Сцэнарый занятку для выхаванцаў сярэдняй групы па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва”
Марына ГОМАН,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”
Гродзенская вобласць
Тэма: Марожанае для Ката Матроскіна.
Мэта: развіццё творчых здольнасцей дзяцей праз нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчага мастацтва.
Задачы:
– фарміраваць уменне выкарыстоўваць колеры (ружовы, жоўты, фіялетавы) як сродак выразнасці;
– фарміраваць уменне выяўляць у малюнку сваё стаўленне да вобразаў;
– развіваць цікавасць да выяўленчай і творчай дзейнасці, мастацкага эксперыментавання;
– развіваць выяўленчыя здольнасці, творчае ўяўленне;
– выхоўваць жаданне прымяняць даступныя выразныя сродкі для адлюстравання свайго стаўлення да створаных у малюнках выяў, эстэтычныя пачуцці.
Папярэдняя работа: экскурсія на філіял “Смаргонскія малочныя прадукты” ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”, маляванне ражка на лісце паперы, размова з дзецьмі на тэму “Малочныя прадукты”, разглядванне малюнкаў у альбоме “Прадукты харчавання”, размова пра розныя віды марожанага, загадванне загадак, чытанне вершаў пра прадукты харчавання.
Матэрыялы і абсталяванне: малюнкі з выявай розных відаў марожанага, пена для галення, клей ПВА, альбомны ліст паперы, гуаш, сурвэткі, лыжачкі, талерачкі, пасыпка для ўпрыгожвання, цацка Ката Матроскіна.
Ход занятку
Арганізацыйны момант. Прывітанне
Выхавальнік:
Вочкі, вы прачнуліся?
Прачнуліся!
Шчочкі, вы прачнуліся?
Прачнуліся!
Вушкі, вы прачнуліся?
Прачнуліся!
Ручкі, вы прачнуліся?
Прачнуліся!
Ножкі, вы прачнуліся?
Прачнуліся!
Дзеткі, вы прачнуліся?
Дзеці: Прачнуліся!
Асноўная частка
У госці да дзяцей прыходзіць Кот Матроскін
Выхавальнік: Дзеткі, а цяпер адгадайце загадку:
Любіць есці бутэрброд,
Не як усе, наадварот.
Усім знаёмы гэты кот.
Варыць смачны ён кампот.
Гаспадарку сам вядзе.
У Прастаквашына жыве
Ён у цяльняшцы, як марак.
Зваць ката скажыце як? (Кот Матроскін)
Выхавальнік садзіць каля сябе Ката Матроскіна (цацка).
Выхавальнік: Правільна! Гэта Кот Матроскін. Але паглядзіце, дзеткі, які ён сумны. Раніцай, калі я ішла на працу, сустрэла ката Матроскіна і ён мне паскардзіўся, што карова Мурка дала так шмат малака, што наш Матроскін і смятану зрабіў, і тваражок. А з астатнім малаком не ведае, што рабіць! Мы дапаможам нашаму Кату Матроскіну прыдумаць, што можна зрабіць с астатнім малаком?
Дзеці: Так!
Выхавальнік: Добра, тады давайце падумаем, што мы можам з вамі зрабіць з малака такое смачнае, салодкае, халоднае?
Дзеці: Марожанае!
Выхавальнік: Так, малайчынкі!
Размова “Якое бывае марожанае”
Выхавальнік: Дзеткі, мы з вамі ведаем, што марожанае робяць з малака. А якога колеру яно тады атрымаецца.
Дзеці: Белага.
Выхавальнік: А вы ведаеце, як можна змяніць колер?
Дзеці: Дадаць нешта каляровае.
Выхавальнік: Так, напрыклад, можна дадаць розныя ягады ці фрукты. А яшчэ, у прамысловасці выкарыстоўваюць спецыяльныя харчовыя фарбы. Калі мы дададзім маліну ці ружовую фарбу, якое марожанае атрымаецца?
Дзеці: Ружовае!
Выхавальнік: А калі дадаць жоўтую, якога колеру яно стане?
Дзеці: Жоўтага!
Выхавальнік: А калі дабавім нешта фіялетавае?
Дзеці: Фіялетавага!
Выхавальнік: Малайчынкі! Але нешта наш Матроскін засумаваў, давайце разам з ім зробім размінку!
Фізхвілінка
Раз – падняцца, пацягнуцца,
Два – нагнуцца, разагнуцца,
Тры – у ладкі тры разы,
На чатыры – паўздыхаць,
Пяць – рукамі памахаць,
Шэсць – на месца ціха сесці!
Гімнастыка для вачэй
На палачках ад марожанага наклеены сняжынкі. Выхавальнік з Катом Матроскіным раздае кожнаму дзіцяці палачку і дае пакрокавую інструкцыю.
Выхавальнік: Дзеткі, паглядзіце, наш Матроскін павесялеў трошкі, ён хоча даць вам палачкі ад марожанага. Паглядзіце! Гэта незвычайныя палачкі, яны чароўныя! На іх прыляцелі і селі сняжынкі. Збеглі ад злой халоднай зімы, да нам з вамі, у нашу цёплую і добразычлівую групу. Гэтыя сняжынкі вельмі хочуць пагуляць с вашымі вочкамі. Давайце станем каля нашых крэсельцаў і, не адрываючы вочак ад сняжынкі, пасочым за яе рухамі. Пры гэтым наша галава і шыя не варочаюцца, не забываемся.
Вось сняжынка паляцела ўверх, а цяпер уніз, управа, улева (і так некалькі разоў). А цяпер сняжынка паляцела па крузе. Малайчынкі! Сядаем на месцы.
Выхавальнік: Дзеткі, давайце мы пакажам і раскажам нашаму Матроскіну, якое марожанае бывае. Паглядзі, Матроскін. Яно бывае якое?
– з адным шарыкам;
– з двума шарыкамі;
– з трыма шарыкамі;
– на палачцы;
– у шкляначцы;
– у брыкеце.
Выхавальнік: Малайцы! А зараз, дзеці, я вам пакажу, як мы з вамі зробім марожанае для Ката Матроскіна.
Вось я бяру лісцік, з намаляваным ражком, прытрымліваю яго адной рукой, другой рукой бяру чыстую лыжачку, зачэрпваю масу. Якога колеру?
Дзеці: Ружовага!
Выхавальнік: Так! І, як сапраўднае марожанае, кладу нашу масу зверху ражка, не выходзячы за краі. Кругавымі рухамі размяркоўваю на лісце паперы масу з аднаго боку. Запэцканую лыжачку я кладу на сурвэтку. Далей бяру зноў чыстую лыжачку, зачэрпваю масу. Якога колеру?
Дзеці: Фіялетавага!
Выхавальнік: Так! Кладу з другога боку, і кругавымі рухамі размяркоўваю на лісце паперы. Запэцканую лыжачку кладу на сурвэтку. Бяру трэцюю чыстую лыжачку, зачэрпваю масу. Якога колеру?
Дзеці: Жоўтага!
Выхавальнік: Так! Кладу зверху двух нашых шарыкаў і таксама кругавымі рухамі размяркоўваю над двума шарыкамі. Запэцканую лыжачку кладу на сурвэтку. Далей бяру пасыпку, каб упрыгожыць. Вось якое прыгожае рознакаляровае марожанае атрымалася!
Праца за сталамі
Выхавальнік: Цяпер сядаем за нашы сталы. Але перад тым, як прыступіць да працы мы зробім гімнастыку для нашых пальчыкаў.
Пальчыкавая гімнастыка
Вельмі радуюцца дзеці (пляскаем у далоні).
Прынесла мама ў пакеце (ідзём пальчыкамі)
Абаранчыкаў – для Кацечкі, (згінаем пальчыкі)
Пернічкаў – для Надзечкі,
Ярыку – пірожнае,
Ну, а мне – марожанае!
Выхавальнік: Ну, а цяпер пачынаем рабіць марожанае для нашага Матроскіна (Паўторная пакрокавая інструкцыя).
Рэфлексія
Выхавальнік: Дзеткі, цяпер наш Кот Матроскін хоча пачуць ад вас, як жа атрымалася такое прыгожае марожанае? Давайце яму раскажам. (Дзеці с дапамогай мнематабліцы расказваюць Кату пакрокава, як рабілі сваё асабістае марожанае).
Рэфлексія пры дапамозе мнематабліцы
Колер |
Форма |
Памер |
|
|
|
Колькасць |
Дробныя элементы малюнка (упрыгожванне) |
Адзнака працы |
1 2 3 |
Выхавальнік: Кату Матроскіну вельмі спадабалася ў нас у гасцях. Ён вельмі ўдзячны вам за тое, што дапамаглі яму перапрацаваць лішняе малако. Матроскін кажа вам, дзеткі, вялікі дзякуй і да новых сустрэч!