Развіццё камунікатыўнасці і выхаванне грамадзянскасці ў рамках інавацыйнага праекта

- 14:17Стиль работы

Развіццё камунікатыўнасці і выхаванне грамадзянскасці ў рамках інавацыйнага праекта

Людміла ДАВЫДАВА,
дырэктар
ДУДА “Ушацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”,
Віцебская вобласць

 

 

Адзіная сапраўдная раскоша – гэта раскоша чалавечых зносін.
А.Сент-Экзюперы

Сапраўды, самае каштоўнае, што дае нам жыццё, – гэта багацце чалавечых зносін. Пазбаў чалавека толькі гэтай мажлівасці і ўбачыш, што жыццё непамерна збяднее. Зносіны, альбо моднае зараз слова, камунікацыя – што гэта такое? Як тлумачыць навука псіхалогія, камунікацыя – гэта ўзаемадзеянне, сувязь. А яшчэ працэс узаемадзеяння чалавека з соцыумам, працэс абмену ідэямі і інфармацыяй паміж людзьмі. Калі паглядзець на гэта паняцце ў маштабе эвалюцыі чалавека, то без абмену інфармацыяй ніякага прагрэсу і развіцця грамадства проста не адбылося б.

Але зараз прапаную паглядзець на з’яву камунікацыі крыху пад другім вуглом. Што камунікацыя дае чалавеку для сацыялізацыі ў грамадстве? Як уплывае на погляды сучаснага маладога пакалення?

Сярэднестатыстычны падлетак у дзень вымаўляе каля 4 тысяч слоў. Тут існуе цікавая гендарная розніца: дзяўчынка ў 13–15 гадоў прагаворвае каля 5 тысяч слоў за день, хлопчык – каля 3 тысяч слоў. Гэта фізіялогія, падлетак пры любых абставінах прагаворыць гэтыя словы. А вось што гэта будуць за словы, залежыць таксама і ад нас з вамі, паважаныя настаўнікі.

Наша задача – задаволіць патрэбнасць вучняў у камунікацыі, прытым вырашаючы пэўныя выхаваўчыя задачы. Накіраваць падлеткавую камунікацыю ў неабходнае рэчышча – гэта пад сілу сучаснай школе. Вучні ў гэтым узросце – гэта гліна, з якой можна і неабходна фарміраваць годную асобу нашага беларускага грамадства. Іншымі словамі, мы з дапамогай жывой гутаркі фарміруем грамадзяніна нашай краіны. З правільнымі поглядамі на гістарычнае мінулае і сучаснасць, з рэальнымі планамі на ўласнае будучае і будучае нашай краіны. Грамадзяніна, які будзе ганарыцца тым месцам, дзе нарадзіўся і вырас; любіць сваю радзіму і працаваць дзеля прымнажэння яе багацця.

Менавіта на гэта накіраваны рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”, які ўжо трэці год рэалізуецца ва Ушацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. У праекце ўдзельнічаюць пяць устаноў сярэдняй адукацыі Ушацкага раёна, а каардынуе дзейнасць Ушацкі цэнтр дзяцей і моладзі.

Галоўная задача, якую паставіла перад сабой творчая група праекта – арганізацыя працэсаў фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў як умова паспяховай сацыялізацыі асобы ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

Мэтавая аўдыторыя праекта – члены грамадскіх аб’яднанняў “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. У школах Ушацкага раёна вучыцца 775 піянераў (што складае 82 % ад ліку навучэнцаў 7–9 гадоў) і 58 членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (што складае 32 % ад ліку навучэнцаў 14–18 гадоў). Курыраванне дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і так знаходзіцца ў кампетэнцыі цэнтраў дзяцей і моладзі. Але зараз, дзякуючы праекту, вектар дзейнасці нашай установы крыху расшырыўся. Педагогамі цэнтра штогод праводзяцца раённыя этапы шматлікіх рэспубліканскіх мерапрыемстваў па лініі грамадскіх аб’яднанняў. Гэта конкурсы “Суперзорачка”, “Піянер года”, “Лідар года”, гульні “Піянерскі квіз”, “Зарнічка”, “Зарніца”, праекты “Экацімураўцы”, акцыі “Цуды на Раство”, аперацыі і акцыі “Ветэран жыве побач”, “Абеліск”, “Добрае сэрца – ветэранам”, “Моладзь – ветэранам”. Гэтыя і іншыя рэспубліканскія мерапрыемствы не страцілі разрад абавязковых.

Але раённы план мерапрыемстваў значна расшырыўся з уступленнем устаноў адукацыі ў праект. Што гэта за мерапрыемствы? Круглыя сталы і творчыя сустрэчы з запрашэннем знакамітых землякоў, класныя гадзіны і вечарыны, гульні і філасофскія сталы. Галоўнай жа ўмовай правядзення любога мерапрыемства стала яго накіраванасць на развіццё камунікатыўных навыкаў навучэнцаў, а таксама на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Не дзіва, што формы мерапрыемстваў выбіраліся суадносныя: дыскусія, адкрыты мікрафон, ток-шоу, тэатралізаваная спрэчка, філасофскі стол, бойка аратараў, інтэрактыўная гульня і г.д.

А зараз звернемся непасрэдна да напаўняльнасці мерапрыемстваў. Вось, напрыклад, гульня “Бойка аратара. Насустрач ведам”. Канцэпцыя гульні наступная. Група піянераў дзеліцца на герояў (аратараў) і групы падтрымкі. Герояў можа быць 5–8 чалавек, столькі ж груп падтрымкі. На экране тэлевізара (мультыборда, камп’ютара) дэманструюцца заданні. У дадзеным выпадку гэта 20 гульнявых палёў. Аратары па чарзе выбіраюць назву поля і нумар пытання. Пытанні датычацца розных бакоў гісторыі Беларусі: эканомікі, сімволікі, кінематографа, ваеннай гісторыі, геральдыкі, адукацыі, аховы здароўя і г.д. Галоўнае адрозненне ад класічнай віктарыны ў тым, што пытанне патрабуе разгорнутага адказу, а кожнаму аратару можа дапамагаць яго група падтрымкі, што прыносіць дадатковыя балы.

У чым перавага такой формы? У выпрацоўцы аратарскага майстэрства дзейнічае ўся група, кожны мае права выказаць сваё меркаванне. Вядучы-спікер умешваецца толькі тады, калі палеміка заходзіць у тупік, або патрабуе карэкціроўкі. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству вучні не толькі вывучалі розныя бакі гісторыі Рэспублікі Беларусь, але і вучыліся з разуменнем адносіцца да альтэрнатыўнага пункту погляду, вучыліся аргументавана адстойваць сваю пазіцыю, правільна і даступна даносіць думку.

Часта для мерапрыемстваў у рамках праекта прымяняецца форма адкрытага мікрафона. Тэматыка яга таксама мае грамадска-патрыятычнае адценне: “Я памятаю… Я ганаруся…”, “За намі будучае краіны”, “Хто, калі не мы…”, “Надышоў час дзейнічаць”, “Вайна – гэта…”, “Есць такая прафесія – Радзіму абараняць”, “Служба ў арміі – гэта абавязак!”. Любая палеміка так ці інакш скіроўвае вучняў да неабыякавых адносін да таго, што адбываецца: у тваім класе, у тваім двары, у тваім горадзе, у тваёй краіне, у свеце ў цэлым. Тэма аб’яўляецца загадзя, у навучэнцаў есць тыдзень-два, каб падрыхтавацца, а потым надыходзіць “кульмінацыя”. У гэты час у актавай зале цэнтра дзяцей і моладзі вельмі горача ў прамым і пераносным сэнсе. Ганарышся тым, якія ўсё ж такі неабыякавыя вучні вучацца ў нашых школах, радуешся іх ідэйнасці, здзіўляешся неардынарнасці і смеласці меркаванняў.

Аблюбавалі нашы педагогі і форму інтэрактыўнага дыялогу, асноўным метадам правядзення якога з’яўляецца інтэрвенцыя (умяшанне) вядучага ў камунікатыўныя зносіны асоб, якія складаюць групу гульцоў. Вядучы накіроўвае актыўнасць гульцоў у неабходнае рэчышча, разварочвае вектар палемікі такім чынам, каб не выйсці за межы дазволенага і не згубіць ідэйную нітку разважанняў. Тэматыка інтэрактыўных дыялогаў наступная: “Патрыятызм – знак пытальніка”, “Беларускае мастацтва пра Вялікую Айчынную вайну”, “Я – грамадзянін, ты – грамадзянін”і іншыя.

Даспадобы ўшацкім юнакам і дзяўчынкам форма квесту. За гэтыя тры гады не адна група прайшла адмыслова распрацаваны для гэтага праекта квест “Прарыў у бессмяротнасць”, прысвечаны легендарнаму прарыву варожай блакады ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года каля вёскі Паперына ва Ушацкім раёне. Падчас квесту члены ГА “БРПА” і ГА “БРСМ” не толькі адказваюць на пытанні накшталт “калі праходзіла самая магутная карная аперацыя фашысцкіх войск супраць партызан Ушаччыны?” ці “колькі партызанскіх брыгад знаходзілася ў гэты час ва Ушацка-Лепельскай партызанскай зоне”, але і разважаюць на тэмы: “калі б вы былі скульптарам ці архітэктарам і вам было даручана распрацаваць помнік у гонар гэтай падзеі, якім бы быў ваш праект?”, альбо “як вы лічыце, калі б партызаны не адважыліся на легендарны прарыў у ноч с 4 на 5 мая 1944 года, наколькі б выраслі ахвяры Ушацкай зямлі?”.

Рэалізацыя праекта падыходзіць да свайго завяршэння. Калектыў Ушацкага цэнтра дзяцей і моладзі спадзяецца, што работа была праведзена недарэмна. І юнакі, і дзяўчаты Ушаччыны, дзякуючы гэтаму праекту, не проста павысілі свае камунікатыўныя кампетэнцыі, але і сталі яшчэ больш ганарыцца сваёй зямлёй і землякамі, павысілі ўзровень грамадзянскай культуры, а таксама ўзровень сваёй сацыялізацыі ў беларускае грамадства.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий