Падарожжа ў Краіну Радасці. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” для дзяцей другой малодшай групы (3–4 гады)

- 16:45Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый матэматычнага занятку-вандроўкі для дзяцей другой малодшай групы

 

Юлія УЛАНОЎСКАЯ
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Беняконскі дзіцячы сад”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уменне дзяцей пазнаваць, знаходзіць сярод іншых розныя геаметрычныя фігуры, называць іх, падбіраць па форме адтуліны; абазначаць колькасць прадметаў у групе (многа) і вынік параўнання колькасцей (адказваць на пытанні чаго больш? і чаго менш? выразамі “столькі – колькі”, “пароўну”, “аднолькава”);
– развіваць уважлівасць, дробную маторыку рук, здольнасць успрымаць і адрозніваць матэматычныя характарыстыкі аб’ектаў (колькасць, форма, велічыня, колер);
– выхоўваць пачуццё ўпэўненасці.

Матэрыял і абсталяванне: матэматычны цягнік, білеты – геаметрычныя фігуры, “павуціна”, “кветкі” і “матылькі” адпаведных колераў па колькасці дзяцей, дыван з геаметрычнымі адтулінамі, геаметрычныя фігуры розных памераў (вялікія і малыя), дзве карзіны (вялікая і малая), Віні-Пух, кот Матроскін, лялька.

 

Ход занятку

 

Дзеці заходзяць у групу, становяцца каля выхавальніка.

Выхавальнік: Дзеці, вы любіце падарожнічаць? (Адказы дзяцей) Сёння мы з вамі адправімся ў Краіну Радасці на цягніку. Каб заняць сваё месца ў вагоне, неабходна ўзяць білет.

 

Дыдактычная гульня “Білет”

Дзецям раздаюцца білеты ў выглядзе геаметрычных фігур. Ім неабходна адшукаць у вагоне цягніка сваё месца, дзе на спінцы кожнага крэсла прыклеены адпаведныя геаметрычныя фігуры. Яны называюць геаметрычную фігуру, яе колер і займаюць сваё месца. Падчас гульні выхавальнік хваліць дзяцей, якія хутка справіліся з заданнем, і падбадзёрвае тых, у каго ўзніклі цяжкасці.

Выхавальнік: Малайцы, усе занялі свае месцы! Мы адпраўляемся!

Гучыць вясёлая музыка адпраўлення цягніка

Выхавальнік: Вось мы і прыехалі. Паглядзіце, на палянцы Віні-Пух. Але чаму ён у Краіне Радасці такі сумны? Давайце запытаем (Дзеці падыходзяць да Віні-Пуха і задаюць яму пытанні).

Віні-Пух: Прывітанне, мае маленькія сябры! Я вельмі люблю гуляць на палянцы з матылькамі. Але падзьмуў моцны ветрык, і матылі трапілі ў павуцінне да павука.

Выхавальнік: Не сумуй, Віні-Пух! Дзеці, можа мы дапаможам яму? (Так!)

 

Дыдактычная гульня “Ратаванне матылькоў”

Дзецям неабходна выратаваць матылькоў з павуціння і пакласці кожнага на кветку такога ж колеру, як сам матылёк.

Выхавальнік: Малайцы, выратавалі ўсіх матылькоў! Колькі матылькоў вы выратавалі? (Многа). Якога колеру матылі? (Адказы дзяцей). Колькі кветак і колькі матылько ў было? (Столькі ж, пароўну, аднолькава). Каго больш? Каго менш? (Адказы дзяцей).

Віні-Пух: Дзякую вам за тое, што дапамаглі выратаваць маіх сяброў. Цяпер я зноў радасны!

Выхавальнік: А нам пара адпраўляцца далей. Да пабачэння, Віні-Пух. Дзеці развітваюцца з героем.

Выхавальнік: Дзеці, там нехта сумны сядзіць на лавачцы, ідзём паглядзім хто гэта (Коцік). Дык гэта ж кот Матроскін! Давайце запытаем, што здарылася (Дзеці падыходзяць да Матроскіна і задаюць яму пытанні).

Кот Матроскін: Прывітанне, мае маленькія сябры! Я сумны, бо мой дыван быў вельмі прыгожы, а цяпер ён зусім не прыгожы! Ён увесь у дзірках.

Выхавальнік: Дзеці, давайце паглядзім на дыван. Якой формы дзіркі ў яго? (Адказы дзяцей).

Выхавальнік: Малайцы, правільна. Гэта формы геаметрычных фігур. А цяпер паглядзіце на свае білеты! Вам нічога гэта не нагадвае? (Адказы дзяцей). Правільна, мы можам дапамагчы кату Матроскіну.

 

Дыдактычная гульня “Падлатаем дыван”

У дзяцей білеты ў форме розных геаметрычных фігур і рознага колеру. Дыван мае дзіркі ў выглядзе гэтых геаметрычных фігур. Кожны з выхаванцаў павінен адшукаць дзірку, якая адпавядае яго білету па форме і колеры і назваць яе.

Кот Матроскін: Дзякую вам, мае сябры. Цяпер я зноў вясёлы, а мой дыван стаў яшчэ прыгажэйшым, чым быў. За гэта я вам пакажу, як танчаць у нашай Краіне Радасці, а вы паўтарайце.

 

Фізкультхвілінка

Гучыць знаёмая для дзяцей рытмічная песня, у якой патрэбна выконваць рухі. Дзеці паўтараюць за катом Матроскіным пад музыку ў адпаведнасці са словамі песні.

Выхавальнік: Дзякуем, Матроскін, за вясёлыя скокі, але нам пара далей. (Развітваюцца з героем)

Выхавальнік: Ой, паглядзіце! Нехта раскідаў фігуры па палянцы. Давайце навядзём тут парадак. (Дзеці збіраюць фігуры розныя па памерах). Якія фігуры вы сабралі (Вялікія і малыя). Як яны называюцца і якога фігуры колеру (Адказы дзяцей). Малайцы! Але куды мы іх пакладзём? (Дзеці заўважаюць дзве карзіны побач: вялікую і малую)

 

Дыдактычная гульня “Вялікі ці малы?”

Дзеці вызначаюць памер фігуры, назву, колер і групуюць вялікія фігуры ў вялікую карзіну, малыя фігуры – у малую карзіну. Выхавальнік хваліць і дапамагае.

Выхавальнік: Якія вы ў мяне малайцы! Але час вяртацца ў групу (Дзеці павінны заняць тыя ж месцы, на якіх прыехалі ў Краіну Радасці.)

Гучыць вясёлая музыка адпраўлення цягніка.

 

Рэфлексія. Гульнёвая сітуацыя “Лялька спазнілася на цягнік”

Выхавальнік: Дзеці, вы чуеце? Нехта ў нас у групе плача. Гэта лялька, яна спазнілася на цягнік. Давайце раскажам ёй, каго мы сустрэлі ў Краіне Радасці і як дапамагалі ім (Адказы дзяцей).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий