.М.Ткачэнкі на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Прыемным бонусам у працэсе падрыхтоўкі да яго для Ларысы Генадзьеўны і яе групы падтрымкі стала маштабнае абнаўленне ўстановы адукацыі.
На мінулым тыдні тут пачаліся вучэбныя заняткі пасля завяршэння першага пускавога комплексу капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі. Да гэтага пасля ўвядзення ў эксплуатацыю ў 1970 годзе ў разлічаным на 964 навучэнцы будынку праводзіліся толькі падтрымліваючыя і касметычныя рамонты. Цяпер жа ён фактычна набыў другое нараджэнне.
Школа паўстала перад сваімі гаспадарамі ў прывабным сучасным абліччы. Пераўтварэнні закранулі літаральна кожны куточак ад падлогі, сцен і столі да дзвярэй, сантэхнікі, лесвічных пралётаў. Заменены сістэмы вода- і электразабеспячэння, водаадвядзення, ацяплення. Дадаткова з’явіліся чатыры новыя кабінеты і арыгінальна аформлены гардэроб, абсталяваны другі камп’ютарны клас. Акрамя таго, абноўлены і пашыраны сістэмы відэакантролю і пажарнай сігналізацыі, тэсціруецца лакальная школьная сетка. На рэканструяваным ганку ўсталяваны новы элемент безбар’ернага асяроддзя — электрапад’ёмнік. Над спартзалай і сталовай — новы дах. Усё пералічанае стала магчымым дзякуючы фінансаванню, што выдзеліў буйны расійскі бізнесмен Аляксандр Яўневіч. Так выпускнік выказаў удзячнасць і павагу да роднай школы, якая некалі дала яму пуцёўку ў самастойнае жыццё.
Чытайце матэрыял Таццяны Бондаравай у нумары ад 15 лістапада 2022 года.