Выкарыстанне светлавога планшэта з пяском для развіцця дробнай маторыкі рук у дзяцей дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення

- 9:48Коррекционная педагогика. Игры, Методичка

Выкарыстанне светлавога планшэта з пяском падчас працы з дзецьмі ў спецыяльнай групе з цяжкімі парушэннямі маўлення дазваляе надаваць належную ўвагу развіццю мелкай маторыкі рук, адначасова рашаючы дзве задачы: па-першае, рыхтаваць руку дзіцяці да авалодання навыкам пісьма, па-другое, ускосным чынам уплываць на агульнае інтэлектуальнае развіццё дзіцяці.

 

Ірына ГАЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
ГУО “Дзіцячы сад № 3 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

Падчас працы з дзецьмі ў спецыяльнай групе з цяжкімі парушэннямі маўлення часта заўважаю мышачную напружанасць рук, паніжаны тонус, няёмкасць маторыкі рук навучэнцаў. Каб пазбавіцца ўсіх пералічаных цяжкасцей, пачала шукаць цікавыя прыёмы працы па развіцці дробнай маторыкі ў дзяцей дашкольнага ўзросту.

Вельмі папулярны від працы, які накіраваны на развіццё дробнай маторыкі рук, – гэта праца з кварцавым пяском.

Працуючы з дзецьмі дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення, пачала шырока выкарыстоўваць стол для малявання пяском (далей – светлавы планшэт з пяском). Замест пяску можна выкарыстоўваць манныя крупы. Светлавы планшэт уяўляе сабой абсталяваны святлодыёднай падсветкай кораб з бартамі, зроблены з ДСП. Светлавы планшэт працуе з дапамогай блока электрычнага харчавання і кіруецца пультам дыстанцыйнага кіравання. Гуляючы з кварцавым пяском, дзеці расслабляюцца, здымаецца эмацыйная напружанасць. Дзеці малююць пяском і па пяску без страху дапусціць памылку.

Гульні з кварцавым пяском выкарыстоўваю ва ўсіх напрамках: дыхальная гімнастыка, пальчыкавая гімнастыка, артыкуляцыйная гімнастыка, аўтаматызацыя гукаў, фарміраванне складовай структуры слова, фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў, падрыхтоўка да навучання грамаце, развіццё складнай гаворкі. Але абавязкова пры выкарыстанні светлавога планшэта неабходна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці дзяцей, тэмп іх развіцця, настрой.Падчас гульні, каб не выклікаць ператамлення дзяцей, неабходна выконваць часовы перапынак.Гульня з кварцавым пяском спрыяе станоўчай матывацыі. 

 

Прыклады дзіцячых гульняў з пяском з выкарыстаннем светлавога планшэта 

 

Пакараем непаслухмяны язычок

Дзіця рытмічна пляскае па языку вуснамі, прамаўляючы “пя-пя-пя-…”. І адначасова далонямі дзвюх рук пляскае па пяску. 

Скарб

Настаўнік-дэфектолаг або дзіця неглыбока ў пясок хавае цацку “Кіндэр-сюрпрыз”. Неабходна дзьмуць на пясок так, каб знайсці схаваную цацку. 

Гара

Настаўнік-дэфектолаг або дзіця насыпае невялікую гару пяску. Дзіцяці прапануецца дзьмуць на пясок. Калі дзіця павольна дзьме, пясок павольна ссыпаецца з гары. Дзеці вельмі любяць дзьмуць на пясок праз саломінку для кактэйлю.   

Конік

Дзіця рытмічна пстрыкае языком. Адначасова пальцамі рытмічна, у такт пстрычкам, робіць скокі. 

Гадзіннічкі

Языком рытмічна рухаць направа-налева. Указальным пальцам правай або левай рукі, у такт рухам языка, рухаць у тым жа кірунку па пяску. 

Чаго не стала?

Падчас гульні дзеці вучацца замацоўваць формы назоўнікаў адзіночнага і множнага ліку ў родным склоне. Настаўнік-дэфектолаг малюе 4–5 прадметаў. Дзіця называе іх. Пасля закрывае вочы. Настаўнік-дэфектолаг сцірае частку прадметаў, а дзіця, адкрыўшы вочы, называе, якога прадмета не стала.

Другі варыянт гульні. На рабочы экран выстаўляюцца цацкі “Кіндэр-сюрпрыз”. Колькасць цацак – 4–5 штук. Настаўнік-дэфектолаг прапануе дзіцяці схаваць адну цацку ў пясок. Дзіця хавае цацку і адказвае на пытанне, якой цацкі не стала. 

Палічы і называй

Дзіця шукае схаваныя ў пяску цацкі “Кіндэр-сюрпрыз”. Цацкі аднолькавыя (напрыклад, тры машынкі). Знайшоўшы цацкі, лічыць іх.

Напрыклад: адна машына, дзве машыны, тры машыны, або першая машына, другая машына, трэцяя машына.

Дзіця вучыцца ўзгадняць лічэбнікі з назоўнікамі. Адначасова замацоўваецца колькасны і парадкавы рахунак прадметаў.

Другі варыянт гульні.

Дзіця шукае схаваныя ў пяску цацкі “Кіндэр-сюрпрыз”, аднак яны розныя па сюжэце. У слоўніку дзіцяці замацоўваюцца лічэбнікі “адзін”, “адна”, “адно”.

Напрыклад: адзін самалёт, адна машына адно вядзерца і г.д.

Гэту гульню можна выкарыстоўваць падчас аўтаматызацыі гукаў у словах.   

Скнара

Адшукаўшы схаваную ў пяску цацку “Кіндэр-сюрпрыз”, дзіця прамаўляе: мой коцік, мая прынцэса, маё мышаня і г.д. Падчас гульні дзеці вучацца ўзгадняць займеннікі з назоўнікамі, а таксама замацоўваюць правільнае вымаўленне гукаў мовы.

Схавай ручкі

Настаўнік-дэфектолаг называе шэраг гукаў. Дзіця хавае рукі ў пясок, пачуўшы, напрыклад гук [р]. Або дзіця хавае рукі ў пясок, пачуўшы толькі галосны гук (або толькі зычны гук). Варыянты гульні могуць быць розныя. Гэта гульня накіравана на развіццё фанематычнага слыху. 

Знайдзі літару

Настаўнік-дэфектолаг хавае ў пясок пластмасавыя літары. Дзіця знаходзіць літары. І па чарзе іх называе. 

Мядзведзі

Дзіця кулачкамі альбо далонямі з сілай націскае на пясок. Гульня накіравана на развіццё дробнай маторыкі рук.

 Зайцы

Дзіця кончыкамі пальцаў б’е па паверхні пяску, рухаючыся ў напрамку, які прапаноўвае настаўнік-дэфектолаг. Падчас гульні дзіця вучыцца арыентавацца ў прасторы, развіваючы дробную маторыку рук. 

Намалюй сонейка

Дзіця малюе на пяску ўказальным пальцам вядучай рукі сонейка (хмарку, ялінку і г.д.). Замацоўваецца ўменне арыентавацца, у гэтым выпадку – на рабочым экране. Гульня накіравана на развіццё дробнай маторыкі рук, на развіццё фантазіі.

 

 

Такім чынам, выкарыстоўваючы светлавы планшэт з пяском падчас працы з дзецьмі ў спецыяльнай групе з цяжкімі парушэннямі маўлення, мы надаем належную ўвагу развіццю мелкай маторыкі рук, адначасова рашаючы дзве задачы: па-першае, рыхтуем руку дзіцяці да авалодання навыкам пісьма, па-другое, ускосным чынам уплываем на агульнае інтэлектуальнае развіццё дзіцяці.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий