Лады дзеяслова: абвесны, умоўны, загадны. Урок беларускай мовы ў 7-м класе

- 10:23Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Гэта 1-ы ўрок у сістэме вывучэння ладоў дзеяслова. Вучні ведаюць катэгорыю часу дзеяслова, як змяняюцца дзеясловы ў пэўным часе.

Аксана ПАЛЯШЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

Клас: 7.

Тэма: Лады дзеяслова: абвесны, умоўны, загадны.

Тып: урок вывучэння новага матэрыялу.

Узаемасувязь з атрыманымі раней ведамі: гэта 1-ы ўрок у сістэме вывучэння ладоў дзеяслова. Вучні ведаюць катэгорыю часу дзеяслова, як змяняюцца дзеясловы ў пэўным часе.

Мэты заняткаў:

– адукацыйная: дапамагчы вучням асэнсаваць граматычнае значэнне ладу дзеяслова, асаблівасці ўтварэння і ўжывання дзеясловаў абвеснага, умоўнага, загаднага ладоў, даваць ім характарыстыку, правільна ўжываць ва ўласным вусным і пісьмовым маўленні [5, с.9];
– развіццёвая: спрыяць фарміраванню навыкаў самакантролю, уменню планаваць сваю дзейнасць, працаваць у зададзеным тэмпе;
– выхаваўчая: садзейнічаць павышэнню вучэбнай матывацыі на аснове далучэння вучняў да ўласнага самавызначэння (скіраванасць на ўласны вынік занятку); садзейнічаць цікаўнасці да правільнага харчавання.

Мэты заняткаў мовай вучня:

буду ведаць граматычнае значэнне ладоў дзеяслова;
буду ўмець знаходзіць у тэкстах дзеясловы абвеснага, умоўнага, загаднага ладоў;
буду ўмець утвараць і ўжываць у вусным і пісьмовым маўленні дзеясловы абвеснага, загаднага і ўмоўнага ладоў.

На Што Бузу (на што буду звяртаць увагу):

1) ведаць значэнне ладу дзеяслова;
2) ведаць асаблівасці ўтварэння і ўжывання дзеясловаў абвеснага, загаднага і ўмоўнага ладоў;
3) абгрунтоўваць свой выбар ва ўжыванні дзеясловаў пэўнага ладу ў маўленні.

Абсталяванне: раздатачны матэрыял, рознакаляровыя карткі для зваротнай сувязі.

Эпіграф: “Есці, каб жыць, а не жыць, каб есці…” (Сакрат).

 

Ход урока

1 Арыенціровачна-матывацыйны этап

1.1 Арганізацыйны момант

Задачы настаўніка: псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да ўрока, настроіць на супрацоўніцтва, зацікавіць тэмай урока.

Добры дзень. Я шчыра вітаю вас на ўроку беларускай мовы. Няхай пастаяць на правай назе тыя, у каго добры настрой. Няхай пахлопаюць у далоні тыя, хто любіць беларускую мову. Няхай пагладзяць сябе па галаве тыя, хто творча працуе на ўроках. Няхай паціснуць руку свайму суседу тыя, хто хоча любіць і гатовы заўсёды вучыцца. Няхай усміхнуцца сваім суседзям тыя, хто гатовы да супрацоўніцтва.

1.2 Актывізацыя вопыту вучняў

Задачы настаўніка: актывізаваць веды і ўменні вучняў, сфарміраваць пазнавальныя матывы.

На дошцы прымацаваны карткі са словамі: скланенне, трыванне, час, лік, род, асоба, спражэнне, лад, інфінітыў, разрад, час, зваротнасць, ступень параўнання. Выберыце толькі тыя словы, якія мы адносім да дзеяслова. Свой адказ абгрунтуйце. Сёння на ўроку мы пазнаёмімся яшчэ з адной катэгорыяй дзеяслова – ладам. У працэсе знаёмства з новай тэмай мы паразважаем на тэму “Правільнае харчаванне школьніка”.

1.3 Мэтавызначэнне

Задачы настаўніка: стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць і яе вынікі.

Давайце паспрабуем разам паставіць задачы на ўрок. Дапамогуць нам у гэтым апорныя дзеясловы:

Напрыканцы ўрока я буду ўмець:

Знаходзіць – дзеясловы патрэбнага ладу. Вызначаць – лад дзеясловаў. Утвараць – дзеясловы патрэбнага ладу. Падбіраць – неабходныя па сэнсе дзеясловы. Сумяшчаць – дзеясловы з іншымі часцінамі мовы ў словазлучэнні і сказы. Ствараць – тэкст пэўнага стылю з дзеясловамі.

 

2 Аперацыйна-пазнавальны этап

2.1 Тлумачэнне новай тэмы

Задачы настаўніка: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў, іх трэніроўку ў тых дзеяннях, авалоданне якімі з’яўляецца мэтай урока.

Самастойная праца з падручнікам [1, с. 281] з папярэднім вызначэннем задачы (скласці план параграфа, выпісаць ключавыя лінгвістычныя тэрміны і паняцці, прааналізаваць прыведзеныя прыклады і падабраць аналагічныя).

2.2 Першаснае замацаванне ведаў

Задачы настаўніка: забяспечыць своечасовае выяўленне прабелаў у ведах вучняў і іх карэкцыю.

1) Гульня “Так” ці “не” [3, с. 36]

Вучні ўважліва слухаюць сцвярджэнні і падымаюць сігнальныя карткі: зялёны колер – “так”, калі згодны, чырвоны –“не”.

– Дзеясловы абвеснага ладу ўтвараюцца пры дапамозе часціц бы, б.
– Дзеясловы абвеснага ладу не ўтвараюць часавых пар.
– Дзеясловы загаднага ладу абазначаюць пабуджэнне да дзеяння, загад, просьбу, пажаданне.
– Дзеясловы абвеснага ладу змяняюцца па ліках.
– Дзеясловы загаднага ладу ў множным ліку маюць нулявы канчатак.
– Дзеясловы загаднага ладу 2-й асобы адзіночнага ліку ўтвараюцца ад асновы дзеяслова цяперашняга або будучага часу.
– Дзеясловы абвеснага ладу абазначаюць дзеянні, якія сапраўды адбываліся, адбываюцца ці будуць адбывацца.
– Формы дзеясловаў умоўнага ладу могуць утварацца пры дапамозе часціцы давай (давайце).
– Дзеясловы загаднага ладу звычайна маюць формы 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку.
– Дзеясловы ўмоўнага ладу змяняюцца па ліках і родах (у адзіночным ліку).

2) Звернемся да эпіграфа

Перабудуйце адзін з дзеясловаў неазначальнай формы ў эпіграфе ў дзеясловы загаднага, умоўнага і абвеснага ладу.

“Есці, каб жыць, а не жыць, каб есці…” – Ядуць, каб жыць, а не жывуць, каб есці. Еў бы, каб жыць, а не жыў бы, каб есці. Ешце, каб жыць, а не жывіце, каб есці.

3) Падабраць сінонімы да слова “есці” (Настаўнік дапамагае вучням)

Есці, сілкавацца, ласавацца, трэскаць, лопаць, глытаць, харчавацца, паглынаць, уплятаць, трапезнічаць, вячэраць, снедаць, абедаць, перакусваць, смакаваць, палуднаваць, частавацца, жаваць.

Скласці словазлучэнні з любымі трыма дзеясловамі на выбар, утварыўшы ад дзеясловаў неазначальнай формы форму абвеснага, загаднага і ўмоўнага ладу.

1-ы рад: форму абвеснага ладу цяперашняга часу 1-й асобы адзіночнага ліку.
2-і рад: форму абвеснага ладу адзіночнага ліку мужчынскага або жаночага роду.
3-і рад: форму загаднага ладу 2-й асобы множнага ліку.

4) Слоўнікавая работа

Уставіць прапушчаныя літары.

К…фір, ябл…к, ч…снок, анчо…с, ж…лацін, шніц…ль, п…льмені, марм…лад, хлеб …ржаны, со…с, …гурт, ма…нэз, шча…е, без…, гр…йпфрут, м…док, лімон…чык, піражкі, сырае…ка, ч…рнасліў, ап…льсін, лазан…я, суфл…, гляс…, манпанс…е, канап…, грыл…яж, гр…чанікі, ш…калад, ч…рніцы, барб…кю, пр…снак, см…тана, с…лядзец, ка…баса, фрыкас…, пюр…, брок…лі, фр…кадэлька, фар…ль, цеф…елі, шампін…ён, ман…а, варэн…е, сардэл…ка, бул…ён, р…дыска, сельд…рэй, наліс…нік, бацвін…е, в…н…грэт, б…розавік.

(Кефір, яблык, часнок, анчоус, жэлацін, шніцаль, далікатэс, пельмені, мармелад, хлеб аржаны, соус, ёгурт, маянэз, шчаўе, безэ, грэйпфрут, мядок, лімончык, піражкі, сыраежка, чарнасліў, апельсін, лазання, суфле, глясэ, манпансье, канапэ, грыльяж, грачанікі, шакалад, чарніцы, барбекю, праснак, смятана, селядзец, каўбаса, фрыкасэ, пюрэ, брокалі, фрыкадэлька, фарэль, цефцелі, шампіньён, манна, варэнне, сардэлька, булён, радыска, сельдэрэй, наліснік, бацвінне, вінегрэт, бярозавік).

Лексічная работа. Тлумачэнне незразумелых запазычаных слоў.

Анчоус – род марскіх рыб з сямейства анчоусавых. Лазання – традыцыйная страва італьянскай кухні. Глясэ – халодны напой на аснове кавы з марожаным. Манпансье – дробныя рознакаляровыя цукеркі-ледзяшы. Фрыкасэ – рагу з белага мяса ў белым соусе.

А якія стравы мы аднясём да беларускай нацыянальнай кухні?

(Праснак – тоўсты блін з прэснага цеста; бярозавік – бярозавы сок; бацвінне – нарэзанае лісце з маладых буракоў заліваюць вадой, часам дабаўляюць хлебны квас, ячныя крупы або нарэзаную бульбу, часам заскварваюць салам. Вараць на невялікім агні. Перад падачай на стол дадаюць смятану).

Гэта цікава [4, с. 30].

Слова суфле прыйшло да нас з французскай мовы. Слова суфле літаральна “надзьмуты пірог” (аснову суфле складаюць узбітыя яйкі).

Слова ёгурт [4, с. 40] прыйшло да нас з турэцкай мовы. Ёгурт літаральна “кіслае малако”.

Захаванню здароўя і падаўжэнню жыцця спрыяе правільнае, рацыянальнае харчаванне, перавага ў рацыёне раслінных і кісламалочных прадуктаў. Пра апошнія асабліва часта пісаў выдатны расійскі вучоны-біёлаг Ілья Ільіч Мечнікаў, лаурэат Нобелеўскай прэміі (1908). Ён лічыў, што з дапамогай кіслага малака можна нейтралізаваць гніласныя працэсы ў кішэчніку і таму агітаваў усіх піць кіслае малако (у тым ліку і вегетарыянца Льва Талстога). Дарэчы, павальнае захапленне ёгуртам на захадзе пачалося з паведамленняў пра тое, што горцы аддаюць перавагу кісламу малаку. Калі амерыканская фірма “Данон” пачала вытворчасць ёгуртаў, то нязменна выкарыстоўвала ў рэкламе выявы каўказскіх доўгажыхароў. Сапраўды, Каўказ – гэта рэгіён, які славіцца сваімі доўгажыхарамі: там ёсць людзі, працягласць жыцця якіх складае больш за 120 гадоў.

Які канчатак будзе мець слова ёгурт у родным склоне? Складзіце са словам ёгурт дзеяслоўнае словазлучэнне.

Выберыце некарысныя для здароўя прадукты (маянэз, безэ, піражкі, сыраежка, манпансье, грыльяж, шакалад, барбекю, каўбаса, варэнне, сардэлька).

 

3 Выпрацоўка практычных навыкаў

Задачы настаўніка: стварыць умовы для засваення вучнямі ведаў у форме дзейнасці, развіцця спосабаў мыслядзейнасці.

Рацыён школьнікаў абавязкова павінен утрымліваць вітаміны, так як яны павышаюць супраціўляльнасць арганізма да інфекцыйных захворванняў. Таму трэба абавязкова ўжываць садавіну і агародніну.

1) Работа ў парах

Прачытайце тэкст [4, с. 125]. Спішыце. Словы, што ў дужках, пастаўце ў форме 3-й асобы множнага ліку цяперашняга часу. Якое значэнне мае форма гэтага дзеяслова ў тэксце?

Правілы ўжывання садавіны

Садавіну (есці) з дапамогай спецыяльнага ножыка і відэльца. Яблык, грушу (разразаць) на талерцы на чатыры ці восем частак. Затым (выдзяляць) асяродак, (чысціць) кавалачкі ад скуркі і (браць) рукамі або відэльцам. Слівы (разломваць) пальцамі і (вымаць) костачку. Вішні і чарэшні (класці) на сваю талерку, (трымаць) за пладаножку, костачкі непрыкметна (вымаць) з рота на чайную лыжачку і (класці) на сподачак. (З “Бярозкі”)

2) Працягнуць сказ

Я ела б (еў бы) з задавальненнем у нашай сталовай…

 

4 Кантроль. Самакантроль. Карэкцыя ведаў

Задачы настаўніка: ажыццявіць кантроль і карэкцыю, арганізаваць самакантроль і самаацэнку вучнямі ўзроўню засваення ведаў, у развіцці ўменняў, паспяховасці сваёй дзейнасці.

Праца ў групах

Каб работа была наладжанай і плённай, прапаную вам карыстацца правілам пад назвай “РУПАР” – разбяромся, успомнім, падумаем, абмяркуем, растлумачым.

Паставіць дзеясловы неазначальнай формы ў форму загаднага ладу 2-й асобы множнага ліку. На месцы пропуску дапісаць неабходныя па сэнсе словы. У выніку павінны атрымацца парады па правільным харчаванні школьніка.

1-я група

Мыць рукі перад … – мыйце рукі перад ядой;
Добра перажоўваць … – добра перажоўвайце ежу;
Пасля яды чысціць … – чысціце зубы пасля яды;
Больш ужываць у ежу свежую… больш ужывайце ў ежу свежую садавіну і гародніну;
Харчавацца … разоў у дзень – харчуйцеся 4–5 разоў у дзень;
Менш есці … – менш ешце прысмакаў (салодкага);

2-я група

Не перакусваць чыпсамі, …– не перакусвайце чыпсамі, сухарыкамі;
Выконваць рэжым … – выконвайце рэжым харчавання;
Скараціць ужыванне … і цукру – скараціце ўжыванне солі і цукру;
Уключыць у меню … і морапрадукты – уключыце ў меню рыбу і морапрадукты;
Сачыць за сваёй … – сачыце за сваёй вагай;
Збалансавана суадносіць бялкі, тлушчы і …– збалансавана суадносьце бялкі, тлушчы і вугляводы.

 

5 Падвядзенне вынікаў заняткаў. Кантрольна-ацэначная дзейнасць

Задачы настаўніка: садзейнічаць фарміраванню адэкватнай самаацэнкі вучняў.

Вернемся да задач, якія мы разам ставілі на пачатку ўрока. Вызначце кожны самастойна, ці выканалі вы ўсе задачы.

 

6 Рэфлексія  

Задачы настаўніка: стварыць умовы для асэнсавання эфектыўнасці пазнавальнай дзейнасці

Метад “Святлафор” [1, с. 213]. Вучні ў пачатку ўрока выбіраюць кругі колераў святлафора і звяртаюцца да іх толькі ў канцы ўрока, каб выказаць сваё меркаванне. Вучань, якому дастаўся круг зялёнага колеру, расказвае класу пра тое, што на працягу дзейнасці ў яго атрымлівалася вельмі добра. Пры выбары жоўтага колеру звяртаюцца да пэўных цяжкасцей пры выкананні заданняў. Пры чырвоным колеры называюць заданні, якія ўвогуле не атрымаліся.

 

7 Інфармацыя пра дамашняе заданне

Задачы настаўніка: забяспечыць разуменне вучнямі мэт, зместу выканання дамашняга задання.

Запісаць рэцэпт карыснай стравы на свой выбар, выкарыстоўваючы дзеясловы абвеснага, умоўнага і загаднага ладу.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 6 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / В.П.Красней, Я.М.Лаўрэль, С.Р.Рачэўскі. – 2-е выд., пераапрацаванае і дапоўненае. – Мінск : НІА, 2015 – 320 с.
2 Беларуская мова: план-канспект урокаў: 6 клас / Н.В.Ярмак. – Мінск : Аверсэв, 2017 – 217 с.
3 Беларуская мова: план-канспект урокаў: 7 клас / Н.В.Ярмак. – 2-е выданне, перагледж. – Мінск : Аверсэв, 2019 – 160 с.
4 Беларуская мова 6 клас. Сакрэты словазмянення і формаўтварэння: дапаможнік для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / С.М.Якуба. – 2-е выд. – Мінск : Аверсэв, 2012. – 142 с. – (Факультатыўныя заняткі).
5 Беларуская мова і літаратура. 7 клас. Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне. 2019/2010 навучальны год / С.С.Міхнёнак, В.В.Кушнярэвіч – Мінск : Аверсэв, 2019 – 78 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий