Аўтар паказвае прадуктыўнасць прымянення мастацкага слова, накіраванага на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў на ўроках беларускай мовы.
Любоў УРБАНОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Бярозаўская сярэдняя школа № 3” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта і задачы, якія магчыма вырашыць праз выкарыстанне распрацаваных дыдактычных матэрыялаў
Сёння патрабаванні дзяржавы да арганізацыі выхаваўчага асяроддзя ва ўстановах адукацыі гучаць зразумела і выразна, дастаткова зазірнуць у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі: выхаванне грунтуецца на агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцях, культурных і духоўных традыцыях беларускага народа, дзяржаўнай ідэалогіі, адлюстроўвае інтарэсы асобы, грамадства.
І сапраўды, дбаць пра выхаванне грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь, свядомага прадстаўніка нацыі – значыць дбаць пра будучыню краю. Таму пачэсны абавязак настаўніка беларускай мовы і літаратуры – фарміраваць у падрастаючага пакалення пачуццё прыналежнасці і далучанасці да беларускай дзяржавы і грамадства, актыўную грамадзянскую пазіцыю, патрыятызм, нацыянальную самасвядомасць, дапамагчы асэнсаваць сваю далучанасць да таго, што адбывалася, адбываецца і, самае галоўнае, будзе адбывацца на нашай беларускай зямлі, каб навучэнцы адчулі сябе яе часткай, сапраўднымі грамадзянамі Беларусі.
Беларуская мова і літаратура ў школе не толькі вучэбныя прадметы, але і сродкі выхавання, развіцця. Ужо сам праграмны матэрыял урокаў нясе ў сабе неабмежаваныя магчымасці для выхавання любові і сур’ёзных адносін да ўсяго, што з’яўляецца родным, беларускім, нацыянальным.
Патрэбна заўважыць, што больш за сто год таму Францішак Багушэвіч у прадмове да зборніка “Дудка беларуская”, Цётка ў артыкуле “Шануйце роднае слова!” выказвалі заклапочанасць тым, што беларусы цураюцца роднай мовы. “Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка”, – пісала Цётка. Праблема застаецца актуальнай: большасць беларусаў не размаўляе па-беларуску, многія забываюцца на народныя традыцыі, звычаі, праяўляюць абыякавасць да нацыянальна-культурных каштоўнасцей свайго народа. Многія сучасныя школьнікі, як паказвае маніторынг якасці выхаванасці навучэнцаў, бачаць для сябе мэту навучання толькі ў тым, каб паспяхова здаць ЦТ, паступіць у лепшыя УВА краіны, стварыць для сябе ў будучым матэрыяльны рай. Іх мала цікавіць лёс роднай мовы, малой радзімы, Бацькаўшчыны.
Псіхалагічныя маніторынгі паказалі, што такія аспекты грамадзянскасці, як любоў да сваёй краіны і да сваёй малой радзімы ў вучняў развіты недастаткова.
Фарміраванне пучуцця патрыятызму ў дзіцяці павінна пачынацца з ранняга перыяду жыцця ў сям’і: з матчынай калыханкі, з бабулінай казкі, з народнай песні. Менавіта ў раннім дзяцінстве фарміруецца культ роднай хаты, сям’і, продкаў. У падлеткавым узросце дзіця ўжо пачынае ўсведамляць сябе часткай нацыі. Значыць, вельмі важна, каб урокі роднай мовы і літаратуры давалі правільнае разуменне паняццяў патрыятызму, гуманізму, выхоўвалі павагу да нацыянальна-культурных каштоўнасцей свайго народа, садзейнічалі фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці, абуджалі патрэбу размаўляць на роднай мове.
Мэта гэтай работы – паказаць прадуктыўнасць прымянення мастацкага слова, накіраванага на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў на ўроках беларускай мовы.
Для дасягнення мэты неабходна рашыць наступныя задачы:
— раскрыць глыбінны змест прапанаваных матэрыялаў як сродку, які садзейнічае выхаванню нацыянальнай самасвядомасці падлеткаў;
— паказаць, што сістэмнае выкарыстанне прапанаваных узораў беларускага слова можа спрыяць павышэнню якасці выхаванасці вучняў.
Пры планаванні ўрока настаўнік ставіць перад сабой тры задачы: навучыць, развіць і выхаваць. Апошняя, на маю думку, не менш важная, чым папярэднія. Таму пры распрацоўцы ўрока беларускай мовы я аб’ядноўваю прадметную тэму з выхаваўчым напрамкам, бо лічу, што выхаваўчы патэнцыял урока павінен прайсці праз увесь урок.
Часцей за ўсё настаўнікі-славеснікі ідуць наступным шляхам: на ўрок мовы падбіраюць дыдактычны матэрыял адпаведнай тэматычнай накіраванасці і на ім вывучаюць прадметную тэму. Але я лічу, што трэба засяроджваць увагу вучняў на выхаваўчым аспекце ўжо з першых хвілін урока. Сутнасць арганізацыйнага моманту ўрока для мяне заключаецца ў падборы такога матэрыялу, які б заставіў вучняў паступова асэнсаваць нейкую праблему. Шукаю ёмкае, гучнае слова. Гэта могуць быць радкі вершаў, словы знакамітых людзей, прытчы, прыказкі, прымаўкі, загадкі і г.д.
Любоў да Радзімы, патрыятызм, на маю думку, пачынаецца з разумення, з асалоды роднага слова. Незвычайнае моцнае беларускае слова. Яно ўбірала ў сябе моц у выгуках аратых, песнях жней і пастухоў, у лагодным блакітна-зялёным асяродку і сваёй натуральнасцю, мілагучнасцю, сакавітасцю супала з сутнасцю беларускай зямлі і чалавека, які на ёй жыў. Менавіта таму ўсё роднае: нашу мову, свой дом, прыроду, Радзіму – мы ўспрымаем з асабліва пранікнёнай любоўю. Адсюль патрыятызм, маральная моц і асаблівы беларускі характар.
У сучасны момант з’яўляецца актуальнай праблема папулярызацыі беларускага слова і беларускай культуры. І тут мэтазгодна на пачатку ўрока акцэнтаваць увагу навучэнцаў (у залежнасці ад іх узросту) на наступных радках:
– Адыміце ў народа ўсё – і ён усё можа вярнуць, але адыміце мову – і ён ніколі ўжо не створыць яе нанова. (К.Д.Ушынскі)
– Новую радзіму нават можа стварыць народ, але мову – ніколі. Вымерла мова ў вуснах народа – вымер і народ. (Ніл Гілевіч)
Ой, мае вы ягамосці,
Вы прыйшлі да нас у госці?
Цеснаваты гэты клас,
Але ўтульна будзе ў нас.
Мова родная пануе,
Шмат чаго ўрок рыхтуе.
Бог паслаў нам чынны дар:
Мова ў класе ўладар.
Непаўторная, жывая,
Мілагучная такая.
Табе злажу няўхільна шчыры свой санет,
Прапрадзедаў маіх жывая мова,
Майго народа першая аснова,
Душы яго шырокі, чысты свет! (Е.Лось)
Сэрцу радасна і балесна
Ад таго, як прыходзіш зноў
Ты, мая беларуская песня,
Да сваіх і чужых сыноў. (П.Броўка)
Адпаведна і ўвесь дыдактычны матэрыял на гэтым уроку грунтуецца на такой тэматыцы. Падбор матэрыялу залежыць і ад узросту вучняў, і непасрэдна ад тэмы ўрока.
Напрыклад, пры вывучэнні аднародных членаў сказа ў 5-м класе да месца будуць наступныя радкі:
А гэта вандроўка праз сёлы,
Праз край мой суровы, вясёлы.
Бяскрайнія нівы, дубровы
У маю беларускую мову. (М.Танк)
А радкі Дануты Бічэль прапаноўваю як пры вывучэнні аднародных членаў сказа ў 5-м класе, так і пры паўтарэнні гэтай тэмы ў 11-м класе:
Я чула пяшчотнае,
Шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае…
Такое ласковае, цёплае, чыстае…
У 8-м класе пры вывучэнні тэм “Зваротак” і “Параўнальны зварот” выкарыстоўваю наступныя радкі:
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна. (А.Бачыла)
Багата, родная ты мова,
Цябе стварыў і ўзнёс народ.
А вобразы якія ў словах,
А параўнанняў што за ўзлёт!.. (П.Броўка)
Дрыжыць прастор нябёс грамовых.
У родны край ідзе вясна.
Я зноў пра мову, зноў пра мову –
Яна, як маці, у нас адна. (Л.Дайнека)
Слова! Цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў,
Што здзіўляў у вяках і здзіўляе нанова.
Трапяткое, жывое, як сонца ў росах,
Несмяротнае, роднае матчына слова… (Н.Гілевіч)
У праграмных творах М.Багдановіча ёсць шмат прыкладаў, па змесце якіх можна пабудаваць урок на згаданую тэму. Тут, дарэчы, актыўна працуюць і міжпрадметныя сувязі з беларускай літаратурай:
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
(“Маёвая песня”)
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу,
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
(“Зімой”)
Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай
І гадамі грэюся-сплю на дне ракі.
Твар травой аблытаны, быццам павуцінай,
Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.
(“Вадзянік”)
Разглядаючы тэму “Складаны сказ з рознымі відамі сувязі”, прапаноўваю да ўвагі вучняў урывак з верша М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” – узору грамадзянскай і патрыятычнай лірыкі ў беларускай літаратуры:
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна,
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Пры вывучэнні ў 9-м класе тэм “Складаназлучаны сказ” і “Складаназалежны сказ” ёсць магчымасць звярнуцца да наступных радкоў:
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет.
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
З такою моваю не сорам
I да суседзяў – хоць на Марс.
З любым народам мы гаворым,
I людзі разумеюць нас. (А.Пысін)
А пры падрыхтоўцы ўрокаў па тэмах “Складаназалежны сказ. Даданая азначальная”, “Складаназалежны сказ з некалькімі даданымі часткамі” прапаную звярнуць увагу на наступныя радкі:
Не вароціш ніколі, ніколі
тых сыноў, што забрала вайна.
Ні Артура, ні Васі, ні Колі,
іх няма, больш няма. (А.Борскі.)
Мы не бачылі,
Што плакалі
Аднагодкі,
Якіх сурова назвала
Бязбацькавічамі
Вайна. (Г.Бураўкін.)
Калі вывучаем тэмы “Складаназалежны сказ. Даданая азначальная” ў 9-м класе, засяроджваю ўвагу вучняў на радках
– Адама Мальдзіса: “Францыск Скарына даў нам павучальны ўрок, што можа зрабіць адзін чалавек дзеля мірнага жыцця і ўзаемнага ўзбагачэння народаў”;
– Барыса Сачанкі: “Нішто-нішто не заменіць чалавеку радзімы, таго куточка зямлі, дзе спазнаў першую радасць і першае гора, дзе кожны куточак на полі, кожнае дрэва, кожная дарожка і сцежачка – не проста курганок, дрэва, дарожка, сцежачка, а яшчэ ўспаміны…”.
Вельмі ўздзейнічаюць на вучняў радкі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Яны прымушаюць успомніць, задумацца, дапамагаюць вызначаць грамадзянскую пазіцыю вучняў.
Калі вывучаецца ў 6-м класе тэма “Простыя лічэбнікі, іх ужыванне і скланенне”, то можна таксама пабудаваць урок на тэму ваеннага мінулага. Да месца могуць быць радкі А.Вярцінскага “Два полі”:
Было ў салдата два полі
поле, дзе кветкі ірваў,
бегаў ў сябамі на волі,
і поле,дзе ён ваяваў.
Да зместу будуць на тэме “Зваротак” такія радкі А.Вярцінскага:
Я вас прашу, не зведаў хто вайны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй,
Каб потым ёй не зарасці травой.
Пры вывучэнні тэмы “Параўнальны зварот” дарэчнымі будуць словы верша Міколы Сурначова “У стоптаным жыце”:
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце –
Ёй не кажыце.
Вывучаем тэму “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам” – звяртаю ўвагу вучняў на словы Плутарха: “Вайна – жорсткая рэч, яна цягне за сабой несправядлівасць і злачынствы”.
Не можа чалавек быць сапраўдным патрыётам, калі ён не дбае пра лёс роднай прыроды. На праблеме ашчадных адносін да ўсяго жывога таксама можна будаваць урок мовы, выкарыстоўваючы ў якасці эпіграфу зноў жа словы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.
Вывучаючы тэму “Складаназалежны сказ з даданай азначальнай часткай” ёсць магчымасць звярнуць увагу вучняў на словы Я.Коласа: “Прырода–найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачыма кожнага з нас…Чытаць гэту кнігу, умець адгадваць яе мнагалучныя надпісы–хіба ж гэта не ёсць шчасце? (На прыкладзе першага сказа можна паўтарыць і пастаноўку працяжніка паміж дзейнікам і выказнікам). Падчас вывучэння гэтай тэмы звяртаю ўвагу дзяцей на выказванне зноў жа Я.Коласа “Любоў да прыроды – гэта адно з праяўленняў любові да Радзімы”.
Пры вывучэнні тэмы “Бяззлучнікавы складаны сказ” дарэчнымі будуць словы С.Грахоўскага:
Мы ўжо не просім міласці ў прыроды,
Прырода моліць літасці ў нас…
Выхаванне патрыятызму, грамадзянскай пазіцыі, павагі да гістарычнага мінулага, яго знакамітых асоб магчыма таксама праз выкарыстанне сказаў-эпіграфаў і ўрыўкаў вершаў, прысвечаных вядомым паэтам. Максім Багдановіч, Васіль Быкаў – вядомыя ўсім беларускія мастакі слова. Яны працавалі ў розных жанравых кірунках, але варты нашай увагі за вялікі ўклад у развіццё роднай літаратуры. Пры вывучэнні “Зваротка” і “Параўнальнага зварота” ў 9-м класе можна прачытаць радкі вершаў У.Караткевіча “Багдановічу” і Р.Барадуліна “Быкаву”:
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Будуць часам ідалы раструшчаны
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!
У 10–11-м класах пры паўтарэнні тэмы “Аднародныя члены сказа” выкарыстоўваю словы вядомага беларускага пісьменніка, публіцыста, гісторыка Уладзіміра Караткевіча:
Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца,
Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна…
Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць і вартым быць яго.
А вось пры разглядзе тэмы “Складаназалежны сказ з даданай дапаўняльнай” ёсць магчымасць звярнуцца да радкоў Кастуся Кірыенкі:
І бачу я і ганаруся,
Што продак мой у даўні век
Перад чужынцамі не гнуўся,
Не адступаў ад родных рэк,
Умеў любіць і ненавідзець.
Пры паўтарэнні зваротка і знакаў прыпынку пры зваротку можна прапанаваць радкі верша Алеся Пісьмянкова “Продкі”:
Яны ідуць за годам год
З мячом і з плугам.
О, мой нязводны род,
Ён (ты) моцны духам!
Цудоўным варыянтам для выхавання патрыятычных пачуццяў могуць стаць радкі Генадзя Пашкова:
Да кожнай нітачкі я твой.
Твой боль – мой боль, сухмень ці лівень.
Прашу цябе, зямля, дазволь
Быць каласком у роднай ніве.
На мой погляд, быць патрыётам – быць сучасным чалавекам, грамадзянінам, які не абыякавы да лёсу сваёй Бацькаўшчыны, які імкнецца прынесці ёй карысць сваёй дзейнасцю, сваёй жыццёвай пазіцыяй. Да месца будуць словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа:“Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго”. Да гэтага выказвання можна звярнуцца пры вывучэнні ў 9-м класе тэмы “Бяззлучнікавы складаны сказ” і на аснове творчасці Я.Коласа пабудаваць увесь урок.
Падчас матывацыйнага этапу ўрока, акрамя ўрыўкаў з мастацкіх твораў і публіцыстыкі, таксама часта звяртаюся да тэматычных прыказак, прымавак, афарызмаў. Вучні павінны выбраць для себе тую, якая найбольш адлюстроўвае іх пазіцыю, настрой і г.д. На самай справе іх вельмі шмат у скарбонцы беларускага фальклору. Нагадаю некаторыя з іх:
На чужыне і камар гіне.
Найлепшая вадзіца з роднай крыніцы.
Усякай птушцы сваё гняздо міла.
Кожная сасна свайму бору песню пяе.
Радзіма – маці, чужына – мачыха.
Дарэчы, гэтыя ўрыўкі можна выкарыстоўваць не толькі пры вывучэнні пунктуацыі, але і іншых раздзелаў мовазнаўства: фанетыкі, лексікі, марфалогіі і арфаграфіі. На гэтым матэрыяле можна правесці арфаграфічную хвілінку.
На мой погляд, пры дапамозе менавіта такога падыходу да рэалізацыі выхаваўчага аспекту ўрока вучні не толькі набываюць пэўныя веды, але і развіваюць свае камунікатыўныя магчымасці: яны бачаць узор маўлення. Паглыбляюцца міжпрадметныя сувязі, бо радкі часцей за ўсё бяру з твораў беларускіх пісьменнікаў. Гэты прыём працуе і на падрыхтоўку да алімпіяды вучняў з высокай вучэбнай матывацыяй: менавіта такая работа дапамагае ў падрыхтоўцы да творчай работы.
Не толькі запас ведаў вучняў па той ці іншай тэме значна павышаецца, але і адносіны да сваёй Радзімы, народа, роднай мовы робяцца іншымі. І па-іншаму бачацца адносіны паміж людзьмі, аналізуюцца свае ўчынкі. А за школьнай партай мяне слухае не толькі вучань, а і чалавек, асоба, бо з маімі словамі, што сёння на ўроку закранулі яго сэрца, ён пойдзе ў жыццё.
Душа кожнага чалавека – зародак цудоўнай кветкі. Але ці будзе яна квітнець? Гэта ў многім залежыць ад духоўнага выхавання, атрыманага чалавекам у сям’і і школе.