У даверлівых адносінах

- 9:06В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сярэдняя школа № 69 Гомеля — унікальная ўстанова адукацыі. Яна разнапланавая і цэласная адначасова. Тут імкнуцца гарманічна развіваць асобу вучня, а адным з асноўных складнікаў гармоніі, як вядома, з’яўляецца добрае фізічнае самаадчуванне, таму заняткі фізкультурай і спортам у гэтай школе ў вялікай пашане. Як так склалася? Запыталіся ў дырэктара Юрыя КУДЗІНАВА.

— Юрый Мікалаевіч, прыярытэты вашай навучальнай установы можна заўважыць, ужо заходзячы на тэрыторыю: адразу сустрэла дзяцей са скандынаўскімі палкамі.

— Гэта тыя, хто па медыцынскіх паказаннях вызвалены ад наведвання ўрокаў фізкультуры. Магчыма, нехта скажа, што скандынаўскія палкі — для пажылых лю­дзей, але я перакананы, што фізічная нагрузка або разгрузка патрэбны кожнаму. Нездарма ж гавораць, што ў здаровым целе — здаровы дух. Проста хадзіць па вуліцы — нецікава, а скандынаўскія палкі дабаўляюць матывацыі звычайнай хадзьбе. Настаўнік, які працуе з гэтымі дзецьмі, атрымаў спецыяльны сертыфікат. У выніку мы маем прафесійны падыход да арганізацыі такой рухальнай дзейнасці і вучнёўскую зацікаўленасць, бо для іх гэта нешта новае і незвычайнае. Увогуле пытанне фізічнай актыўнасці школьнікаў і стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ў нашай школе — у прыярытэце. 

— Пасля экскурсіі па навучальнай установе я пераканалася, што да арганізацыі здароўезберагальнага асяроддзя вы ставіцеся вельмі сур’ёзна. Уразілі ўрокі ў пачатковай школе, на якіх актыўна прымяняюцца адпаведныя тэхналогіі навучання. 

— Гэты напрамак актыўна развіва­юць настаўнікі пачатковай школы, якія напрацавалі багаты вопыт у гэтым пытанні. Вы ўбачылі толькі некаторыя элементы, а іх шмат. Напрыклад, дзецям падабаецца “Урок у руху” — элемент здароўезберагальнай тэхналогіі доктара педагагічных навук А.Д.Дубагай. На розных этапах урока для ўстанаўлення зваротнай сувязі з вучнямі настаўнікі выкарыстоўваюць гульнявыя формы з элементамі рухальнай актыў­насці: падскокванні, прысяданні, павароты тулава і інш.

Мяшэчкі з ёдаванай соллю, якія дзеці кладуць на галаву для ўтрымлівання паставы, — яшчэ адзін элемент здароўезберагальнай тэхналогіі А.Д.Дубагай. Гэты метад добра дапамагае не толькі фарміраваць паставу, але і вытрымліваць неабходную адлегласць ад вачэй да сшытка падчас
пісьма.

Каб знізіць мышачную стомленасць і выклікаць у дзяцей станоўчыя эмоцыі, настаўнікі прапануюць ім пахадзіць басанож. Пад рытмічную музыку хлопчыкі і дзяўчынкі ходзяць па спецыяльных сектарах, напоўненых прыродным матэрыялам (шышкамі, каштанамі, галькай, жалудамі). А гімнастыка для вачэй па методыцы прафесара Э.С.Авецісава спрыяе прафілактыцы блізарукасці і касавокасці. І вы, напэўна, звярнулі ўвагу на спецыяльную яркую разметку на падлозе ў дзіцячых рэкрэацыях (“арыфметычны дартс”, “вусень”, “класікі” ). Гэта дыдактычныя гульні, якія но­сяць рэлаксацыйны і аздараўленчы характар. Тут у нас праходзяць дынамічныя перапынкі.

 

Чытайце матэрыял Вольгі Дубоўскай у нумары ад 18 лістапада 2022 года.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий