Мае бацькі – маё багацце. Класная гадзіна ў 6-м класе  

- 16:44Классный час

Класная гадзіна прысвечана святкаванню Дня маці і Дня бацькі. Навучэнцы разважаюць пра сямейныя каштоўнасці, адносіны ўнутры сям’і, спрабуюць адказаць на пытанні пра тое, што падабаецца іх бацькам.

Алена КУНЕВІЧ,
настаўнік замежнай мовы
ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць

 

 

Мэта: выхаванне цэнасных адносін вучняў да сваіх бацькоў.

Задачы:

– фарміраванне гатоўнасці да выканання сваёй будучай сацыяльнай ролі;
– развіццё ўмення разважаць, аргументаваць свой пункт гледжання;
– выхаванне паважлівых і клапатлівых адносін да блізкіх людзей.

Форма: гульня з элементамі дыскусіі

Абсталяванне (афармленне): малюнак анёла, надпіс “14 кастрычніка”, малюнак “Пакроў дзень”, надпіс 21 кастрычніка, “павуцінка”, фотаздымак Саноры Додд.

 

Ход мерапрыемства

 

І Пачатак мерапрыемства

1 Уступнае слова настаўніка

Паслухайце, калі ласка, прытчу, і паспрабуйце здагадацца, пра каго ідзе размова.

Прытча пра маму

За дзень да свайго нараджэння дзіця спытала ў Бога: “Кажуць, заўтра мяне пасылаюць на зямлю. Як жа я там буду жыць, я такі малы і безабаронны?”

Бог адказаў: “Я падару табе анёла, які будзе чакаць цябе і клапаціцца пра цябе”.

Дзіця задумалася, затым сказала зноў: “Тут, на нябёсах, я толькі спяваю і смяюся, гэтага дастаткова мне для шчасця”.

Бог адказаў: “Твой анёл будзе спяваць і ўсміхацца для цябе, ты адчуеш яго любоў і будзеш шчаслівы”.

“Але як жа я буду разумець людзей, я не ведаю іх мовы?” – спытала дзіця, пільна гледзячы на Бога.

Бог усміхнуўся і адказаў: “Твой анёл будзе казаць табе самыя выдатныя і пяшчотныя словы, ён спакойна і цярпліва навучыць цябе размаўляць”.

Затым дзіця спытала: “Я чуў, што на зямлі ёсць зло. Хто абароніць мяне?”

“Твой анёл абароніць цябе, нават рызыкуючы ўласным жыццём”, – адказаў Бог.

У гэты момант на нябёсах панавала цішыня, але з зямлі ўжо сталі даносіцца галасы… і дзіця спытала: “Перш, чым я пакіну цябе, скажы мне, як завуць майго анёла?”

“Яго імя не мае значэння. Ты будзеш проста называць яго “мама”.

 

Чаму аўтар параўноўвае маму менавіта з анёлам?

Ці згодны вы, што мама абароніць сваё дзіця, рызыкуючы сваім жыццём?

Ці толькі мама здольная на такі ўчынак?

 

Сапраўды, таты не меней важныя людзі ў жыцці дзяцей. Яны таксама ўмеюць пець калыханкі. Яны не спяць, калі мы хворыя. Яны любяць нас так жа моцна, як і мамы.

 

2 Знаёмства з тэмай урока

Хто здагадаўся, чаму будзе прысвечана наша класная гадзіна? Так, тэма нашай класнай гадзіны – “Мае бацькі – маё багацце”.

Ці сапраўды бацькі – гэта наша багацце?

Мама і тата – гэта самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека, асабліва дзіцяці. Гэта дарагія і блізкія людзі, з каго мы бяром прыклад, пра каго клапоцімся.

 

ІІ Асноўная частка

1 Гісторыя ўзнікнення свята Дзень маці

Хто ведае, калі мы адзначаем Дзень маці? Якая значная дата яшчэ адзначаецца ў гэты дзень?

Задумайцеся, чаму Дзень маці адзначаецца ў Пакроў дзень?

Гісторыя свята Дзень маці сыходзіць каранямі ў рэлігійнае свята –Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства. Лічыцца, што ў 910 годзе ў Іерусаліме цудоўным чынам Багародзіца явіла сябе: падчас набажэнства многія людзі ўбачылі ў небе Маці Божую, якая пакрывала ўсіх людзей, што маліліся, шырокім белым покрывам, імкнучыся абараніць усіх дзяцей Божых. Менавіта таму Дзень маці ў Беларусі прымеркаваны да такога важнага ў праваслаўнай традыцыі свята.

У кожнага з нас ёсць мама. Мама – гэта самы дарагі чалавек. Кожны з нас можа нагадаць пра сваю маму шмат цёплых слоў.

 

Сачыненне “Мая мама” Канапліцкай Даніілы

 

Дзень маці мы добра ведаем, таму што кожны год удзяляем шмат увагі святкаванню гэтага дня. А што наконт Дня бацькі?

 

2 Гісторыя ўзнікнення свята Дзень бацькі

Ці ёсць у нашай краіне Дзень бацькі? Хто ведае, у якой краіне ўпершыню з’явілася свята Дзень бацькі?

Першай святкаваць Дзень бацькі прапанавала місіс Дод са штата Вашынгтон у ЗША, чый бацька, Уільям Смарт, самастойна выгадаваў шасцярых дзяцей, страціўшы жонку. Упершыню святкаванне адбылося 19 чэрвеня 1910 года. Ініцыятар свята хацела выказаць удзячнасць свайму бацьку, а ў яго асобе – усім клапатлівым бацькам Амерыкі, якія ўдзельнічаюць у выхаванні дзяцей.

Нацыянальным святам гэты дзень у ЗША стаў у 1966 годзе, у год, калі прэзідэнт ЗША Ліндан Джонсан абвясціў трэцюю нядзелю чэрвеня нацыянальным святам. А пазней і іншыя краіны прынялі гэты дзень як дату ўшанавання бацькоў.

Свята Дзень бацькі будзе адзначацца і ў Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы. Новае свята будзе адзначацца 21 кастрычніка. Цяпер з’явіцца магчымасць з 14 па 21 кастрычніка праводзіць бацькоўскі тыдзень.

Ці згодны вы, што неабходна адзначаць Дзень бацькі?

 

Сачыненне “Мой тата” Козіч Ірыны

 

3 Фізкультхвілінка

Устаньце тыя, у каго маму завуць Наталля.
Устаньце тыя, у каго бацьку завуць Аляксандр.
Пахлопайце тыя, у каго тата старэйшы за маці.
Пахлопайце тыя, у каго ёсць брат.
Патопайце тыя, у каго маці нарадзілася восенню.
Патопайце тыя, у каго бацька нарадзіўся летам.
Устаньце тыя,
Хто падобны на маму (апладысменты).
Хто падобны на тату.
Хто сумуе па бацьках, калі ад’язджае з дому.
У чыёй сям’і займаюцца спортам.
У каго няма сакрэтаў ад бацькоў.
Да каго прыходзяць сябры ў госці.
Хто дапамагае бацькам у хатніх справах.
Хто любіць сваю сям’ю, даражыць ёю.

 

4 Прыём “Правер сябе”

Давайце адкажам на некалькі пытанняў і высветлім, што мы ведаем пра сваіх бацькоў (вучні бяруць пытанні ў кошыку):

Дзень, месяц, год нараджэння маёй маці.
Дзень, месяц, год нараджэння майго таты.
Любімая страва бацькоў.
Якую песню бацькі любяць спяваць?
Што бацькі любяць рабіць у гадзіны адпачынку?
Якія падарункі падабаюцца бацькам?
Калі ў мамы выхадны дзень на рабоце?
Любімы колер мамы?
Любімы спорт таты?

 

На некаторыя пытанні вы адказалі ўпэўнена, а некаторыя для вас аказаліся цяжкімі. Гэта вельмі важна – размаўляць з мамай, татам, са сваёй сям’ёй. Дзецям таксама неабходна цікавіцца жыццём сваіх бацькоў. Паверце, ім будзе вельмі прыемна. Спадзяюся, што сёння вы спытаеце ў бацькоў, як яны любяць праводзіць вольны час і якім спортам займацца.

 

5 Прыём “Недапісаная фраза”

Дапішыце фразы, у якіх гаворыцца пра ролю бацькі і маці ў сям’і:

Галоўнае для мамы – гэта…
Калі дзеці пасварыліся, то мама…
Тата заўсёды клапоціцца пра тое, каб…
Калі б я быў татам, …
Кожную раніцу мама…
Калі сына пакрыўдзілі хлапчукі, то тата…
Тата – галоўны абаронца, ён…
Каб дзеці раслі выхаванымі, мама…
У дружнай сям’і…

 

6 Інсцэніроўка сітуацыі

Паліна: Прывітанне, Сафія!

Вераніка: Сафія, ты чаго такая сумная?

Сафія: Эх. Я сёння дзяжурная па палаце. Мне трэба памыць падлогу (выліла паўвядра вады і пачала размазваць анучай па падлозе, потым спынілася і думае) А што далей рабіць? Як зрабіць, каб падлога стала сухой і чыстай?

Паліна: Што падлога! Давай памарым, як мы будзем жыць, калі вырасцем.

Сяброўкі пачалі марыць.

Вераніка: Я б хацела, каб у мяне была дружная сям’я, каб усе адзін аднаму дапамагалі.

Паліна: А мая мара – выйсці замуж за багатага, і каб у нас была хатняя прыслужніца. Не люблю я мыць посуд, сціраць, займацца ўборкай. Ад гэтага рукі становяцца брыдкімі.

Сафія: А я хачу быць добрай мамай.

 

Сачыненне “Якой я буду мамай” Вабішчэвіч Сафіі

 

7 Работа над урыўкам з верша “Мама i тата” Леаніда Пранчака

На дошцы вы бачыце паловы сэрцаў, на якіх размешчаны словы. Але гэта не проста словы, а словы з верша Леаніда Пранчака “Мама і тата”. Словы, якія нясуць вялікі сэнс.

Мама i тата, родная хата
Клiча дадому мяне.
Мама i тата, вы – маё свята,
Сонца ў радзiмым акне!

 

ІІІ Заключная частка

1 Прыём “Павуцінка”

На дошцы вы бачыце павуцінку “Мае бацькі”, а на партах – карткі. Вам неабходна запісаць слова-асацыяцыю да слоў “Мае бацькі”, а затым побач па крузе злучыць адзін з адным з ключавым словам у павуцінку (дружба, давер, падтрымка, дапамога, сумесны адпачынак, радасць, прозвішча, любоў, дом, шчасце, утульнасць.

 

2 Рэфлексія

Падумайце, якія асацыяцыі ўзніклі ў вас пасля нашай класнай гадзіны. Сёння, калі прыйдзеце дадому, не забудзьцеся абняць сваіх родных. А калі яны далёка, то патэлефанаваць і сказаць, што вы іх вельмі любіце!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий