Сцэнарый гульні для дзяцей старшай групы.
Таццяна ЧАРАПІЦА,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 83 г. Гродна”
Мэты: вучыць дзяцей актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці; стварыць святочны настрой.
Матэрыял і абсталяванне: бульба, часнок, цыбуля, гарох, фасоля, бурак, абручы, “цудоўны мяшочак”, муляжы грыбоў, кошыкі, кошык з яблыкамі.
Папярэдняя работа: Гутарка пра восень, развучванне танцаў і песень.
Ход забавы
Зала па-асенняму святочна ўпрыгожана. Гучыць прыгожая музыка (“Осень постучалась к нам” сл. Т. Прописновой, муз. И. Смирновой). Дзеці ўваходзяць у залу.
Дзіця:
Сёння ў нас свята!
І гасцей у нас багата!
Да нас Восень запрашаем
І сардэчна яе вітаем!
Будзем Восень мы вітаць,
Дружна, весела спяваць!
Песня “Восень” (сл. і муз. І.Саўчук)
Пад музыку заходзіць Восень.
Восень: Добры дзень госці, добры дзень дзеці! Я – Восень залатая. Вельмі старанна я рыхтавалася да сустрэчы. Зайшла ў сады, асыпала з яблынь духмяныя яблыкі. Выйшла ў поле, накапала бульбы і пайшла ў лес. Там прыбрала дрэвы ў рознакаляровыя ўборы. А яшчэ пад пянечкі пасадзіла я грыбочкі.
Вядучы: Восень даражэнькая, у цябе такія прыгожыя і багатыя скарбы, ты вельмі шчодрая! Дзеці ведаюць прыгожую песню пра цябе. І зараз яе праспяваюць.
Песня “Што нам восень прынясе”( муз. З. Левіна)
Восень: Дзеці, я прынесла шмат агародніны, а якой – адгадайце.
Вось бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш – будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца (цыбуля).
Восень: Малайцы! Слухайце далей.
У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так як і сястрыца.
Ты не вельмі плач, сынок,
Калі шчыплецца (часнок).
З вусамі, а не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары,
Ухапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён (гарох).
У агародзе хоць расла
Ведае ноты “соль” і “фа” (фасоля).
Восень: Якія вы малайцы! А я ведаю цікавую гульню. Давайце пагуляем.
Гульня “Фасоля і гарох”
Гарох і фасолю высыпаюць на дыван. Дзеці становяцца ў дзве каманды.
Пад музыку адна каманда павінна сабраць фасолю, а другая гарох (у абручы).
Хто хутчэй збярэ, той і перамог.
Восень: Малайцы! А ў мяне для вас яшчэ загадка!
Не сыдзе з месца ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Зялёную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны –
Пачырванее, нібы рак.
Вядома, хто гэта? (Бурак).
Гульня “Цудоўны мяшочак”
Восень: Есць яшчэ ў мяне гульня цікавая “Цудоўны мяшочак”. Будзем гуляць? (Так)
У мяшочку – гародніна. Пад музыку(“Саўка ды Грышка”б.н.п.) дзеці перадаюць мяшочак па крузе. На кім музыку перастала гучаць, той апускае руку ў мяшок і адгадвае, якую гародніну ён выцягне.
Восень: Паглядзіце, які багаты ўраджай мы вырасцілі.
Вядучы: Станавіцеся дзеці хутчэй у карагод!
Карагод “Агарод” (муз. С.Г. Насаўленка)
Восень: А хто яшчэ адгадае загадку?
Хто скажа, хто знае:
Што ў нашым краі другім хлебам называюць? (Бульбу).
Восень: Правільна! Гэта бульбачка! А вы ведаеце, ёсць такая гульня, давайце пагуляем!
Гульня “Бульба”
Бяром бульбу, трымаем бульбу лбамі і танцуем.
Вядучы: А яшчэ, Восень залатая, дзеці хочуць падарыць табе танец “Бульба”.
Танец “Бульба” ( муз. А. Жыгалковіч “Бульба”)
Восень: Дзеці, а ці любіце вы хадзіць у лес?
Дзеці: Так!
Восень: А што вы там збіраеце?
Вядучы: А ты паслухай песню і даведаешся!
Песня “Журавінка” (муз. М. Літвіна, сл. В. Цітаўца)
Восень: Якая прыгожая песня! А што яшчэ можна збіраць у лесе?
Дзеці: Грыбы!
Восень: Правільна! Пакажыце, як вы ўмееце збіраць грыбы?
Гульня “Збяры грыбы”
Восень: Дзякуй вам дзеці дарагія, вы так дружна гулялі, мяне так хораша віталі! Але мне пара збірацца. Вось, прыміце ад мяне падарунак – смачныя яблыкі.
Вядучы: Дзякуй, Восень залатая! Да пабачэння!
Дзеці: Да пабачэння!
Вядучы: А мы пойдзем у групу частавацца смачнымі яблыкамі.