Хай ніколі не абрываецца жывая повязь пакаленняў! Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль-Загнетавай

- 14:20Аўтарская калонка Валянціны ЯТКОЎСКАЙ

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА”Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

Гродна. Наш родны горад над бацькам Нёманам! Калыска вякоў неспакойных, дзе лунае велічны дух нашых продкаў. Горад – старажытны і вечна малады. Слаўны край з багатай культурна-гістарычнай спадчынай і самабытнымі традыцыямі, апеты на старонках у паэтычных творах:

Пяём табе хвалу заўжды,
Наш Гродна, Сын ракі імклівай.
І колькі б ні сплыло вады,
Расці пад зоркаю шчаслівай!
                                    Пётр Купа

Па ціхіх і вузкіх вулачках крочылі калісьці і зараз крочаць слаўныя сыны і дочкі Прынёманскай зямлі: Эліза Ажэшка, Зоська Верас, Васіль Быкаў, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Данута Бічэль- Загнетава…

Мы, гродзенцы, памятаем і шануем выдатных пісьменнікаў, якія прыйшлі да нас як пасланцы нябёсаў, узбагацілі духоўную культуру неацэннымі мастацкімі каштоўнасцямі, сцвердзілі красу і веліч роднага слова. Свае бліскучыя творы таленавітыя літаратары прысвяцілі Айчыне, малой радзіме, гісторыі, прыродзе.

Адна з такіх паэтэс – наша зямлячка – Данута Іванаўна Бічэль-Загнетава. За плячыма – настаўніцкая сцежка: выкладала беларускую мову і літаратуру ў школе, была стваральніцай і загадчыцай знакамітага Дома-музея Максіма Багдановіча. Зараз гэта месца з’яўляецца Домам-музеем Максіма Багдановіча, які ўваходзіць у комплекс Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Яна шчыра прызнаецца: “У маёй адзіноце трымаў мяне Максім Багдановіч, яго магутныя, несмяротныя плечы. Брат. Апостал. Максім. Ён мяне мацаваў”. Плённа працуе на ніве паэзіі і прозы. Яе пісьменніцкае майстэрства адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Дзе ходзяць басанож”. Кожны твор – гэта каларытны жывапіс словам, роздум пра чалавечае жыццё-быццё, яркія знаходкі. 3 снежня непаўторная, апантаная любімай справай, паэтка з Божай іскрай у душы адзначае юбілей: ёй спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Безумоўна, пачуццё Бацькаўшчыны пачынаецца з усведамлення, што родны кут – найлепшы ў свеце. Перанясёмся ў родную вёску Біскупцы, дзе гаманіла яе басаногае маленства з яго светлымі радасцямі і надзеямі, першымі няўдачамі і пакутлівымі сумненнямі, дзе спазнала матчыну ласку і цяпло, дзе рашуча і ўпэўнена пайшла па дарозе бурлівага жыцця.

З’явілася на свет Данута Бічэль у звычайнай вясковай сям’і Яські Бічэля ў вёсцы Біскупцы, дзе панавалі павага да працы, зямлі, бацькоў, шанаваліся духоўныя традыцыі. “Нарадзілася ж я 3 снежня 1937 года ў дзень нараджэння Францішка Ксаверыя, на чыю хвалу пабудаваны фарны касцёл у Гародні. А ў ім заўжды знаходзіла спакой, цішыню, натхненне. Калі касцёл быў зачынены, так хацелася проста пасядзець у цішыні на лаўцы, проста пабыць у ім. Такая моцная повязь праз стагоддзі была з Маім духоўным апекуном”. Строгі вясковы быт, калі доўгія будзённыя тыдні змяняліся святочнымі днямі з песнямі-малітвамі пад Крыжам на ўскрайку лесу, з ружанцам у вялікі пост, з валачобнымі вандроўкамі з хаты ў хату. Яе вершы жывяцца ўсім гэтым – хрысціянскай вясковай маральнасцю і вясковай упартасцю:

Але жыве наша хата, у хаце сям’я.
Дзверы пяюць, усміхаюцца ясныя вочы.
– Мамачка, вырвуся з працы, на свята заскочу!
Смутку слязіну змахнулі хата і я…

Цікава ведаць, што там, недалёка ад вёскі, каля балота, засталося каменне падмурка былой сядзібы польскага паэта Антона Грэцкага, паўстанца 1863 года. Зусім блізка ад Ліды, у фальварку Пешчын, нарадзілася Алаіза Пашкевіч. З другога боку, за Нёманам, вырас Адам Міцкевіч. У такой “глухмені” прайшло дзяцінства і дзявоцтва будучай паэткі:

Я – сялянка, жанчына вясковая.
Серп зублёны начамі сніцца,
без работы баліць паясніца.

Жыццё пачало набіраць імклівы тэмп, і яна апынулася ў самым яго віры. Наперадзе шмат творчых задум…

Адным за адным пабачылі свет зборнікі яе вершаў ”Дзявочае сэрца”, “Снапок”, “Дайсці да Каложы”, “Іду сцяжынаю да Бога”, “Дзе ходзяць басанож”, “Божа, мой Божа”, “Нёман ідзе”, “Доля” і іншыя. Яны з’яўляюцца сапраўднымі помнікамі-вартаўнікамі памяці роднай вёскі, дарагіх і блізкіх людзей. А памяць не дае памерці, згінуць усяму добраму.

Кідаецца ў вочы шырыня творчага дыяпазону паэткі, якая тонка перадае ўсе таямніцы свету: хараство прыроды, гісторыя, родныя краявіды, душа народа, яго сялянская праца, Каложа, Нёман, усемагутны Божа, матчына слова. Гэтыя матывы наталяюць душу гаючай сілай, выпраменьваюць цеплыню, спакой і мудрасць. Вобраз роднай зямлі для паэткі велічны, святы. Ён яднае яе з продкамі:

Каложа!
Сястрыца мая, Каложа!
Восем стагоддзяў бярог цябе Божа.
Клёнам тваім сотні гадоў.
А можа, іх пасадзіў Міндоўг?

Першыя зборнікі – “Дзявочае сэрца” і “Нёман ідзе” – пісаліся на лясных і палявых сцяжынках, у завулках Ліды, Навагрудка і Гародні – у гэтых гарадах яна вучылася. Ёй дапамагалі малітва і песня. Настаўнік, пісьменнік, сябар – Васіль Быкаў – працаваў тады ў “Гродзенскай праўдзе”. Калі яна напісала паэмку “Жыта”, Васіль Быкаў прачытаў і сказаў: “У цябе была форма, як вядзёрка, – і ты насыпала туды сунічак. Атрымалася поўнае і з вяршком”. Ад такой пахвалы і хацелася пісаць. А зборнік ”Ты – гэта ты” – працяг літаратурных дыялогаў з празаікам.

У кожнага чалавека ёсць запаветная мясціна, куды часта вяртаецца ён у думках, марах. А надарыцца вольная хвіліна, абавязкова наведае той куток, каб зноў прайсці па сцежках маленства, сустрэцца з людзьмі, што выпраўлялі цябе ў далёкую жыццёвую дарогу:

Каб у стозе духмяным выспацца,
я паеду ў мурожныя Біскупцы –
пад страху дзяруг, дываноў,
на прастору жытнёвых палёў.

Яркім полымем гарыць такая любоў у душы, сагравае яе найвялікшым шчасцем. Крыху паездзіла паэтэса па Беларусі. Зборнік “Дзе ходзяць басанож” – вынік тых беспрытульных блуканняў па страце мужа, дзе яна так стамлялася, але знаходзіла прытулак. Пісала свае творы на бервяне за бацькавай адрынкай альбо пры святле месяца:

Як гэта роднаму бору шанцуе:
полечку дождж каля елак танцуе.
Мокнуць на лузе
лапкі грака.
Кошык лазовы,
на донцы рака.

У школьнай праграме падлеткі з асалодай чытаюць і аналізуюць верш Дануты Бічэль“Роднае слова”. Лейтматыў – бязмежная любоў да Радзімы, да чароўнага, ласкавага, цёплага, чыстага, дзіўнага, светлага роднага слова:

Кахаю… Люблю…
Беларускаму краю
Бясконца я слова”люблю” паўтараю.
Калоссям жытнёвым, зялёнай дуброве
Кажу гэта слова на матчынай мове.

Паэтычны твор абуджае ў сямікласнікаў захапленне прыгажосцю і духоўным адзінствам з роднай зямлёй, раскрывае высокі пафас і задушэўнасць, выхоўвае актыўную грамадзянскую пазіцыю, патрыятычныя пачуцці да сваёй краіны, беражлівае стаўленне і пашану да матчынай гутаркі.

Паэтэсе ў жыцці пашанцавала на сяброўства са славутымі постацямі Зямлі пад белымі крыламі – Зоськай Верас, Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, лёс якіх знітаваны з горадам над Нёманам. Варта адзначыць, што знакаміты верш “Каложа” Уладзімір Караткевіч прысвяціў Дануце Бічэль-Загнетавай, якая ў час іх сустрэчы чакала дзіця:

Ўскінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэслі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах.

Падчас працы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў вячэрняй школе № 1 (здаецца, гэта было яшчэ ўчора, але на самай справе мінула шмат гадоў) мне таксама пашчасціла пазнаёміцца з паэтэсай. Неаднаразова мы наведвалі музей Максіма Багдановіча. Надоўга запомніліся экскурсіі, дзе яна жыва, захапляльна, узнёсла вяла аповед пра творчасць паэта, яго жыццёвы шлях. Колькі было эмоцый! З якой замілаванасцю сеяла аўтарка ў дзіцячых сэрцах зярняткі любові да прыгожага, мастацкага!

Добра памятаю, калі мы запрасілі паэтку ў школу на літаратурна-музычны вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Гэта было сапраўднае свята прыгожага пісьменства. З натхненнем і энтузіязмам гучалі вершы. Я і сёння захоўваю яе падарунак – зборнік “Я хацеў бы спаткацца з вамі. Да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча” з надпісам: “Валянціне – на шчасцейка ў кожнай хвіліне”. Вучні пераканаліся: найвялікшае прызванне – любіць людзей, жыць на роднай зямлі, дарыць ёй свой талент і сваю душу.

Такім чынам, літаратурны талент Дануты Бічэль – гэта сапраўдны мастацкі скарб, шчырая споведзь жанчыны, якая дае магчымасць “па душах” гаварыць з вучнямі, якая турбуецца пра тое, каб наш свет быў духоўна паўнавартасны і прыгожы. З красой, святлом і любоўю яна творыць і сёння, творыць без нараканняў, з удзячнасцю да Бога і Слова. Зіхоткія водсветы яе радка азараюць нас сваім магічным святлом і чароўнай прыгажосцю. Колькі жыве памяць, столькі жывуць чалавек, яго імя і яго справы. Хай жа вечнымі будуць на Зямлі нашы продкі, сучаснікі і нашчадкі! Хай ніколі не абрываецца жывая повязь пакаленняў!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий