Дыдактычныя матэрыялы па тэме “Захаваем клімат пры дапамозе простых энергетычных рашэнняў”  

- 15:39Методичка, Химия. Материалы к урокам

Матэрыялы распрацаваны з мэтай актуалізацыі ведаў вучняў пра ваду як самае распаўсюджанае рэчыва на Зямлі, пашырэння іх уяўленняў пра спосабы ачысткі вады, пераканання вучняў у неабходнасці прадухілення экалагічнай катастрофы, удасканалення ўменняў самастойна працаваць з дадатковай літаратурай. Распрацоўкі можна выкарыстоўваць на ўроках хіміі ў 7–8-м класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пры вывучэнні тэмы “Вада”, на пазакласных мерапрыемствах. Гэта будзе спрыяць павышэнню экалагічнай культуры вучняў і дапаможа папярэдзіць праблему недахопу і забруджвання прэснай вады ў нашым рэгіёне.

Алена ШКУДА,
настаўнік хіміі
ДУА “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Матэрыялы ўключаюць наступныя заданні:

1 Заданні для самастойнай работы на ўроку
2 Заданні па тэме “Уласцівасці вады”
3 Заданні для падвядзення вынікаў і замацавання матэрыялу
4 Даследчая дзейнасць
5 Заданні для самастойнай работы дома

 

І Заданні для самастойнай работы на ўроку

1 Адкажыце на пытанне

Чаму прыродная вада практычна заўсёды з’яўляецца растворам?

2 Адкажыце на пытанне

Дзе знаходзяцца запасы прэснай вады на зямлі?

3 Запоўніце табліцу

Вада

Мяккая

Жорсткая

не ўтрымлівае…

утрымлівае…

 

4 Заданне

Укажыце спосабы, з дапамогай якіх можна змякчыць ваду ў дамашніх умовах:

а)________________________________________________________
б) _______________________________________________________

5 Растлумачце, навошта змякчаюць ваду:

а) у прамысловасці ________________________________________
б) у быце ___________________________________________________

6 Прапануйце спосабы эканоміі вады ў быце

 

5 Выканайце тэст

1 Насычаны раствор – гэта раствор:

а) у якім можна растварыць дадатковую колькасць рэчыва пры пастаяннай тэмпературы;
б) які можна зрабіць больш канцэнтраваным;
в) у якім нельга растварыць яшчэ пэўную колькасць рэчыва пры пастаяннай тэмпературы;
г) заўсёды канцэнтраваны.

2 Дабаўленне вады да насычанага раствору гідраксіду кальцыю прывядзе да ўтварэння новага раствору, які будзе:

а) насычаным, разбаўленым;
б) разбаўленым, канцэнтраваным;
в) насычаным, канцэнтраваным;
г) канцэнтраваным, ненасычаным.

3 Насычаны раствор нітрату натрыю, прыгатаванага пры +10°С, можна пераўтварыць у ненасычаны раствор у выніку:

а) дабаўлення нітрату натрыю;
б) выпарвання вады;
в) ахаладжэння;
г) награвання.

4 У разбаўлены раствор цукру пры 50°С дабаўлялі пры памешванні цукар да завяршэння растварэння. Затым атрыманы раствор нагрэлі да кіпення. Атрыманы раствор будзе:

а) насычаным, разбаўленым;
б) разбаўленым, ненасычаным;
в) насычаным, канцэнтраваным;
г) канцэнтраваным, ненасычаным

5 Пры тэмпературы +20°С у вадзе масай 100 г максімальна можа растварыцца СаSO4 масай 0,2 г. Атрыманы раствор будзе:

а) насычаным, разбаўленым;
б) разбаўленым, ненасычаным;
в) насычаным, канцэнтраваным;
г) канцэнтраваным, ненасычаным

6 Вада з’яўляецца ўніверсальным растваральнікам, так як яе малекулы:

а) утвораны атамамі двух хімічных элементаў;
б) утвораны атамамі двух нехімічных элементаў;
в) дыполі;
г) непалярныя.

7 Пры растварэнні некаторых рэчываў у вадзе вылучаецца цеплыня, так як:

а) выдзяляецца энергія пры ўтварэнні гідратаў;
б) паглынаецца энергія пры разрыве сувязей у растваральным рэчыве;
в) у выніку ўтварэння гідратаў энергіі вылучаецца болей, чым паглынаецца пры разрыве сувязей;
г) у выніку ўтварэння гідратаў энергіі вылучаецца меней, чым паглынаецца пры разрыве сувязей.

8 Выберыце спосабы ачысткі вады ад растваральных сумесей:

а) адстойванне;
б) перагонка;
в) фільтраванне;
г) вымарожванне.

9 Соль масай 160 г растварылі ў 1 л вады. Якая масавая доля гэтай солі ва ўтварыўшымся растворы?

а) 0,16;
б) 0,138;
в) 0,12;
г) 0,062.

10 Якая з уласцівасцей вады носіць найбольшы ўклад для рэгулявання клімату на Зямлі?

а) малая малекулярная маса;
б) нізкая шчыльнасць;
в) вялікая цеплаёмістасць;
г) высокая тэмпература кіпення.

 

ІІ Заданні па тэме “Уласцівасці вады”

1 Выберыце правільныя варыянты адказаў

1) Вада пераходзіць у цвёрды стан пры тэмпературы

а) – 1°С;
б) 0°С;
в) – 5°С.

2) Вада пераходзіць з аднаго стану ў іншы пад уздзеяннем:

а) ахалоджвання;
б) пералівання;
в) награвання.

3) Якія рэчывы раствараюцца ў вадзе?

а) соль;
б) мука;
в) пясок;
г) масла.

2 Устанавіце адпаведнасць паміж з’явамі:

Плаўленне                    выпарэнне вады

Крышталізацыя           утварэнне воблакаў

Параўтварэнне            раставанне лёду

Кандэнсацыя                замярзанне вады

3 Заданне

Уявіце, што да вас у лабараторыю паступіла рэчыва ў вадкім стане невядомага паходжання. Вам неабходна вызначыць яго ўласцівасці. Запішыце кароткія вывады.

Дослед 1 Пераліце рэчыва з адной шклянкі ў другую. Што адбылося з ім? Якую ўласцівасць дадзенага рэчыва вы выявілі?
Вывад:

Дослед 2 Размяшайце ў шклянцы з рэчывам цукар. Ці бачым мы цяпер цукар? Што адбылося?
Вывад:

Дослед 3 Вазьміце шклянку з рэчывам. Апусціце ў яго лыжку. Ці бачна яна?

Дослед 4 Па чарзе наліце рэчывы ў сасуды рознай формы. Яно мае сваю ўласную форму ці прымае форму сасуда?
Вывад:

Дослед 5 Вызначце колер рэчыва пры дапамозе палосак паперы. Ці мае яно колер?
Вывад:

 

4 Запоўніце схему “Уласцівасці вады”                                                           

 

                                                                                                                                      

5 Адкажыце на пытанні

Чаму вада – добры накапляльнік цяпла? Якое значэнне мае гэта ўласцівасць для прыроды зямлі?

6 Задача

З незакрытага крана пры невялікім напоры выліваецца за гадзіну каля 1000мл. Колькі вады выльецца за 24 гадзіны? Пра што гаворыць гэта лічба?

7 Задача

Разлічыце, якую колькасць вады зрасходуюць жыхары горада з насельніцтвам 1 млн 200 тыс. чалавек, калі па нормах на кожнага жыхара горада даводзіцца 220 л халоднай вады ў суткі.

8 Адкажыце на пытанне

Як можна ачысціць ваду ад рэчываў, якія не раствараюцца ў ёй?

9 Прааналізуйце

Юны эколаг Валянцін вельмі старанна рыхтаваўся да ўрока хіміі. Яму неабходна было прыдумаць памятку “Простыя рашэнні для зберажэння клімату. Зберагу ваду – палепшу клімат на планеце”. Вось што ў яго атрымалася:

– Для таго каб ведаць, ці эканомна вы расходуеце ваду, пастаянна сачыце за паказчыкамі лічыльніка вады ў кватэры.

– Брудны посуд і адзенне неабходна замачыць, каб пасля было лягчэй яго адмыць. Гэта дазволіць паменшыць расход вады.

– Для ўборкі ў кватэры пажадана карыстацца толькі бяспечнымі натуральнымі сродкамі! Напрыклад, харчовай содай, воцатнай кіслатой, соллю, гарчыцай. Такі просты метад зберажэ наша здароўе, матэрыяльныя затраты. А ў каналізацыю і сцёкавыя воды не будуць паступаць шкодныя хімічныя злучэнні.

– На прысядзібным участку неабходна высаджваць засухаўстойлівыя сарты культурных раслін, каб паменшыць трату вады на паліў.

– Ці згодны вы з пунктамі памяткі Валянціна? Што б вы яшчэ дадалі?

 

IIІ Заданні для падвядзення вынікаў і замацавання матэрыялу

Дайце характарыстыку раствору як аднароднай сумесі, прадоўжыце сказ.

Устойлівасць раствору – _____________________________________________

_________________________________________________________________________

Укажыце некалькі рэчываў, якія, на ваш погляд, могуць быць растваральнікамі.

Водны раствор паваранай солі масай 250 г утрымлівае 2 г солі. Вызначце масу растваральніка.

Чаму вада з’яўляецца добрым растваральнікам?

Як вы думаеце, чаму павараная соль практычна не раствараецца ў бензіне?

Што адбываецца з іоннымі крышталямі пры растварэнні рэчыва ў вадзе?

Малекулы вады могуць уступаць ва ўзаемадзеянне з часцінкамі растворанага рэчыва з утварэннем гідратаў, пры гэтым цеплыня ___________

Прадоўжыце сказы для характарыстыкі цеплавых з’яў пры растварэнні рэчыва ў вадзе.

а) калі энергіі на разрыў сувязі зрасходуецца болей, чым вылучаецца пры ўтварэнні гідратаў, то працэс растварэння суправаджаецца ____________________

б) калі энергіі на разрыў сувязі зрасходуецца менш, чым вылучаецца пры ўтварэнні гідратаў, то працэс растварэння суправаджаецца ____________________

Якую масу вады неабходна дабавіць да цукру масай 150 г, каб маса раствору стала 1 кг?

 

10 Гульня “Спытай і выйграй”

Для правядзення гульні настаўнік рыхтуе 20 пранумараваных картак. На кожнай картцы прыводзіцца адно пытанне па тэме “Вада” з двума адказамі (правільным і няправільным). На ўроку настаўнік прапануе класу раздзяліцца на дзве каманды і кожнай з іх выбраць капітана. На інтэрактыўнай (класнай) дошцы дэманструецца ўмова задачы ……?

Камандам прапануецца рашыць яе як мага хутчэй і кожнаму члену каманды запісаць рашэнне на дошцы. Пасля выканання гэтага задання два камандзіры падыходзяць да стала, на якім ляжаць перавернутыя карткі з пытаннямі. Гульню пачынае камандзір каманды-пераможцы. Ён бярэ любую картку і зачытвае ўслых камандзе-саперніцы пытанне з двума адказамі. Пытанні задаюцца па чарзе. Адказваць маюць права ўсе: і камандзір, і члены каманды. Пры атрыманні правільнага адказу каманда атрымлівае адзін бал, а пры няправільным адказе бал атрымлівае каманда, якая задавала пытанне.

1) Вада адносіцца да простых ці складаных рэчываў? 
2) Адносная малекулярная маса вады роўна 18 ці 18 г/моль?
3) Масавая доля кіслароду ў вадзе роўна 88,9% ці 99,8%?
4) Хімічная колькасць вады ў яе порцыі масай 54 г роўна 0,3 моль ці 3 моль?
5) Шчыльнасць чыстай вады пры 4°С роўна 0,1 г ̸моль ці 1 г/моль?
6) Шчыльнасць лёду меншая ці большая шчыльнасці вадкай вады?
7) Водны раствор паваранай солі – сумесь аднародная ці неаднародная?
8) Вада можа існаваць у двух ці трох агрэгатных станах?
9) Вада рэагуе з натрыем ці з меддзю?
10) Пры ўзаемадзеянні вады з актыўнымі металамі вылучаецца газ – вадарод ці кісларод?
11) Пры ўзаемадзеянні вады з кальцыем утвараецца складанае рэчыва – аксід ці гідраксід кальцыю?
12) Кіслотнымі з’яўляюцца аксіды металаў ці неметалаў?
13) Да кіслотных адносяцца аксід К2О ці SО3?
14) У водным растворы вуглякіслага газу афарбоўка метыларанжу змяняецца на жоўтую ці чырвоную?
15) Асноўнымі з’яўляюцца аксіды неметалаў ці аксіды металаў?
16) Да асноўных аксідаў адносіцца аксід Р2О5 ці СаО?
17) Пры ўзаемадзеянні вады з аксідам кальцыю ўтвараецца рэчыва, у растворы якога метыларанж змяняе афарбоўку на жоўтую ці чырвоную?
18) Да шчолачаў адносіцца Сu(ОН)2 ці Са(ОН)2?
19) Рэакцыя нейтралізацыі адносіцца да рэакцый замяшчэння ці абмену?
20) Марская вада – прыродны раствор ці чыстае рэчыва?

 

11 Прачытайце тэкст і адкажыце на пытанні

Яна пасадзіла яго ў мяккае крэсла каля пісьмовага стала… Сама пайшла за цыратную занавеску, што агароджвала ўмывальнік, і вярнулася з запацелым сіфонам, бутэлькай сіропу і шклянкамі…
Яна наліла ў шклянкі вады, пасля сіропу, памяшала лыжачкай, працягнула адну шклянку Ярашу.
                                                                                                        Іван Шамякін. Сэрца на далоні

 

1 Якія працэсы на ўзроўні малекул адбываюцца пры дабаўленні сіропу з вадой? Якое значэнне мае перамешванне? Ці могуць адбывацца такія з’явы ў прыродзе? Ці прымаюць яны ўдзел у фарміраванні экалагічных фактараў?

2 Што такое сіроп? (Насычаны раствор цукру)

3 Ці адбываецца ў дадзеным выпадку распад рэчыва на іоны? (Не, так як у цукрозы хімічная сувязь паміж атамамі кавалентная малапалярная, рэчыва з’яўляецца неэлектралітам.)

4 Д.Храпоўскі ў кнізе “Займальныя нарысы па хіміі” прыводзіць даныя аб саставе марской вады:

Табліца. Састаў марской вады

элемент

%

элемент

%

элемент

%

О

85,82

Ca

0,04

Si

1·10-4

Н

10,72

K

0,037

F

1·10-4

Сl

1,39

Br

0,00066

Rb

2·10-5

Na

1,06

C

0,002

Li

1,5·10-5

Mg

0,14

Sr

0,001

Zn

5·10-5

S

0,9

B

0,0004

P

6·10-6

I

5·10-6

As

1,5·10-6

Cu

2·10-6

Cs

2·10-7

Ag

3·10-8

Au

1·10-9

 

Якое слова неабходна дабавіць да назвы ў табліцы, каб не было сумненняў у дакладнасці прыведзеных у ёй даных?

Прыняўшы масу мораў і акіянаў роўнай 1,4∙1018 т, разлічыце масу растворанага ў марской вадзе любога з прыведзеных у табліцы элементаў.

5 Дома складзіце падборку тэкстаў з мастацкай літаратуры на тэму “Вада. Растворы”. Сістэматызуйце сабраны матэрыял.

 

IV Даследчая дзейнасць

Дослед 1 

Настаўнік ставіць перад вучнямі тры колбы: з дыстыляванай вадой, водаправоднай вадой, з растворам мыла. Карыстаючыся інструктыўнай карткай, вывучыце, як пеніцца мыла. Падумайце чаму. Запішыце ў сшытак свае вынікі.

Інструктыўная картка

1 У колбу з дыстыляванай вадой дабаўце крыху раствору мыла. Узбоўтайце акварэльным пэндзлікам. Разгледзьце валаскі пэндзліка. Што вы назіраеце?
2 У колбу з водаправоднай вадой дабаўце раствор мыла. Узбоўтайце  акварэльным пэндзлікам. Што назіраеце? Дабаўляйце раствор мыла да той пары, пакуль вада не стане добра пеніцца. Разгледзьце валаскі пэндзліка. Што назіраеце?
3 Растлумачце, чаму мыла дабра пеніцца ў дыстыляванай вадзе і дрэнна ў водаправоднай.

Пасля доследу

Як растлумачыце тэрміны “мяккая вада”, “жорсткая вада”? Чаму на валасінках пэндзліка ўтварыліся белыя крупінкі? Разгледзьце іонную сутнасць працэсу (RNa – формула мыла, дзе R –арганічны радыкал).

1) RNa → R + Na+
2) CaCl2→ Ca2+ + 2Cl
MgCl2→ Mg2+ 2Cl
3) 2Na+ +2R+ Ca2+ + 2Cl→CaR2↓ +2Na+ +2Cl-

Жорсткасць вады – гэта сукупнасць уласцівасцей, якія надаюць вадзе іоны Са2+ і Мg2+

Віды жорсткасці: карбанатная і некарбанатная

Карбанатная жорсткасць

Якімі злучэннямі Са і Мg абумоўлена карбанатная жорсткасць вады?

Са(НСО3)2;
Мg(НСО3)2.

Як можна перавесці гэтыя солі ў нерастваральныя злучэнні?

– пракіпяціць;
– дабавіць соду (Na2СО3);
– дабавіць вапнавую ваду (Са(ОН)2).

Дослед 2 

Нагрэйце прабірку з вадой, якая змяшчае раствораныя гідракарбанаты кальцыю і магнію.

Запішыце ўраўненні рэакцый у малекулярным і іонным выглядзе.

Ці можна поўнасцю ўстараніць з вады Са(НСО3)2 і Мg(НСО3)2? Як можна інакш назваць карбанатную жорсткасць? (Часовая)

Некарбанатная жорсткасць

Якімі злучэннямі абумоўлена некарбанатная жорсткасць?

СаCl2;  MgCl2; CaSO4; MgSO4.

Як можна перавесці гэтыя солі ў нерастваральны стан?

– дабавіць соду;
– прапусціць праз іонаабменнік.

Дослед 3 

Дабаўце раствор соды да вады з пастаяннай жорсткасцю.

Запішыце ўраўненне рэакцый у малекулярным і іонным выглядзе.

Ці можа ў прыродных умовах існаваць вада толькі з карбанатнай (часовай) і карбанатнай (пастаяннай) жорсткасцю? (Не)

 

V Заданні для самастойнай работы дома

 

1 Падрыхтуйцеся да дыскусіі на тэму “Атмасферныя асадкі: гэта дабро ці бяда?”. Выкажыце сваё меркаванне.

Як весці дыскусію

– У спрэчцы не дапускайце тону перавагі, паважайце думку таварышаў.
– Уступаючы ў дыскусію, неабходна ўяўляць прадмет спрэчкі.
– Не паўтарайце тое, што ўжо было сказана.
– Уважліва слухайце таварышаў, якія маюць супрацьлеглыя пункты погляду, знайдзіце ў іх моцныя і слабыя бакі.
– Абвергніце іх доказы, калі вы з імі не згодны.

2 Зрабіце малюнак або намалюйце плакат на тэму “Беражыце ваду”.

3 Паспрабуйце прыдумаць казку, якая пачыналася б са слоў “Жыла-была сняжынка…”, “Жыў-быў лядыш…”

4 Рашыце задачу

Уявіце, што кран няшчыльна закрыты. За суткі выцякае 15 л вады. Колькі вады выцеча за 5 сутак? За 10 сутак? У 500 кватэрах за год?

Так можа быць згублена многа чыстай вады. А гэтай вады вашай сям’і хопіць надоўга. Не дарма народ гаворыць: “Што сёння зберажэш – заўтра спатрэбіцца”

5 Правядзіце эксперымент.

1) Наліце ваду ў пластыкавую бутэльку і пакладзіце ў маразільнік. Калі вада замерзне, дастаньце бутэльку і запішыце, што адбылося з ёю.
2) Не адкаркоўваючы бутэльку, пастаўце яе ў цёплае месца. Калі лёд растане, запішыце, што адбылося з бутэлькай. Падумайце, чаму гэта адбываецца. Запішыце свой вывад.

Вада – прыродны дар, які неабходны для жыцця ўсяго жывога на зямлі.

За парушэнне правіл водаспажывання чалавек павінен несці адказнасць у заканадаўчым парадку.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий