На сваіх уроках аўтар часта стварае сітуацыю гульні, што дае магчымасць для шматразовага паўтарэння маўлення. У матэрыяле прыводзяцца некаторыя гульні, якія педагог выкарыстоўвае ў сваёй практыцы.
Алена КУЧЫНСКАЯ,
настаўнік нямецкай мовы
ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць
Праблема фарміравання лексічнага запасу – адна з асноўных у навучанні замежнай мове, паколькі без яго немагчыма паўнацэннае маўленчае развіццё вучняў і камунікатыўных уменняў. Фарміраванне лексічных навыкаў асацыіруецца з карпатлівай работай: запамінанне і нават завучванне новых слоў, завучванне маўленчых узораў.
У ХХІ стагоддзі толькі падручніка для выкладання прадмета мала. Задача настаўніка – актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, зрабіць урок разнастайным і насычаным, а эмоцыі – яркімі і незабыўнымі. І ў гэтым выпадку на дапамогу настаўніку прыходзяць навучальныя гульні, якія знаходзяць шырокае прымяненне ў галіне выкладання нямецкай мовы. Гульня – гэта сродак, які прымяняецца ў працэссе навучання замежнай мовы і мае як навучальны, так і забаўляльны характар.
Гульня патрабуе напружання, эмацыйных і разумовых сіл, мяркуе прыняцце рашэння, жаданне працаваць. Яна пасільна нават слабым вучням. Больш за тое, слабы вучань можа стаць першым у гульні. Знаходлівасць і кемлівасць у гульні аказваюцца часам больш важнымі, чым веданне прадмета. Пачуццё роўнасці, атмасфера радасці, адчуванне пасільнасці заданняў – усё гэта дае магчымасць пераадолець сарамлівасць, якая замінае свабодна ўжываць у размове словы замежнай мовы і дабратворна адбіваецца на выніках навучання. Як вынік – непрыкметна засвойваецца лексічны, моўны матэрыял і ўзнікае пачуццё задавальнення.
Актыўна ствараю на сваіх уроках сітуацыю гульні – гэта сітуацыя рэальнага жыцця, а рэалізацыя яе вызначаецца асноўным канфліктам. Асноўны канфлікт – гэта спаборніцтва, жаданне перамагчы, мабілізаваць думку і энергію вучняў, якія ўступаюць ва ўмовы гульні. Нягледзячы на дакладныя ўмовы гульні і абмежаванасць моўнага матэрыялу, які выкарыстоўваецца, ёсць элемент нечаканасці. Для такой дзейнасці характэрна спантаннасць маўлення. Гэта значыць гульня – сітуатыўна-варыятыўнае практыкаванне, дзе ствараецца магчымасць для шматразовага паўтарэння маўленчага ўзору.
Калі выкарыстоўваю гульню ў якасці трэніровачнага практыкавання пры першасным замацаванні, то ёй адвожу 15–20 мінут урока. У далейшым гэтая гульня можа праводзіцца на працягу 3–5 мінут і служыць паўторам пройдзенага матэрыялу, а таксама разрадкай на ўроку.
Шмат увагі ўдзяляю актывізацыі маўленчай дзейнасці вучняў, развіццю маўленчай рэакцыі, знаёмлю дзяцей са спалучальнасцю слоў. Гульні трэніруюць ужываць лексіку ў сітуацыях, набліжаных да натуральнай абстаноўкі.
На І і ІІ ступені навучання шырока выкарыстоўваю групавую і парную формы работы, якія садзейнічаюць зносінам. Так, аб’ядноўваю школьнікаў у невялікія групы (па 3–4 чалавекі) і даю ім агульнае заданне, вызначаючы ролю кожнага. Работай ахоплены ўсе вучні: і слабаматываваныя, і моцныя. Або раздаю ў пачатку ўрока кожнай пары карткі з пэўнай сітуацыяй, дзеці паспяхова авалодваюць чатырма-пяццю рэплікамі.
Прыклады лексічных гульняў
Раскладваю на стале прадметы, назвы якіх вучні ведаюць па-нямецку (газета, часопіс, кніга, аловак, шарыкавая ручка і інш.) Яны разглядаюць адну-дзве хвіліны прадметы, затым адварочваюцца. Настаўнік прыбірае адзін з прадметаў і задае пытанне: Was fehlt hier? Неабходна назваць па-нямецку прадмет, які адсутнічае.
Раздаю кожнай пары малюнкі, да якіх прыкладаюцца карткі з адпаведнымі рэплікамі. З іх дапамогай неабходна агучыць малюнкі. Выйграе пара, якая першай падрыхтуе дыялог і правільна яго праінсцэнуе.
Запісваю на дошцы некалькі сказаў. Вучні паўтараюць гэтыя сказы ўслых за настаўнікам. Пасля кожнага паўтору сціраецца адно слова, і так – пакуль дошка не застанецца чыстай. Вучань павінен паўтарыць сказы.
Раскладваю на вучнёўскіх партах карткі з назвамі дзён тыдня (пор года, месяцаў на нямецкай мове). Вучні павінны выбудаваць ланцужок дзён тыдня адзін за адным. Мэта гульні – развіццё ўвагі, памяці, хуткасці рэакцыі, часовых уяўленняў.
Прапаную вучням малюнкі з выявамі пакояў, у якіх знаходзяцца розныя рэчы і прадметы, якія могуць характарызаваць гаспадара. Трэба скласці апавяданне пра тое, чым займаецца гаспадар пакоя. Мэта гульні – актывізацыя лексікі па вывучаемай тэме.
Прыведзеныя гульнявыя прыёмы не вычэрпваюць усёй разнастайнасці лексічных гульняў, якія дазваляюць увесці і актывізаваць вялікую колькасць лексічных адзінак, выявіць эмацыйныя і асобасныя рэзервы дзіцяці, зрабіць працэс навучання ва ўмовах пачатковай базавай школы не толькі набліжаным да натуральнага, але і эмацыйна пазітыўным. Мне ўяўляецца вельмі перспектыўнай ідэя выкарыстання навучальных гульняў не толькі ў працэсе фарміравання лексічных навыкаў на ўсіх этапах навучання іншамоўнай лексіцы, але і ў перыяд усяго навучання малодшых школьнікаў.
Акрамя таго, гульнявыя тэхналогіі валодаюць добрым выхаваўчым патэнцыялам, бо дапамагаюць выпрацаваць пэўныя якасці асобы: уседлівасць, цярпенне, узаемавыручку і інш.
Варта падкрэсліць, што гульні не могуць замяніць сістэматычнай вучобы і інтэнсіўнай трэніроўкі. Настаўнік павінен прымяняць іх у меру, мэтазгодна і плаўна, а таксама памятаць, што гульня з’яўляецца толькі адным з разнастайных сродкаў навучання школьнікаў замежнай мове.